24.02.2019
24.02.2019

Вы – сава, жаўрук ці... дзяцел?!:))

logo
Думкі ўслых
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну добра-добра, прызнаюся: наконт дзятла – жарт. Проста анекдот прыгадала. А вось наконт соў ці жаўрукоў – пытанне цалкам сур’ёзнае. Бо да чаго дайшоў прагрэс! Ужо пахудзенне і падтрыманне вагі залежыць, аказваецца, апрача ўсяго іншага, да якой з дзвюх птушак вы сябе адносіце.

Ужо як толькі мы, жанчыны, не замарочваемся пытаннем лішняй вагі, праўда?! Ды і мужчын сваіх часцяком стараемся трымаць у форме. Калі толькі гэта не сталыя аматары піва ды канапы... А ўсё чаму?! Бо хочацца быць не толькі стройнымі, але і здаровымі. І выглядаць маладзей за свой пашпартны ўзрост. І каб нас кахалі, гаварылі кампліменты, дарылі кветкі не толькі з нагоды свята... І – так! Насілі на руках!

А паколькі не кожны мужчына здольны ўзняць кілаграмчыкаў так сто плюс-мінус... Вось і пыхцім самі, стараемся палегчыць ім жыццё... То дыеты, то спартзала, абанемент у басейн, разгрузачныя дні... Але – ніяк... Не носяць на руках – і ўсё тут. І што ж ты будзеш рабіць?!

Спакойна, без панікі, кажуць даследчыкі. Можа, вы не толькі не тое ясце, а яшчэ і не тады?! А ну-ка, праверце сябе! Калі ведаеце, што чысты жаўрук ці сава, лягчэй. Калі не вызначыліся, у якую стаю ўліцца...

Жаўрук

«Жаўрукі» – яны сапраўды такія лё-ё-ё-ё-ёгенькія... У тым ліку і на пад’ём. Рана прачынаюцца, без праблем устаюць. Актыўныя гадзін да пяці вечара. А тады – усё. Ніякіх сіл больш няма на справы.

Дык вось ім па адмысловай методыцы раяць добра так есці падчас сняданку і абеду. І 70% каларыйнасці павінна прыйсціся на першую палову дня. Але калі вы думаеце, што вам прапануецца з’есці палову барана ці свінні, дык памыляецеся! З карыснага на сняданак – кашы альбо яйкі, амлет. На абед – нятлустае мяса, морапрадукты, бабовыя, грыбы, рыба. Ну як, падыходзіць?!

А вось вячэра павінна быць такой жа лёгкай, як самі птушкі жаўрукі! Гародніна-садавіна, ёгурт, тварог... І ўсё! А, перакусваць яшчэ ўдзень можна. Ягады, садавіна.... Чакайце-чакайце... А дзе тут пірожнае ці торцік?! Не-а, няма... Давядзецца абысціся. Калі для формы трэба...

Адправіўшы жаўрукоў у палёт, пераходзім да соў. Калі вы – чыстая, нават чыстапародная, так бы мовіць, сава, значыць, позна кладзяцеся і позна падымаецеся... На сняданак у вас – кава, і часцяком нават без бутэрброда. А на вячэру ледзь не цэлы абед з трох страў. І пасля 18.00 – ні-ні! Вы пра гэта цвёрда памятаеце... Толькі... Хто там рыпіць дзвярыма халадзільніка таемна ўночы?!

Аўтар адмысловай методыкі сцвярджае, што ранкам вы амаль усё робіце правільна. Сняданак павінен быць лёгкім. Хаця і не як вячэра ў жаўрукоў. Сырнікі, запяканка... Штосьці такога кшталту. А асноўная ежа, грунтоўная – пасля 2-3 гадзін дня. Каларыйнасці перабіраць не варта, але нятлустае мяса, бабовыя, рыба, гародніна без крухмалу (бульба – міма, як вы разумееце!) – можна нават увечары.

Вось далібог, не ведаю, ці працуе гэта на самай справе... Але пачала аналізаваць свой рацыён і зразумела, што я – той самы... дзяцел, згаданы ў пачатку! І што мне тэрмінова трэба вызначацца ўсё ж наконт стаі... У якую ўліцца... А вы – хто?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".