Калі вам цікава даведацца нюансы розных культур свету праз неаднатыпныя мастацкія напрамкі, варта завітаць на выстаўку «Ненапісаныя тэксты» казахстанскага мастака Вячаслава Люй-Ко і расійскага кераміста Сяргея Ледзяева, якая зараз праходзіць у мастацкай галерэі «Высокае месца».
У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлена больш за 50 работ жывапісу, графікі, керамікі. Дырэктар Інстытута мастацкіх і гуманітарных праектаў, мастацтвазнаўца і куратар праекта Зміцер Фралоў расказаў, што ідэя правесці такую выстаўку прыйшла да яго, калі Вячаслаў Люй-Ко ў чарговы раз прыняў удзел у штогадовым Міжнародным фестывалі «Тыдзень графікі і дызайну ў сталіцы Ямала» разам з беларускім мастаком.
Мастакі ў сваёй творчасці звяртаюцца да культурнай спадчыны розных народаў. Вячаслаў Люй-Ко для сваіх работ выкарыстоўвае вынайдзены ім самім алфавіт, са знакаў якога нараджаецца адмысловы лексікон, які прываблівае таямнічасцю далёкіх эпох і падзей. Глядач мімаволі пачынае задавацца пытаннямі адносна паходжанняў ідэй, якія паслужылі штуршком для стварэння выяў.
Адметнымі рысамі Люй-Ко з'яўляюцца высокая працаздольнасць і пастаяннае самаўдасканаленне. Умела выкарыстоўваючы досвед старых майстроў, ад выстаўкі да выстаўкі Вячаслаў дэманструе пастаянны прафесійны рост.
Аўтара можна назваць не толькі жывапісцам, але і казачнікам, які прадстаўляе складзеныя ім гісторыі гледачу ў выглядзе мудрагелістых карцін. Ёсць меркаванне, што творчасць Люй-Да разлічана на падрыхтаваную аўдыторыю. Магчыма, гэта з большага так, аднак нават зусім далёкія ад свету мастацтва гледачы інтуітыўна вылучаюць яго работы сярод мноства іншых.
— Канцэпцыя выстаўкі заключаецца ў тым, каб аўтар адчуваў сябе побач з гледачом ці наадварот. — патлумачыў куратар выстаўкі Зміцер Фралоў. — Глядач, які глядзіць на прадстаўленыя работы, уступае у дыялог з аўтарам, і ўжо праз ўспрыманне можа зразумець глыбіню і насычанасць прадстаўленых кампазіцый.
Назва выстаўкі ўзята з выказванняў саміх аўтараў. Гаворачы аб сваіх творах, Вячаслаў Люй-Ко заўсёды падкрэслівае, што ён ілюструе ненапісаныя тэксты, у той час як Сяргей Лядзяеў праз стварэнне сваіх работ — «магічных артэфактаў» — дае магчымасць вярнуцца слову ў фізічны свет. «Тэкст» кожнай кампазіцыі мастакоў вытканы з цытат, якія адсылаюць да тысяч культурных крыніц.
Кераміст Сяргей Ледзяеў прадставіў у экспазіцыі каля 10 серый.
— Нашаму куратару было цікава спалучэнне вобразаў, якія ёсць у карцінах Вячаслава, з маімі работамі, — падкрэсліў на адкрыцці праекта аўтар. —Я пагадзіўся паўдзельнічаць ў выстаўцы, бо ніколі не быў у Беларусі. Мне хацелася пазнаёміцца з краінай, горадам, людзьмі. У Мінска мяккая, спакойная энергія, людзі добразычлівыя, а сам горад вельмі прыгожы і я адчуваю сябе фактычна дома.
Работы кераміста вяртаўюць нас у дзяцінства, паглыбляюць у чароўныя моманты цеплыні і гумару. Сяргею Ледзяеву падабаецца працаваць з аб’ёмам і формай, у сваіх работах ён запрашае нас адчуць магію колераў, якая нават нагадвае гульню ў асацыяцыі. Мастак адзначае, што сам працэс работы над керамікай успрымае як медытацыю. Творца ўпэўнены, што кераміка — гэта ідэальны від дзейнасці, у якім ёсць месца моманту непрадказальнасці.
Вячаслаў Люй-Ко і Сяргей Лядзяеў са сваімі работамі змаглі ідэальна ўпісацца ў атмасферу не толькі самой галерэі, але і ў месца, дзе яна знаходзіцца. Прасторы Верхняга горада ў Мінску максімальна шырока акдрытыя для інтэрнацыянальнага дыялогу і кантэксту, таму галерэя «Высокае месца» у чарговы раз дазваляе нам паглыбіцца ў сэнс і рысы розных нацыянальных культур.