У цэнтральнай частцы святлоадчувальнага слою сятчаткі размешчаная макула. Яна адыгрывае асноўную ролю ў забеспячэнні зроку. Дзякуючы ёй чалавек здольны бачыць прадметы, якія знаходзяцца паблізу, і адрозніваць іх колер. Складаюць макулу вельмі крохкія клеткі, якія валодаюць святлоадчувальнасцю. Розныя працэсы, якія адбываюцца ў арганізме ці ўздзейнічаюць звонку, здольныя іх пашкодзіць. У выніку клеткі ўжо не могуць у поўнай меры выконваць свае функцыі, і зрок зніжаецца. Гэты стан атрымаў назву «макуладыстрафія сятчаткі». Калі яна развіваецца ў сталым узросце, дык гаворка ідзе пра сенільную (узроставую) макуладыстрафію.
Чаму развіваецца ўзроставая макуладыстрафія? Хто ў групе рызыкі? Якія сімптомы захворвання? Па адказы на гэтыя ды іншыя пытанні журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі звярнулася да Святланы Ільіной – к.м.н., дацэнта кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Актуальнасць праблемы
Узроставая макулярная дэгенерацыя – адна з вядучых прычынаў незваротнай страты зроку і слепаты сярод насельніцтва развітых краінаў свету ва ўзросце 50 гадоў і старэйшых. Паводле інфармацыі СААЗ, доля насельніцтва старэйшай узроставай групы ў эканамічна развітых краінах да 2050 года павялічыцца да 33% (цяпер гэты паказчык роўны 20%). Акрамя таго, спецыялісты кажуць пра тое, што ў апошнія гады з'явілася выразная тэндэнцыя «амаладжэння» захворвання.
Як распавяла Святлана Ільіна, прычынай зніжэння зроку з'яўляецца дэгенерацыя макулы, якая з'яўляецца самай важнай зонай сятчаткі вока. Менавіта яна адказная за рэзкасць і вастрыню цэнтральнага зроку, якія неабходныя чалавеку, напрыклад, для чытання альбо пісьма. Перыферычны зрок пры гэтым практычна не пагаршаецца.
Механізм развіцця хваробы
У сятчатцы адбываецца інтэнсіўны абмен рэчываў. У выніку ў ёй утвараюцца вольныя радыкалы і іншыя актыўныя формы кіслароду, якія здольныя выклікаць развіццё дэгенератыўных працэсаў. У сятчатцы, асабліва ў макуле і парамакулярнай вобласці, пад уздзеяннем кіслароду і святла фарміруюцца нерасшчапляльныя палімерныя структуры – так званыя друзы. З-за адкладанняў друзаў прылеглыя слаі сятчаткі атрафуюцца, а ў пігментным эпітэліі сятчаткі адбываецца ўтварэнне паталагічных сасудаў. З цягам часу адбываюцца працэсы рубцавання, якія суправаджаюцца стратай значнай колькасці фотарэцэптараў сятчаткі.
Формы ўзроставай макуладыстрафіі
Ад формы ўзроставай макуладыстрафіі залежыць ступень цяжкасці захворвання і страты цэнтральнага зроку. Выдзяляюць два варыянты цячэння хваробы – сухая (неэксудатыўная, атрафічная) і вільготная (эксудатыўная, неаваскулярная).
У большасці выпадкаў (прыкладна 85%) узроставай макуладыстрафіі дыягнастуецца менавіта сухая форма. Пры гэтай форме захворвання адбываецца паступовая страта цэнтральнага зроку, што прыводзіць да абмежавання магчымасці адрозніваць дробныя дэталі. Разам з тым, сухая форма ўзроставай макуладыстрафіі з цягам часу можа павольна прагрэсаваць да позняй стадыі геаграфічнай атрафіі – паступовай дэградацыі клетак сятчаткі.
10-15% выпадкаў прыпадае на вільготную форму ўзроставай макуладыстрафіі. Для яе характэрнае хуткае развіццё і значнае пагаршэнне цэнтральнага зроку.
Чаму развіваецца хвароба
Нягледзячы на шматлікія даследаванні, да гэтага часу няма дакладнага вызначэння, якія прычыны выклікаюць захворванне. Па сутнасці, узроставая макуладыстрафія – гэта шматфактарнае захворванне.
Усяго вучонымі разглядаецца чатыры асноватворныя тэорыі механізму развіцця хваробы ўзроставай макуладыстрафіі:
- старэнне рэтынальнага пігментнага эпітэлію і мембраны Бруха (самы ўнутраны слой сасудзістай абалонкі вока);
- пашкоджанне прадуктамі метабалізму, якія ўтвараюцца ў працэсе «акісляльнага стрэсу» (працэс паломкі і гібелі клетак цела чалавека ў выніку акіслення);
- генетычныя «паломкі»;
- паталагічныя змены з-за парушэння кровазвароту, у прыватнасці – пры атэрасклерозе.
Фактары рызыкі
Пальма першынства сярод фактараў рызыкі належыць узросту. Сярод людзей сярэдняга ўзросту хвароба дыягнастуецца толькі ў 2%, ва ўзросце ад 65 да 75 гадоў – ужо ў 20% выпадкаў, у групе ад 75 да 84 гадоў прыкметы ўзроставай макуладыстрафіі знаходзяць у кожнага трэцяга.
Сярод правакацыйных фактараў эксперт назвала наступныя:
- раса. Прычым часцей за ўсё выпадкі захворвання фіксуюцца ў еўрапеоіднай расы;
- жаночы пол. Напрыклад, ва ўзроставай групе людзей, старэйшых за 75 гадоў, узроставая макуладыстрафія ў жанчын дыягнастуецца ў 2 разы часцей;
- спадчыннасць. Калі ў сваякоў у першым пакаленні былі выпадкі захворвання, дык рызыка ўзрастае ў тры разы;
- сардэчна-сасудзістыя захворванні. Пры атэрасклерозе верагоднасць паражэння макулярнай вобласці павялічваецца ўтрая, а пры артэрыяльнай гіпертэнзіі – у 7 разоў;
- курэнне. Адмова ад гэтай звычкі істотна зніжае рызыку развіцця ўзроставай макуладыстрафіі;
- уздзеянне прамых сонечных промняў;
- харчаванне. Ужыванне ў ежу прадуктаў, багатых на насычаныя тлушчы і халестэрын, таксама павышае рызыку развіцця захворвання;
- залішняя маса цела;
- светлая радужка;
- катаракта, асабліва ядзерная. Прычым хірургічнае выдаленне катаракты можа спрыяць прагрэсаванню захворвання ў пацыентаў з ужо наяўнымі зменамі ў макулярнай зоне.
Сімптомы ўзроставай макуладыстрафіі
Пры ўзроставай макулярнай дэгенерацыі, як правіла, адбываецца павольная, бязбольная, але незваротная страта зроку. Толькі ў рэдкіх выпадках гэты працэс можа працякаць рэзка.
Раннімі прыкметамі страты зроку ў выніку ўзроставай макуладыстрафіі з'яўляюцца:
- цёмныя плямы ў цэнтральным зроку;
- малюнак робіцца невыразным;
- прадметы скажоныя;
- успрыманне колеру пагаршаецца;
- рэзкае пагаршэнне зроку ў цемры альбо пры дрэнным асвятленні.
Калі вы заўважылі пагаршэнне зроку, выпадзенне літар ці скрыўленне радкоў пры чытанні, з'яўленне плямы перад вокам, аслабленне кантрасту малюнка – гэта сур'ёзныя прыкметы, пры з'яўленні якіх неабходная тэрміновая кансультацыя афтальмолага.
Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
BY/OPHT/09.2020/pdf/75521
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by