Спякотнае надвор'е можа справакаваць абвастрэнне некаторых скурных захворванняў. Пагаршае сітуацыю падвышаная потлівасць, актыўнае сонечнае выпраменьванне, рэзкія перапады тэмператур ад пекла да прахалоды.
У выніку з'яўляюцца раздражненне і пачырваненні на скуры, незразумелыя высыпанні, зноў праяўляюць сябе існуючыя дэрматалагічныя хваробы. Мы вырашылі яшчэ раз нагадаць, якія захворванні і праблемы са скурай могуць даць ведаць пра сябе ў летнюю спёку.
Рознакаляровы лішай
Гэта інфекцыйнае, грыбковае захворванне верхняга пласта скуры. Яно выяўляецца ў выглядзе карычнявата-ружовых плям без запаленняў. Узбуджальнік рознакаляровага лішая — дрожджападобны грыб Pityrosporum orbiculare альбо Malassezia furfur і М.globosa. У многіх людзей ён з'яўляецца прадстаўніком нармальнай мікрафлоры і жыве ў лускавінках рагавога пласта эпідэрмісу, у валасяных фалікулах.
Абвастрэнні часцей за ўсё здараюцца ў гарачае летняе надвор'е на фоне падвышанай потлівасці. Рознакаляровы лішай характарызуецца хранічным цягам, часта адбываюцца рэцыдывы, але адрозніваецца малазаразнасць.
Плямы, якія з’явіліся, не загараюць. У выніку пры пацямненні ўсёй скуры месцы, задзетыя грыбком, застаюцца белымі. З часам гэтыя плямы могуць павялічвацца. Размяшчаюцца яны часцей за ўсё на спіне і грудзях, радзей — на плячах і жываце, валасістай часткі галавы.
Пра прычыны з'яўлення хваробы, сімптомы, дыягностыку, лячэнне і прафілактыку рознакаляровага лішая можна даведацца тут.
Розацэа
Сонечнае выпраменьванне на скуры чалавека (нос, лоб і шчокі) можа справакаваць з'яўленне эрыцэмы (пачырваненне), якое з'яўляецца прадвеснікам розацэа. Такое пачырваненне, як правіла, самастойна знікае праз пэўны перыяд часу. Часам праз некалькі хвілін, у іншых выпадках — праз некалькі гадзін. У месцах, дзе яно з'явілася, многія адчуваюць запал.
Затым з цягам часу пачынаюць адбывацца судзінкавыя змены. Скура набывае сінюшнае адценне і становіцца больш шчыльнай. Затым утворацца папулы ружовага ці чырвонага адцення, якія выступаюць над паверхняй скуры.
Самае галоўнае — імкнуцца пазбягаць празмернага ўздзеяння ўльтрафіялетавага выпраменьвання і сонечных апёкаў: гэта можа стаць чыннікам абвастрэння розацеа. Акрамя таго, догляд за скурай павінен быць зберагалым, а пры выбары касметыцы лепш аддаваць перавагу той, якая не ўтрымлівае раздражняльных кампанентаў. Перш чым выйсці на вуліцу, на скуру трэба нанесці сонцаахоўны крэм з SPF-фактарам не менш за 50.
Каб пазбегнуць абвастрэнняў неабходна таксама прытрымлівацца дыеты, адмовіцца ад шкодных звычак. Скуру трэба абараняць ад перагрэву і пераахаладжванняў, пазбягаць стрэсу. Катэгарычна нельга наведваць лазні і салярыі.
Загар
Залатое правіла загару — усё добра ў меру. Таму пачынаць трэба паступова, з 15 хвілін. Аднак бесперапынна знаходзіцца на сонцы даўжэй за 2 гадзіны (нават калі вы ўжо загарэлі) не варта. Без адзення і сонцаахоўнага крэму час знаходжання на сонцы лепш абмежаваць 30 - 40 хвілінамі.
Самае актыўнае сонца — з 10 да 15-16 гадзін, а самы бяспечны загар — да 10 гадзін раніцы і пасля 16 гадзін дня. Калі вы купаліся ў вадаёме, абавязкова трэба выцерці скуру ручніком. Справа ў тым, што кропелькі вады, якія застаюцца на скуры, могуць "спрацаваць" па прынцыпе лінзы павелічальнага шкла і прывесці да апёку.
Каму загараць не варта? Першым чынам тым, у каго на целе ёсць вельмі шмат вялікіх пігментных радзімак, асабліва прыроджаных. Прымаць сонечныя ванны спецыялісты не рэкамендуюць, калі неабходна піць некаторыя лекавыя сродкі, якія могуць аказваць фотасенсібілізуючае дзеянне (павышаюць адчувальнасць да сонечных прамянёў) і могуць спрыяць апёку. Загар непажаданы таксама для людзей з першым і другім фотатыпам скуры.
Пра правілы бяспечнага загару можна даведацца з гэтага інтэрв'ю з урачом-анколагам.
Сонечныя апёкі
Пасля прыняцця сонечных ваннаў скура стала чырвонай, з'явілася адчуванне палення, развіўся ацёк, надзьмуліся бурбалкі? Гэта апёк. Дзейнічаць трэба хутка. Калі своечасова не прыняць неабходныя меры, арганізм можа страціць шмат вадкасці, у выніку чаго парушыцца баланс электралітаў, пацерпяць ныркі, крытычна зменшыцца артэрыяльны ціск і пагоршыцца праца сэрца.
Як правільна аказваць дапамогу пры сонечным апёку? Адказ на гэтае пытанне вы знойдзеце ў гэтым артыкуле.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by