20.07.2020
20.07.2020

Хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Сакрэты тытунёвай індустрыі

logo
Здаровы лад жыцця
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Яе ў дзверы праганяюць, а яна ў акно лезе». Уласна, гэта ўсё, што трэба ведаць пра сучасную тытунёвую індустрыю. Чым больш жорсткае і прынцыповае антытытунёвае заканадаўства, тым больш дасканалыя спробы вытворцаў адстаяць сваё «хлебнае» месца на сусветным рынку.

З'явіліся застрашальныя малюнкі і папераджальныя надпісы на пачках цыгарэт? Тытунёвыя лобі зрабілі стаўку на смакавую і араматычную разнастайнасць сваёй прадукцыі. Зрабілі больш жорсткімі правілы гандлю тытунёвымі вырабамі? Вытворцы адрэфлексавалі з'яўленнем вейпаў і нетытунёвых сумесяў.

На кожнае навуковае даследаванне аб шкодным уздзеянні нікаціну атрымаеце ў адказ два – пра яго ўласцівасці «расслабляць, супакойваць і трымаць вагу пад кантролем». Пра што пры гэтым маўчаць тытунёвыя магнаты, журналіст інфармацыйнага партала Слушна даведалася ад вядучага навуковага супрацоўніка аддзела псіхічных і паводніцкіх расстройстваў РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта Інэсы Грыгор'евай.

Справа – тытунь

Тытунёвая індустрыя. Вейпы.

Прынятая ў 2003 годзе Рамачная канвенцыя СААЗ па барацьбе супраць тытуню вызначыла прынцыпова новае да яго стаўленне. А менавіта: прызнала ўжыванне тытуню ў якасці прычыны развіцця неінфекцыйных захворванняў, інваліднасці і заўчаснай смерці чалавека. Штогод ва ўсім свеце курэнне так ці інакш забірае каля 7 мільёнаў жыццяў, з якіх 6 мільёнаў – непасрэдна спажыўцы, астатнія – ахвяры пасіўнага курэння.

Наша краіна таксама падтрымала Рамачную канвенцыю СААЗ, паставіўшы перад сабой глабальную мэту – зніжэнне колькасці курцоў на 30% да 2035 года.

Па дадзеных даследавання STEPS у 2016-2017 гадах, у Беларусі аматары курэння тытуню – ад 25 да 30% насельніцтва (48% з ліку мужчын і каля 10% – жанчын). Гэта агульнасусветная тэндэнцыя, і Беларусь тут не выглядае белай варонай. Цікава іншае. Як паказала даследаванне, каля 20% курцоў уключаюцца ў залежнасць, будучы яшчэ непаўналетнімі – ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў. А вось пераважная большасць (52%) атрымліваюць першы курыльны вопыт і робяцца закладнікамі шкоднай звычкі ўжо ў свядомым узросце – ад 20 гадоў. Такая ж тэндэнцыя праглядаецца сярод дзяўчат і жанчын. Таму «жаночае пытанне» ў апошнія гады гучыць усё больш востра.

Тытунёвая індустрыя. Жаночае курэнне.

 
Інэса Грыгор’ева
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела псіхічных і паводніцкіх расстройстваў РНПЦ псіхічнага здароўя, к.м.н., дацэнт
Акцэнт на жанчынах робіцца нездарма. Перш за ўсё таму, што яны – галоўны рэпрадуктыўны рэсурс чалавецтва. Залежнасць жанчыны напрамую абумоўлівае перадачу аддыктыўнай накіраванасці ўнутрычэраўна. У той жа час тытунёвая індустрыя пастаянна прапануе новыя сродкі, падмацоўваючы іх моцнымі маркетынгавымі хадамі: напрыклад, заяўляючы пра «мяккія» цыгарэты і іх далікатнае ўздзеянне на арганізм, нібыта забяспечваючы пры гэтым магчымасць кантраляваць вагу, зніжаць апетыт, выглядаць больш эмансіпаванай і сучаснай. На жаль, такая рэклама робіць сваю чорную справу. З развіццём інфармацыйных тэхналогій гэта адбываецца яшчэ і ў разы хутчэй. Зараз каля 200 мільёнаў жанчын ва ўсім свеце з'яўляюцца спажыўцамі цыгарэт і іншых сродкаў дастаўкі нікаціну. 1,7 мільёна жанчын штогод паміраюць ад гэтага.

Падмані мяне, калі зможаш

Тытунёвая індустрыя. Снюсы.

Таму ўзмацненне жорсткасці антытытунёвага заканадаўства на сусветным і нацыянальным узроўні – гэта тая самая неабходнасць, каб супрацьстаяць «тытунёвай эпідэміі». Акрамя рэалізацыі нормаў Рамачнай канвенцыі, у Беларусі на працягу многіх гадоў актыўна праводзіцца разнастайная прафілактычная работа.

Ёсць пазітыўныя зрухі, у тым ліку і дзякуючы падпраграме «Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў» у рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады».

У сваю чаргу тытунёвыя вытворцы шчодра ўкладваюцца ў развіццё сваёй справы, спрабуюць не толькі адстаяць ужо заняты рынак, але і пашырыць яго межы, прадстаўляючы ўсё новую і новую прадукцыю. Так з'явіліся электронныя сістэмы дастаўкі нікаціну (электронныя цыгарэты, ці вейпы), снюсы (жавальныя тытунёвыя сумесі), нетытунёвыя вырабы, якія ўтрымліваюць нікацін.

Да 2018 года электронныя сістэмы дастаўкі нікаціну прапагандаваліся і падтрымліваліся рознымі таварыствамі як бяспечны і альтэрнатыўны варыянт адмовы ад спажывання класічных цыгарэт. Аднак, ужо неўзабаве маштабныя даследаванні ў розных краінах паказалі абсалютна супрацьлеглыя высновы.

Выкарыстоўваючы электронныя цыгарэты ў якасці альтэрнатывы, звычайна людзі ў большасці выпадкаў вярталіся да тытунекурэння. Прычым залежнасць не толькі не зніжалася, а пагаршалася, бо нікацін з дапамогай электронных цыгарэт дастаўляецца ў арганізм хутчэй і ў большай дозе.

Да 18 ліпеня гэтага года ў Беларусі не падлягалі кантролю рэалізацыя і абарот нетытунёвых вырабаў, якія ўтрымліваюць нікацін (ледзянцоў, цукерак, мармеладу і г.д.). Дарэчы, такая сітуацыя захоўваецца да гэтага часу ў многіх краінах СНД і Еўрасаюза.

 
Інэса Грыгор’ева
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела псіхічных і паводніцкіх расстройстваў РНПЦ псіхічнага здароўя, к.м.н., дацэнт
Між тым, у тытунёвых вырабах і ў прадукцыі, якая ўтрымлівае нікацін, нічога не змянілася. Усё засяроджана на змесце псіхаактыўнага рэчыва – нікаціну. За некалькі прыёмаў ён пракладае маршрут, уздзейнічаючы на зоны галаўнога мозгу, якія адказваюць за задавальненне. Тыя ў сваю чаргу падключаюць увесь мозг. Сіла «прыліпання», уздзеяння вельмі высокая. Часам дастаткова аднаразовага ўжывання, каб развілася залежнасць. І ўсе прадукты, якія ўтрымліваюць нікацін, так ці інакш выкарыстоўваюць гэтую сілу псіхаактыўнага рэчыва. Таму не мае значэння, як мы дастаўляем нікацін у арганізм: прыбіраем прадукты гарэння ці не прыбіраем, актыўным рэчывам з'яўляецца сам нікацін.

Тытунёвая індустрыя. Уплыў нікаціну на мозг.

Тытунёвыя кампаніі заказваюць велізарную колькасць даследаванняў, абяцаючы вялікія гранты, каб на падставе вынікаў даследаванняў рэкламаваць сваю прадукцыю, якая ўтрымлівае нікацін, падкрэслівае эксперт. Але накіраваныя яны не на вывучэнне шкоднага ўздзеяння нікаціну і яго высокіх дозаў. Напрыклад, адно з такіх даследаванняў было закліканае вывучыць значнае зніжэнне прадуктаў гарэння пры выкарыстанні электронных цыгарэт. Аднак, аказалася, што з 13 асабліва шкодных рэчываў у рэзервуарах электронных сістэмаў дастаўкі нікаціну выявіліся 6, сярод якіх свінец, нікель, мыш'як... Прычым – у даволі высокіх канцэнтрацыях.

Эксперт прывяла ў якасці прыкладу новае даследаванне, праведзенае ў Вялікабрытаніі, вынікі якога былі апублікаваныя ў спецыялізаваным навуковым выданні сёлета. Сутнасць навуковага эксперыменту заключалася ў вывучэнні таго, ці звязанае выкарыстанне вейпаў для адмовы ад курэння тытуню з павышэннем ужывання алкаголю. Аказалася, тыя, хто «вейпіў», каб кінуць паліць, у 2 разы часцей і больш ужывалі алкаголь для зняцця ўнутранага напружання, чым тыя, хто пазбаўляўся ад шкоднай звычкі «сілай волі» альбо пры дапамозе нікаціназамяшчальнай тэрапіі.

Тытунёвая індустрыя. Вейпы таксама шкодныя.

 
Інэса Грыгор’ева
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела псіхічных і паводніцкіх расстройстваў РНПЦ псіхічнага здароўя, к.м.н., дацэнт
І гэта не кажучы ўжо пра тое, што спажыўцы вейпаў атрымліваюць значна больш нікаціну, чым звычайныя курцы. У адной цыгарэце ўтрымліваецца 1,5 мг нікаціну, у электроннай – 22 мг. Калі перавесці на звычайныя цыгарэты, дык электронны курэц «выкурвае» паўтара-два пачкі ў дзень. Але па сутнасці няма ніякай розніцы: выкарыстоўваць вейпы альбо паліць звычайныя цыгарэты, жаваць тытунёвыя сумесі альбо ўжываць прадукты, якія ўтрымліваюць нікацін... Вынік адзін: развіваецца залежнасць, а нікацін наносіць знішчальны ўдар па здароўі.

Фота эксперта – Валянціна Мохар.

https://bel.24health.by/elektronnye-kurilshhiki/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама