Успрымаць гэты дзень можна па-рознаму. Звычайна з нецярплівасцю яго чакаюць дзяўчаты і юнакі, асабліва, калі ёсць пара, ёсць ужо Ён і Яна. «Што мне падараваць? А што ён падорыць? А можа, прызнаецца ў каханні?» Дзень святога Валянціна! Дзень светлых надзей…
Чаканні маладосці… Трапяткое пачуццё... Людзі сярэдняга і сталага ўзросту звычайна толькі пасміхаюцца, гледзячы на тыя валянцінкі, сардэчкі, пернікі, мяккія цацкі, шарыкі, кветкі… Але калі чалавек рамантык… Магчыма, і ён (яна) будзе разглядаць 14 лютага як нагоду выказаць уласныя пачуцці, зрабіць прыемнае сваёй другой палове.
Не наша свята, ой, не наша, часцяком можна пачуць ад скептыкаў. Дык а ніхто ж і не прымушае яго святкаваць. Толькі калі ёсць патрэба, покліч сэрца, жаданне расквеціць шэрыя будні, парадаваць іншага (іншую). У любым становішчы. У любой сітуацыі.
І ведаеце, такія памкненні ўсё ж заслугоўваюць павагі, а не скептыцызму. Апошняга і так даволі, у іншыя дні. Як і меркаванняў пра тое, што каханне варта даказваць не словамі, а справамі, і не адзін раз на год.
Так што няхай шчасціць усім, хто кахае і святкуе! А тыя, хто не прызнае гэта за свята… Для вас таксама занятак і цікавае прачытанне знойдзецца! Гайда назад, у мінулае, да сваіх вытокаў! Бо сёння ў народным календары яшчэ і Трыфанаў дзень.
Да таго ж, да нас завітаў не проста Трыфан, а Трыфан-мышагон, альбо Трыфан з коткаю!
Ну вось, чамусьці зноўку размова ідзе менавіта пра котак. А пра катоў – ні слова. Ай, давайце ўжо і іх не крыўдзіць! Хаця, па прызнаннях спецыялістаў, лепей ловяць мышэй якраз-такі коткі, бо ім трэба карміць кацянятаў. А каты, як сапраўдныя мужчыны, больш скіраваныя на… заляцанні, так бы мовіць, да котак! 🙂 Таму і мышэй ловяць пад настрой. Але як сярод людзей, так і сярод катоў здараюцца выключэнні, праўда?!
Так што сёння, у дзень Трыфана-мышагона, крыху перайначыўшы традыцыі на сучасны лад, частуем сваіх хвастатых незалежна ад полу і ад умення ды жадання лавіць мышэй! 🙂 Глядзіш – і яны потым аддзячаць. Калі мышы ўсё ж у жытле завядуцца…
Значыць, што варта зрабіць шчаслівым уладальнікам ката, коткі ці кацяняці? Пачаставаць жывёлінку (традыцыйна было – малаком, але ж цяпер не кожны кот ці котка яго пераносяць) і папрасіць дапамогі ў барацьбе з мышамі. А калі тых не водзіцца, дык на будучае не зашкодзіць…
Вунь, памятаю, як мы ў кватэры жылі сабе спакойна. Ажно пакуль аднойчы суседзі зверху ні вырашылі патруціць грызуноў. І пачалося нашэсце ў нашу кватэру… пацукоў. Прыпыленых, прабачце, ад атруты. Адзін, напрыклад, у каструлю залез (добра, што старую) і там сканаў… Бр-р-р-р-р!
На той час котак у нас яшчэ не было. Але ж такі здаравяка-пацук (і зараз яшчэ яго наглядна ўяўляю!) мог бы і з коткай справіцца… 🙁
А гадоў з 6-8 таму пераварвалі сістэму ацяплення ў падвале. І цяпер ужо знізу нас пацукі атакавалі… Але котак у нас ужо не было… Даводзілася спраўляцца самім.
Так што частуем ды лашчым сваіх пушысцікаў! 🙂
А вось і пэўная сувязь Трыфанавага дня з Днём святога Валянціна! Даўней маладыя дзяўчаты менавіта ў гэты дзень маліліся аб жаніхах. А сам люты, як вядома, – месяц вяселляў. Яшчэ можна было паспець і спаткацца, і пазаляцацца, і ажаніцца… Удачы дзяўчатам ды хлопцам!
14-га лютага нашыя продкі заклікалі мышэй, звярталіся да іх з просьбай не псаваць сцірты з саломаю. Дзе-нідзе нават ладзіліся рытуальныя дзеянні, каб паспрабаваць і ўвогуле выгнаць мышэй з населенага пункта. Толькі трэба было, каб праводзіў абрад знахар…
«Які Трыфан, такія і астатнія дні лютага» – заўважалі даўней. Назіраем, прыкмячаем, запамінаем ды правяраем!
Ну, а заўтра, 15 лютага, – народна-царкоўнае свята пад назвай Стрэчанне (Грамніцы), а таксама Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Выбіраем, што адзначаць, а пра што – памятаць…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by