11.01.2021
11.01.2021

Як звязаны каларэктальны рак з тым, што мы ямо

logo
Здароўе дарослых
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Каларэктальны рак – адзін з найбольш распаўсюджаных відаў анкалагічных захворванняў, які мае на ўвазе злаякасныя новаўтварэнні ў розных аддзелах тоўстай і прамой кішкі. Па некаторых дадзеных, у структуры анкапаталогіі ён займае 3-е месца ў мужчын пасля раку лёгкага і раку страўніка і 2-е месца ў жанчын пасля раку малочнай залозы. Штогод у свеце налічваецца больш за 1,3 мільёна новых выпадкаў каларэктальнага раку і каля 700 тысяч выпадкаў смерцяў, дзе ён з'яўляецца першапрычынай.

Каларэктальны рак.

Дакладна высветлена, што ў групу рызыкі па гэтаму віду раку ўваходзяць людзі з залішняй масай цела і атлусценнем. Як звязаны каларэктальны рак з лішнімі кілаграмамі? Ці можна прадухіліць яго развіццё і што для гэтага трэба рабіць? Сваім меркаваннем падзялілася ўрач-гастраэнтэролаг клінікі прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў лячэбнага факультэта Першага Маскоўскага дзяржаўнага медуніверсітэта імя І.М.Сечанава (РФ), к.м.н. Алена Палуэктава.

Каларэктальны рак: непрадказальна, але папераджальна

Нягледзячы на надзвычай высокую распаўсюджанасць захворвання, пра каларэктальны рак кажуць і пішуць на парадак радзей, чым, напрыклад, пра рак малочнай альбо прадсталёвай залозы. Разам з тым, ёсць усе падставы меркаваць, што сучасныя скрынінгавыя даследаванні і ранняя дыягностыка дазваляюць практычна цалкам (да 95%) прадухіліць развіццё захворвання і/альбо пазбегнуць яго цяжкіх наступстваў.

Але перш за ўсё неабходна ведаць, што з'яўляецца прычынай развіцця каларэктальнага раку.

Па словах Алены Палуэктавай, злаякасныя новаўтварэнні тоўстай і прамой кішкі толькі ў 5% выпадкаў з'яўляюцца спадчынна абумоўленымі. Г.зн. верагоднасць развіцця анкапаталогіі вышэйшая, калі ў каго-небудзь з блізкіх сваякоў было/ёсць падобнае захворванне.

Каларэктальны рак. Роля спадчыннасці.

Аднак, асноўную долю ў структуры (95%) займае спарадычны (непрадказальны, эпізадычны) каларэктальны рак. Часцей за ўсё – у 85-90% выпадкаў – ён узнікае з прычыны злаякаснага перараджэння адэномы (дабраякасных паліпаў) у адэнакарцыному. Але ў некаторых выпадках можа быць наступствам запаленчых зменаў у кішэчніку, таму групу рызыкі па каларэктальнаму раку таксама складаюць людзі з запаленчымі захворваннямі кішэчніка (язвавы каліт, хвароба Крона).

 
Алена Палуэктава
Урач-гастраэнтэролаг клінікі прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў лячэбнага факультэта Першага Маскоўскага дзяржаўнага медуніверсітэта імя І.М.Сечанава (РФ), к.м.н.
Устаноўлена, што да 70% выпадкаў узнікнення спарадычнага каларэктальнага раку непасрэдна звязаныя з ладам жыцця. Адпаведна, пры змене ладу жыцця развіцця захворвання можна пазбегнуць у 66-78% выпадкаў.

Асноўныя фактары рызыкі каларэктальнага раку

  • Перш за ўсё значным фактарам рызыкі з'яўляецца ўзрост. У маладых людзей да 40 гадоў каларэктальны рак сустракаецца вельмі рэдка. Але пасля 40 яго частата павялічваецца ў кожным наступным дзесяцігоддзі. Найбольш уразлівай узроставай групай па рызыцы раку абадковай кішкі з'яўляюцца людзі, старэйшыя за 60 гадоў. У пацыентаў 60-75 гадоў каларэктальны рак дыягнастуецца асабліва часта.
  • Няправільны рацыён. Перавага ў рацыёне насычаных жывёльных тлушчаў, рафінаваных вугляводаў, чырвонага мяса, залішняе ўжыванне алкаголю адначасова з недастатковым спажываннем гародніны і садавіны, расліннай клятчаткі – фактары, якія ў значнай ступені павышаюць рызыку развіцця каларэктальнага раку. Ускосным пацвярджэннем можа служыць шэраг даследаванняў, якія паказалі, што распаўсюджанасць злаякасных паталогій абадковай кішкі ў Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі значна ніжэйшая, чым у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Вучоныя, у прыватнасці, звязваюць гэты факт, апроч іншага, з асаблівасцямі дыеты.
  • Няправільны лад жыцця. Сярод фактараў рызыкі развіцця злаякасных пухлінаў тоўстай і прамой кішкі таксама недахоп рухальнай актыўнасці (гіпадынамія), прыхільнасць да тытунекурэння, наяўнасць залішняй вагі. Вядома, што людзі, якія пакутуюць ад атлусцення, прыкладна ў паўтара раза часцей пакутуюць ад каларэктальнага раку, чым тыя, хто не мае праблемаў з вагой.

Каларэкатльны рак. Уплыў няправільнага харчавання.

 
Алена Палуэктава
Урач-гастраэнтэролаг клінікі прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў лячэбнага факультэта Першага Маскоўскага дзяржаўнага медуніверсітэта імя І.М.Сечанава (РФ), к.м.н.
Атлусценне, без сумненняў, павышае рызыку развіцця каларэктальнага раку. Калі ўмоўны пацыент у прамежку з 20 да 50 гадоў дадаў у вазе больш за 20 кілаграмаў, дык рызыка развіцця раку абадковай кішкі ў яго на 38% вышэйшая ў параўнанні з тымі, у каго вага на працягу гэтага перыяду жыцця засталася адносна стабільнай. У Расіі, напрыклад, 7% пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі маюць залішнюю масу цела. Я згодная з вучонымі, якія мяркуюць (і цалкам абгрунтавана), што ў аснове праблемаў лішняй вагі ляжыць наша прыхільнасць да «заходняй дыеты».

Рацыён – вага – мікрабіёта – рак

Мы ўжо не адзін раз узнімалі ў сваіх публікацыях тэму мікрабіёты, яе ролі і ўплыву на здароўе чалавека. На прыкладзе каларэктальнага раку можна прасачыць выразную ўзаемасувязь «рацыён – вага – састаў кішэчнай мікрабіёты – развіццё неспрыяльных падзей», лічыць Алена Палуэктава.

Перш за ўсё, заходні рацыён харчавання, да якога прыхільная большая частка насельніцтва Зямлі, шмат у чым абумоўлівае праблемы з лішняй вагой і ў цэлым аказвае негатыўны ўплыў на стан здароўя чалавека.

Каларэктальны рак. Прычым тут «заходняя дыета».

 
Алена Палуэктава
Урач-гастраэнтэролаг клінікі прапедэўтыкі ўнутраных хваробаў лячэбнага факультэта Першага Маскоўскага дзяржаўнага медуніверсітэта імя І.М.Сечанава (РФ), к.м.н.
Аказваецца, павелічэнне ўжывання чырвонага мяса (якое з'яўляецца адным з «краевугольных камянёў» заходняй дыеты) павышае рызыку развіцця каларэктальнага раку. Гэтая рызыка яшчэ вышэйшая ў тых, у каго ёсць сваякі першай лініі з такім захворваннем. Метаналіз 22 даследаванняў паказаў, што дакладна рызыка развіцця каларэктальнага раку павялічваецца ў 1,21 раза, калі чалавек штодня з'ядае больш за 50 г чырвонага мяса. Уключэнне ў рацыён чырвонага мяса больш за адзін раз у дзень павялічвае рызыку развіцця раку абадковай кішкі ў 1,37 раза, раку прамой кішкі – у 1,43 раза.

Частае ўжыванне алкаголю, нават у невялікіх дозах, таксама павышае верагоднасць злаякасных утварэнняў абадковай кішкі.

Павышэнне рызыкі развіцця каларэктальнага раку шмат у чым абумоўленае зменай мікрабіёты пад уплывам ужывання харчовых прадуктаў, якія складаюць аснову заходняй дыеты. Напрыклад, залішняе ўжыванне чырвонага мяса, насычаных жывёльных тлушчаў вядзе да пераважання ў мікрабіёце тых мікраарганізмаў, якія спрыяюць запаленчым зменам у кішэчнай сценцы, што ў сваю чаргу можа прыводзіць да фарміравання адэнакарцыномы тоўстай кішкі.

А частае ўжыванне алкаголю зніжае колькасць фірмікутаў – кішэчных бактэрый, якія забяспечваюць цэласнасць слізіста-эпітэліяльнага бар'ера і тым самым перашкаджаюць трапленню хваробатворных мікраарганізмаў у падслізісты слой, развіццю запаленчых зменаў кішэчнай сценкі і фармаванню злаякасных новаўтварэнняў.

Каларэктальны рак. Уплыў алкаголю.

Вядома, змена аднаго толькі рацыёну на карысць здаровай міжземнаморскай дыеты не гарантуе поўнай абароны ад каларэктальнага раку, але значна зніжае яго верагоднасць. І гэта ўжо дастатковы аргумент, каб правесці работу над памылкамі ў змесціве сваёй абедзеннай талеркі.

Акрамя таго, навукова пацверджаная эфектыўнасць скрынінгу па каларэктальнаму раку, г.зн. правядзенне масавых прафілактычных абследаванняў людзей пэўных узроставых катэгорый дазваляе выявіць захворванне на ранняй стадыі і тым самым прадухіліць трагічныя наступствы, а ў некаторых выпадках – зусім папярэдзіць і не дапусціць развіццё хваробы.

У Беларусі скрынінгу па каларэктальнаму раку падлягаюць людзі ва ўзросце, старэйшым за 50 гадоў: ім паказаны аналіз калу на ўтоеную кроў (1 раз у 2 гады) і каланаскапія (1 раз кожныя 5 гадоў). Людзям з высокай рызыкай спадчынна абумоўленага каларэктальнага раку скрынінгавыя абследаванні варта пачынаць раней – з узросту 45 гадоў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"