18.12.2023
18.12.2023

Воты ў храмах Беларусі. Што гэта і навошта?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

У многіх  храмах Беларусі каля алтароў, абразоў або скульптур знаходзяцца воты: мініяцюрныя металічныя выявы рук, ног, сэрцайкі, пласцінкі з надпісамі. Што гэта і навошта?

Ахвяраванне боству

Воты, ватывы, ватыўныя ахвяры ці дары паходзяць ад лацінскага слова ex voto, votum — удзячныя ахвяраванні боствам за выкананне просьбы або якога-небудзь жадання, у першую чаргу пазбаўлення ад хвароб. Звычай прынашэння ватыўных прадметаў — адметная форма ахвярапрынашэння.

Воты

Пад вотамі маюцца на ўвазе рознага роду прадметы – фігуркі чалавека і асобных частак чалавечага цела (рука, нага, вока, вуха), фігуркі жывёл і розныя каштоўныя рэчы (каралі, пярсцёнкі, ружанцы ды інш.). Фігуркі чалавека і жывёл звычайна рабілі з воску, васкаванага гіпсу, розных металаў, а бывала, і з гліны.

Удзячныя прынашэнні боствам вядомыя многім народам яшчэ з эпохі неаліту. Амулеты ў выглядзе чалавека, жывёл ці частак чалавечага цела археолагі знаходзяць на язычніцкіх свяцілішчах, у тым ліку ў Егіпце і на тэрыторыі Старажытнарымскай імперыі. У часы ўсталявання хрысціянства царква вяла барацьбу з такімі звычаямі, але яны дажылі да нашага часу. Традыцыя вотаў яшчэ не так даўно была шырока распаўсюджана як у сістэме народнага хрысціянства, так і ў праваслаўнай і каталіцкай традыцыях.

Ацаляльныя воты

У пачатку 20 стагоддзя ў вёсцы Палыкавічы каля Магілёва ў часы святкавання «Палыкавіцкіх Пятніц» – 8-й, 11-й і 12-й Пятніцы пасля Вялікадня – на Святой крыніцы адбываліся водасвяцці. Побач ладзіліся кірмашы і там прадавалі васковыя фігуркі чалавека і жывёл, а таксама частак чалавечага цела. Паломнікі куплялі іх і адразу ж ахвяравалі крыніцы з малітвамі аб здароўі.

Воты каля абраза Божай Маці

Лічылася, што крыніца-ручай знясе ўсе хваробы. Такія дары шануемым сілам прыроды, у дадзеным выпадку – Святой крыніцы, называюць ацаляльнымі вотамі.

 

Яны мелі выгляд нездаровага органа, які прыносілі хворыя з просьбай пра яго лекаванне або ў падзяку за яго ацаленне. Вонкавы выгляд ахвяры вызначаўся прынцыпам падабенства магічнай свядомасці.

Абраканне дошчачкамі

У вёсцы Вяляцічы Барысаўскага раёна некаторыя з яе старажылаў успаміналі пра вельмі архаічны абрад абракання драўлянымі дошчачкамі або макеткамі, які існаваў тут яшчэ ў 1930-я гады.

Кладка праз ручай

Каля гэтай вёскі сярод балота ёсць узгорак пад назвай Манастыр. Паводле адной з легенд, на выспачцы калісьці была знойдзена ікона, якая мела цудадзейную сілу. На тым месцы, дзе яе знайшлі, пабудавалі каплічку.

Другое паданне расказвае пра двух сляпых манахаў, якія каб вярнуць сабе зрок, узялі абраз Божай Маці і паплылі ўверх па Дняпры. Потым з Дняпра ў Бярэзіну, з Бярэзіны ў Бобр, затым у рэчку Нача і пасяліліся на гары непадалёк ад вусця Начы. Тут яны пабудавалі царкву, і пасля гэтага да іх вярнуўся зрок. Людзі пачулі пра такі цуд і сталі кладкамі масціць балота каб дабрацца да храма на выспе. На кладках, якімі масцілі балота да вострава выразалі выявы чалавека і жывёл, часткі чалавечага цела.

У каго што балела, тое і выразалі на дошчачках – вочы, сэрца, рукі, галаву, ногі.

Воты ў Слоніме

У сярэдзіне 19 стагоддзя граф Канстанцін Тышкевіч у сваёй кнізе «О курганах в Литве и Западной Руси», якая была надрукавана ў Вільні ў 1865 годзе, так апісваў убачаны ім у Вяляцічах звычай: «Больной глазами вырезает на кладке оба или один глаз, … вырезают руки, ноги, есть много целых бюстов». На некаторых дошчачках пісалі імёны хворых людзей. Часта выразалі выяву ступні чалавека, ягоны след. Верылі, што калі кінуць такія дошчачкі ў балота, то яно забярэ хваробу. Даследчыкі міфалогіі пішуць пра тое, што вада, балоты, азёры, крыніцы і студні былі для нашых продкаў звязаны з замагільным светам, і хутчэй за ўсё з'яўляліся пунктам пераходу.

Раней на узгорку Манастыр былі пахаванні манахаў, а пасля закрыцця манастыра ў 1706 годзе тут пачалі хаваць мясцовых жыхароў. Спачатку існаваў звычай прыходзіць сюды ў першыя маладзіковыя нядзелі. З цягам часу паломніцтвы сталі адбывацца на Пакроў, а пазней на Вялікдзень. Ходзяць сюды і ў нашы дні.

…І стужачку павязаць

Распаўсюджаны сёння звычай навязваць стужачкі, каралі, пярсцёнкі, заколкі на дрэвы і кусты, асабліва каля святых крыніц і камянёў, таксама адносіцца да ватыўных ахвяраванняў з просьбай аб здароўі. Многія з такіх ахвяраванняў хворыя людзі, якія не могуць хадзіць, перадаюць іншым, каб тыя павесілі ахвярную рэч і прамовілі просьбу хворага пазбавіць яго ад хваробы.

Воы сэрца ў Гродна

У многіх касцёлах і сёння на сценах вісяць абцягнутыя дарагой тканінай (часта вэлюмам) кардонкі ці дошчачкі ў прыгожых рамках. На іх шматлікія ахвяраванні – металічныя пласцінкі ў выглядзе чалавека, чалавечай галавы, сэрца, сэрца са стрэламі, сэрца ў полымі, рукі, нагі, вачэй ці аднаго вока, а таксама фігуркі жывёл. Сустракаюцца падвескі ў выглядзе ўкленчанага мужчыны. Такія воты замаўлялі людзі, якія выпраўляліся на вайну з просьбай застацца жывымі, а таксама з удзячнасцю, што вярнуліся жывымі і здаровымі.

Срэбныя падвескі

 

Амулеты-воты вешалі і вакол абразоў, якія лічыліся цудатворнымі. Многія храмавыя воты, гэта высокамастацкія творы, часам аздобленыя залачэннем, чаканкай і гравіроўкай. Такія рэчы ёсць у Фарным касцёле ў Гродна, у Францысканскім касцёле ў Пінску, у касцёле Святога Андрэя ў Слоніме, у Троіцкім касцёле ў Ружанах ды іншых храмах.

Месцы ў Беларусі, дзе лячыў маладзік

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама