Дэсерт у выглядзе пышных кружочкаў заваяваў папулярнасць ва ўсім свеце. Яны зусім нескладаныя ў прыгатаванні, таму асвоіўшы рэцэпт пончыкаў з шакаладнай або каляровай глазурай, вы з лёгкасцю авалодаеце сэрцамі сваіх гасцей.
Пакрокавы рэцэпт пончыкаў з глазурай прапануе блогер і гаспадыня харчэўні ў Тураве Алена Браніславаўна.
Інгрэдыенты
- Мука — 500-550 гр.
- Малако цёплае — 250 гр.
- Дрожджы свежыя — 20 гр. (сухія 7 гр.)
- Яйкі — 2 шт. (сярэднія)
- Цукар — 70 гр.
- Масла сметанковае — 70 гр.
- Ванільны цукар, цэдра апельсіна — па смаку
- Соль — 0,5 ч.л
Для глазуры
- Цукровая пудра —150 гр.
- Масла сметанковае — 20 гр.
- Вада
Спосаб прыгатавання
У асобнай місцы змяшайце ўсе сухія інгрэдыенты.
Асобна змяшаць малако, яйкі, дрожджы.
Злучыць разам усе сухія і вадкія інгрэдыенты.
Замясіць мяккае цеста.
Дадаць мяккае сметанковае масла і працягваць замешваць цеста, пакуль яно не стане аднародным і эластычным. Цеста павінна быць мяккім, але не расплывацца.
Міску добра змазаць алеем, пакласьці туды цеста, прыкрыць рушніком і пакінуць на браджэнне на 1,5 гадзіны.
Цеста павінна добра павялічыцца ў памеры, стаць пышным.
Выкуліце цеста з міскі, падкатайце ў шар і пакіньце на 5-10 хвілін адпачыць.
Раскатайце цеста ў пласт таўшчынёй 1-1,5 см.
Пры дапамозе шклянкі выражце кружкі пажаданага памеру.
У сярэдзіне кожнага кружка зрабіце дзірачку меньшага дыяметра.
Парэжце паперу для выпечкі на кавалачкі і пакладзіце на кожны пончык.
Адпраўце нарыхтоўкі на расстойку ў цяпло на 30 хвілін.
Пончыкі павінны павялічвацца ў памеры ў два разы.
Добра разагрэйце масла ў патэльні ці ў іншай пасудзіне. У гарачае масла пакладзіце пончыкі разам з паперай, праз адну хвіліну выцягніце паперу. Такім чынам мы не датыкаемся да пончыкаў, якія ўжо маюць прыгожую форму, і не дэфармуем іх.
Абсмажце пончыкі на невялікім агні да румянай скарынкі з дзвух бакоў.
Выкладвайце гатовыя пончыкі на папяровы ручнік, каб прыбраць лішкі алею.
Для глазуры растапіце масла, змяшайце яго з цукровай пудрай, паступова, па лыжцы, дадавайце цёплую ваду. Глазура павінна быць як рэдкая смятана.
Добра астудзице пончыкі, абмакніце кожны ў глазуру, дайце ім падсохнуць.
Смачна есці!