Марознае паветра і вецер на вуліцы ўзімку, сухое паветра ў памяшканні, уздзеянне бытавой хіміі, частае мыццё з мылам і выкарыстанне антысептыкаў не самым лепшым чынам адбіваюцца на стане скуры рук. Уся справа ў тым, што скура ў вобласці кісцяў вельмі тонкая, у ёй знаходзіцца мала сальных залозаў, якія ствараюць ахоўную плёнку, што засцерагае ад страты вільгаці.
Пра тое, як выратаваць скуру рук узімку і паменшыць агрэсіўнае ўздзеянне фактараў навакольнага асяроддзя, «Слушна» распавяла наш эксперт – урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.
Чаму ўзімку скуры рук дрэнна
Ад уздзеяння халоднага паветра і рэзкіх перападаў тэмпературы пакутуюць капіляры. Гэта прыводзіць да таго, што парушаецца кровазабеспячэнне і сілкаванне скуры. Вынік – скура робіцца адрузлай, сухой, пачынае лушчыцца, зніжаецца яе тонус. Акрамя гэтага, выкарыстанне пральных парашкоў, сродкаў для мыцця посуду і іншай бытавой хіміі, якія змяшчаюць вялікую колькасць павярхоўна-актыўных рэчываў, а таксама частае мыццё рук з мылам альбо апрацоўка антысептыкам разбураюць водналіпідную мантыю скуры, прыводзячы да абязводжвання скуры.
Каб скура рук як мага даўжэй заставалася пяшчотнай, мяккай і аксамітнай, варта прытрымлівацца пэўных правілаў догляду. Самае галоўнае – выконваць іх рэгулярна і штодня.
Правіла першае. Не забываемся на пальчаткі
Выходзячы на вуліцу ўзімку, абавязкова варта схаваць рукі ад марозу і ветру. З гэтай задачай добра спраўляюцца цёплыя рукавіцы ці пальчаткі.
Вырашылі зрабіць дома ўборку – надзявайце гумовыя гаспадарчыя пальчаткі. Яны абароняць ад уздзеяння агрэсіўных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў бытавой хіміі. Прычым гэтае правіла дзейнічае нават у тым выпадку, калі вы вырашылі, напрыклад, толькі памыць посуд ці працерці люстэрка ў ванным пакоі.
Правіла другое. Рэгулярна наносім крэм
Пасля кожнага мыцця рук варта наносіць крэм. Выбіраць трэба тыя касметычныя сродкі, у складзе якіх змяшчаецца гліцэрына, тлустыя насычаныя алеі (напрыклад, карытэ альбо аліўкавы) і вітаміны. Добры эфект даюць крэмы з расліннымі дадаткамі (рамонку, алейнага экстракту ваўчкоў і іншыя). Прыродныя кампаненты валодаюць аднаўляльным дзеяннем.
Наносячы крэм, абавязкова масажыруйце рукі, гэта паляпшае кровазварот і ўзмацняе ўздзеянне карысных кампанентаў.
У памяшканні з-за ацяпляльных прыбораў скура рук таксама робіцца сухой. У гэтым выпадку на дапамогу прыйдзе ўвільгатняльны крэм.
Правіла трэцяе. Выкарыстоўваем скраб і сілкуем скуру
У мароз скура рук абветрываецца, робіцца грубай і пачынае лушчыцца. Для лепшага выдалення арагавелага слоя эксперт раіць выкарыстоўваць скраб.
Абавязковая ўмова ўзімку – сілкаванне скуры рук. Напрыклад, з дапамогай ванначак з рознымі алеямі, вітамінамі А і Е. Ці зрабіць маску для скуры рук. Яна насычае сухую скуру карыснымі рэчывамі больш эфектыўна за крэмы ў некалькі разоў.
Правіла чацвёртае. Правільна апрацоўваем антысептыкам
Пасля таго, як вы вымылі рукі з мылам, іх варта старанна прасушыць, а толькі затым наносіць антысептык для апрацоўкі. На вільготную скуру антысептыкі не наносяцца. Гэта вельмі важна. Калі на руках выяўляюцца сляды раздражнення і вы не хочаце лішні раз мыць рукі вадой і апрацоўваць антысептыкам, можна выбраць толькі апрацоўку спіртавым сродкам. Чысты спірт сушыць, але не раздражняе скуру. Затым варта нанесці ўвільгатняльны крэм.
SOS-працэдуры. Ратуем скуру рук
Зняць раздражненне, пачырваненне, загаіць ранкі і мікратрэшчынкі дапаможа парафінатэрапія скуры рук. У зімовы час такія працэдуры папулярныя ў касметолагаў і ў салонах прыгажосці.
Таксама ўрачы-касметолагі праводзяць працэдуры мезаэрапіі і біярэвіталізацыі скуры рук. Скура кісцяў вельмі добра рэагуе на такі клопат – вынік нашмат больш выяўлены, у параўнанні з аналагічнымі працэдурамі на скуры твару. Літаральна пару сеансаў дапамогуць у зімовы час захаваць маладосць і прыгажосць кісцяў рук.
Дома можна праводзіць некаторыя доглядавыя працэдуры. Добрым супрацьзапаленчым і заспакаяльным эфектам валодае цёплая ванначка з рамонкам (1 сталовая лыжка рамонку на 1 літр вадкасці). Адвар варта астудзіць да камфортнай тэмпературы. Працягласць такой працэдуры прыкладна 15 хвілін. Затым трэба прамакнуць рукі ручніком і змазаць іх пажыўным крэмам.
У зімовы час рэанімаваць скуру рук можна з дапамогай цёплага алейнага абгортвання, якое ўвільготніць і насыціць. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя натуральныя раслінныя алеі (какосавы, касторавы, алей какавы і зародкаў пшаніцы), якія можна змешваць альбо чаргаваць. Выбраныя алеі трэба падагрэць у эмаліраваным посудзе да камфортнай тэмпературы. Затым два кавалачкі мяккай тканіны неабходна намачыць у атрыманай сумесі і абгарнуць імі рукі. Трымаць такі кампрэс варта не больш за паўгадзіны.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by