Site icon Слушна

З Днём народзінаў, вежа! Эйфелева… :)

Штосьці апошнім часам прабіла на ўспаміны пра Парыж... А што яшчэ рабіць падчас пандэміі каранавіруса і адсутнасці магчымасцяў вандраваць па свеце? Толькі прыгадваць, як гэта было. А што тычыцца Парыжа, дык тут нагода за нагодай. Вось сёння – выдатная проста: свой Дзень народзінаў святкуе… Эйфелева вежа. Не юбілей, не! 132 гады спаўняецца «жалезнай лэдзі». І самы час успомніць, як я пабачыла яе на свае вочы. 🙂 Але напачатку – крыху гісторыі.

Эйфелева вежа. Парыж.

«300-метровая вежа» – так досыць сціпла назваў уласную канструкцыю Гюстаў Эйфель. Хаця дакладная яе вышыня – 324 метры. А будавалася яна, калі верыць звесткам у сеціве, 2 гады 2 месяцы і 5 дзён. І ўдзельнічалі ў гэтым (як сімвалічна!) 300 рабочых.

Самае цікавае, што вежа задумвалася, як канструкцыя… часовая. Яна павінна была стаць уваходнай аркай Сусветнай выставы 1889 года. А зрабілася сімвалам Парыжа. Назаўсёды.

… Яна нечакана паўстала перад намі. І дружнае «А-ах!» праляцела па аўтобусе. Тыя, хто сядзеў з другога боку, кінуліся на гэты – хутчэй фатаграфаваць. Як быццам мы вось так, на імгненне, пабачылі яе першы і апошні раз… 🙂

Але перш чым мы наблізіліся да вежы ўшчыльную, добра і доўга павандравалі вакол падчас аглядавай аўтобусна-пешаходнай экскурсіі. І штораз Эйфелева вежа адкрывалася з новага ракурсу. Здорава!

А затым нас чакала экскурсія непасрэдна на вежу. Пакуль экскурсавод хадзіла за білетамі для групы, мы стаялі пад Эйфелевай вежай. Практычна ўвесь час – з задранымі галовамі, разглядаючы яе карункі. Сказаць, што там было шмат людзей, – гэта не сказаць нічога! І ўсё ж прасторы хапала. А па адчуваннях… Такая свабода… Словамі не апішаш!

Наша чарга падышла даволі хутка. І ўнутры нас чакаў першы сюрпрыз. Шкляны ліфт! Даволі аб’ёмны. І калі ён паехаў уверх… Здаецца, вішчалі ўсе! 🙂 Сапраўды, падарожжа – дух захоплівае! І ад вышыні, і ад прыгажосці, і ад абсалютнай нерэальнасці таго, што адбываецца. Дайце за што-небудзь ухапіцца! За паветра трымацца няёмка! 🙂

І вось мы – на другім узроўні. На трэці ніхто з групы падняцца не адважыўся. 🙂 Нам прызначылі час, калі мы павінны былі спусціцца да падножжа вежы. А пакуль… Пакуль перад намі ляжаў увесь Парыж! Белы-белы, светлы, урачысты, загадкавы, узвышаны, рамантычны… І здаецца, што ён цалкам быў – наш. Толькі наш! 🙂

Стаіўшы дыханне, мы вандравалі па вежы, разглядаючы горад ва ўсіх накірунках. І фатаграфавалі, фатаграфавалі… Хто ведае, магчыма, я тут больш ніколі не буду. Таму трэба запамінаць неверагодныя адчуванні, каб пасля беражліва захоўваць і прыгадваць так часта, як гэтага захочацца. Ну што ж, атрымліваецца. Пятнаццаты год… 🙂

Зразумела, што знаходзіліся мы на вежы столькі, каб спусціцца да прызначанага часу ўпрытык. Але тут – сюрпрайз! Чарга да ліфтаў – у-у-у-у-у… А мы – турысты вельмі адказныя, наша выпадкова створаная, але дружная кампанія нідзе і ніколі не спазнялася…

– А давайце спусцімся па лесвіцы! – прапанавала адна новая знаёмая.

– А давайце, – падтрымалі астатнія.

Я падазрона скасавурылася ў бок зямлі… Зрабіла літаральна пару крокаў па высокіх прыступках. Села… І мяне ўжо дамкратам было не падняць! Не-не-не! З такой вышыні – пешшу?!

У выніку дзве дзяўчыны ўсё ж паспяхова спусціліся па лесвіцы, а мы з маёй напарніцай на крэйсерскай хуткасці ўрэзаліся дзесьці ў сярэдзіну натоўпу ля ліфтаў, праігнаравалі абурэнне кітайцаў, якіх літаральна адштурхнулі (але прабачэння папрасілі, па-беларуску)… Аднымі з першых заскочылі ў наступны ліфт. І…

У нас засталося нават крыху часу да прызначанага! 🙂 Каб зноўку пастаяць з задранымі галовамі і палюбавацца на вежу знізу. А пасля, адбегшыся крыху, зрабіць здымак, які я для сябе назвала так: «Дацягнуцца да Эйфелевай вежы, альбо Парыж у юбілейны год». Ён і зараз стаіць у мяне на стале. І хто сказаў, што мары не спраўджваюцца?!

Праўда, наконт вядомага «Пабачыць Парыж і памерці»… Магло б спраўдзіцца. Але вось лёс такі.

… Па прыгарадзе Парыжа ў пошуках нашага гатэлю мы блукалі доўга. Было даволі позна, усе стаміліся, нерваваліся, капрызілі… А калі нашыя вадзіцелі-палякі пачалі распытвацца дарогу ў мясцовых… Ой-ёй, што тут усчалося ў аўтобусе!

І толькі наступнай раніцай экскурсавод распавяла, чаму вадзіцелі былі, мякка кажучы, няўважлівымі. Аказваецца, літаральна за гадзіну ці пару гадзін да таго, як наш аўтобус праехаў па трасе, здарылася аварыя з турыстычным аўтобусам з Расіі. З фуры, якая ехала паперадзе яго, раптоўна вываліўся на дарогу груз. Аўтобус перакуліўся.

Адзін з вадзіцеляў (таксама паляк) і, здаецца, экскурсавод загінулі. Многія пасажыры атрымалі траўмы. Нам жа ў гэты дзень нічога не расказалі, каб не нерваваць. А ўяўляеце, што дома было з нашымі блізкімі, якія пачулі пра тую аварыю?! Пакуль мы ні азваліся… А ў 2006-ым – самі ведаеце, як было з інтэрнэтам. Ніяк… Падключалі дарагі смс-роўмінг…

Маладую пару мы на наступны дзень сустрэлі ў краме «Іў Рашэ» на Елісейскіх палях. Пачулі рускую гаворку, пабачылі крывавыя драпіны на твары і руках – і здагадаліся, што яны з таго аўтобуса… А маглі б там ехаць і мы…

Але не будзем пра сумнае! У Эйфелевай жа вежы – свята! І ў той жа дзень якую яе, шматаблічную, мы ўбачылі!

У нас была запланаваная экскурсія на карабліку (штосьці пасля першай замежнай вандроўкі, якая была ў Чэхію, мяне так і цягне называць яго плавідлам!). Пачынала ўжо цямнець…

На берагах Сены было шмат людзей. Хтосьці сядзеў, звесіўшы ногі над вадой, хтосьці граў на гітары… Шмат дзе танчылі… Гэта было так рамантычна і прыгожа!

І тут прама па курсе Эйфелева вежа ўспыхнула! Яна запаліла свае агеньчыкі і пачала свяціцца-пералівацца, бы навагодняя ёлка! Яшчэ ніколі ў жыцці я не бачыла такога грандыёзнага відовішча! Ваў-ваў-ваў! І ўсе з фотаапаратамі адразу ж кінуліся фатаграфавацца на яе фоне… 🙂 І фатаграфаваць «жалезную лэдзі» асобна. І пагэтуль яе фота ў агеньчыках – маё самае любімае!

З Днём народзінаў, дарагая наша Эйфелева вежа! Радуй усіх, «жалезная лэдзі», яшчэ доўга-доўга – сваёй веліччу, убранствам, таямнічнасцю, рамантычнасцю… І дзякуй за тое, што ты здарылася ў маім жыцці! Віват, Парыж! Віват, Эйфелева вежа! 🙂

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Exit mobile version