08.10.2024
08.10.2024

Зачараваная паляна (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Даўно гэта было. Можа гадоў сто ці болей, ніхто дакладна не ведае. Пасярод лесу, на ладнай паляне, стаяла невялікая хаціна. Жыла ў ёй маладая дзяўчына. Звалі яе Васілінкай. Якое імя з калыскі далі бацькі, такое ў сінявокай дзяўчыны і засталося. Бо і цяпер вялікія блакітныя вочы яе заўсёды выпраменьвалі дабро і святло.

Звыклася са сваім лёсам і нішто яе не вабіла перабірацца бліжэй да людзей. Нічога яна не баялася: ні вятроў-буранаў, ні бліскавіц, ні злых і галодных ваўкоў. Вясковыя жанчыны бывала наведвалі яе, калі былі побач за ягадамі. Яна ветліва іх прымала, бо ведала ўсіх вясковых, як і яны яе.

Некалі вясковая дзяўчына была заманена Лесавіком, так і засталася ў яго абшарах. І была шчаслівая. Дзень пры дні яна хадзіла ў лес: збірала розныя зёлкі, грыбы ды ягады. І гэтых запасаў у яе было бадай не на адну нават самую лютую зіму. А ўвечары з яе хаціны лілася чароўная песня.

Калі Васілінка пачынала спяваць, вецер і дождж сціхалі. Зімой не толькі сцюжа, ваўкі замаўкалі. І здалёк абыходзілі хаціну на паляне.

У той час, калі Васілінка з’явілася ў лесе, у казачнай хаціне з’явілася чароўная Фея і абляцеўшы яе тройчы пачапіла на шыю незвычайны амулет-абярэг. І падарыла дзяўчыне смеласць і адвагу, а яшчэ асаблівую, здавалася б, непрыкметную чароўнасць.

Усе жыхары лесу вельмі любілі Васілінку. Некаторыя пабойваліся, што было ёй толькі на карысць.

Неяк адзін вясковы хлопчык вырашыў парадаваць сваіх бацькоў сваёй кемлівасцю.Сабраўся  і  адзін па грыбы адправіўся.

Раптам па лесе пранеслася чутка, што з-за мора далёкага, з-за гушчару непралазнага сюды ляціць злая Баба Яга.

Васілінка яшчэ з ранку чула, як гаспадыня заклапочана папярэджвала свайго хлопчыка не заходзіць далёка ў лес. І зараз яна адчувала, што Янка ўсё ж патрапіў у злыя кіпцюры Бабы Ягі. Але тут Васілінка пачула, што няпрошаную госцю дубасіць Лесавік. Няхай сабе лесавікі ў большасці дрэнна ставяцца да людзей. Не любяць іх за тое, што некаторыя людзі не проста адпачываюць, а чыняць шкоду лесу. Высякаюць і паляць яго жытло, знішчаюць лясных насельнікаў.

Лесавічок

Заступіўся за хлопчыка стары Лесавік таму, што той пакуль нічога кепскага не зрабіў. А яшчэ таму, што  малы абяцаў паведаміць аб спагадлівым Лесавіку ўсяму класу, і нават усёй школе, дзе ён вучыцца. І каб ніколі не заходзілі далёка ў лес ды не чынілі шкоду лесу, наадварот – аберагалі як кожнае дрэўца, асабліва маладое, так і лясных насельнікаў.

Як Баба Яга ні супрацілася аддаць хлопчыка, раз’юшаны Лесавік раптам змяніў свой рост, зрабіўшыся вышэй за дрэвы ў пушчы, выхапіў перапуджанага Янку, дапамог яму набраць поўны кош грыбоў ды данёс да самай вёскі.

Заазіраўшыся, Баба Яга ўбачыла, што  хлопчык бадзёра ужо крочыць дахаты, ад злосці так разгневалася, што слёзы бобам каціліся па яе ўпалых у барознах шчоках, ўзмахнула кастляваю і скрылася за лесам. Раптам навокал такая завіруха з лістоты і шылак узнялася, што, здаецца, усё скрозьдонне праваліцца. Лётаюць птушкі, бегаюць звяры і ўсе крычаць, хто гэта злую Бабу Ягу перамог.

Васілінка ўсё гэта бачыла скрозь дрэвы і радавалася ўчынку свайго знаёмага Лесавіка. І казачны лес таксама пагаджаўся з ёю. Дабрыню як і спагаду не купіш і не ўкрадзеш. Яны даюцца за добрыя справы. Вось і ты, мой юны дружа, успомні, ці зрабіў сёння што добрае. Можа дапамог маці памыць посуд?

— Не, — адказваеш.

— Дапамог прыбрацца ў сваім пакоі?

— Не.

— Алфавіт вывучыў?

— Не ўвесь.

— Колькі радкоў з пяці ў пропісях напісаў?

— Ніводнага.

— Не, не, не, — і ты зараз, хутчэй за ўсё вінавата апусціў галаву.

— Я табе скажу так: «Кепскія твае справы. Няхай сабе толькі на сёння, заўваж. Выпраўляйся! І ты можаш памагчы сабе сам. Пачні з першага і ўсё ў цябе атрымаецца. Ты ўбачыш, як засвецяцца вочы тваёй маці, і з’явіцца прыязная ўсмешка на твары бацькі, калі ты зробіш дабро. Вучыся гэта рабіць».

Васілінка

І Васілінка таксама пайшла на працу. Яна ні хвілінкі не магла жыць без працы. А калі твая праца яшчэ і іншым на карысць, удвая радасна і светла на душы робіцца.

Толькі памкнулася Васілінка да свайго ручайка, які гамоніць срэбнай вадзіцай і ўдзень і ўначы, як пачула дзіцячыя галасы. Прыслухалася.

Ці бывае сяброўства без шчырасці?

У лес уваходзілі тры дзяўчынкі. Спыніліся, зрабіўшы колькі крокаў лясной сцежкай.

— Я сюды, направа, у свой неруш, - сказала адна, відаць пазнала ранейшае месца між дзвюх старых ялін і невялікіх бярозак.

Мінула колькі дзён, як яны з татам былі тут у грыбах і акурат у гэтым месцы натрапілі на неруш. Набралі поўныя кошыкі.

— Алеська, можа, і мы сюды? – запыталі іншыя дзяўчынкі.

— А чаго гэта адзін за адным хадзіць? Лес вялікі!  – буркнула дзяўчынка і адвярнулася ад сябровак.

Васілінка хацела ўжо спыніць ганарыстую Алеську, але стрымалася. Раптам той ужо і след прастыў.

— Тады мы направа, - паважна, як, відаць, старэйшая сказала Даша. – Толькі ўгавор – не маўчаць на воклічы адно аднаго. Перагукваемся. Ці згодная, Ілонка?

— Так, згодная, - адказала сяброўка.

Ад пачутага Васілінка заўсміхалася. Успомніла даўнюю гісторыю, калі выратоўвала адну сям’ю. Доўга яны блукалі па лесе і, нічога не знайшоўшы яшчэ і заблудзіліся.

Тым часам Алесінай ні згоды, ні чарговага бурчання дзяўчынкі не пачулі, бо яе адразу нібы праглынуў густы малады сасоннік.

— А-у! – першай падала голас Ілонка.

— А-у-у! – гукнула ў адказ Даша, якая трымалася ад сяброўкі не надта далёка. – А я ўжо знайшла баравік…

— Пакажы, - Ілонка падбегла да сяброўкі, каб падзяліць першую радасць.

Алеська ж маўчала. Яна зноў, як і тады з татам, натрапіла на грыбное месца. Ціхенька, нібы каго баючыся, зразала грыб за грыбам і забылася не толькі на сябровак, але і пра ўсё на свеце. Нават на сцежку, якой ўваходзіла ў лес.

Васілінка адчувала, што вось-вось пачнецца адчай і пярэпалах. А грыбоў – процьма! Алеська зрэзала колькі прыгажуноў-чорнагаловікаў і толькі паднялася, каб гукнуць сяброўкам, як пад нагамі ўбачыла вялікую, мо даўжэй за метр, змяю. Раптам тая падняла тулава і яе галава, як не ўпоравень, з Алеськай аказалася.

Лесавічок

Васілінка толькі вачамі сваімі наструнілася і сашчапіла рукі, як яе энергія скруціла змяю ў адзін мёртвы камок і шпурнула немаведама куды. А на тым месцы, дзе яна была зямля пачынала цвісці белымі кветкамі. Каля іх паўзе малы смоўжык, а побач сядзіць малады баравічок. І Алеська падразае сцізорыкам крамяную ножку. Ажно рыпіць. “Значыць, здаровы”, - разважае дзяўчынка і азіраецца па баках.

— А дзе ж гадзіна падзелася?

— Ау-у! – чуецца зводдаль.

Алеська маўчыць, бо не ведае што рабіць: адказаць сяброўкам ці ўсё ж працягваць зразаць баравікі. А можа даведацца куды падзелася змяя? А навошна гэта ёй. Знікла, і хай сабе.

Васілінка пільна сочыць за дзяўчынкай і пасылаае каманду адказаць сяброўкам. Але яна поўзае на каленях па імшанай пярыне і ледзьве спраўляецца  класці баравікі ў кошык.

— Ау! У-у-у! – ужо далёка крычаць дзяўчынкі.

— У-у-у!.. – паўтарае лес.

Алеська набрала поўныя грудзі паветра, каб адказаць сяброўкам… Але каля паваленай ветрагонам сасонкі заўважыла ўзняты парасонікам мох.

Агледзела новы грыб. Прысела, расхінула мох і вачам сваім не верыць: тры галавы, а нага адна. Толькі пасярод дзвюх баравікоў тырчэла і ўсміхалася галава, крыху меншай памерамі, гадзюкі. Алеська ўскрыкнула, але Васілінка сціснула свой кулачок і змяя ў адно імгненне знікла.

Васілінка чакала, што нарэшце Алеська адхіне сваю сквапнасць і адзавецца сяброўкаў, ці сама першай пакліча іх у грыбное месца. Але тая ўсё падразала і падразала баравікоў, любуючыся новым удачам.

Тады Васілінка зрабіла так, што скрозь, дзе ступала Алеська была голая зямля. А там, дзе былі Даша з Ілонкай – цэлая процьма маладых і крамяных баравых чорнагаловікаў.

Выйшла Алеська на паляну. І толькі зараз сцяміла, што і вечар ужо блізка. Заблукала. Страшнавата стала адной.

“І чаму я дзяўчынкам забараніла побач быць? – шкадавала Алеська. – Хіба не хапіла б на ўсіх грыбоў?”

Стаіць дзяўчынка якую хвіліну, думае, азіраецца па баках: куды ж падацца? Нямая, страшная цішыня не на жарт спалохала дзяўчынку. Зараз успомніла, што наказвалі пра лес і дружбу, але калі пазірала навокал – нешта нядобрае шавялілася ўнутры. А дзе тая вёска, назад паварочвацца ці наперад крочыць?

Пастаяла, сабралася з духам, паставіла кошык з грыбамі, прыставіла далоні да вуснаў і выгукнула нарэшце:

— А-у-у!...

Лес адкукнуўся стомленым, сярдзітым рэхам:

— …у-у-у!..

І яшчэ страшней стала Алесьцы ад гэтага ляснога «у-у-у».

Павярнулася да кошыка, а там толькі палова яго. Перапужалася яшчэ болей. Павярнулася, каб ісці назад, як ёй здавалася, дамоў. Зноў у вачах баравікі. Як бы павыскаквалі дзяўчынцы напярэймы ды дражняцца: Бяры! Не саромейся! Ты ж так хацела ўсё загрэбсьці адна!

Хатка

Алесьцы ж не да грыбоў.

Васілінка пазірае за дзяўчынкай. Галінкі сцёбаюць па твары, павуцінне чапляецца за нос і вушы, лезе ў вочы. Алеська ўжо не ідзе, а бяжыць ад страху, прадзіраецца да святла, якое пакуль ледзь сочыцца праз густы лес.

Тым часам Васілінка сілай думкі прывяла Дашу з Ілонай на чароўную паляну, дзе тыя назбіралі па цэлым кошыку маладзенькіх баравічкой і ўжа выйшлі да дарогі.

Алеська ж як ні кідаецца з боку ў бок толькі дарогі няма і няма. У лесе цямнее і цямнее. І скрозь такая цішыня, хоць бы птушачка якая азвалася ці зайка прабег.

Спынілася Алеська, гукнула сваё запозненае «Ау!». Лес паўтарыў адно толькі «у» і змоўк.

У галаве – адно: Дзе ж дзяўчынкі? Заблудзіліся? А мо ўжо дома? Зноў гукае.

Адказу няма.Толькі што гэта? Алеська стаіць на сцежцы. Ёй здалося, што гэта тая самая сцежка, па якой яны ўваходзілі ў лес. І яна пачала ступаць смялей.

Прайшла крыху, спынілася і зноў гукнула колькі разоў запар. Рэха ўляглося. Зноў стала ціха і страшна. Васілінка ўжо хацела прымяніць свае чары, каб вывесьці непаслухмяную і ўпартую Алеську на дарогу. Але вырашыла пакуль пачакаць. Няхай крыху пахвалюецца. Гэта толькі ёй жа самой на карысць.

Алеська стаяла і думала: «А можа, вярнуцца назад, каб выйсці на дарогу?» Яна павярнулася ўжо, як зусім побач разляглося Дашына “Ау!”.

— Ідзі на голас, дурніца! – пра сябе скіровала яе Васілінка.

Алеська кінулася насустач поклічу і адразу апынулася на дарозе.

— Во дзе наша згуба! – дружна грымнулі галасы дзяўчынак. Гэта Дашка з Ілонкай зарадаваліся. Алесьцы хочацца ўсміхнуцца, але нешта замінае. Яна ўся расчырванелася, быццам рак. Нейкі камячок падступіў да горла, не дае слова вымавіць.

Яна прысаджваецца ля сябровак і, не ўзнімаючы на іх вачэй, пачала расказваць як натрапіла на грыбную паляну, як яе суправаджалі змеі і раптам знікалі, як блукала.

Даша з Ілонай уважліва слухалі сяброўку, толькі галоўных слоў з яе вуснаў так і не пачулі.

Вось і казачцы канец. А як ты думаеш, мой юны дружа, якія словы павінна была сказаць сваім сяброўкам Алеська? І ці сапраўднае такое сяброўства?

Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».