Развод бацькоў – узрушэнне для дзіцяці. Але правільныя паводзіны дарослых могуць зберагчы яго ад сур'ёзных неўратычных наступстваў і псіхалагічнай траўмы. Што рабіць, каб палегчыць перажыванні дзяцей? Як сказаць ім пра развод?
Псіхолаг вышэйшай катэгорыі, гештальт-тэрапеўт Наталля Жывалкоўская і псіхатэрапеўт вышэйшай катэгорыі Алена Васілевіч прааналізавалі свой вялікі вопыт тэрапіі сем'яў у сітуацыі разводу і дапамаглі нам скласці кароткую памятку для бацькоў.
Як сказаць дзецям пра развод?
- Лепей зрабіце гэта ўдваіх, каб інфармацыя не была «аднабокай» і дзіця змагло задаць свае пытанні абаім бацькам адначасова.
- Калі ў сям'і некалькі дзяцей, скажыце ўсім адразу. Гэта дае дзецям магчымасць атрымаць узаемную падтрымку.
- Скажыце дзіцяці, што вы заўсёды застаняцеся яго бацькамі і будзеце пра яго клапаціцца, любіць, хаця і не будзеце жыць разам.
- Скажыце дзіцяці, што прычына такога рашэння не ў ім; што ён не зрабіў нічога, каб гэта адбылося, і не мог зрабіць нічога, каб прадухіліць развод; што ён не можа аб'яднаць бацькоў, якія разводзяцца.
- Размаўляйце на гэтую тэму столькі, колькі просіць дзіця. Развод – працэс у жыцці сям'і, а не асобны эпізод. Дзеці адчуваюць неабходнасць вяртацца да тэмы.
Якія рэакцыі могуць быць у дзяцей на развод?
Да 8 гадоў – часта прыгнечаныя, разгубленыя, фантазіруюць пра ўз'яднанне бацькоў.
9–12 гадоў – моцны гнеў, абвінавачванне бацькоў ці аднаго з іх.
Падлеткі – маскіруюць дэпрэсію і гора актыўнай непаслухмянасцю.
Эмоцыя | Праявы |
Злосць | Дзіцяці бывае цяжка пераадолець злосць альбо выказаць яе. Яно можа асцерагацца: калі я праяўлю злосць да таты, дык ён мяне не прыме, і я не змагу яго наведваць, а калі буду злавацца на маму, дык яна мяне не прыме.
Злосць у адносінах да аднаго з бацькоў можа быць пераключаная на родных братоў/сясцёр (сіблінгаў), злавацца на якіх не так небяспечна. Злосць можа выліцца на школьных сяброў і настаўнікаў. Злосць можа праявіцца ў дэструктыўных, задзірлівых паводзінах. |
Сум, прыгнечаны стан | Слёзы.
Страта ўсялякай цікавасці да школы, сяброў – да таго, што раней прыносіла радасць і задавальненне. Нечаканая звышактыўнасць – у спробе ўцячы ад сумных думак. |
Страхі, навязлівыя саматычныя сімптомы | Быць кінутым, нікому не патрэбным – самы вялікі страх, які адчувае дзіця, што перажывае развод бацькоў.
У аснове магічнага мыслення дзяцей ляжыць вера ў тое, што думкі і пачуцці могуць рэалізавацца, што іх дзеянні прывялі да разрыву паміж бацькамі і што яны ўсё ж такі могуць штосьці зрабіць. Таму дзеці звяртаюцца да розных варыянтаў уз'яднання сям'і: хварэюць, пачынаюць сябе паводзіць вельмі добра ці вельмі дрэнна і г.д. Нярэдка ўзнікаюць праблемы пры выкананні заданняў, якія патрабуюць уседлівасці і канцэнтрацыі ўвагі. |
Што рабіць, каб палегчыць перажыванні дзіцяці?
- Пытайцеся ў дзіцяці пра асцярогі і трывогі з нагоды разводу і тлумачце, што гэта не так.
- Прызнайце права дзіцяці на ўласныя пачуцці да былога партнёра, якія не абавязкова павінны супадаць з вашымі.
- Скажыце дзіцяці, што яно мае права добра бавіць час з іншым дарослым – татам ці мамай, і гэта вас не засмуціць і не пакрыўдзіць.
- Не хвалюйцеся, калі правілы паводзінаў і традыцыі ў вашым доме адрозніваюцца ад правілаў у доме былога партнёра альбо яго бацькоў. Дзеці прыстасоўваюцца да парадкаў, прынятых у любым доме.
- Стварыце спакойны, размераны і прадказальны хатні рэжым. У перыяд разводу бацькоў звычайныя штодзённыя расстанні – адыход у школу, наведванне сяброў – узмацняюць няўпэўненасць і страх быць пакінутым у дзяцей малодшага ўзросту.
- Падтрымлівайце ў дзецях веру, што нават калі падзеі ў жыцці прыносяць боль, чалавек усё роўна здольны іх пераадолець.
- Усвядомце сябе партнёрамі. Самыя запаветныя жаданні дзяцей, чые бацькі разводзяцца, – фантазія пра іх ўз'яднанне альбо сяброўства. Але сяброўства не з'яўляецца неабходнай умовай для паспяховага сумеснага выхавання. Мінімальнае патрабаванне да адносінаў бацькоў – простае партнёрства ў агульнай задачы па выхаванні іх агульных дзяцей; дастаткова ліквідаваць асабістую варожасць і дамовіцца пра важныя сумесныя справы.
Чаго НЕ рабіць бацькам у разводзе?
- Не помсціць, не даказваць сваю перавагу.
Часта бацькі, якія разводзяцца, супернічаюць за любоў і прыхільнасць свайго дзіцяці. Яны ўступаюць у спаборніцтва, імкнучыся пераканаць дзіця зрабіць выбар на сваю карысць, асабліва пры вырашэнні пытання аб парадку пражывання. Такое суперніцтва можа быць вынікам імкнення ўмацаваць пачуццё ўласнай годнасці, адпомсціць, даказаць сваю перавагу.
- Не рабіць з дзяцей шпіёнаў.
Нярэдка дзеці вымушаныя выконваць дзве жорсткія місіі – шпіёна і сувязнога: допыт, сакрэты аднаго з бацькоў употай ад іншага, перадача лістоў, просьбаў, патрабаванняў. Гэта негатыўна ўплывае на дзіцячую псіхіку.
- Не рабіць з дзяцей дарослых.
Часам пасля разводу дзеці самі ператвараюцца ў маленькіх бацькоў – крыніцу, з якой кінутыя тата альбо мама чэрпаюць эмацыянальную падтрымку. Дзіця часам узвальвае на сябе непасільную ношу па вядзенні хатняй гаспадаркі альбо абавязкі бацькоў у адносінах да сваіх малодшых братоў ці сясцёр. Гэта роля ім не падыходзіць. Яна не прыносіць нічога, акрамя шкоды. Важна прызнаваць за дзецьмі права быць дзецьмі.