Тыя, чыё дзяцінства прыпала на часы СССР, павінны памятаць, што тады дзецям атрымаць ва ўладанне паветраныя шарыкі было рэдкай радасцю. Звычайна прымеркаванай да якога-небудзь свята. Накшталт дня кастрычніцкай рэвалюцыі. Калі з імі ішлі на парад альбо мітынг.
Таксама памятаю парад з нагоды 1-га ці 9-га Мая. Бывалі такія гады, калі яшчэ дужа халодна было. Настолькі, што лісце на бярозе не распускалася. Таму зараней бярозавыя галінкі ставілі дома ў ваду. Звычайна, калі правільна разлічыць час, да свята яны ўжо выпускалі клейкія зялёныя лісточкі. На галінку прывязваліся паветраныя шарыкі… І – наперад! У калоне! Са шчаслівымі ўсмешкамі. Між іншым, абсалютна шчырымі…
Тады ўсё тое, што даставалася рэдка, і было сапраўднай вялікай радасцю, якая пражывалася вельмі бурна і запаміналася надоўга. Баюся, сучасным дзецям нас не зразумець… Як гэта – не атрымліваць штосьці па першым патрабаванні?!
А я, напрыклад, была вельмі цярплівым дзіцем… І гэтая цярплівасць са мной засталася і зараз. Напрыклад, калі мне не было яшчэ і шасці гадоў, я часта бегала ў краму нашай вёскі, дзе мы тады жылі, каб… палюбавацца на ляльку.
Самае цікавае, што мне і ў галаву не прыходзіла, каб папрасіць у бацькоў яе купіць! Не тое было выхаванне. Тым больш, што лялькі ж у мяне меліся. Але тамтэйшая прадаўшчыца заўважыла маю цікаўнасць, сказала пра тое бабулі… Бабуля – бацькам… І праз пэўны час ляльку мне падаравалі. А вось шарыкаў паветраных у краме той чамусьці не прадавалі. Альбо я проста не памятаю?! Тады сапраўды не было мэты набываць іх, каб пагуляцца. Гэта ж не паветраны змей…
Затое цяпер паветраныя шарыкі можна займець у любы час і якія хочаш. Альбо звычайныя, альбо надзьмутыя геліем… Любога колеру, любой формы, у выглядзе розных фігур… Здорава, вядома ж!
Не тое што раней… Калі многім дзецям хацелася альбо займець адразу цэлую звязку паветраных шарыкаў, якія прадаваліся на вуліцы, альбо… Стаць прадаўцом тых самых паветраных шарыкаў! 🙂
Штосьці ў іх ёсць такое… Невытлумачальнае… Рамантычнае… Лёгкае і летуценнае… Што прываблівае не толькі дзяцей, але і дарослых. Але чамусьці многія вельмі сумуюць і нават плачуць, калі выпадкова выпускаюць з рук паветраны шарык, і ён імгненна накіроўваецца ў неба, робячыся ў хуткім часе толькі маленькай кропачкай. Ці не аб страчанай мары мы такім чынам шкадуем?!
А звычай на школьных выпускных вечарах адпускаць у неба цэлае мора рознакаляровых шарыкаў, загадваючы жаданні?! Так, прыгожа, кранальна, але ўсё ж… Па-ранейшаму шчымліва-сумна…
Мая меншая пляменніца Юля ў дзяцінстве вельмі пяшчотна любіла паветраныя шарыкі (падазраю, што і зараз гэтая яе любоў яшчэ не прайшла!). І таму на кожны свой дзень нараджэння яна атрымлівала ад мяне звязку. Да таго часу, пакуль мы ні вырашылі, што паненка ўжо вырасла і ёй трэба дарыць кветкі.
Памятаю таксама, як адна сяброўка на маё 25-годдзе прыйшла з паветранымі шарыкамі. Адзін, праўда, па дарозе лопнуў. Астатнія доўга ўпрыгожвалі сабой люстру…
Дарэчы, калі вы сёння вырашыце выгуляць паветраныя шарыкі, дык памятайце пра тое, што на гарачыні яны могуць лопнуць за 2-3 гадзіны знаходжання, а то і раней. Я да гэтага часу баюся, калі яны нечакана лопаюцца. Сапраўдны стрэс!
Дык вось каб гэтага не адбылося, раяць набываць шары больш светлага колеру, меней іх надзімаць і нават… Рабіць двайныя шарыкі, уставіўшы адзін у другі!
Яшчэ зусім нядаўна паветраныя шарыкі раілі надзімаць пастаянна і мэтанакіравана і здаровым, і хворым, каб распрацоўваць лёгкія. Але зараз меркаванні ўрачоў раздзяліліся. Таму з гэтай справай у мэтах лячэбных варта пачакаць. Альбо прыслухоўвацца да свайго арганізма: падыходзіць ці не. Лепей робіцца ці наадварот.
Ну, а сёння гуляем з карысцю! І не адны, а з паветраным шарыкам! Усё ж такі свята… 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by