Юныя мастакі часам уражваюць нас сваімі талентамі ў сферы выяўленчага мастацтва, бо яны так тонка адлюстроўваюць на палотнах усё, што бачаць. Аднак убачыць мала, трэба яшчэ адшукаць натхненне. Многія звяртаюцца да вобразаў роднага горада. Выхаванцы музычных школ, творчых студый і аматары-мастакі расказалі, як да іх прыходзіць натхненне і якія месцы горада над Сожам ім хацелася б намаляваць.
Уладзімір Зайцаў, 18 гадоў, аматар:
– Я б намаляваў Палац Румянцавых-Паскевічаў. Можна сесці на лавачку, якая размешчана насупраць, і адлюстраваць усе дробныя дэталі, падкрэсліўшы яго прыгажосць і велічнасць. Нельга ўпускаць і таго, што там ходзяць людзі, растуць дрэвы, кветкі. Без гэтых дэталяў карціна будзе выглядаць пустым чарцяжом. У палаца таксама ёсць свая гісторыя, ад гэтага працэс малявання становіцца куды больш цікавым. А натхненне можа прыйсці раптоўна. Ніколі не ведаеш, што распаліць у табе іскру. Я, напрыклад, магу проста сядзець, займаючыся сваімі справамі, тут мне ў галаву прыйдзе якая-небудзь ідэя і я захачу яе рэалізаваць. Магу ўбачыць малюнак іншага чалавека і загарэцца жаданнем маляваць гэтак жа, а можа і лепей.
Мікіта Панамарчук, 17 гадоў, выпускнік Дзіцячай школы мастацтваў № 4 г. Гомеля:
– Я выканаў малюнак Дома культуры мікрараёна Касцюкоўка, калі быў у чацвёртым класе музычнай школы. Адлюстраваць на палатне менавіта гэты будынак я вырашыў не проста так. Па-першае, яно ўражвае сваёй прыгажосцю і адначасова прастатой знешняга выгляду, а па-другое, Дом культуры – месца, дзе праходзяць усе значныя мерапрыемствы і падзеі майго мікрараёна.
Лізавета Шчэмарава, 16 гадоў, выхаванка ДШМ № 4 г. Гомеля:
– Часцей за ўсё ў сямейных архівах і інтэрнэт-рэсурсах я знаходжу атмасферныя фота горада. Прыходзяць выявы, я ўспамінаю, як добра было гуляць у тым месцы. Старыя вуліцы Гомеля, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, багацце рэдкіх раслін… Менавіта гэтыя ўспаміны даюць штуршок да натхнення і захоўваюць маю музу. Адразу з'яўляецца жаданне ўзяць у рукі аловак і бясконца доўга ствараць эскізы будучых работ.
Паліна Сувіга, 16 гадоў, наведвае школу малявання «Ключ»:
– Некалькі гадоў таму я малявала Палац Румянцавых-Паскевічаў. Тады гэта было проста заданне ў мастку, але выбар гэтага архітэктурнага аб'екта быў невыпадковым. Для мяне гэта ў нейкім сэнсе сімвал горада, бо няма чалавека, які ведае пра Гомель, але не ведае пра адну з галоўных славутасцяў. Што тычыцца натхнення – гэта штука складаная, я і сама не зусім яе разумею. Яно можа прыйсці адкуль заўгодна: ігры, фільмы, кнігі, песні. Нават сумны ўрок дапамагае прыдумаць што-небудзь. Бывае часам, што нічога не раблю, а потым «бах!» – і вось ужо малюю да позняй ночы…
Паліна Падсыпанікава, 15 гадоў, выхаванка ДШМ № 2 г. Гомеля:
– Мне было б цікава намаляваць Абласны драматычны тэатр, лічу яго візітнай карткай Гомеля. Не толькі з-за выгаднага месцазнаходжання, але і праз яго прыгажосць і архітэктуру. Вельмі падабаюцца калоны карынфскага ордэра, ім адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр'еры асноўных памяшканняў аздоблены ляпнінай. Такія «паветраныя» аб'екты натхняюць мяне на стварэнне няпростых карцін, у якіх трэба адлюстраваць кожную дэталь.
Юныя мастакі даказалі, што натхненне – гэта не толькі працэс, які патрабуе чакання, цярпення і вялікай канцэнтрацыі сіл, але і стан душы. Трэба быць уважлівым і пачуццёвым, каб убачыць яго ў абліччы роднага горада. Паспрабуйце, бо галоўнае – пачаць!
Як навучыцца адчуваць слова? Сустрэча з паэтам Эдуардам Валюшэнка пайшла ў адной з гомельскіх школ
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by