Site icon Слушна

Вераніка Цубікава: “Зіму чакаю з самага дзяцінства”

Вераніка Цубікава каля крамы

Папулярная беларуская спявачка Вераніка Цубікава ў гэтыя святочныя дні дала нашаму інтэрнэт-парталу "Слушна" эксклюзіўнае інтэрв’ю. Яна расказала, якія навагоднія традыцыі існуюць у іх сям’і, раскрыла некалькі сакрэтаў прыгажосці, прызналася, якое хобі ёй па душы і ўзгадала самы незвычайны падарунак. А яшчэ артыстка падзялілася рэцэптам каляднага штолена. Пра ўсё гэта і не толькі чытайце далей у нашым матэрыяле.

Вераніка Цубікава ў чаканні Новага году

"Самае доўгачаканае свята"

Першы месяц зімы для вакалісткі – асаблівы. Шмат гадоў таму ў снежні адбыўся яе дэбют. А яшчэ гэтай чароўнай парой яна адзначае свой дзень нараджэння. Вераніка пачынае рыхтавацца да галоўных зімовых свят восенню. Любіць традыцыю збірацца за агульным сямейным сталом і рабіць адно аднаму падарункі.

– І сапраўды мой першы выхад на сцэну быў на Прэзідэнцкай ёлцы, мне было шэсць гадоў. Усё, што памятаю, – яркае святло сафітаў і аксамітныя шторы Палаца Рэспублікі. На сцэне была інсталяцыя льду. І ўсё гэта падавалася святочным, па-сапраўднаму навагоднім. І той адрэналін, які адчула тады, мне здаецца, са мной да гэтай пары. Ну і, вядома, вельмі люблю Новы год! Гэта самае любімае свята. А яшчэ за тыдзень да Новага года ў мяне дзень народзінаў. І гэтыя два святы заўсёды адзначаю.

Снежня чакаю з самага дзяцінства. Пачынаючы з пачатку восені, купляю падарункі, думаю пра тое, як буду святкаваць дзень народзінаў. У нас традыцыя – заўсёды збірацца з сям’ёй. Усё стандартна, як ва ўсіх. Абменьваемся падарункамі. Гатуем аліўе, запякаем мяса, усё робім нашай жаночай часткай сям’і – бабуля, матуля і я.

Размаўляем, абмяркоўваем навіны, творчыя моманты, потым сядаем за стол, глядзім “Блакітны агеньчык” і я абавязкова загадваю жаданне. Вядома, гэта самае маё доўгачаканае свята да цяперашняга часу. А на Каляды мы таксама збіраемся ўсёй сям’ёй, толькі большым складам. Адкрылі для сябе рэцэпт каляднага штолена з тварагу. Выпякаем яго напярэдадні. Часам удаецца сабрацца раней, перад першай зоркай, каб крыху пагаварыць, пазагадаваць жаданні, пакласці пад падушку запіскі з марамі.

"Жыву актыўна"

Зіма – цудоўная пара для душэўных заняткаў. Аднак у Веранікі на свае любімыя хобі не так шмат часу. У гэтым вінаватыя не толькі навагоднія выступленні артысткі: яе графік шчыльны заўсёды. Усё распісана літаральна па хвілінах, пачынаючы яшчэ са школы. Дарэчы, у тыя гады, як расказвае сама гераіня, яна чым толькі не займалася! А цяпер прыходзіцца працаваць на два гарады – Мінск і Масква. Таму застацца дома, каб адпачыць, – для яе самае лепшае, што можна жадаць. У той жа час актыўнае жыццё падабаецца спявачцы і часам прыхільнікі могуць сустрэць яе ў топавых лакацыях сталіцы.

 – Мой дзень пачынаецца па будзільніку. Я не маю магчымасці прасынацца, калі захочацца. Гэта вельмі рэдка адбываецца. Першае, што раблю, выпіваю шклянку цёплай вады. Дзень завяршаецца вельмі позна, бывае, раніцай. Не заўсёды дома, і ўдаецца адпачыць, затое, жыву актыўна. У гэтым ёсць свая рамантыка, асабліва, калі ты малады.

Памятаю, калі была школьніцай, максімальна старалася ўдзельнічаць ва ўсім. Пакуль не ўсвядоміла, што можна крыху выдыхнуць і перагледзець свой графік. А тады часта прыходзілася сядзець за партай у бігудзях, бо пасля ўрокаў пачынаўся які-небудзь канцэрт. Мне трэба было даехаць да месца, прыцягнуць свае касцюмы і толькі хвілін пятнаццаць заставалася, каб крыху разагрэць голас і зрабіць прычоску. Было і насычана, і весела. Часам гэта здавалася складана, а цяпер разумею, што я абсалютна кайфавала ад гэта працэсу нон-стопу. Нават не магу ўсвядоміць, што стала менш напруджана. І не магу расслабіцца, да гэтага руху прывыкла.

Цяпер часта працую на два гарады – у Мінску і Маскве. З роднай сталіцай звязана маё творчае станаўленне. А ў Маскве я вучылася ў інстытуце на вакальным аддзяленні. Перыядычна там прымаю ўдзел у шматлікіх праектах, канцэртах. Там – і калегі, і сябры. Стараюся выкарыстоўваць любыя магчымасці, каб пабыць з роднымі, абмяняцца навінамі, энергіяй, адпачыць і душой, і целам.

Заўсёды ўцешна выкраіць адзін выходны і хоць крыху пабыць з сям’ёй. Так, як дома, нідзе больш не адпачываецца. Дома я лепш за ўсё сплю. Тут мае родныя, мой сабака. У Мінску ж свая атмасфера – тут такая колькасць цікавых месцаў. Здаецца, была паўсюль у горадзе. І заўсёды стараюся наведваць новыя. Сачу за сталічным жыццём, каб быць у курсе. Гэта выставы, прэм’еры, сняданкі – звычайнае жыццё жыхаркі горада Мінска.

Што датычыцца хобі, то ўлічваючы, што мая прафесія творчая, цяпер практычна не застаецца часу на гэта. Раней шмат чым займалася – вышывала і пляла з бісеру… Перыядычна хочацца ўсё гэта паўтарыць і адвесці душу, але часу не хапае. Калі ён ёсць, хочацца пясядзець у цішыні, а не займацца скрупулёзнай працай. Такое хобі патрабуе засяроджанасці.

Увогуле, люблю пачытаць. Гэта самы асноўны занятак у вольны час, і, вядома, вядзенне сацсетак. Напісанне пастоў, стварэнне вобразаў, прома да выхаду новых песень, кліпаў. Усё гэта раблю сама – у мяне няма ніякай каманды, за мяне гэта ніхто не робіць. Цяпер можна сказаць, што гэта маё хобі.

Цудоўны падарунак

Падарункі любяць усе, а здзіўляць атрымліваецца ў адзінкаў. Вераніка памятае дагэтуль адзін прэзент, якім удалося яе расчуліць. Не менш цудоўныя падарункі яна стараецца рабіць і для сваіх прыхільнікаў.

– Навагоднія падарункі, якімі абменьваюся, звычайна стандартныя. Адзін памятаю вельмі добра. Мне падарылі маленькага чорнага труса. Гэта быў падарунак ад майго сябра, з якім доўга стасавалася. Я вельмі хацела сабе гэту пушыстую, маленькую жывёлу, і была ў шоку, калі яго прынеслі. Памятаю свае пачуцці: мяккі, пухнаты, як цацачны. І для мяне, як дзіцяці, сюрпрыз быў проста ваў! Гэта да цяперашняга самы арыгінальны жывы падарунак. Ён не скончыўся назаўтра, як цукеркі, і не завяў, як кветкі. Трус пражыў доўгіх шчаслівых дзесяць гадоў, яго ведалі нават аднакласнікі. Такое вось сяброўства ў нас здарылася пад Новы год.

Што датычыцца падарункаў для маіх прыхільнікаў, то я рыхтую святочную праграму. Пэўнай навагодняй прэм’ернай песні не будзе, але хто ведае, можа чым і парадую. Адзінае, скажу, што мы ўбачымся на “Песні года Беларусі”. Калі падводзіць вынікі 2023 года, мне здаецца, гэта цудоўны падарунак і для мяне, як для артысткі, і для гледачоў.

"Стараюся весці здаровы лад жыцця"

Мала хто ведае, што Вераніка скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Біяхімія лекавых сродкаў”. Таму не дзіўна, што атрыманыя веды дапамагаюць трымаць сябе ў форме і весці здаровы лад жыцця, нягледзячы на складаны творчы графік. Правільнае харчаванне, фізічная нагрузка, масаж, догляд за ўсім целам, а самае галоўнае – настрой – дае свае станоўчыя плады, упэўнена артыстка.

– Нічога звышнатуральнага не раблю. Стараюся весці здаровы лад жыцця, наколькі гэта магчыма з маім збітым графікам дня і ночы. Раніцу пачынаю шклянкай вады. Раблю самамасаж. Заўсёды змываю наноч макіяж (пакуль у мяне на гэта хапае сілы волі) (смяецца).  Стараюся максімальна рабіць усё правільна: харчавацца, рабіць фізічную нагрузку. Летам бываюць вольных пару дзянёчкаў – люблю пракаціцца на ровары, пахадзіць па лесе, пабыць сам-насам. Гэта пакуль што нядрэнныя рытуалы прыгажосці. Але, думаю, далей прыдзецца дадаваць ужо больш дысцыплінаваны падыход, каб захоўваць сябе ў тонусе.

Харчавацца не заўсёды паспяваю суперзбалансавана. Дарэчы, у мяне ёсць хобі – чытаць літаратуру па біяхіміі, цыталогіі, пра вітаміны, мінералы, мікраэлементы. Цікавіць, як усё ўладкавана. Стараюся даведацца больш карыснай інфармацыі і прытрымлівацца яе. Вось харчавацца збалансавана не заўсёды атрымліваецца. Харчуюся даволі проста: мала ем салодкага і імкнуся падтрымліваць гэта. За дзень стараюся што-небудзь карыснае з’есці.

Штодзённа спортам не займаюся, аднак харэаграфічныя моманты ў рэпетыцыйнай зале прысутнічаюць. Нямалую фізічную нагрузку дае сцэна. Асабліва калі на абцасах падчас сольнага выступлення. Паўтары гадзіны танцаў у жаркіх касцюмах – гэта таксама нядрэнны фітнес. Аднак сябе не мучу. У прынцыпе стараюся прытрымлівацца пазіцыі: калі табе хочацца штосьці зрабіць – зрабі, а калі ў цябе не хапае на гэта натхнення і энергіі, то лепш адпачыць, і гэта будзе больш карысна.

Калядны штолен з тварагу ад Веранікі Цубікавай

  • Мука – 2 3/4 шклянкі (440 г)
  • Сметанковае масла – (120 г)
  • Жаўткі – 6 шт.
  • Малако – 1/2 шклянкі
  • Цукар карычневы – 3 ст. л.
  • Дрожджы сухія – 7 г
  • Цэдра 1/2 лімона
  • Ваніль – палова стручка
  • Цукар – 1 ч. л.
  • Соль – 1 ч. л.
  • Тварог 12% тлустасці (320 г)

Для начынкі:

  • Сумесь любых арэхаў (міндаль, фундук, кедравыя, грэцкія, макадамія, кешью) – 2 шклянкі
  • Сумесь цукатаў з цытрусавых – вялікая жменя
  • Цёмныя разынкі – вялікая жменя
  • Ром цёмны ці лікёр “Куантра” – 1/2 шклянкі
  • Мука для прысыпкі.

Прыгатаванне:

  1. Падрыхтуйце сухафрукты для каляднага штолена. Пакладзіце разынкі, цукаты і сумесь арэхаў у шкляную міску, заліце ромам і пакіньце на 4–6 гадзін. Потым адкіньце на сіта, абсушыце (вадкасць ад замочвання больш не спатрэбіцца) і абкачайце ў муцэ, каб кавалачкі не зліпаліся.
  2. Для цеста: ў глыбокай місцы малако змяшайце са звычайным цукрам, усыпце дрожджы і 5 ст. л. прасеянай мукі; вымесіце рошчыну да аднароднасці. Накрыйце плёнкай і пакіньце ў цёплым месцы на 20 хвілін.
  3. Лімонавую цэдру для штолена здрабніце. Ванільны стручок разрэжце ўздоўж, выскрабіце насенне і змяшайце з размякчоным маслам.
  4. Дадайце ў рошчыну астатнюю муку, карычневы цукар, ванільнае масла і жаўткі; вымесіце гладкае цеста. Туды ж дадайце масу з тварагу.
  5. Дадайце падрыхтаваную сумесь цукатаў, фруктаў і арэхаў, цэдру і соль. Вымесіце на пасыпанай мукой працоўнай паверхні. Пакладзіце цеста для штолена ў глыбокую міску, накрыйце ручніком і пастаўце ў цёплае месца на 2 гадзіны.
  6. Цеста для штолена раскатайце ў форме авалу. Рубам далоні зрабіце падоўжнае паглыбленне пасярэдзіне авалу і захініце правую палову цеста на левую так, каб яно ледзь заходзіла за сярэдзіну. Выкладзіце цеста для штолена на бляху, высланую пергаментам, накрыйце ручніком і пакіньце ў цёплым месцы на гадзіну. У мяне посуд для выпякання адразу патрэбнай формы і я проста кладу ў яго.
  7. Выпякаем да гатоўнасці.

Смачна есці!

Cпявачка Ангеліна Ярашчук: «Важна памятаць, адкуль твае карані»

Exit mobile version