Сёння з клетачнымі тэхналогіямі многія звязваюць надзеі на эфектыўнае лячэнне цяжкіх захворванняў – ад артрозу да раку. Як развіваецца гэты накірунак у нашай краіне і калі клетачная тэрапія зробіцца больш даступнай для беларусаў, абмеркавалі за круглым сталом эксперты і пацыенты.
Маштабаваць за кошт дзяржзаказу
У Беларусі даследаванні ў гэтай галіне пачаліся з 2006-га года, у 2010-м пачалі фарміравацца асноўныя накірункі прымянення новых метадаў лячэння. У 2014-м лячэнне з выкарыстаннем біямедыцынскіх клетачных прадуктаў (БМКП) было замацаванае заканадаўча.
Зараз клетачныя тэхналогіі ў нашай краіне развіваюцца ў двух накірунках – выкарыстанне мезенхімальных ствалавых клетак дарослага чалавека (МСК) і імунатэрапія анкалагічных захворванняў.
Міністэрствам аховы здароўя зацверджаныя інструкцыі па ўжыванні каля 45 метадаў, што прадэманстравалі эфектыўнасць і бяспеку. Згодна з папярэднімі падлікамі, каля 750 пацыентаў атрымалі клетачную тэрапію, каля 50% з іх мелі доўгатэрміновы (больш за 1 год) станоўчы клінічны эфект.
Па класіфікацыі FDA (Упраўленне па наглядзе за харчовымі прадуктамі і медыкаментамі ЗША) вызначаныя паказанні для прымянення МСК: пасля трансплантацыі касцявога мозгу для прафілактыкі рэакцыі «трансплантат супраць гаспадара»; бакавы аміятрафічны склероз; рассеяны склероз; паталогіі неданошаных дзяцей. У Беларусі ва ўсіх гэтых сферах лячэнне клеткамі асвойваецца.
Адкрываць спецаддзяленне ў неўралогіі
Таксама ідуць даследаванні ў неўралогіі. Аднак эксперты лічаць, што пакуль рана бачыць у клетачных тэхналогіях панацэю ў лячэнні цяжкіх неўралагічных паталогій.
Зараз у Інстытуце фізіялогіі НАН распрацаваны перспектыўны перынеўральны спосаб дастаўкі МСК у галаўны мозг. Але няправільна думаць, што ствалавая клетка ўстане на месца нейрона, выгадуе паўтараметровы аксон, які далучыцца да мышачных валокнаў або чагосьці іншага, і пачне працаваць, кажа эксперт.
Паколькі клетачны матэрыял недаўгавечны, а час яго ўвядзення прынцыпова важны, неўралагічная служба ўжо падышла да ідэі стварэння спецыялізаванага аддзялення на 20-30 ложкаў. Арганізатары аховы здароўя павінны падумаць, дзе і як гэта зрабіць, лічыць Юрый Шанько.
Унесці клетачную тэрапію ў пералік платных паслуг
Ствалавыя клеткі выкарыстоўваюцца ўжо і для лячэння артрытаў ды іншых пашкоджанняў суставаў. Яны пакуль яшчэ не заменяць эндапратэзаванне, але змогуць зняць запаленчыя працэсы і боль.
Артапеды бачаць перспектыву за клетачнымі тэхналогіямі ў лячэнні рознай паталогіі суставаў і актыўна выкарыстоўвалі б іх у клінічнай практыцы. Але пакуль гэта складана.
Развіваць інфраструктуру і рыхтаваць кадры
Клетачныя тэхналогіі развіваюцца не толькі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя, але ў Нацыянальнай акадэміі навук.
У інстытуце створанае аддзяленне рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі, якое знаходзіцца на поўнай самаакупнасці. Паколькі Інстытут не з'яўляецца арганізацыяй аховы здароўя, ён можа аказваць платныя паслугі беларускім пацыентам. За 2019 год заключана 56 дагавораў з фізічнымі асобамі, у тым ліку 34 пацыенты з анказахворваннямі атрымліваюць лячэнне дэндрытнымі клеткамі, 15 праходзяць лячэнне артрыту буйных і сярэдніх суставаў з выкарыстаннем аўталагічных ствалавых клетак. У аддзяленні з дапамогай клетачных прадуктаў таксама лечым трафічныя язвы і рэцэсію дзясны. Адзін курс лячэння дэндрытнымі клеткамі каштуе каля 6 тысяч рублёў, МСК – 2-4 тысячы рублёў. Гэта на парадак меней, чым за мяжой.
Сёння вытворчасцю БМКП займаюцца толькі 4 установы. Гэтага недастаткова, лічыць эксперт. Неабходна задумацца пра пашырэнне сеткі лабараторый клетачных тэхналогій, рыхтаваць для іх кадры і адначасова працаваць з урачамі, якія пакуль мала ведаюць пра гэтыя тэхналогіі.
Каб вырабляць больш БМКП, спатрэбіцца больш супрацоўнікаў, якія валодаюць гэтымі метадамі. А падрыхтаваць іх не так проста.
Дазволіць геннамадыфікаваныя клеткі
Сёння ўжо відавочна, што магчымасці хіміятэрапіі практычна вычарпаныя. Таму ў свеце актыўна развіваюцца таргетная тэрапія і клеткавая імунатэрапія. Тут мы прыкладна ідзем у нагу з іншымі краінамі. А вось ва ўжыванні геннамадыфікаваных клетак істотна адстаем, паколькі ў Беларусі гэтыя тэхналогіі пакуль забароненыя.
Генная тэрапія ў Еўропе дазволеная з 1990 года і дае гарантаваны эфект на працягу двух гадоў, зараз вучоныя працуюць над павелічэннем гэтага тэрміну да пяці гадоў, удакладняе Міхаіл Патапнёў. Зараз з усіх клетачных тэхналогій у 90% клінічных пратаколаў прымяняюцца менавіта геннамадыфікаваныя клеткі. Гэта зусім не азначае карэнную змену геному, таму баяцца метаду няма падстаў.
Што рабіць з пратаколамі?
Каб клетачныя тэхналогіі зрабіліся больш даступнымі для пацыентаў, неабходна ўводзіць іх у клінічныя пратаколы. Ці магчыма гэта зрабіць сёння? На думку Юрыя Шанько, замацаванне метаду ў пратаколах азначае, што дадзеная тэрапія павінна будзе выкарыстоўвацца ва ўсіх спецыялізаваных стацыянарах для ўсіх грамадзян за кошт бюджэту, на што сёння пакуль няма ні сродкаў, ні кадраў, ні інфраструктуры.
На думку Міхаіла Патапнёва, на дадзеным этапе, зыходзячы з рэальных магчымасцяў краіны, трэба дакладна вызначыць кола пацыентаў, якім без клетачнай тэрапіі не абысціся, і ў першую чаргу лячэнне менавіта гэтых паталогій уводзіць у пратаколы.
Пацыенты: «Павінен быць выбар»
Пацыенты хацелі б, каб якасная медыцынская дапамога была даступная і быў выбар як для плацежаздольных, так і для працыентаў, якія маюць вялікую патрэбу.
Кошт лабараторыі клетачных тэхналогій з двума працоўнымі месцамі – каля 100 тысяч долараў. Яна дазволіць забяспечыць 250-300 увядзенняў БМКП у год.
Фота экспертаў – Яўген Крэч.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by