Вялікія кулінарныя творы, што нарадзіліся незалежна адзін ад аднаго ў розных кутках Зямлі і маюць зусім непадобныя назвы, часам мала чым адрозніваюцца. Напрыклад, чым адрозніваюцца пельмені і равіолі? Можа, толькі формай і памерам? У Скандынавіі нам пададуць карпакор, у Татарыі – жылгыр, у Іспаніі – п-учера, у Югаславіі – штруклі ... А частуюць нас адным і тым жа!)
Пельмені – простая і моцна любімая многімі страва. Сёння ў крамах можна знайсці велізарную колькасць розных іх відаў.
Як абраць якасныя пельмені?
Пельмені – прадукт немудрагелісты, гатуецца з фаршу (60%) і цесту (40%). Варыянты фаршу розныя. У класічных рэцэптах гэта свініна ці ялавічына, у сучасных – курынае мяса, мяса труса або рыба. Часам выкарыстоўваюцца і раслінныя дадаткі. Якасць фаршу шмат у чым вызначае смак пельменяў. Таму ўважліва чытайце, што піша вытворца на ўпакоўцы.
Па складзе і якасці пельмені падзяляюцца на некалькі катэгорый:
Катэгорыя пяльменяў | Колькасць мышачнай тканкі ў фаршы |
Катэгорыя А | ≥ 80% |
Катэгорыя Б | 60-80% |
Катэгорыя В | 40-60% |
Катэгорыя Г | 20-40% |
Катэгорыя Д | ≤ 20% |
Чым большая масавая доля мышачнай тканкі, тым больш збалансаваны амінакіслотны склад бялку ў прадукце.
Калі ў начынні пельменяў ёсць ніжэйпералічаныя харчовыя дадаткі, то вярніце такую ўпакоўку назад у маразільную скрыню:
Е 262 | ацэат натрыю | кансервант і рэгулятар кіслотнасці |
Е 333(iii) | кальцыю цытрат | антыаксідант |
Е 301 | аскарбат натрыю | антыаксідант, узмацняльнік смаку і стабілізатар колеру |
Е 621 | глутамат натрыю | узмацняльнік смаку |
Е 635 | 5’-рыбануклеатыды натрыю | узмацняльнік смаку |
ароматизатор бульона |
Такі фарш выраблены з мяса нізкай якасці або перамарожанага мяса, якое страціла свой смак і водар. Вытворца проста спрабуе схаваць гэта за кошт выкарыстання харчовых дадаткаў. Вырабленыя з свежага, дабраякаснага мяса пельмені не патрабуюць ніякіх дадатковых штучных дадаткаў, а для надання ўнікальнага смаку могуць выкарыстоўвацца лук, часнык, спецыі і прыправы.
Пельмені, вырабленыя з мяса птушкі, маюць свае асаблівасці. Пры іх вытворчасці як у фарш, так і ў цеста можа дадавацца пшанічная клятчатка. Яна дазваляе зрабіць начынне сакавітым і пышным і захаваць форму пельменяў пры варэнні. Калі няма алергіі на бялкі пшаніцы – можаце смела купляць такі прадукт. Фарш гатуюць з грудной і сцегнавой частак тушкі, а таксама курынай скуры. Выбірайце тыя, дзе прапісана: мяса птушкі (ручная абвалка).
Цеста таксама мае значэнне!
Нягледзячы на прастату прыгатавання, яно асаблівае: тонкае, але пры гэтым эластычнае, што важна для поўнага напаўнення пельменяў фаршам. Цеста якаснае, калі яно захоўвае форму, якая ўтвараецца пры лепцы, не разрываецца і не дэфармуецца, злёгку павялічваецца пры варэнні прадукту. Ацаніць якасць цесту можна і ў сырога прадукту. Лягчэй, вядома, гэта зрабіць у пельменяў, упакаваных у празрыстую цэлафанавую ўпакоўку. Калі цеста рознае па таўшчыні, бачны фарш у месцах зашчыпаў, то ад набыцця лепш адмовіцца, такія пельмені разваляцца падчас гатавання.
А вось калі на ўпакоўцы напісана «выраблена па СТБ 974-20001» – смела можаце купляць.
Ці карысныя пельмені?
Бутэрброды, чыпсы, макароны з сасіскай і пельмені – любімыя прадукты студэнтаў. А што выбіраеце вы? Вырабленыя з высакаякаснай сыравіны, пельмені будуць лепшым прадуктам, паколькі:
- пры іх вытворчасці не выкарыстоўваецца наогул (або выкарыстоўваецца меншая колькасць) харчовых дадаткаў;
- камбінацыя раслінных (у цесце) і жывёльных (у начынні) бялкоў робіць гатовы прадукт больш гарманічным па колькасці амінакіслот, а, такім чынам, больш карысным;
- гарачыя пельмені з булёнам забяспечаць пачуццё сытасці на працяглы час.
Усю «сям'ю» пельменных вырабаў аб'ядноўвае адно – любяць іх практычна ва ўсіх кутках планеты. Не лянуйцеся і замест бутэрброда прыгатуйце сабе пельмені. Бо гэта не доўга, усяго 6 хвілін з моманту закіпання! А ў краме не забудзьцеся ўважліва вывучыць этыкетку.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by