Галоўная функцыя сэрца – безупынны рух крыві па сасудах да ўсіх органаў і тканак. Калі яна парушаная, гэта прыводзіць да развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці. На жаль, прагноз жыцця пацыентаў з дадзенай паталогіяй шмат у чым вызначаецца хуткасцю прагрэсавання хваробы. Пагоршыць сітуацыю могуць спадарожныя захворванні, многія з якіх ужо самі па сабе значна павышаюць верагоднасць развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці, а таксама шэраг іншых фактараў рызыкі. Напрыклад, нерэгулярнасць тэрапіі, перанесены інфаркт міякарда, артэрыяльная гіпертэнзія, фібрыляцыя перадсэрдзяў, прыроджаныя і набытыя парокі сэрца, анемія і многія іншыя.
Аб прычынах развіцця захворвання і яго сімптомах можна прачытаць тут.
Якія ж фактары рызыкі спрыяюць развіццю хранічнай сардэчнай недастатковасці? Што ўплывае на яе цячэнне? Якія метады дыягностыкі выкарыстоўваюць урачы? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі даведалася ў нашага пастаяннага эксперта – загадчыка кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесара Андрэя Прыстрома.
Хто ў групе рызыкі?
Наяўнасці хаця б аднаго з ніжэйпералічаных фактараў рызыкі дастаткова для развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці. Спалучэнне двух і больш значна павышае верагоднасць захворвання.
Да групы рызыкі адносяцца людзі з:
- высокім артэрыяльным ціскам;
- ішэмічнай хваробай сэрца;
- інфарктам міякарда ў мінулым;
- парушэннямі сардэчнага рытму;
- цукровым дыябетам;
- прыроджаным альбо набытым парокам сэрца;
- частымі віруснымі захворваннямі на працягу жыцця;
- хранічнай нырачнай недастатковасцю;
- алкагольнай залежнасцю.
Акрамя гэтага, нагадаў Андрэй Прыстром, найбольш часта хранічная сардэчная недастатковасць развіваецца ў сталых людзей, у якіх, як правіла, ужо ёсць некалькі захворванняў. Нярэдка пацыентам сталага і старэчага ўзросту даводзіцца прымаць адначасова некалькі лекавых прэпаратаў. На жаль, многія ігнаруюць рэкамендацыі ўрачоў.
Яшчэ адзін неспрыяльны фактар – атлусценне. Індэкс масы цела, большы за 30-40 кг/м2, цесна асацыяваны з рызыкай развіцця многіх неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку сардэчна-сасудзiстых, эндакрынных (цукровы дыябет) і анкалагічных. Чым вышэйшы індэкс масы цела, тым большая верагоднасць іх развіцця. Гэта актуальна для любога ўзросту, але чым чалавек старэйшы, тым гэтыя рызыкі вышэйшыя. Дарэчы, празмерна худыя людзі з індэксам масы цела, меншым за 18 кг/м2, таксама ўваходзяць у групу рызыкі развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці.
Каб даведацца пра свой індэкс масы цела, неабходна:
ІМЦ = маса цела (кг)/рост (м)2
Арытмія – таксама сур'ёзны правакацыйны фактар. Зрывы рытму сэрца хаця і могуць суправаджацца непрыемнымі адчуваннямі «сэрцабіцця», пачуццём недахопу паветра, але заўважаюць іх не ўсе. Большая частка пацыентаў прыходзіць да доктара толькі праз месяцы два-тры пасля эпізоду, нярэдка ўжо з задышкай, ацёкамі і іншымі відавочнымі прыкметамі сардэчнай недастатковасці. Пры звароце высвятляецца, што на працягу доўгага часу яны пакутуюць ад парушэнняў сардэчнага рытму. Зрэшты, адзначыў Андрэй Прыстром, калі атрымліваецца своечасова папярэджваць зрывы рытму сэрца, прагноз спрыяльны.
Знайсці своечасова
Дыягназ «хранічная сардэчная недастатковасць» ставiцца пасля апытання пацыента, на падставе дадзеных пра гісторыю захворвання, пры наяўнасці характэрных сімптомаў, а таксама вынікаў лабараторных і іншых даследаванняў.
Як правіла, падчас абследавання пацыенту неабходна выканаць дыягнастычны мінімум:
- агульны аналіз крыві. Часта зменаў не будзе, але ў асобных выпадках можа вызначацца анемія;
- біяхімічны аналіз крыві (у прыватнасці, глюкоза, ліпапратэіды высокай і нізкай шчыльнасці, натрый і калій у крыві);
Існуе выразная ўзаемасувязь паміж павышаным узроўнем халестэрыну і развіццём такіх захворванняў, як атэрасклероз, ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія.
- аналіз мачы. Ён важны для таго, каб выявіць магчымыя ўскладненні з боку нырак і выключыць іх «віну» ў паходжанні ацёкаў. Важна звярнуць увагу на значэнні ўзроўню бялку ў мачы;
- электракардыяграфія (паказвае парушэнні сардэчнага рытму і праявы ішэміі міякарда);
- рэнтген грудной клеткі. Ён дазваляе ацаніць памеры сэрца, кроваток у малым крузе кровазвароту, выключыць ці пацвердзіць спадарожныя змены ў лёгкіх;
- УГД сэрца.
Тэрмін «фракцыя выкіду» азначае адносную інтэнсіўнасць скарачэння левага жалудачка. У норме ў спакоі ў здаровым сэрцы дадзены паказчык складае ад 50 да 70%. У тых, у каго парушаная скарачальная функцыя, гэты паказчык – меней за 40%, а гэта значыць, што сэрца не функцыянуе эфектыўна і не можа задавальняць патрэбу арганізма ў нармальным кровазабеспячэнні.
Як распавёў эксперт, пры пастаноўцы дыягназу можа быць таксама прызначанае даследаванне крыві на маркеры BNP (мазгавы натрыйурэтычны пептыд). Калі ён павышаны, гэта сведчанне таго, што пэўныя камеры сэрца перагружаныя.
Мазгавы натрыйурэтычны пептыд уяўляе сабой бялок, які ўтвараецца ў сардэчнай мышцы ў выпадку яе залішняга расцяжэння і перагрузкі. Гэты бялок можа даволі доўга цыркуляваць у крыві. Чым мацнейшая перагрузка сэрца, тым больш яго ўтворыцца. Менавіта таму павышэнне ўзроўню мазгавога натрыйурэтычнага пептыду з'яўляецца сведчаннем наяўнасці захворвання, адлюстроўвае яго цяжар. Акрамя таго, чым вышэйшы ўзровень гэтага бялку, тым больш сур'ёзныя парушэнні сардэчнай дзейнасці. Такі аналіз неабходны пры пастаноўцы дыягназу «хранічная сардэчная недастатковасць».
Сёння даступна мноства метадаў лячэння сардэчнай недастатковасці. Усе яны эфектыўна памяншаюць выяўленасць сімптомаў і прыпыняюць прагрэсаванне захворвання.
Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
BY/CARD/10.2020/pdf/ 89668
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by