«Яе ў дзверы праганяюць, а яна ў акно лезе». Уласна, гэта ўсё, што трэба ведаць пра сучасную тытунёвую індустрыю. Чым больш жорсткае і прынцыповае антытытунёвае заканадаўства, тым больш дасканалыя спробы вытворцаў адстаяць сваё «хлебнае» месца на сусветным рынку.
З'явіліся застрашальныя малюнкі і папераджальныя надпісы на пачках цыгарэт? Тытунёвыя лобі зрабілі стаўку на смакавую і араматычную разнастайнасць сваёй прадукцыі. Зрабілі больш жорсткімі правілы гандлю тытунёвымі вырабамі? Вытворцы адрэфлексавалі з'яўленнем вейпаў і нетытунёвых сумесяў.
На кожнае навуковае даследаванне аб шкодным уздзеянні нікаціну атрымаеце ў адказ два – пра яго ўласцівасці «расслабляць, супакойваць і трымаць вагу пад кантролем». Пра што пры гэтым маўчаць тытунёвыя магнаты, журналіст інфармацыйнага партала Слушна даведалася ад вядучага навуковага супрацоўніка аддзела псіхічных і паводніцкіх расстройстваў РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта Інэсы Грыгор'евай.
Справа – тытунь
Прынятая ў 2003 годзе Рамачная канвенцыя СААЗ па барацьбе супраць тытуню вызначыла прынцыпова новае да яго стаўленне. А менавіта: прызнала ўжыванне тытуню ў якасці прычыны развіцця неінфекцыйных захворванняў, інваліднасці і заўчаснай смерці чалавека. Штогод ва ўсім свеце курэнне так ці інакш забірае каля 7 мільёнаў жыццяў, з якіх 6 мільёнаў – непасрэдна спажыўцы, астатнія – ахвяры пасіўнага курэння.
Наша краіна таксама падтрымала Рамачную канвенцыю СААЗ, паставіўшы перад сабой глабальную мэту – зніжэнне колькасці курцоў на 30% да 2035 года.
Па дадзеных даследавання STEPS у 2016-2017 гадах, у Беларусі аматары курэння тытуню – ад 25 да 30% насельніцтва (48% з ліку мужчын і каля 10% – жанчын). Гэта агульнасусветная тэндэнцыя, і Беларусь тут не выглядае белай варонай. Цікава іншае. Як паказала даследаванне, каля 20% курцоў уключаюцца ў залежнасць, будучы яшчэ непаўналетнімі – ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў. А вось пераважная большасць (52%) атрымліваюць першы курыльны вопыт і робяцца закладнікамі шкоднай звычкі ўжо ў свядомым узросце – ад 20 гадоў. Такая ж тэндэнцыя праглядаецца сярод дзяўчат і жанчын. Таму «жаночае пытанне» ў апошнія гады гучыць усё больш востра.
Падмані мяне, калі зможаш
Таму ўзмацненне жорсткасці антытытунёвага заканадаўства на сусветным і нацыянальным узроўні – гэта тая самая неабходнасць, каб супрацьстаяць «тытунёвай эпідэміі». Акрамя рэалізацыі нормаў Рамачнай канвенцыі, у Беларусі на працягу многіх гадоў актыўна праводзіцца разнастайная прафілактычная работа.
Ёсць пазітыўныя зрухі, у тым ліку і дзякуючы падпраграме «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў» у рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады».
У сваю чаргу тытунёвыя вытворцы шчодра ўкладваюцца ў развіццё сваёй справы, спрабуюць не толькі адстаяць ужо заняты рынак, але і пашырыць яго межы, прадстаўляючы ўсё новую і новую прадукцыю. Так з'явіліся электронныя сістэмы дастаўкі нікаціну (электронныя цыгарэты, ці вейпы), снюсы (жавальныя тытунёвыя сумесі), нетытунёвыя вырабы, якія ўтрымліваюць нікацін.
Да 2018 года электронныя сістэмы дастаўкі нікаціну прапагандаваліся і падтрымліваліся рознымі таварыствамі як бяспечны і альтэрнатыўны варыянт адмовы ад спажывання класічных цыгарэт. Аднак, ужо неўзабаве маштабныя даследаванні ў розных краінах паказалі абсалютна супрацьлеглыя высновы.
Выкарыстоўваючы электронныя цыгарэты ў якасці альтэрнатывы, звычайна людзі ў большасці выпадкаў вярталіся да тытунекурэння. Прычым залежнасць не толькі не зніжалася, а пагаршалася, бо нікацін з дапамогай электронных цыгарэт дастаўляецца ў арганізм хутчэй і ў большай дозе.
Да 18 ліпеня гэтага года ў Беларусі не падлягалі кантролю рэалізацыя і абарот нетытунёвых вырабаў, якія ўтрымліваюць нікацін (ледзянцоў, цукерак, мармеладу і г.д.). Дарэчы, такая сітуацыя захоўваецца да гэтага часу ў многіх краінах СНД і Еўрасаюза.
Тытунёвыя кампаніі заказваюць велізарную колькасць даследаванняў, абяцаючы вялікія гранты, каб на падставе вынікаў даследаванняў рэкламаваць сваю прадукцыю, якая ўтрымлівае нікацін, падкрэслівае эксперт. Але накіраваныя яны не на вывучэнне шкоднага ўздзеяння нікаціну і яго высокіх дозаў. Напрыклад, адно з такіх даследаванняў было закліканае вывучыць значнае зніжэнне прадуктаў гарэння пры выкарыстанні электронных цыгарэт. Аднак, аказалася, што з 13 асабліва шкодных рэчываў у рэзервуарах электронных сістэмаў дастаўкі нікаціну выявіліся 6, сярод якіх свінец, нікель, мыш'як... Прычым – у даволі высокіх канцэнтрацыях.
Эксперт прывяла ў якасці прыкладу новае даследаванне, праведзенае ў Вялікабрытаніі, вынікі якога былі апублікаваныя ў спецыялізаваным навуковым выданні сёлета. Сутнасць навуковага эксперыменту заключалася ў вывучэнні таго, ці звязанае выкарыстанне вейпаў для адмовы ад курэння тытуню з павышэннем ужывання алкаголю. Аказалася, тыя, хто «вейпіў», каб кінуць паліць, у 2 разы часцей і больш ужывалі алкаголь для зняцця ўнутранага напружання, чым тыя, хто пазбаўляўся ад шкоднай звычкі «сілай волі» альбо пры дапамозе нікаціназамяшчальнай тэрапіі.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
https://bel.24health.by/elektronnye-kurilshhiki/