Site icon Слушна

«З Матроны зіма на ногі ўстае…»

Мы працягваем вандраваць па народным календары, цікавячыся, як той ці іншы дзень пражывалі нашы продкі. Што прыкмячалі, якія традыцыі мелі, якія абрады спраўлялі… Так ці інакш кожны дзень пэўным чынам адбіваўся і на духоўным здароўі, і на фізічным. А тое, што закладвалася ў якіясьці зусім немудрагелістыя дзеянні, спрацоўвала не адно дзесяцігоддзе і нават стагоддзе, абараняючы і ўмацоўваючы сем’і, род, яднаючы пакаленні.

Сёння ў нас – Матрона зімовая. Іншыя назвы – Матронін дзень, Матрона Лістападаўская (а мне адразу ж прыгадваецца «Зіма Лістападаўна»), Матрона-настаўніца, Матрона трэцяя.

І вось па многіх прыкметах мы нарэшце сёлета патрапілі! І павінны ўбачыць прыкладна тое ж, што і нашы продкі. З папраўкай на наша шалёнае ў сваім тэмпе і развіцці стагоддзе.

А лічылі яны, што з Матроны (ці Матруны) «становіцца зіма». Ну што тут скажаш?! На некалькі бліжэйшых сутак і нам абяцаюць маразы. Дзе – невялікія, а дзе і да мінус 13 уночы. Уяўляеце?! Зноў маразы на зямлю без снегу. І ты турбуешся: як жа там вытрымаюць дрэвы, кусты ды іншыя расліны на ўчастку?

Зноў наша юка можа падмерзнуць… І не парадуе нас тады ўлетку стрэлкай з дзівоснымі кветкамі… Хаця часцей за ўсё яна падмярзае якраз-такі ўвесну. Калі здаецца, што маразоў ужо не будзе, здымаеш укрыццё. А тут – раз! І юка вымушана наноў адрошчваць свае лісты, вострыя з двух бакоў. І тут ужо не да кветак ёй, так бы выжыць…

Нягледзячы на тое, што даўней лічылі: на Фядота лёд усталёўваецца да 5 см, пра Матрону казалі: «Калі гусак выйдзе на лёд, то будзе яшчэ плаваць па вадзе».

Назіраем за сённяшнім надвор’ем далей. «На Матрону шэрань на дрэвах – да маразоў», «Калі на Матрону туман – да адлігі». Палюбавацца на чароўную шэрань, я думаю, ніхто не супраць, бо гэта сапраўды зімовая казка атрымліваецца.

А вось туманоў ужо досыць, досыць. І так на іх сёлетні лістапад быў надзвычай багатым… Але ж надвор’ю не загадаеш. Магчыма, сёння не ўбачым ні таго, ні другога. Што само па сабе таксама нядрэнна.

Калі выдасца вольная хвілінка (а можна і ўвечары пасля працы), дык добра ў гэты дзень заварыць гаючыя траўкі ды лекавыя карэньчыкі. І не толькі выпіць карыснай гарбаты, але і папарыцца ў лазні, пасядзець у кадцы з настоем з траў. Ванна на замену?! Хм… Мусіць, усё ж няўлоўна не тое… Гэта вам не дубовая кадка.

Нашы продкі верылі, што і на Матрону травы, сабраныя ўвосень, найбольш моцныя, у сіле, і трэба гэтым абавязкова скарыстацца. Казалі даўней нават пра цудоўныя выпадкі вылячэння ад хваробаў пасля такіх лазнева-гарбатНых (не гарбатых, не, не блытаць!!! :)) працэдур.

Ну, а наколькі гэта праўда, кожны можа праверыць. У любым выпадку, травы не нашкодзяць. Асабліва калі ў іх верыць.

Яшчэ адзін цікавы звычай на Матрону зімовую дайшоў да нашых дзён. Напярэдадні альбо непасрэдна 22 лістапада гаспадыні перабіралі вопратку і непатрэбную аддавалі. Але (ўвага!) рэчы абавязкова павінны быць памытымі. Інакш, лічылася, вы ўласную ўдачу сваімі ж рукамі аддаяце чужому чалавеку.

Зрэшты, калі прыгадаць пра энергетыку, якую захоўвае і вопратка, дык не ўсялякі захоча сваю аддаваць. Толькі тут упор рабілі менавіта на тое, што даўней аддавалі таму, хто меў у ёй патрэбу… Яшчэ адна нагода для роздуму.

Але пачысціць шафы – усё роўна справа добрая. Эх, ну чаму б Матруне не ссунуцца на адзін дзень? Каб гэта быў выхадны?! Тады можна было б і ў шафах з вопраткай пакорпацца… А так – не ва ўсіх ёсць такая магчымасць сёння.

У гэты дзень моляцца аб вяртанні зроку, пазбаўленні ад кульгавасці, за дзяцей, выказваецца жаданне нарадзіць здаровае немаўля, просяць пра выратаванне з палону.

Ну, а мы выбіраем, што рабіць сёння будзем, ды апранаемся цяплей. Усё ж мароз(ік) + вецер – спалучэнне не надта камфортнае. А дзе там наш кіпрэй (іван-чай), уласнаручна зроблены, сферментаваны захоўваецца?! Пайду запару сабе гарбаты. І вам смачна піць!

Exit mobile version