Сапраўдная зіма выдалася сёлета. З дзікімі завірухамі ды пякучымі маразамі, парывістымі ды калянымі вятрамі, вялікімі ды іскрыстымі снягамі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі раніцай па дарозе ў садок ці школку таксама захінаюць свае вушкі і носікі, каб не прыхапіў іх мароз Траскун. А днём, калі выглядае пакуль яшчэ халоднае, але доўгачаканае сонейка і заблішчыць, заіскрыцца вясёлкай зіхатлівы сняжок, вы таксама, я ўпэўнены, выходзіце забаўляцца ў двор да сваіх сяброў. І трапляеце ў гэтую дзівосную казку прыроды.
І ў мяне, казачніка, кожнае сваё спатканне з сябрамі сваімі меншымі – птушкамі – пакідае цёплыя ўспаміны не толькі таму, што яны ўпрыгожваюць прыроду сваімі спевамі, яркім прыгожым убраннем, але і …
Паслухай гэтую цікавую казачную гісторыю пра тое, якія птушкі, што зімуюць у нашых садах ды парках, найбольш карысныя.
Сабраліся аднойчы птушкі ў садзе на свой сход, вырашыць, хто найбольш карысны для прыроды і чалавека. Першай, адкуль толькі ўзялася, азвалася сарока-Белабока. Села на галінку грушы.
— Чы-чы, чы-чы! Няўжо вам невядома, што лепшая з птушак – я? І як застракочыць на ўсё наваколле, быццам з кулямёта якога – чы-чы-чы! – Паглядзіце, якая я прываблівая!
— О-о-о! Дзе толькі фэст, то і я там ёсць! Не выхваляйся тут! Разгулялася як тая завіруха на ўсе галасы сваёй бязладнай песні – перадражніла цікаўную сароку з яшчэ больш задзірлівым норавам варона.
Кар-р, кар-р! Ці ж не бачна, што я тут самая галоўная? І пачала верш чытаць, хаця і асіплым голасам, але зразумела і дакладна, што ўсе здзівіліся, бо ніколі раней не чулі акрамя аднаго кар-р-р.
Стракатуха прыляцела
І на даху дома села,
Не жыццё адна марока,
Як пачне трашчаць …
Усе покатам рассмяяліся і, зразумеўшы пра каго гэта, пазіралі на сароку. — А цяпер ты адгадай маю загадку, не здавалася зняважаная сарока:
Матылі насіліся,
Над зямлёй кружыліся,
А як долу ўпалі –
Белым пухам сталі.
— Зярняты? .
— Э-э-эх! – раздаўся покрык сарокі. Табе толькі дармовыя зярняты і сняцца. Гэта – сняжынкі!
— Паляцелі, іншым разам, як выправім свой нораў, прыляцім, – прапанавала варона, прызнаўшы сваё паражэнне, нібыта роднага Хведара кумаў сват, падхапіла тую пад крыло.
Сорамна ім стала вось і зляцелі. Тым часам птушыны сход працягваўся.
— Як і змалку прывыклі спяваць на хлеб сарока ды варона, дзве выхвалякі-ганарліўцы – азваліся з куста каліны дзве птушачкі з бліскуча-чорным апярэннем, ружовымі брушкамі ды шэрымі спінамі, снегіры, а яшчэ іх гілямі завуць. – Лічым, што найбольшую карысць прыносіць лесу, радзей гарадскім паркам, ды садам… Але найперш адгадайце загадку:
Хоць не ляснік, хоць не цясляр,
А ў лесе важны гаспадар
Пасаду доктара займае:
Тук-тук! – ён дрэвы правярае.
Верабейка саскочыў з кусціка агрэсту на суседняю галінку парэчак, узняў сваю храбрую галоўку, задумаўся, нібы трымаючы акцёрскую паўзу, горда вымавіў:
— Гэта дзяцел! Я бачыў днямі чорнага такога ў чырвоным каптурыку.
— Але ж ён больш ў лесе працуе.
— Найбольшую карысць прыношу я, – не вытрымаў верабейка. – Я ўсё бачу і ведаю, што дзеецца ў гарадскіх парках ды садах. І я мошкі з кузуркамі збіраю.
— Так ды не так, браце, збіраеш, як мог бы – мовіла попельна-шэрая з блакітным адценем, белым брушкам з рыжаватымі пёркамі птушачка попаўзень. І палезла ўверх па камлі яблынькі. – Табе б больш зярнятак дармавых, ды якой мешанкі ад курак гаспадарскіх скрасці. Паглядзі на сябе, як растаўсцеў! І не сорамна?
— Я, я, – не чакаў такога сяброўскага выкрыцця, захваляваўся верабейка, – вы-ы-праўлюся, абавязкова вы-ы-праўлюся, – заікаўся, абяцаючы, перамяніцца... – А можна мне назваць іншых карысных птушак, чык-чырык?
— Паспрабуй!
— Шэрая мухалоўка, шчыгол, гарыхвостка, каралёк…
— Правільна ты называеш, але ж мы гутарым пра зіму.
— Тады толькі сінічка, мая суседка! – узрадавана вымавіў верабейка. – Гэта яна найбольш працалюбівая і рухомая. З раніцы да ночы збірае розных шкоднікаў-вусеняў ды іх лічынак, чык-чырык.
— Ну, што вы, сябры, – падала свой сціпленькі галасок сінічка Цінь-цінь. –Нічога асаблівага! Я раблю звычайную справу.
— Звычайную, кажаш, справу, але незвычайна яе выконваеш, – падтрымаў вераб’я попаўзень, які зляцеў з вялікага і разгалістага куста абляпіхі. – Бачым штодня як цэлыя чародкі жоўта-зялёных камячкоў шчыруюць-завіхаюцца ў садах і гарадскіх парках. Нават калі мітусіцца снег і завывае мяцеліца, – закончыў сход попаўзень.
— Не трэба, сябры, – зноўку азвалася сінічка Цінь-цінь. Не тое галоўнае, калі ўсе ведаюць пра цябе, а тое – каб справа, якую выконваеш, патрэбнай іншым была, – ціхенька так прамовіла і знікла ў глыбіні дрэў.
Гэтую размову птушак пачуў хлопчык Ільюша. Ён усыпаў колькі жменек семак і зярнятак проса ў кішэню, паклаў ў мяшэчак скрылькі сала.
— Ну, дзе вы падзеліся, мае памочнікі? Калі ласка, налятайце, падсілкуйцеся! – пачаў высыпаць ласункі.
Сінічкі адразу паселі ў свае кармушкі, якія ім яшчэ мінулай зімой змайстраваў Ільюшка, і дружна пачалі дзяўбсці свае любімыя ласункі.
— Дзякуй табе, хлопча! Мы аддзячым табе, і летам будзем збіраць шкодных чарвячкоў і вусеняў.
— Затрымаемся тут і на гняздоўе, і будзем абараняць твой сад, – радасна, у адзін голас, дапоўніла сяброўку некалькі сінічак.
Яны скачуць з галінкі на галінку, весела ценькаюць, перагаворваюцца, радуюцца ўдзячнасці чалавека.
— Малайцы, мае памочнікі! На наступную зіму я змайструю яшчэ тры сінічнікі, каб было дзе ўсім ад непагадзі схавацца. І новыя кармушкі – для пачастункаў. А яшчэ вакол сада пасаджу свежыя кусты каліны, глогу, шыпшыны. Ведаю, што вам яны падабаюцца.
Ён выняў з кішэні мяшэчак са скрылькамі сала і падвесіў кожны на асобныя сучкі.
Нечакана, як па ўзмаху казачнага дырыжора, падзьмуў лёгкі ветрык. Сад заспяваў сваю ціхую зімовую песню. Аб чым яна? Я прыслухаўся і зразумеў: аб самым спрадвечным – аб прыгажосці жыцця і прыроды.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by