Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным Рускім музеем 23 снежня адкрыў выстаўку «Расія – Беларусь. Скрыжаванне лёсаў», куды ўвайшлі ўнікальныя творы выдатных майстроў.
У аснове праекта — ідэя аб гістарычнай культурнай супольнасці дзвюх сучасных суверэнных дзяржаў, Расіі і Беларусі, унікальнасці і адзінства, аўтэнтычнасці і ўзаемаўплываў у прасторы культуры. Выстаўку 14 верасня ўпершыню прэзентавалі ў Мармуровым палацы Дзяржаўнага Рускага музея ў рамках юбілейнага Х Міжнароднага Санкт-Пецярбургскага форума аб'яднаных культур.
Урачыстае адкрыццё выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пацвярджае экспанаванне беспрэцэдэнтнага ў нашай краіне абменнага выставачнага праекта, які ўключае каля 300 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з багатых збораў двух вядучых мастацкіх музеяў Расіі і Беларусі.
«Гэта пачатак сур'ёзных узаемаадносін і развіццё нашай агульнай культуры. На гэты год запланавана шмат цікавых мерапрыемстваў паміж музеямі, тэатрамі, канцэртнымі арганізацыямі, кінастудыямі», — адзначыў на адкрыцці праекта міністр культуры Руслан Чарнецкі.
Паводле слоў генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Ганны Конанавай, праект быў задуманы крыху менш за год таму. «Мы імкнуліся, каб наша задума, мара, жаданне былі рэалізаваны менавіта ў такія кароткія тэрміны, таму што сама ідэя ляжала на паверхні, але ў такім маштабе і на такім узроўні яны рэалізаваны ўпершыню».
У чатырох экспазіцыйных залах новага выставачнага корпуса музея (вул. Карла Маркса, 24) прадстаўлены творы майстроў, якія нарадзіліся на гістарычных беларускіх землях і атрымалі прафесійную адукацыю ў расійскіх навучальных установах. Часцяком пачатак творчага шляху беларускіх майстроў звязаны з галоўнымі культурнымі цэнтрамі Расіі, з Санкт-Пецярбургам і Масквой, дзе, выхаваныя ў рамках традыцыі рускай мастацкай школы, яны ў сваёй творчасці захавалі самабытныя нацыянальныя рысы.
Прадстаўленыя на выстаўцы творы знаёмяць гледача з творчай спадчынай больш як 50 выдатных майстроў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку Івана Хруцкага, Сяргея Заранкі, Лявона Бакста, Аляксандры Экстэр, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Мая Данцыга, Іллі Чашніка, Анатоля Каплана, Ільі Гінцбурга, Льва Іваноўскага і многіх іншых майстроў, чыё мастацтва стала знакавай часткай сусветнай культурнай спадчыны.
Выставачны праект «Расія-Беларусь. Скрыжаванне лёсаў» актуалізуе ўвагу на глыбокіх культурных расійска-беларускіх сувязях, значнасці гістарычных узаемадзеянняў, якія ўзбагачаюць культуры братніх народаў.
Класічнае рускае і беларускае мастацтва аб'ядноўвае агульная школа. У XIX стагоддзі і на мяжы XIX - XX стагоддзяў юныя мастакі з беларускіх земляў адпраўляліся для атрымання прафесійных навыкаў у Санкт-Пецярбург і Маскву.
Сітуацыя зведала змены ў XX стагоддзі, калі традыцыяй стала, авалодаўшы прафесіяй, вяртацца ў родныя мясціны. дзе жылі і працавалі вялікія мастакі-авангардысты: Казімір Малевіч, Марк Шагал, Эль Лісіцкі.
У 1945 годзе пачала функцыянаваць Беларуская дзяржаўная Акадэмія мастацтваў. З'яўленне ўласнай мастацкай школы ўмацавала творчыя сувязі дзвюх нацый: беларускія мастакі не страцілі цікавасць да рускага мастацтва, многія з іх вучыліся, выстаўляліся і жылі ў Расіі, пры гэтым не забываючыся на нацыянальныя карані.
Як бортінжэнер стаў скульптарам. Асаблівасці выстаўкі Аляксандра Наймана
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by