З 23 па 29 красавіка ў краінах Еўрапейскага рэгіёну Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у тым ліку ў Беларусі, пройдзе штогадовы Еўрапейскі тыдзень імунізацыі. Тэматыка цяперашняй акцыі – вакцынацыя як права кожнага чалавека і агульны абавязак.
У бягучым годзе Еўрапейскі тыдзень імунізацыі пройдзе ўжо ў 13-ы раз. Наша краіна стала адной з першых, хто прыняў удзел у падобнай ініцыятыве, якая стартавала ў 2005 годзе.
Мэта падобнай акцыі – павелічэнне колькасці людзей, якія вакцынуюцца, і павышэнне ведаў насельніцтва пра важнасць правядзення імунізацыі для здароўя і дабрабыту чалавека.
Беларусь – актыўны ўдзельнік праграм СААЗ, накіраваных на ліквідацыю поліяміеліту, элімінацыю адзёру і прыроджанай краснухі. Важнай часткай гэтых праграм з'яўляецца абарона насельніцтва ад інфекцый з дапамогай правядзення прафілактычных прышчэпак, асабліва сярод найбольш уразлівых узроставых груп насельніцтва. Усё гэта адлюстравана ў Нацыянальным календары прафілактычных прышчэпак.
Ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі ў нашай краіне складае 97%. Пры правядзенні вакцынацыі праследуюцца дзве мэты:
- індывідуальная абарона чалавека. Пасля прышчэпкі выпрацоўваецца спецыфічны імунітэт да захворвання, які з'яўляецца надзейным бар'ерам на шляху інфекцыі. Калі чалавек і захварэе, то хвароба будзе працякаць значна лягчэй і без ускладненняў;
- фарміраванне калектыўнага імунітэту. Ён стварае дадатковую абарону для тых, хто ўжо прышчапіўся, а таксама забяспечвае абарону тым, хто з-за якіх-небудзь абставінаў прышчэпку зрабіць не можа (людзі з рознымі імунадэфіцытамі, анкалагічнымі і іншымі захворваннямі).
За ці супраць?
Нягледзячы на меркаванне адмыслоўцаў пра неабходнасць вакцынапрафілактыкі, спрэчкі пра карысць і шкоду прышчэпак не змаўкаюць па сёння. Як адзначаюць эксперты, антыпрышчэпачны рух узнік з моманту з'яўлення першай вакцыны. Але на катэгарычнае «Не!» тых, хто лічыць, што прышчэпкі рабіць не варта, ва ўрачоў свой адказ.
Усе вакцыны, перш чым патрапіць у медыцынскія ўстановы, праходзяць доўгі шлях ад распрацоўкі да клінічных выпрабаванняў. Кожны пабочны эфект або ўскладненне строга рэгіструецца і прапісваецца ў інструкцыі.
«З улікам колькасці вакцынуемых дзяцей і дарослых, колькасць пабочных рэакцый, якія ўзнікаюць (павышэнне тэмпературы, зацвярдзенне або боль у месцы ін'екцыі), толькі адзінкавыя выпадкі», –дадала намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Падчас правядзення Еўрапейскага тыдня імунізацыі практычна ва ўсіх арганізацыях аховы здароўя, а таксама ў цэнтрах гігіены будуць арганізаваны гарачыя тэлефонныя лініі. Любы ахвочы зможа задаць пытанне і атрымаць вычарпальны адказ. Тэлефоны гарачых ліній будуць апублікаваныя на сайтах медыцынскіх устаноў, Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама на сайтах абласных цэнтраў гігіены.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by