Булінг, альбо сістэматычная траўля ў школах і іншых навучальных калектывах, – старая, а таму ўжо добра вывучаная з'ява. Зараз вядомая тэорыя такога гвалту і распрацаваныя дзейсныя алгарытмы дапамогі. Таму справіцца з праблемай цалкам рэальна, калі ёсць жаданне.
Мы выбралі самае слушнае па тэорыі з Міжнароднага дапаможніка, распрацаванага экспертамі адукацыйных устаноў і грамадскіх арганізацый краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, ЮНЕСКА і Дзіцячага фонду ААН. А гэта – відэа па тэме.
Траўля ў школе. Як пазбегнуць і хто нясе адказнасць?
Неабходныя ўмовы вырашэння праблемы
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што для вырашэння праблемы гвалту ва ўстановах адукацыі трэба дзве важныя ўмовы.
- Прызнаць булінг, а не хаваць, каб «не псаваць рэпутацыю ўстановы», «не выносіць смецце з хаты».
- Настаўнікам, бацькам і іншым адказным дарослым правесці рэвізію ўласных каштоўнасцяў.
Поспех у прафілактыцы булінгу залежыць ад стаўлення дарослых да гвалту ў цэлым. І тут ёсць праблемы. Па дадзеных Глабальнай ініцыятывы за выкараненне ўсіх відаў цялесных пакаранняў у адносінах да дзяцей, толькі ў 34 краінах такія пакаранні забароненыя незалежна ад месца жыхарства альбо знаходжання дзяцей. Не кажучы ўжо пра вербальны, псіхалагічны гвалт.
Калі ў розуме дарослых прыніжэнне годнасці, булінг – гэта «карысная школа жыцця», «непазбежнасць у дзіцячых калектывах», «несур'ёзная праблема», «культурная норма», «неабходная мера для падтрымання дысцыпліны», дык наўрад ці самыя перадавыя меры і алгарытмы прафілактыкі спрацуюць на практыцы.
Чаму гэта важна
Падчас булінгу пакутуюць не толькі ахвяры ганення, але і крыўдзіцелі, і сведкі, і бацькі ўдзельнікаў канфлікту, і супрацоўнікі ўстановы. Наступствы гвалту сур'ёзна ўплываюць на жыццё чалавека, адбіваюцца на яго эмацыянальным і кагнітыўным развіцці, здароўі, псіхіцы.
Законы, стадыі, фактары булінгу
Законы
- У аснове булінгу – жаданне крыўдзіцеля самасцвердзіцца праз дэманстрацыю фізічнай сілы альбо іншых формаў гвалту.
- Без сведак і падтрымкі навакольных булінг губляе сэнс для крыўдзіцеля.
- Беспакаранасць павышае аўтарытэт крыўдзіцеля сярод прыхільнікаў і ўмацоўвае групоўку.
- Спроба ахвяраў абараніць сябе з дапамогай зваротнай агрэсіі нярэдка пагаршае сітуацыю.
- Булінг ніколі не спыняецца сам па сабе: заўсёды патрабуецца ўмяшанне дарослых.
- Для вырашэння праблемы абарона і дапамога патрэбная як пацярпелым, так і крыўдзіцелям, і сведкам.
Стадыі
Даследчыкі праблемы выдзяляюць 4 стадыі булінгу.
- Утварэнне групоўкі. Вакол «лідара», які імкнецца самасцвердзіцца, можа ўтварыцца група «прыхільнікаў», якія таксама імкнуцца да дамінавання альбо да абароны «лідара». Калі праявы гвалту не спыніць, групоўка будзе ўмацоўвацца.
- Ахвяра губляе волю да супраціву. Неўмяшанне настаўнікаў, абыякавасць аднакласнікаў вядзе да сістэматычнага ганення, і дзеці паступова губляюць здольнасць і волю да супраціву, робячыся больш уразлівымі для наступных нападаў.
- Абвінавачванне і самаабвінавачанне ахвяры. Навакольныя, прывыкшы да пастаянных здзекаў з чалавека, пачынаюць яго ж у гэтым і вінаваціць. І самі пацярпелыя пачынаюць верыць у тое, што вінаватыя ў здзеках з сябе. Гэта іх палохае і дэмаралізуе.
- Выгнанне. Зацкаваныя дзеці, імкнучыся пазбегнуць сустрэчаў з крыўдзіцелем, лішняй траўматызацыі, пачынаюць эпізадычна прапускаць заняткі, школу («акадэмічная шкода булінгу»).
Часта на гэтай стадыі ў сітуацыю ўмешваюцца дарослыя і прапануюць перавесці пацярпелага/ую ў іншы клас/школу. Пры гэтым не клапоцячыся аказаць ім сацыяльна-псіхалагічную дапамогу. Але непрапрацаваная глыбокая траўма можа перашкодзіць інтэгравацца ў новы навучальны калектыў, быць прычынай паўтарэння булінгу.
Без падтрымкі пацярпелыя могуць задумацца пра суіцыд.
Фактары, якія спрыяюць булінгу
- Неспрыяльны сацыяльна-псіхалагічны клімат у школе/адукацыйнай установе.
- Адсутнасць кантролю з боку настаўнікаў, іх нежаданне спраўляцца з асобнымі праявамі гвалту.
- Няўменне педагогаў аказваць адэкватную дапамогу ўдзельнікам.
- Абыякавасць да гэтых падзеяў іншых вучняў і іх бацькоў.
- Гвалтоўныя паводзіны настаўнікаў/адміністратараў у адносінах да вучняў і ў стасунках адно з адным: выразы, крыкі і абразы, якія прыніжаюць годнасць, рукапрыкладства, дыскрымінацыя.
- Завышаныя патрабаванні да вучобы альбо дысцыпліны.
- Заніжэнне адзнак за непажаданыя паводзіны.
- Выдзяленне педагогам кагосьці ў якасці станоўчага альбо адмоўнага прыкладу.
- Стымуляванне суперніцтва паміж дзецьмі.
- Гвалт унутры сям'і.
- Адсутнасць даверных, нармальных стасункаў з бацькамі.
- Устаноўкі бацькоў падаўляць іншых і адстойваць свае інтарэсы любой цаной.
Псіхалогія ўдзельнікаў булінгу
Каб вырашыць праблему і выбудаваць алгарытм дзеянняў па прафілактыцы і прадухіленню булінгу, важна зразумець, чаму ўдзельнікі (пацярпелыя і сведкі) канфлікту не звяртаюцца па дапамогу. Даследчыкі сцвярджаюць, што гэта, у асноўным, адбываецца па дзвюх прычынах:
- Дзеці не вераць, што настаўнікі ці бацькі змогуць дапамагчы, альбо думаюць, што пасля іх ўмяшання будзе яшчэ горш.
- Дзеці саромеюцца «закладваць» крыўдзіцеляў, быць «стукачамі», што, на іх думку, цягне за сабой яшчэ большае адпрэчванне.
Сведкі – вельмі важны складнік працэсу, яны таксама пакутуюць: адчуваюць бездапаможнасць, віну з-за бяздзейнасці, страх апынуцца на месцы ахвяры. Таму некаторыя пачынаюць асацыяваць сябе з сілай (крыўдзіцелем) і знаходзяць розныя апраўданні гвалту, абвінавачваюць у ім пацярпелых.
Паўторныя акты гвалту падтупліваюць пачуццё спагады, фарміруюць талерантнасць да агрэсіі. Таму без дапамогі сведкам вырашыць пытанне з ліквідацыяй гвалту немагчыма, сцвярджаюць эксперты. Гэта ж тычыцца і крыўдзіцеляў. Для іх вопыт паспяховага дамінавання ў школе/вучылішчы можа замацавацца як адзіны магчымы спосаб заваяваць становішча ў супольнасці. Тады яны будуць трансляваць яго і ў дарослым жыцці.
Калі булінг – адлюстраванне хатняга гвалту, дык трэба правільна выбудоўваць камунікацыю з бацькамі крыўдзіцеляў. Страх бацькоўскага пакарання можа часова прымусіць дзіця/падлетка адмовіцца ад гвалту, але не ліквідуе саму прычыну агрэсіі.
Сярод сведак могуць быць абаронцы, якія імкнуцца ўмяшацца, каб спыніць гвалт. Але гэта не заўсёды спрацуе: з-за ўзросту яны не ведаюць, як правільна дапамагчы. Таму разарваць кола гвалту без ўмяшання дарослых не атрымаецца.
Як змагацца з булінгам?
Міжнародны вопыт кажа, што лепшае выйсце – распрацаваць ва ўстанове адукацыі палітыку ў дачыненні да гвалту. У гэтым сістэмным дакуменце:
- Замацоўваецца разуменне ўсіх відаў гвалту.
- Прапісваецца выразны, эфектыўны і бяспечны алгарытм рэагавання і дапамогі ўдзельнікам канфліктаў: усе ведаюць, куды звяртацца і што рабіць.
- Пазначаецца план мерапрыемстваў па прадухіленні гвалту ва ўстанове.
Элементы гэтай палітыкі ўключаюцца ў статут, правілы паводзінаў, службовыя абавязкі супрацоўнікаў. Рэалізацыя мяркуе, да прыкладу, арганізацыю службы псіхалагічнай падтрымкі, навучанне педработнікаў пазітыўнаму выхаванню і падтрыманню дысцыпліны, навучанне дзяцей навыкам негвалтоўнага вырашэння канфліктаў, адукацыйную працу з бацькамі па прафілактыцы гвалту.
Шаблоны такой палітыкі, планаў ёсць. Можна браць і прымяняць на практыцы. Каб гэта не зрабілася фармальным працэсам, у стварэнні дакумента неабходны ўдзел усіх зацікаўленых бакоў: адміністрацыі, настаўнікаў, бацькоў, саветаў навучэнцаў.
ПАМЯТКІ-ПАРАДЫ
Парады бацькам дзіцяці, якога крыўдзяць:
- Калі канфлікт у пачатковай стадыі, калі гэта дробныя прыдзіркі, можна прапанаваць дзіцяці змяніць тактыку паводзінаў. Напрыклад, не наносіць удары крыўдзіцелям у адказ, а паглядзець ім у вочы і спакойна спытацца: «Ну і што?» Альбо пачаць смяяцца разам з імі. Зрабіць тое, што ад яго не чакаюць.
- Калі сітуацыя зайшла занадта далёка, трэба абараніць дзіця ад стасункаў з крыўдзіцелямі – не адпраўляць яго ў школу.
- Важна дапамагчы дзіцяці перажыць атрыманую псіхічную траўму, звярнуцца па прафесійную дапамогу.
- Пры неабходнасці перавесці ў іншы клас/школу.
- Самім адмовіцца ад навешвання ярлыкоў на ўласных дзяцей: «Які ты нязграбны, някемлівы, слабы...»
Парады бацькам дзіцяці-крыўдзіцеля
- Высветліце, чаму дзіця звярнулася да гвалту, незалежна ад прычыны прапануйце яму ўявіць, як можа сябе адчуваць пакрыўджаны.
- Спытайце, што ён збіраецца рабіць, каб выправіць сітуацыю, і праз пэўны час пацікаўцеся, як яму гэта ўдалося.
- Прапануйце дзіцяці папрасіць прабачэння ў таго, каго ён пакрыўдзіў, растлумачце, што гэта прыкмета сілы, а не слабасці.
- Прывядзіце прыклады з жыцця, як вы выйшлі з канфліктнай сітуацыі альбо адрэагавалі на выпады іншага чалавека.
- Звярніцеся да псіхолага, калі, на ваш погляд, дзіцяці патрабуецца медыцынская альбо псіхалагічная дапамога ў пераадоленні агрэсіі.
Парады настаўніку па фарміраванні добразычлівага клімату
- Сваім асабістым прыкладам паказвайце паважлівае стаўленне да ўсіх членаў навучальнага калектыву, растлумачвайце вучням, як паводзіць сябе і размаўляць паважліва.
- Заахвочвайце супрацоўніцтва, а не суперніцтва.
- Выкарыстоўвайце пазітыўны падыход: фармулюйце правілы паводзінаў і патрабаванні да вучняў у форме «як трэба», а не як «не трэба».
- Прыцягвайце навучэнцаў да сумесных спраў, каб кожны адчуваў сваю датычнасць да вырашэння агульных задач.
- Заахвочвайце ўдзел сарамлівых і нясмелых дзяцей, давайце ім заданні, у якіх яны змогуць сябе рэалізаваць.
- Акцэнтуйце важнасць і каштоўнасць разнастайнасці (культурнай, нацыянальнай, рэлігійнай і інш.), а таксама розных здольнасцяў і ўменняў, фізічных і інтэлектуальных магчымасцяў.
- Не дапускайце самі і спыняйце з боку іншых любыя насмешкі, крыўдныя каментары ў адрас навучэнцаў.
- Не супрацьпастаўляйце вучня калектыву ні ў станоўчым, ні ў адмоўным ключы.
- Не параўноўвайце вучняў, іх здольнасці, уменні, дасягненні, не абмяркоўвайце недахопы і слабыя месцы, каб не правакаваць насмешкі і здзекі з іх.
- Не пакідайце без увагі ніводнага выпадку непаважлівых паводзінаў альбо выказвання, што зневажае годнасць чалавека.
- Выкарыстоўвайце дысцыплінарныя меры, якія маюць выхаваўчы, а не карны характар. Выносячы ганьбаванне, давайце характарыстыку ўчынку вучня і магчымым наступствам, а не яго асобе.
- Абмяркоўваючы тое, што здарылася, не рабіце заключэнняў, што вучань паводзіць сябе так заўсёды. Гэта толькі замацоўвае негатыўныя паводзіны.
- Не заклікайце ўвесь клас да калектыўнай адказнасці за парушэнне дысцыпліны, якой-небудзь правіны асобнага вучня альбо яго няздольнасць выканаць калектыўнае заданне.
Чытайце ў наступным матэрыяле >>>
https://bel.24health.by/yak-spravicca-z-nastupstvami-bulingu-i-ne-dapuscic-yago-pautarennya-parady-psixolaga/