Паводле некаторых даследчыкаў, сёння даволі цікавае… Свята – не свята… Скажам так: дзень цікавы. Абуджэнне Хатніка (Дамавіка). І, маўляў, трэба хлусіць, каб яго заблытаць. А вось навошта, не ведаю. Здаецца, Хатнік – такі мілы дух... Прынамсі, такім мы яго ўяўляем па шматлікіх малюнках, мультфільмах, казках. Калі не злаваць яго, вядома ж, а ўлагоджваць, частаваць, дарыць падарункі… А памятаеце дамавёнка Кузю?! Мілата ж! 🙂
А вы верыце ў Хатніка?! А я нават не ведаю, веру ці не… Проста ніколі не бачыла і не чула ніякіх яго праяўленняў. А жытло ж мяняла не аднойчы. На жаль, не чула. Бо ў тое, што існуе абсалютна іншы свет, а можа, нават і не адзін, са сваімі насельнікамі, веру адназначна.
Яшчэ гады паўтара-два таму, сустракаючы ўзгадкі пра якое-небудзь свята Хатніка, імкнулася зрабіць належнае. Пакінуць ежы і пітва. Пачаставаць. Выканаць іншыя рытуальныя дзеянні. І гэта насамрэч неяк супакойвала. Бо вельмі хочацца верыць, што ў тваім жытле жыве добры дух. І што ён табе пэўным чынам дапамагае, адводзіць бяду…
А памятаеце, якім уяўлялі Хатніка нашыя продкі? Так, старэнькім дзядком з сівой барадою, ускудлачанымі валасамі, без шапкі і абутку. І я толькі нядаўна даведалася, што апошняе (без шапкі, абутку) і з’яўляецца прыкметай прыналежнасці да іншага свету. Хаця на малюнках ён часцяком і ў тым, і ў другім… Цікава, што ў Віцебскай губерні нават казалі: «Дамавік ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў».
Што ўвогуле, па ўяўленнях нашых продкаў, любіць Дамавік? Калі ў хаце лад ды згода, моцная сям’я, любоў паміж сямейнікамі, каханне паміж мужам і жонкай. Калі падтрымліваецца чысціня і парадак, усе рэчы ляжаць на сваіх месцах. Калі ў хлявах стаіць жывёла яго любімай масці. Варта прыслухацца, праўда?!
І з-за чаго, наадварот, ён можа раззлавацца, і тады ўсім будзе не соладка?! Дужа не любіць Хатнік сямейныя сваркі, неахайнасць, непарадак у жытле, п’янства, спрэчкі, брыдкаслоўе… За гэта можа нават даволі сур’ёзна пакараць.
Затое калі ён у гуморы, дык жарты яго досыць бяскрыўдныя. Праўда, калі людзі нават не здагадваюцца пра тое, што ў іх жыве Хатнік, дык моцна дзівяцца, не знайшоўшы патрэбнай рэчы на яе звыклым месцы. І шукаюць усюды. Нават там, дзе яна ніяк не можа быць…
Як раней мы казалі, калі не маглі штосьці адшукаць?! «Чорт, чорт, пагуляўся – і хопіць, аддай…» А цяпер, напрыклад, я ў такіх сітуацыях звяртаюся да Хатніка. І спрацоўвае! Вось і не вер пасля гэтага ў яго існаванне… 🙂
Да таго ж, калі гаспадары з Хатнікам сябруюць, ён можа нават папярэджваць пра якуюсьці непрыемную падзею. І тады, кажуць, людзі чуюць незвычайныя гукі – плач, смех, стук ды іншае. Галоўнае – адрозніць іх ад скрыгацення ветру за акном, уключанага тэлевізара ў суседняй кватэры. Інакш такога можна сабе напрыдумваць! Асабліва, калі чалавек прымхлівы.
Вядома ж, Хатніка больш натуральна ўяўляць у вясковай хаце, чым у гарадской кватэры альбо катэджы. Але што ж рабіць, калі многія так далёка цяпер ад вёскі? А штосьці ад продкаў узяць хочацца. Вось і ўяўляем, а то і клічам-запрашаем добрага духа. Мо, усё ж ён у нас жыве? Як думаеце?
Бо існуе такое меркаванне (атрымліваецца, цалкам сучаснае), што Хатнік можа жыць… нават на балконе! Праўда, напярэдадні зімы яго трэба ўсё ж забраць у кватэру. Для гэтага перанесці адтуль якую-небудзь рэч. А з ёю ён і сам «пераедзе»…
Што ж тычыцца гэтага дня, дык вырашайце самі: хлусіць альбо прывітаць абуджэнне Хатніка іншым спосабам. Бо хто ж забароніць нам ствараць свае ўласныя традыцыі?! Напрыклад, акурат перад абуджэннем добрага духа пакінуць для яго на бачным месцы падарунак ці частаванне. Альбо і тое, і другое. Прывітанне, Хатнік! 🙂 Мы табе радыя…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by