Жыло-было Воблачка. Усё цікавіла яго: і адкуль сонейка ўзыходзіць, і куды спаць кладзецца, і чаму неба сіняе, а лес зялёны… Чаму яны, воблакі, плаваюць у небе, а істоты, якія завуцца людзьмі, ходзяць па Зямлі?
– Мама, а ты возьмеш мяне з сабой у Афрыку? – часта пыталася малое ў маці.
– Вазьму, толькі падрастай, будзь паслухмяным.
І Воблачка расло. З цікавасцю слухала расказы маці пра сваіх родзічаў, якіх яшчэ мала ведала: пра навальнічныя хмары, начныя і ранішнія. На савеце Белых хмар дня, стаіўшы дыханне, слухала пра розныя невядомыя землі. «Як цікава жыць!» – думала Воблачка.
Хутка яно пайшло ў школу. Так-так, не здзіўляйцеся, хмары таксама ў школу ходзяць. Там паважаная настаўніца з прыгожай белай шапкай валасоў, у доўгай з блакітнымі гузікамі сукенцы вучыла іх, малых хмарак, складанай навуцы: дзе і калі паіць зямлю вадой, каб яе хапіла раслінам.
Хутка стала Воблачку мала таго, што расказвала яму маці, што чула на савеце аблокаў.
– Мамачка, давай паплывём з табой куды-небудзь, – прасіла яно.
– Любае ты маё, пачакай трошкі, – адказвала маці, – шмат працы ў мяне цяпер. Сонейка высушыла лугі і палі, просяць яны дапамогі, трэба напаіць іх.
– Тады пусці мяне адно.
– Маленькае ты яшчэ. Заблудзішся, загінеш.
Не падабалася гэта Воблачку. Яно сябе даўно вялікім лічыла. І калі маці нагадвала пра ўзрост, яно надзімала вусны і адплывала ўбок. А пасля скардзілася сяброўцы:
– Больш не магу я жыць у няволі. Маці мая нічога не дазваляе: і туды не плыві, і гэтага нельга. Свет мне зрабіўся нямілы. Уцяку!
І вось аднойчы, калі ўсе, напрацаваўшыся, спалі, Воблачка ціхенька адплыло ад дому і паімчала па небе.
– Які абсяг! Якая прыгажосць! Зорачкі іскрынкамі ў небе рассыпаліся! – любавалася Воблачка. – І, галоўнае, ніхто не бурчыць, не трымае ля сваёй спадніцы.
Так дзень за днём, ноч за ноччу плыло па небе Воблачка. Радавала яго і сонейка, і шчабятанне птушак, якія лёталі ў блакітнай вышыні. Аднойчы яно нават начавала на ражку серпіка месяца.
«Вось будуць мне сяброўкі зайздросціць!» – ганарліва думала яно.
А маці Хмара тым часам не магла знайсці сабе месца, не ведаючы, дзе шукаць сваё дзіця. Ніхто нічога пра Воблачка не чуў – так далёка адплыло яно ад дома. Плакала-плакала маці ад гора, пакуль зусім не сцякла на зямлю.
А Воблачка бесклапотна гуляла па небе. Усё было добра, але аднойчы загрукатаў злосны Гром, неба шпурнула тысячы маланак у бараду старому задзіру Ветру. І тут такое пачалося! Вецер налятаў на маланкі, яны ж у адказ лупцавалі яго сваімі гарачымі бізунамі. І Вецер шалёна гнаўся за гарэзамі. А разам з ім ляцела і Воблачка. Так няўтульна было яму, так страшна!
– Мамачка! – закрычала яно, упершыню ўспомніўшы пра маці.
І Воблачку раптам так захацелася апынуцца дома, прытуліцца да матулінага пляча і пачуць: «Маленькае ты маё!»
– Вецер, не гані мяне, адпусці! – прасіла Воблачка.
Ды хіба мог штосьці пачуць Вецер у такой шалёнай пагоні. І ляцеў ён наўздагон за маланкамі, цягнучы за сабой Воблачка.
– Што ты, малеча, тут поўзаеш? – раптам сярдзіта зашыпела велізарная зломаная Маланка.
Крывуля схапіла яго сваёй вогненнай лапай і адкінула далёка ўбок.
Тут было ўтульна і зацішна. Крыху аддыхаўшыся, Воблачка агледзелася. Дык гэта ж яго родныя мясціны! Хутчэй дадому! І Воблачка, забыўшыся на ўсе нягоды, кінулася дахаты. Нецярпліва пастукала ў дзверы, потым у вокны. Але ніхто яму не адказаў.
– Напэўна, мама на працы, яна хутка вернецца, – супакойвала сябе растрывожанае Воблачка.
Паўз яго праплывала старая бабуля Хмара.
– Ну што, з’явілася? – дакорліва паківала яна галавой. – Ад смутку па табе загінула твая маці.
– Мама, матуля! – загаласіла Воблачка, уражанае такой страшнай навіной.
Ды не адказала яму прыветным словам бяздонная вышыня.
Пустым, пахмурным стала некалі прыветнае блакітнае неба...