Калі пнеўманія працякае цяжка, пацыента могуць падключыць да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) у аддзяленні рэанімацыі. Доўгае знаходжанне ў рэанімацыі, у тым ліку на ШВЛ, можа мець аддаленыя наступствы. Паводле розных звестак, каля траціны пацыентаў могуць адчуваць НІТ-сіндром (наступствы інтэнсіўнай тэрапіі): трывожнасць, дэпрэсію, што істотна ўплывае на якасць жыцця. Чаму гэта адбываецца і як праводзіць прафілактыку такіх «пабочных эфектаў», распавядаюць нашы эксперты.
Асэнсаваць, прагаварыць і скарэктаваць гэты вопыт
Таццяна Раманоўская, псіхатэрапеўт, асістэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ
Чаму магчымыя парушэнні псіхікі, хто ў групе рызыкі?
Падключэнне да апарата ШВЛ – гэта экстранае мерапрыемства па выратаванні жыцця, яно па-за мяжой стандартнага чалавечага вопыту. Яшчэ нядаўна чалавек быў здаровым – і раптам не можа самастойна дыхаць, яго лёс у чужых руках. Таму ў групе рызыкі можа апынуцца кожны, але ў першую чаргу тыя, для каго гэта сталася шокам, хто не разумее, што адбываецца і што будзе далей. Стан бездапаможнасці, нявызначанасці спараджае трывогу і страх. Знаходжанне на мяжы жыцця і смерці – гэта крызісны стан, які кожны перажывае і перапрацоўвае па-свойму. Але адназначна гэта пакідае пэўны след у жыцці чалавека.
Як выяўляюцца псіхічныя парушэнні?
Сама па сабе вострая дыхальная недастатковасць, немагчымасць зрабіць удых ці выдых выклікае трывогу, якая можа даходзіць да панікі і парушэння свядомасці ў стацыянары. Для гэтага ў рэанімацыях выкарыстоўваюць заспакаяльныя сродкі.
Могуць быць і аддаленыя наступствы на працягу паўгода-года (часам і даўжэй). Магчымыя пагаршэнне памяці, складанасць у прыняцці рашэнняў. Да псіхічных праблемаў адносяцца посттраўматычны стрэсавы сіндром, дэпрэсія, бяссонніца, трывожнасць. У чалавека можа ўзнікнуць псіхагенная задышка, ён можа задыхацца, калі нервуецца. Могуць абвастрыцца спадарожныя захворванні.
Ці можна справіцца самому альбо неабходны псіхатэрапеўт?
Ва ўмовах стацыянара прафілактыка НІТ-сіндрому залежыць ад урача. У пацыента ў сілу высокага ўзроўню стрэсу і фізічнага стану няма магчымасці змагацца з ім. Пацыенты палаты інтэнсіўнай тэрапіі маюць патрэбу ў людзях вакол, каб тыя арыентавалі, накіроўвалі, падтрымлівалі цялесны кантакт, распавядалі, што адбываецца, глядзелі ў вочы.
Пасля выпіскі большасць пацыентаў аднаўляецца і працягвае спакойна жыць далей. Але каля 30% маюць патрэбу ў псіхатэрапеўтычнай дапамозе. Калі чалавек адчувае, што ён не можа нармальна функцыянаваць з-за прыгнечанасці, парушэння сну, страшных сноў, высокага ўзроўню трывогі, складанасцяў у міжасабовых адносінах, тады варта звярнуцца да псіхолага альбо псіхатэрапеўта.
Прывяду прыклад маёй пацыенткі з яе згоды. У 26 гадоў, будучы абсалютна здаровай спартыўнай дзяўчынай, яна захварэла на ВРВІ. Звыкла абапіраючыся на сваё моцнае здароўе, працягвала хадзіць на працу. На чацвёрты дзень хваробы прачнулася ад удушша, вельмі спалохалася і выклікала хуткую дапамогу. У стацыянары ёй паставілі дыягназ пнеўманія, што для яе само па сабе сталася шокам, бо яна ніколі не хварэла.
Далей у яе развіўся востры рэспіраторны дыстрэс-сіндром на фоне віруснай пнеўманіі з ацёкам лёгкіх і дыхальнай недастатковасцю. Яна апынулася ў рэанімацыі на апараце ШВЛ і праляжала там 8 дзён. Пра той перыяд у яе захаваліся розныя ўспаміны. Яна апісвала пачуццё страху, бездапаможнасці, дэзарыентацыі.
Асаблівую важнасць у гэты перыяд адыграла ўважлівае і спакойнае стаўленне работнікаў рэанімацыі, якія ўсё ёй тлумачылі, супакойвалі, давалі надзею. Пасля выпіскі і аднаўлення ў пацыенткі змянілася адчуванне сябе. Яна адчувала фізічныя абмежаванні, слабасць, не магла вярнуцца да звыклай актыўнасці, турбавалі парушэнні сну, перыядычна прачыналася з бояззю задыхнуцца. Павысіўся ўзровень трывогі ў адносінах да свайго здароўя. Яна зрабілася больш эмацыянальнай, крыўдлівай і ранiмай.
Таму праз месяц пасля выпіскі звярнулася да псіхатэрапеўта. Працэс тэрапіі заняў каля двух месяцаў (8 кансультацый). Мэта нашай працы была ў пераасэнсаванні траўматычнага вопыту хваробы, пачуцця страты кантролю і бяспекі. Сёння, са слоў пацыенткі, яна рада таму досведу: «Я стала па-іншаму расстаўляць прыярытэты, шанаваць здароўе і разумець, як выдатна проста лёгка і вольна дыхаць».
Якія методыкі дапамогуць?
Вельмі эфектыўны метад працы з траўмай – дэсенсібілізацыя пасродкам руху вачэй (ДПРВ) Фрэнсін Шапіра. Гэта кароткатэрміновая (2-5 сустрэчаў) тэрапія, дзякуючы якой можна перапрацаваць траўматычныя перажыванні, у тым ліку ад знаходжання на ШВЛ.
Эфектыўная кагнітыўна-паводніцкая псіхатэрапія, гештальт, эрыксонаўскі гіпноз і многія іншыя падыходы – у залежнасці ад мэтаў і задач.
Таксама можа прымяняцца экзыстэнцыйная псіхатэрапія. Знаходжанне ў рэанімацыі актуалізуе для чалавека пытанні сэнсу, таму часта людзям неабходна пераасэнсаванне таго, на чым трымаецца іх светаўспрыманне, жыццёвыя прыярытэты.
Магчыма, спатрэбіцца сямейная тэрапія, бо такія крызісныя станы могуць актуалізаваць розныя праблемы, у тым ліку і ў міжасобасных адносінах.
Медыкаментознае лячэнне залежыць ад стану і наступстваў перажытай траўмы. Калі ў чалавека назіраецца вострая рэакцыя пасля выпіскі з рэанімацыі, для павышэння адаптыўнасці псіхікі можа прызначацца кароткі курс транквілізатараў. Для павышэння рэсурсаў нервовай сістэмы могуць спатрэбіцца антыдэпрэсанты.
Што рабіць родным?
Родным таксама патрэбная дапамога. Калі блізкі чалавек у рэанімацыі, немагчымасць дапамагчы, неразуменне, што ім рабіць, спараджаюць пачуццё трывогі, віны і бездапаможнасці. Таму такія важныя стасункі з урачом.
У далейшым могуць быць шкодныя дзве крайнасці: залішняе пачуццё трывогі ў блізкіх, калі да чалавека адносяцца, быццам ён усё яшчэ цяжка хворы, альбо ігнараванне таго, што адбылося, маўляў, «усё ззаду, ты выжыў, навошта ўспамінаць дрэннае!». Але чалавеку важна, каб блізкія прызналі, што яму было страшна і цяжка, карысна казаць пра гэта: прамаўляючы, ён вызваляецца ад грузу. Блізкім неабходна прызнаць гэтыя перажыванні, падтрымаць, выказаць разуменне і расказаць пра свае пачуцці, як яны баяліся страціць яго, перажывалі.
Значыць, для прафілактыкі псіхічных парушэнняў трэба:
- Урачам-рэаніматолагам – тлумачыць пацыенту, што з ім адбываецца, калі той прыйшоў у свядомасць і здольны разумець, каб у яго не было стану безабароннасці і бескантрольнасці.
- Родным і сябрам – праяўляць эмпатыю і падтрымку.
- Пацыентам – не саромецца таго вопыту: у крызіснай сітуацыі нармальна адчуваць страх, бездапаможнасць, злосць, крыўду, прасіць аб дапамозе. Калі аднаўленне праходзіць нялёгка, звярнуцца па псіхатэрапеўтычную дапамогу (яе можна атрымаць і на ананімнай аснове).
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by