Памятаеце Лепісіна і Быляка, вітамінных чалавечкаў? У мінулай гісторыі яны прыдумалі, як ратаваць дзяцей ад алергіі! А сёння ідуць на дзень народзінаў!
Гісторыя 2
Лепісін і Быляк спяшаліся ў госці. Яны былі запрошаныя на Дзень народзінаў да Алісы і Васілінкі. Абедзве нарадзіліся ў кастрычніку. Васілінка меншая за Алісу толькі на два гады і тыдзень. Дык чаму б не святкаваць разам?
Кожны з вітамінных чалавечкаў цягнуў торбу садавіны. На свяце будзе поўна дзяцей. Значыць, вітамінны пачастунак абавязкова спатрэбіцца.
– Як думаеш, Быляк, дзяўчаткі ўжо прывыклі абіраць яблыкі, перш чым з’есці? – сапучы пад цяжарам апельсінаў, запытаўся Лепісін.
– Упэўнены! Не забывайся, у іх яшчэ старэйшыя сястрычкі ёсць: Злата і Соня. Талковыя дзяўчаткі! І самі дадуць рады любому яблыку, і меншым падкажуць. Так што сёння будзем новую навуку засвойваць.
– На свяце? Быляк, не смяшы мяне! Хто ў святочным гармідары будзе тваю навуку слухаць?
– А я зраблю так, каб слухалі! Правяду майстр-клас! Навучу дзяцей ціскаць сок з яблыкаў! Бачыш, сокавыціскалку прыхапіў.
– Добра прыдумаў, – ухваліў Лепісін. – Чакай, а чым жа мне іх зацікавіць?
– Не хвалюйся! Пакуль соку націскаем, пакуль імянінніцы свечкі на торціку пазадзімаюць, пакуль карагоды паводзім – ужо не да тваіх апельсінаў будзе!
– Што ты маеш супраць апельсінаў? – захваляваўся Лепісін. – Хіба яблычныя вітаміны лепшыя? Ні на макулінку!
– Не-не, прабач! Гэта я не падумаўшы! – сумеўся Быляк.
Каб суцешыць пакрыўджанага Лепісіна, ён хуценька прапанаваў:
– І ты правядзі майстар-клас!
– Які?
– Навучы дзятву розным спосабам нарэзкі апельсінаў! – знайшоўся Быляк.
– О! Геніяльна! – зарадаваўся апельсінавы чалавечак. – Так і зробім!
На свяце дня народзінаў Алісы і Васілінкі ніхто не сумаваў. Карагоды, песні, гульні, скокі! Паветраныя балёнікі, напоўненыя адмысловым газам – геліем – ківалі гасцям з-пад самай столі рознакаляровымі галоўкамі. Ад руху паветра ў пакоі яны блукалі туды-сюды, цягнучы за сабою свае стужачкі.
Яблычны сок і госці, і імянінніцы ціскалі з такім імпэтам, што ён ліўся з сокавыціскалкі ў шклянкі ракой. А тыя, хто не здолеў праціснуцца на Былякаў майстар-клас, засвойвалі навуку абіраць і наразаць апельсіны.
– Думаеце, гэта проста? – пытаўся ў дзяцей Лепісін. – І колькі спосабаў вы ведаеце?
Ён раздаў дзецям апельсіны – і пачалося абіранне-наразанне.
Абіралі асцярожна, каб не параніць ручкі і апельсінчыкі. І каб са скуркі атрымаліся доўгія прыгожыя серпанцінкі.
– Іх можна высушыць і зрабіць упрыгожанні на навагоднюю ялінку.
Павесіць на ялінку апельсінавыя серпанцінкі захацелася ўсім!
– А яшчэ можна зрабіць цэдру са скурак, пацёршы іх аранжавым бокам на тарцы. Будзеце пячы яблычны пірог – смела дадавайце апельсінавую цэдру. Смаката – пальчыкі абліжаш! – тлумачыў Лепісін зацікаўленым хлопчыкам і дзяўчаткам.
– Цяпер бяромся наразаць апельсіны! Самая прыгожая форма – круглая. Можна нарэзаць неабабраны апельсін, кружочкі высушыць – і таксама на ялінку.
– А можна іх проста разабраць на долькі? – спыталася Васілінка.
– Вядома, – усміхнуўся Лепісін. – Так нават хутчэй. І сок не будзе цячы, як з парэзаных кавалачкаў.
Дзеці з захапленнем рэзалі апельсіны ўздоўж і ўпоперак, кружочкамі, трохкутнічкамі, палосачкамі. І частавалі тых, хто ціскаў сок з яблыкаў.
А пасля усёй вялікай грамадой выйшлі запускаць балёнікі ў неба.
Тата імянінніц кожны балёнік зачапіў на нітачку з яшчэ не разматанай шпулькі і патлумачыў дзецям, каб яны нізавошта не адпускалі канец нітачкі, калі яна ўся разматаецца. Дзеці з радасцю пагадзіліся.
Пакуль усе любаваліся рознакаляровым воблачкам з балёнікаў, што завісла высока ў небе, тата тлумачыў, што адпушчаныя балёнікі прыносяць вельмі шмат шкоды. У іх нітачках заблытваюцца птушкі. А калі балёнікі апускаюцца на зямлю, яны робяцца проста смеццем.
Лепісін і Быляк разам з дзецьмі засвоілі навуку і паабяцалі падзяліцца ёй з усімі, хто прачытае гэтую гісторыю.
А яшчэ іх вельмі зацікавіла, які спосаб нарэзкі апельсінаў вам найбольш спадабаўся. Паспрабуеце?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by