11.10.2019
11.10.2019

«Харытон – у хаце ўрон», альбо Сёння сядзім дома і ягад не ямо?!

logo
Беларускі код
0 50
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Эх, і чаго толькі ні прыкмячалі нашыя продкі! Што толькі ні выконвалі і чаго толькі ні прыдумлялі! А нам цяпер мяркуй: ці то праўда, ці то не? Прымхі-не прымхі? А можа, лепей зрабіць так, як яны? На ўсялякі выпадак? Вось сёння, 11 кастрычніка, імкнуцца з дому не выходзіць. Ну і што, калі на працу трэба?! 🙂 А сёння ж – Харытонаў дзень, нядобры такі…

Жарты жартамі, але на пустым месцы, зразумела ж, нічога не ўзнікае. І там, дзе можна прыслухацца да народнай мудрасці, лепей гэта зрабіць. З папраўкай на наш час і свядомасць.

Вось вы – прымхлівыя? Верыце ў сурокі? Той, хто не аднойчы адчуў на сабе невытлумачальнае, думаю, верыць. І я – з іх ліку. Не, чорнай котцы ўслед не плюю і далей кірую спакойна. Але калі штосьці больш значнае здараецца… Альбо пра штосьці папярэджваюць…

А наконт сёння папярэджваюць прама: Харытонаў дзень – дрэнны. Нашы продкі стараліся на вуліцу без патрэбы не выходзіць, не наведваць сяброў, не шчыраваць у агародзе… А яшчэ калі і дождж ліў, дык гэтыя абмежаванні асабліва не абцяжарвалі. Бо лічылася, што ўсюды нечысць гуляе, а злыя людзі могуць сурочыць. Нават вымеценае з хаты нікуды не выкідвалі – з той жа прычыны, каб не займець псуту.

Таксама стараліся ў Харытонаў дзень не есці ягады – у любым выглядзе, нават варэнне. Бо лічылі, што іх д’ябал сапсаваў.

Затое імкнуліся задобрыць чараўніц ды знахарак, неслі ім пірагі ды мёд. Маладыя – каб не сапсавалі вяселле, цяжарныя – каб не пашкодзілі будучаму дзіцяці… Маглі рэальна паўздзейнічаць ці не маглі – гэта іншае пытанне. Проста людзі верылі і рабілі гэтак жа, як шмат хто да іх.

Так што, як ёсць знаёмыя чараўніцы, майце на ўвазе! А вось жарт гэта ці не… Не скажу! 🙂

Святы Харытон / «Харытон – у хаце ўрон»

Ну, і пераходзім ад рэчаў містычных да цалкам рэальных – да народных прыкметаў на 11 кастрычніка.

Па-першае, трэба будзе схадзіць у лес і злавіць там… зайца! 🙂 Ну, а калі і не злавіць, дык хаця б убачыць. Бо нашы продкі чамусьці лічылі: калі да гэтага дня зайцы не пабялелі, зіма будзе позняй. Хм… Цікава… А чаго ім бялець, калі снегу яшчэ няма?! І яны вельмі добра будуць бачныя на гэтай восеньскай шэрасці… Так што я б на іх месцы не спяшалася б.

Аматары збірання прыгожага лісця ўвосень, сёння ваш выхад! 🙂 У сэнсе, калі ўсё ж вырашылі дома не заставацца. Звярніце ўвагу, якім бокам падаюць 11 кастрычніка лісточкі долу. Калі адваротным, значыць, на наступны год нас чакае добры ўраджай. Неблагая прыкмета, я лічу.

Калі вярба прыбіралася ў шэрань на Харытонаў дзень, гэта абяцала доўгую зіму. Ну, мяркуючы па прагнозу надвор’я, гэта нам абсалютна не пагражае. Так што губляемся ў здагадках і робім стаўкі на прадмет: ці будзе сёлета снег на Новы год?! 🙂

 І – забягаючы наперад… Зірнула на папярэдні прагноз надвор’я на Пакроў, 14 кастрычніка. Даўней бывалі такія гады, калі ў гэты дзень снег клаўся і ўжо не ўставаў да самай зімы. А тут… Плюс 18-20 абяцаюць!!! Ого!!! Да нас спяшаецца бабіна лета?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 50

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".