21.02.2024
21.02.2024

Хвароба над хваробамі, або як даўней лячылі ад п’янства?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

У гісторыі чалавецтва алкаголь мае адметнае месца. Знойдзены пры археалагічных раскопках гліняны посуд з рэшткамі ферментаваных напояў сведчыць аб ужыванні алкагольных напояў яшчэ ў эпоху неаліту.

Пра выкарыстанне такіх напояў у лекавых мэтах гавораць і шматлікія старажытныя рукапісы. У адным з палескіх паданняў Бог ведаў, што чорт гоніць гарэлку і благаслаўляў яе, каб людзі, якія не злоўжываюць ею, былі моцныя і здаровыя.

Гісторыя гарэлкі

абраз Усецарыца

Чысты спірт упершыню атрымалі арабы ў пачатку 7 стагоддзя. Само слова алкаголь арабскага паходжання, у перакладзе азначае «адурманьваючы». У Заходняй Еўропе вырабляць моцны алкаголь навучыліся ў сярэднія стагоддзі шляхам узгонкі віна. Легенда распавядае: упершыню прыгатаваў і выпіў такі напой манах алхімік Валенціус. Працверазеўшы пасля моцнага алкагольнага ап’янення, ён заявіў, што адкрыў цудоўны сродак, які робіць са старога юнака, дададае бадзёрасці і сіл. Можна сказаць, што менавіта з гэтага моманту пачынаецца актыўнае распаўсюджванне алкаголю ў Старым Свеце. У Еўропе ў 12 стагоддзі навучыліся рабіць моцныя спіртныя напоі на аснове мёду, жыта і пшаніцы.

Іх ужывалі ў час банкетаў, існавала культура піцця. Таксама гарэлка была адным з неабходных элементаў пахавальна-памінальных і каляндарных святаў.

У Вялікім Княстве Літоўскім гарэлка з’явілася ў канцы 15 стагоддзя. Беларусы называлі гарэлку «гарэлым віном». Гэта калька з нямецкага словазлучэння Geprant Wein. Уласна, слова гарэлка нам у спадчыну ад гэтага самага гарэлага віна і засталося. А да канца 19 стагоддзі прыжылося на нашай тэрыторыі і кароткае і ёмістае слова «водка», якое выкарыстоўваецца дагэтуль.

Прымі, душа, за лекі

Спачатку гэта быў аптэкарскі напой, якім лячылі самыя розныя хваробы. А потым у прынцыпе сталі ўжываць «на здароўе».

У сялян гарэлка згадваецца найперш у традыцыйных абрадах. Ёю адорвалі калядоўшчыкаў, частавалі гасцей на наваселле, адзначалі куплю худобы, яе пілі на вяселлях і памінках. Да другой паловы 19 стагоддзя гэта было рытуальнае пітво, а не паўсядзённае. А вось шляхта піла заўсёды, і піла нямала. З 18 стагоддзя, калі тэхнічны прагрэс зрабіў працэс дыстыляцыі агульнадаступным, свае зуброўкі, крупнікі, крамбамбулі выдумлялі ў кожнай сядзібе.

Да 1850 году ў рэдкай панскай сядзібе не працаваў бровар магутнасцю да 10 тысяч вёдзер у год. Гэта шмат – дзесьці 300 літраў у дзень. Але толькі пасля адмены прыгону, рэзкага эканамічнага крызісу і масавага пераходу бровараў на бульбяны спірт гарэлка стала таннай, а п’янства – павальным.

Адварам ядлоўца ці конскім потам…

пьяніца

Тым не менш, празмернае захапленне алкаголем не толькі асуджалася, каралася, але і лекавалася. У Старажытным Рыме людзей заўважаных у злоўжыванні алкагольнымі напоямі, маглі здаць у рабства. У другой палове 19 стагоддзя ў Англіі сталі адкрываць бальніцы для лячэння алкаголікаў.

У Беларусі людзей, схільных да неабмежаванага спажывання гарэлкі, называлі апіўца, п’янюга, прапойца, запойца, пітушчы чалавек ды інш. У народнай медыцыне існавалі розныя метады барацьбы з такой хваробай. Так, у гарэлку дадавалі высушаную і стоўчаную на парашок каціную плацэнту, мазгі ўзятыя з жывой савы, мышыную кроў, конскі пот. Рабілі настоі гарэлкі на попеле з валасоў мерцвяка, на медзяных грошах, што паляжалі ў роце нябожчыка.

неупіваемая чаша

На Гродзеншчыне, каб адвучыць ад гарэлкі, трэба было знойдзеную на могілках манету ці костку пакласці ў ваду і праз суткі даць выпіць хвораму такі напой. Для лячэння алкагалізму рабілі адвары з ядлоўцу, чабору і розных траў. Дадавалі воцат, мёд, соду, ракавыя панцыры.

Існаваў і шэраг павер’яў, якія нібыта павінны былі прадухіляць п’янства. Прыкладам, немаўляці адразу пасля нараджэння націралі поласць рота кіслым яблыкам, каб у будучым дзіцёнак не стаў п’яніцам. Таксама дагэтуль існуе табу піць недапітую чарку ці гарэлку, злітую з дзвюх пляшак. Нібыта гэта можа прывесці да п’янства або да атручвання алкаголем.

Верылі, што ў стане алкагольнага ап’янення людзі найбольш падуладныя нячыстай сіле. Таму ў беларускім фальклоры існуюць шматлікія сюжэты, дзе чорт заводзіць п’яніцу ў балота, прымушае блукаць яго ў лесе, ці кладзе яго спаць на камені, а таму здаецца, што гэта печ. Такія камяні маюць сакральны статус і носяць назвы кшталту Ведзьміна Печ, Здань-Камень, Лешы Камень, Чортава Печ, Халадоўская Печ, Закляты Камень і інш. Звычайна паданні, звязаныя з падобнымі камянямі, расказваюць, як п’яны чалавек вяртаўся з карчмы, доўга блукаў, а потым залазіў на камень і там засынаў.

Куды ехаць з малітвай?

рэчыца

З малітоўнымі просьбамі пазбавіцца ад п’янства спрадвеку звярталіся да крыніц і абразоў. У вёсцы Чорнае Рэчыцкага раёна на правым беразе былога рэчышча Дняпра раней стаяла Пакроўская царква. У 1930-я гады з яе зрабілі зернесховішча, але туды трапіла маланка, і зерне згарэла. Потым пабудавалі стайню, але і туды ляснула маланка. Зразумела, што на тым месцы вырашылі ўжо нічога не будаваць. У нядаўнія часы ў памяць пра царкву тут паставілі драўляны крыж. Пад гарой спрадвеку бруіць некалькі крыніц з чыстай вадой, якія называюць «Вада з-пад царквы». Сёння над крыніцамі пабудавана капліца ў гонар Пакрову Прасвятой Багародзіцы, а таксама зроблены дзве купелі. Больш за ўсё людзі едуць сюды менавіта на Пакроў – 14 кастрычніка. Па павер’ях, вада ў гэты дзень здымае многія хваробы і ў першую чаргу алкагалізм.

святая крыніца ў Сынкавічах

У суседняй вёсцы Белае Балота знаходзіцца Свята-Георгіеўская царква, а ў ёй цудатворны абраз Божай Маці «Неўпіваемая чаша», якая лечыць ад п’янства. Ва ўдзячнасць за лекаванне паломнікі на абраз вешаюць залатыя ўпрыгажэнні – воты.

Ад п’янства на Пакроў лечыць Святая крыніца каля вёскі Барань Барысаўскага раёна. Гэта крыніца знаходзіцца на тэрыторыі жаночага Свята-Ксеніеўскага манастыра, асвечанага ў імя блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Паводле легенды, тут калісьці набірала ваду прападобная Ефрасіння Полацкая.

На паўночнай ўскраіне вёскі Сынковічы Зэльвенскага раёна знаходзіцца Свята-Міхайлаўская царква, пабудаваная з цэглы ў 1407 годзе. Яна з’яўляецца помнікам культава-абарончай познегатычна-рэнесанснай архітэктуры. Побач Святая крыніца. Святкаванне ў Сынковічах адбываецца 31 жніўня. У царкве ёсць абраз Божай Маці «Усецарыца». Гэта копія абраза 17 стагоддзя, што захоўваецца ў Ватапедскім манастыры на Афоне. Пакланенне такім абразам, па павер’ях, пазбаўляе ад п’янства і наркаманіі. Копія такога абраза ёсць таксама і ў царкве вёскі Жалезнякі Веткаўскага раёна.

Не так даўно адроджана і старадаўня паклонная крыніца каля вёскі Пеніца Калінкавіцкага раёна, якая таксама дапамагае вылечыцца ад п’янства.

А што на ранак?

Таксама вядома, чым нашы продкі «лячыліся» пасля бурлівага застолля. Па-першае, гэта жур – поліўка з аўсянай мукі, першыя рэцэпты якой запісаны яшчэ пры Уладзіміры Манамаху. Яго можна гатаваць з каўбасой ці з курыцай, можна посны. Аўсяная закваска, якая ўваходзіць у склад журу, дапамагае ад галаўнога болю раніцай не горш за агурковы расол. А каб галава ўвогуле не балела, варта пасля застолля выпіць аўсянага кісялю. Авёс змяшчае да 60 % крухмалу. Ён ахінае страўнік і дазваляе палепшыць працу кішэчніка. У вялікіх дозах алкаголь атручвае арганізм. А жур і аўсяны кісель дапамагаюць вывесці таксіны.

Медыкаментознае лячэнне алкагалізму

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"