«Пяць хвілін, пяць хвілін...», — спявала калісьці на ўсе лады вялізная краіна. Аўстралійскія навукоўцы, правёўшы даследаванне сярод 500 пар з усяго свету, знайшлі гэтаму навуковае пацверджанне.
Пры дапамозе закаханых, якія на працягу месяца займаліся сексам з секундамерам, даследчыкі высветлілі, што сярэдняя працягласць палавога акта ўсяго пяць з паловай хвілін. Але гэтыя хвіліны ў літаральным сэнсе здольныя ствараць цуды: падарыць неверагодную асалоду альбо пакласці пачатак новага жыцця. А акрамя таго паўнавартасны — хай і непрацяглы — секс паляпшае настрой і станоўча ўплывае на здароўе і самаадчуванне каханкаў.
Так што расповеды палавых гігантаў пра ночы жарсцяў моцна перабольшаныя альбо, калі гэта сапраўды так, марныя. Англійскі паўтарамільённы таблоід Daily Mail апублікаваў вынікі даследаванняў іншых навукоўцаў з універсітэта Пенсільваніі ў ЗША, якія заявілі, што секс даўжэйшы за 10-13 хвілін большасць рэспандэнтаў вельмі стамляе.
Слушна сабралі найбольш цікавыя навуковыя факты пра тое, якую карысць мае секс для арганізма чалавека, яго фізічнага і псіхічнага здароўя.
У чым карысць СЕКСА ...
Зарадка для абодвух
Паўгадзіны на бегавой дарожцы альбо 5 хвілін палкага сексу? Што б вы ні выбралі, гэта будзе аднолькава карысна для здароўя. Больш як 10 гадоў ніхто не можа абвергнуць вынікі даследаванняў навукоўцаў з універсітэта Агайя, што расход калорый падчас заняткаў сексам роўны па энергазатратах 30-хвіліннаму бегу.
Любоўная “размінка” — варыянт класічнай аэробнай нагрузкі. Пульс падчас палавога акту паскараецца да 140—160 удараў за хвіліну, за кошт інтэнсіўнага дыхання адбываецца поўнае насычэнне тканак і органаў кіслародам, што па сваім уздзеянні на арганізм роўнае добрай прабежцы.
Ёсць адзін нюанс. На думку брытанскіх даследчыкаў, ідэальны час для сексу ў мужчын — на досвітку, паміж 5-й і 7-й гадзінамі раніцы. У жанчын, наадварот, пік сексуальнай актыўнасці зрушаны на вечар — бліжэй да 20-23 гадзін. Але ідэальнае — не азначае адзіна магчымае. Высновы навукоўцаў могуць толькі дапамагчы атрымаць максімальную выгаду ад інтымнай блізкасці, замацаваўшы, да прыкладу, карысць ад ранішняй «зарадкі» вечаровай «гімнастыкай».
Сэрца мацней, калі секс часцей
Гэтага меркавання адзінадушна прытрымліваецца практычна ўся сусветная навуковая супольнасць, якая займаецца даследаваннем уплыву сексу на здароўе чалавека.
У прыватнасці, навукоўцы з універсітэта Мічыгана, правёўшы маніторынг здароўя 900 мужчын рознага ўзросту і сацыяльнага стану, высветлілі, што інтымная блізкасць хаця б двойчы на тыдзень значна зніжае рызыку інфаркту ды іншых захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Сакрэт у тым, што падчас любошчаў у крыві павышаецца ўзровень гармонаў, якія маюць непасрэдны ўплыў на работу сэрца. Напрыклад, гармонамі, якія абараняюць ад сардэчных прыступаў, былі названыя DHEA (дэгідраэпіандрастэрон) і тэстастэрон. Але безумоўным лідарам з'яўляецца аксітацын. Падчас аргазму (любога: і мужчынскага, і жаночага) яго ўзровень у крыві павялічваецца ў 5 разоў. Менавіта аксітацын на піку задавальнення прымушае сэрца біцца ўдвая часцей і павышае крывяны ціск. Чым не трэніроўка для асобна ўзятага органа?
Зрэшты, «трэніруецца» не толькі сэрца. Падчас палавога акту ў тонус прыходзяць усе сістэмы ў арганізме чалавека. Рэгулярны паўнавартасны секс для мужчын, напрыклад, з'яўляецца найлепшым відам самамасажу прастаты, што ў разы зніжае верагоднасць ўзнікнення прастатыту.
Акрамя таго, пралакцін, адрэналін і карцізол — гармоны, якія аднолькава актыўна выпрацоўваюцца ў мужчын і жанчын падчас сексуальнай блізкасці, спрыяюць рэгенерацыі і дзяленню клетак галаўнога мозга. А з гэтага вынікае разумовае даўгалецце. На такім заключэнні настойваюць эксперты з Гамбургскага Медыцынскага інстытута і ўніверсітэта Квісленда. Праўда, пакідаць «трэніроўку мозга» толькі на водкуп сексу ўсё ж такі не варта. Укласці разумныя думкі і геніяльныя ідэі ў пустую галаву няздольны нават ён.
…і галава не баліць!
Імунаглабуліны А — гэта антыцелы, якія першымі ўстаюць на абарону імунітэту ў выпадку атакі вірусаў і бактэрый на слізістыя дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту і мочапаловой сістэмы.
Навукоўцы аўстралійскага ўніверсітэта Уілкс, сабраўшы групу з 100 добраахвотнікаў, выявілі прыемную заканамернасць: узровень імунаглабулінаў А ў крыві тых, хто займаецца сексам 2-3 разы на тыдзень, на траціну вышэйшы, чым у людзей, чыё палавое жыццё менш актыўнае. Выснова відавочная: больш сексу — імунітэт вышэйшы.
А пра тое, што лепш за таблетку ад галаўнога болю можа быць толькі якасны секс, чуў, напэўна, кожны. А хто не чуў, той чытаў. Зрэшты, гэта адкрыццё брытанскіх вучоных спадабалася не ўсім, паколькі пазбавіла некаторых жанчын нагоды адмовицца ад сексу.
Праўда, каштоўнасць адкрыцця ад гэтага не пацярпела. «Абязбольваючым» эфектам інтымная блізкасць абавязаная ўсё таму ж гармону аксітацыну, які ў сваю чаргу правакуе выпрацоўку эндарфіну. Гэты «гармон радасці» пазбаўляе не толькі ад галаўнога болю, але і ад непрыемных адчуванняў, звязаных з перадменструальным сіндромам, супакойвае болі ў спіне, узнімае настрой, здымае стрэс і раздражнёнасць. А таксама ў значнай ступені спрыяе ліквідацыі агрэсіі.
Такім жа расслабляльным і заспакаяльным чынам уздзейнічаюць гармоны сератанін і дафамін, якія выпрацоўваюцца ў арганізме пры мілосцях у колькасці, дастатковай, каб здабыць унутраную гармонію і аднавіць душэўную раўнавагу.
Рэгулярны паўнавартасны секс, сцвярджаюць спецыялісты, — найлепшы спосаб пазбыцца дэпрэсіі і бяссонніцы.
Сакрэт вечнай маладосці
Важкім доказам на карысць рэгулярнага палавога жыцця мусіць паслужыць і заключэнне навукоўцаў з Каралеўскага ўніверсітэта Белфаста. Шляхам розных даследаванняў яны прыйшлі да высновы, што падчас заняткаў сексам наш арганізм выпрацоўвае рэчывы, падобныя па сваім уздзеянні на атрыманыя ад сонечнага святла.
Узмоцненая цыркуляцыя крыві падчас любошчаў забяспечвае лепшае распаўсюджванне палавых гармонаў у арганізме (эстрагенаў у жанчын і тэстастэрону ў мужчын), што адбіваецца на знешнасці: скура робіцца чысцейшай, поры вузеюць, разгладжваюцца зморшынкі, знікае вугравы сып... Такім чынам, шчаслівыя і актыўныя ў сексуальным жыцці мужчыны і жанчыны, як правіла, выглядаюць на 10 гадоў маладзейшымі за сваіх аднагодкаў!
Для дасягнення максімальнага эфекту навукоўцы рэкамендуюць кахацца не радзей як тры разы на тыдзень.
Нягледзячы на ўсё пералічанае, Слушна нагадваюць: да вынікаў любых даследаванняў варта ставіцца рацыянальна. Не варта кідацца ў крайнасці і выкарыстоўваць кожную вольную хвіліну, каб «умацаваць здароўе» ў ложку. Усё добра, што ў меру, а што зашмат, тое не ў лад. Тым больш, сам па сабе секс не з'яўляецца панацэяй ад сардэчных і прастудных захворванняў, псіхалагічных праблем і банальнай неадукаванасці. Ён не ў стане выправіць недахопы ладу жыцця, але яму цалкам па сілах замацаваць і памножыць усё лепшае, да чаго вы імкняцеся. Не замест, а разам — галоўны прынцып добрага сексу, здольнага станоўча паўплываць на настрой і арганізм. А добры секс, як вядома, — бяспечны секс, які дорыць толькі яркія і пазітыўныя эмоцыі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by