Пірог з ягадамі — гэта сапраўдная асалода смакам! Страва атрымліваецца настолькі духмянай і прыгожай на выгляд, што яе нават шкада разразаць.
Пажадана выкарыстоўваць свежыя ягады. Цукар дадавайце на свой смак — калі ягады кіславатыя, тады цукру ўсыпайце крыху больш. Памятайце, што для формы большага дыяметру норму інгрэдыентаў неабходна павялічваць!
Пакрокавы рэцэпт ягаднага пірага прапануе блогер і гаспадыня харчэўні ў Тураве Алена Браніславаўна.
Як прыгатаваць пірог на смятане з ягадамі?
Інгрэдыенты
Для цеста
- мука — 200 гр
- масла вяршковае — 100 гр.
- смятана любой тлустасці — 100 гр.
- цукар — 50гр.
- дробка солі
Для начынкі
- 400-500 гр. любых сезонных ягад
- 100 гр. цукра
- 30 гр. крухмалу
Спосаб прыгатавання
Масла павінна быць вельмі халодным. Пераціраем яго з мукой.
Дадаем соль, цукар, смятану.
Замешваем эластычнае цеста, але не доўга, нам не патрэбна развіваць клейкавіну. Пакідаем цеста у халадзільніку на 20-30 хвілін . Можна замясіць цеста з вечара і пакінуць у холадзе, а выпякаць раніцай.
Халоднае цеста кладзем на пергамент, пасыпаны мукой, на якім будзем выпякаць, раскатваем у кружок наўшчынёй 0,5 см.
Для начынкі ягады перабраць, памыць. Крухмал злучыць з цукрам і добра перамяшаць.
На пласт цеста высыпаць сумесь цукру і крухмалу, не даходзяцы да краёў 4-5 см..
Выкладваем на гэту сумесь ягады раўнамерным слоем.
Фарміруем пірог, загінаючы свабодны край цеста ды так, каб сярэдзіна была адкрытай.
Выпяксем пірог 30 хвілін пры 180 градусах.
Смачна есці!
📌 Гатуйце самі - гатуйце з намі!
Бісквітны кекс з разынкамі і ягадамі