Site icon Слушна

Як гучыць беларускае слова ў дзіцячых кнігах? Разглядаем «Кніжную паліцу» Алены Масла

Кніжная паліца

Новы праект пісьменніцы Алены Масла — «Кніжная паліца» расказвае пра беларускія кнігі для дзяцей з асабістай хатняй бібліятэкі аўтара. На гэты раз яна падзялілася думкамі пра сваіх улюбёнцаў – зборнікі беларускіх народных казак.

 Перш, чым пагартаць старонкі зборнікаў, згадаем колькі цікавых фактаў.

Ці ведаеце вы, што:

  • згодна паказальніку казачных сюжэтаў (каталога, у якім класіфікуюцца і сістэматызуюцца фальклорныя казачныя сюжэты) у беларускіх казках блізу 500 сюжэтаў легендарных казак, ва ўкраінскіх – 196, а ў расійскіх – 56. Савецкі даследчык М.У. Новікаў налічыў у беларускіх казках 230 сюжэтных тыпаў (ва ўкраінскіх – 187, у расійскіх – 144);
  • каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак наогул не маюць аналагаў.

Багатыя мы на казкі!

Збіраць і даследваць беларускую народную творчасць – казкі ў тым ліку — пачалі ў канцы XVIII стагоддзя. Сярод фалькларыстаў таго часу найбольш вядомыя А. Федароўскі, А. Сержпутоўскі, П. Шэйн, М. Нікіфароўскі, У. Вярыга, А. Шлюбскі... Сучаснікі таксама шукаюць не расказаныя і не запісаныя папярэднікамі казкі, песні, легенды, паданні – і да гэтай пары знаходзяць нешта новае! Дзіву даешся, якая багатая наша зямля.

Пачнем сённяшні агляд з кнігі – «Народныя казкі для дзетак», сабраныя музыкам, лідарам гурта «Палац» Алегам Хаменка (маст. Юлія Рудзіцкая і Марына Карпава).

Народныя казкі для дзетак

«Гэтыя казкі сабраныя ў розных рэгіёнах Беларусі. Складальнікі кнігі адмыслова вырашылі не да канца зводзіць мову арыгінала да літаратурных нормаў – каб можна было адчуць, як гаворыць беларуская зямля», – пішацца ў прадмове.

Кніга, якая выйшла разам з аўдыядыскам (расказвае казкі Алег Хаменка), была вельмі заўважнай, яркай, яе ведалі, шукалі, палюбілі. Дзевятнаццаць казак – і кожная ёсць нагодай не толькі пусціцца ў казачнае падарожжа, але скарыстацца ім, каб у часе чытання пабыць сям’ёй. Разам прайсці праз казачныя прыгоды і выпрабаванні – і трошкі наблізіцца адзін да аднаго.

Стваральнікі кнігі ў зваротах і каментарах шмат увагі надаюць менавіта важнасці сямейнага чытання. Больш таго – заклікаюць ствараць самім казкі, навучыцца расказваць іх. У кнізе ёсць нават падказкі, як складаць казкі. Яшчэ пададзены парады псіхолага з каментарамі да кожнай. Скарб, а не кніга!

У наступнай кнізе «Любоў здраду асіліць» (уклад. Алены Масла, маст. Тамара Шэлест) сабраныя казкі пра беларускіх асілкаў. Як ўяўлі іх беларусы? Асілкі нашыя – добрыя, спагадлівыя, цярплівыя, мудрыя. Не раз у казках паўтараецца сюжэт пра тое, што герой – здарожаны, галодны – не падняў рукі на птушку, на зайца, на ваўка, на мядзведзіху, рака, як пачалі яны прасіцца не забіваць іх.

Адолеў сябе, сваю слабасць, голад, перацярпеў – і тыя, каго пашкадаваў ён, у цяжкую хвіліну прыйшлі на дапамогу.

Вярнiдуб, Вярнігар, Гарыня, Мікула Селянінавіч, Медзвядзюк, Кацігарошак – колькі імёнаў з беларускіх народных казак. Той-сёй з названых герояў жыве і пад вокладкай гэтай кнігі.

Як і ў творах іншых народаў, беларускія народныя казкі заканчваюцца пакараннем зла. Такая запраграмаванасць не выпадковая,у адваротным выпадку ставілася б пад сумнеў сама магчымасць працягу жыцця. Дык вось калі даходзіць справа да развязкі і зло караецца, у беларускіх народных казках факт пакарання падаецца як непазбежнасць развіцця казачных падзей – але на гэтым не засяроджваецца ўвага надоўга, дзеянне адбываецца нібы мімаходзь.

«Гэта не помслівасць не можа не пакідаць адбітку ў душах слухачоў і чытачоў – выхаванцаў казкі», -- лічаць даследчыкі беларускай народнай казкі і сцвярджаюць: яна сведчыць пра беларусаў як пра народ філосафаў.

Ілюстрацыі да казак кнігі «Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка» (пераказ Уладзіміра Ягоўдзіка, маст. Павел Татарнікаў) атрымалі вышэйшую еўрапейскую ўзнагароду для мастакоў-ілюстратараў – «Залаты яблык» у Браціславе і шэраг іншых прэстыжных узнагарод. У кнізе чатырнаццаць казак, упершыню апублікаваных у ХІХ стагоддзі вучоным-фалькларыстам А. М. Афанасьевым.

«І сярод іх, быццам залатыя пярынкі Жар-птушкі, зіхацяць беларускія казкі, запісаныя настаўнікамі Міхаілам Дзмітрыевым і Міхаілам Матросавым, – расказвае Уладзімір Ягоўдзік. – З таго часу мінула шмат гадоў. Асобныя словы і выразы перасталі ўжывацца і сталі незразумелымі. Таму я адважыўся пераказаць гэтыя казкі па-новаму, бо ў іх жыве народная мудрасць і ніколі не гасне людская вера ў перамогу дабра над злом».

«Беларускія казкі натхняюць мастака на стварэнне дзіўных вобразаў, даюць прастор фантазіі, але і патрабуюць дакладнасці гістарычных дэталяў. Казкі закранаюць такія глыбокія паняцці, як жыццё і смерць, шчасце і няшчасце, даюць магчымасць дзіцяці перажыць свае страхі ў алегорыях і ўбачыць, што ўсё скончыцца добра. Сваімі малюнкамі я імкнуўся дапамагчы чытачу ўвайсці ў гэты чароўны сусвет беларускіх казак» – напісаў у прадмове да кнігі мастак Павел Татарнікаў.

Кніга – сапраўдны партал у чароўны іншасвет, мой асабісты лекар і стваральнік добрага настрою.

«Вядзьмар, які рабіўся ваўком» (уклад. Антон Брыль, маст. Валеры Славук) – адзін з прыкладаў таго, як старыя казкі атрымліваюць новае жыццё.

«Казкі і паданні для кнігі я ўзяў са старых збораў Паўла Шэйна, Еўдакіма Раманава, Міхала Федароўскага, Уладзіслава Вярыгі і Аляксандра Сержпутоўскага… -- піша ўкладальнік. – Апрацоўваючы крыніцы, я стараўся не занадта іх перарабляць, не заглушаць цалкам галасы расказчыкаў».

Кніга «Казкі Рузалі Асьмак» (уклад. Антон Брыль) з’явілася на паліцы не так даўно, але адразу стала любімай.

Казачніца і знахарка Рузаля Асьмак – прабабуля Максіма Багдановіча. Ва ўспамінах унук, фалькларыст Адам Багдановіч, піша пра сваю бабулю: «У маладосці, па словах равеснікаў, яна была бойкаю і прадпрымальнаю; была здароваю, шырокакостнаю, моцнаю дзяўчынаю, так што на пакосе ішла з касою (рэдкасць у Беларусі: там бабы і дзеўкі ідуць з граблямі) і ўступала ў барацьбу з мужчынамі, нярэдка адольваючы іх».

Шыкоўныя ўспаміны! Нібы ілюстрацыя да легендаў пра казачных волатак і пацверджанне здольнасці казачнага героя пастаяць за сябе і тых, на чыім ён баку!

У кнігу ж ўвайшлі сем казак, запісаныя Адамам Багдановічам у канцы XIX ст. Казкі былі апублікаваныя яшчэ ў 1893 г., пры падрыхтоўцы да новага выдання нанова звераныя з рукапісамі Багдановіча.

 Ганс Хрысціян Андэрсэн. Святкуем народзіны добрага казачніка!

Алена Масла:

— Бадай, сённяшні агляд абмяжую гэтымі кнігамі. Ёсць яшчэ паліца з казкамі – але яна ў бацькоўскай хаце. На ёй – зачытаныя ў дзяцінстве кнігі беларускіх народных казак, сярод якіх самыя дарагія памяці — у аздабленні Алены Лось.

Думаю, у кожнага ёсць падобныя кнігі, ці глыбока ў душы і сэрцы – згадкі пра іх. Наперадзе – не проста выходныя, але Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Чым не нагода адзначыць яго, дастаўшы з кніжнай паліцы беларускія народныя казкі і пачытаць сабе і дзецям.

У традыцыйных казках Дабро заўжды перамагае Зло, бо гэта – закон існавання Жыцця на зямлі. Няхай так будзе і гэтым разам. Няхай чытачы дойдуць да шчаслівага фіналу і атрымаюць магчымасць сказаць:

«І сталі яны жыць-пажываць і дабра нажываць».

Exit mobile version