07.08.2023
07.08.2023

Як дапамагчы дзецям перажыць ваш развод? Памятка бацькам

logo
Адукацыя і выхаванне
0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Развод бацькоў – узрушэнне для дзіцяці. Але правільныя паводзіны дарослых могуць зберагчы яго ад сур'ёзных неўратычных наступстваў і псіхалагічнай траўмы. Што рабіць, каб палегчыць перажыванні дзяцей? Як сказаць ім пра развод?

Псіхолаг вышэйшай катэгорыі, гештальт-тэрапеўт Наталля Жывалкоўская і псіхатэрапеўт вышэйшай катэгорыі Алена Васілевіч прааналізавалі свой вялікі вопыт тэрапіі сем'яў у сітуацыі разводу і дапамаглі нам скласці кароткую памятку для бацькоў.

Рахвод 2

Як сказаць дзецям пра развод?

  1. Лепей зрабіце гэта ўдваіх, каб інфармацыя не была «аднабокай» і дзіця змагло задаць свае пытанні абаім бацькам адначасова.
  2. Калі ў сям'і некалькі дзяцей, скажыце ўсім адразу. Гэта дае дзецям магчымасць атрымаць узаемную падтрымку.
  3. Скажыце дзіцяці, што вы заўсёды застаняцеся яго бацькамі і будзеце пра яго клапаціцца, любіць, хаця і не будзеце жыць разам.
  4. Скажыце дзіцяці, што прычына такога рашэння не ў ім; што ён не зрабіў нічога, каб гэта адбылося, і не мог зрабіць нічога, каб прадухіліць развод; што ён не можа аб'яднаць бацькоў, якія разводзяцца.
  5. Размаўляйце на гэтую тэму столькі, колькі просіць дзіця. Развод – працэс у жыцці сям'і, а не асобны эпізод. Дзеці адчуваюць неабходнасць вяртацца да тэмы.

Развод 3

Якія рэакцыі могуць быць у дзяцей на развод?

Да 8 гадоў – часта прыгнечаныя, разгубленыя, фантазіруюць пра ўз'яднанне бацькоў.

9–12 гадоў – моцны гнеў, абвінавачванне бацькоў ці аднаго з іх.

Падлеткі – маскіруюць дэпрэсію і гора актыўнай непаслухмянасцю.

Эмоцыя Праявы
Злосць Дзіцяці бывае цяжка пераадолець злосць альбо выказаць яе. Яно можа асцерагацца: калі я праяўлю злосць да таты, дык ён мяне не прыме, і я не змагу яго наведваць, а калі буду злавацца на маму, дык яна мяне не прыме.

Злосць у адносінах да аднаго з бацькоў можа быць пераключаная на родных братоў/сясцёр (сіблінгаў), злавацца на якіх не так небяспечна.

Злосць можа выліцца на школьных сяброў і настаўнікаў.

Злосць можа праявіцца ў дэструктыўных, задзірлівых паводзінах.

Сум, прыгнечаны стан Слёзы.

Страта ўсялякай цікавасці да школы, сяброў – да таго, што раней прыносіла радасць і задавальненне.

Нечаканая звышактыўнасць – у спробе ўцячы ад сумных думак.

Страхі, навязлівыя саматычныя сімптомы Быць кінутым, нікому не патрэбным – самы вялікі страх, які адчувае дзіця, што перажывае развод бацькоў.

У аснове магічнага мыслення дзяцей ляжыць вера ў тое, што думкі і пачуцці могуць рэалізавацца, што іх дзеянні прывялі да разрыву паміж бацькамі і што яны ўсё ж такі могуць штосьці зрабіць. Таму дзеці звяртаюцца да розных варыянтаў уз'яднання сям'і: хварэюць, пачынаюць сябе паводзіць вельмі добра ці вельмі дрэнна і г.д.

Нярэдка ўзнікаюць праблемы пры выкананні заданняў, якія патрабуюць уседлівасці і канцэнтрацыі ўвагі.

Развод 5

Што рабіць, каб палегчыць перажыванні дзіцяці?

  1. Пытайцеся ў дзіцяці пра асцярогі і трывогі з нагоды разводу і тлумачце, што гэта не так.
  2. Прызнайце права дзіцяці на ўласныя пачуцці да былога партнёра, якія не абавязкова павінны супадаць з вашымі.
  3. Скажыце дзіцяці, што яно мае права добра бавіць час з іншым дарослым – татам ці мамай, і гэта вас не засмуціць і не пакрыўдзіць.
  4. Не хвалюйцеся, калі правілы паводзінаў і традыцыі ў вашым доме адрозніваюцца ад правілаў у доме былога партнёра альбо яго бацькоў. Дзеці прыстасоўваюцца да парадкаў, прынятых у любым доме.

Развод 8

  1. Стварыце спакойны, размераны і прадказальны хатні рэжым. У перыяд разводу бацькоў звычайныя штодзённыя расстанні – адыход у школу, наведванне сяброў – узмацняюць няўпэўненасць і страх быць пакінутым у дзяцей малодшага ўзросту.
  2. Падтрымлівайце ў дзецях веру, што нават калі падзеі ў жыцці прыносяць боль, чалавек усё роўна здольны іх пераадолець.
  3. Усвядомце сябе партнёрамі. Самыя запаветныя жаданні дзяцей, чые бацькі разводзяцца, – фантазія пра іх ўз'яднанне альбо сяброўства. Але сяброўства не з'яўляецца неабходнай умовай для паспяховага сумеснага выхавання. Мінімальнае патрабаванне да адносінаў бацькоў – простае партнёрства ў агульнай задачы па выхаванні іх агульных дзяцей; дастаткова ліквідаваць асабістую варожасць і дамовіцца пра важныя сумесныя справы.

Развод 7

Чаго НЕ рабіць бацькам у разводзе?

  1. Не помсціць, не даказваць сваю перавагу.

Часта бацькі, якія разводзяцца, супернічаюць за любоў і прыхільнасць свайго дзіцяці. Яны ўступаюць у спаборніцтва, імкнучыся пераканаць дзіця зрабіць выбар на сваю карысць, асабліва пры вырашэнні пытання аб парадку пражывання. Такое суперніцтва можа быць вынікам імкнення ўмацаваць пачуццё ўласнай годнасці, адпомсціць, даказаць сваю перавагу.

  1. Не рабіць з дзяцей шпіёнаў.

Нярэдка дзеці вымушаныя выконваць дзве жорсткія місіі – шпіёна і сувязнога: допыт, сакрэты аднаго з бацькоў употай ад іншага, перадача лістоў, просьбаў, патрабаванняў. Гэта негатыўна ўплывае на дзіцячую псіхіку.

  1. Не рабіць з дзяцей дарослых.

Часам пасля разводу дзеці самі ператвараюцца ў маленькіх бацькоў – крыніцу, з якой кінутыя тата альбо мама чэрпаюць эмацыянальную падтрымку. Дзіця часам узвальвае на сябе непасільную ношу па вядзенні хатняй гаспадаркі альбо абавязкі бацькоў у адносінах да сваіх малодшых братоў ці сясцёр. Гэта  роля ім не падыходзіць. Яна не прыносіць нічога, акрамя шкоды. Важна прызнаваць за дзецьмі права быць дзецьмі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 17

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама