Site icon Слушна

Загадкавы мастак Іван Хруцкі. Цікавыя гісторыі з жыцця знакамітага аўтара

Імя мастака Івана Хруцкага ўвайшло ў гісторыю мастацтва Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы. Для нашай краіны ён праславіўся як партрэтыст, а таксама з’яўляецца ў свеце родапачынальнікам акадэмічнага нацюрморта. 8 лютага — дзень нараджэння таленавітага мастака, які пасля сябе пакінуў вялікую спадчыну. Давайце даведаемся цікавыя факты з яго жыцця.

Фрагменты з юнацтва

Іван Хруцкі

Будучы мастак нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і святара, польскага двараніна Томаша Хруцкага. Маці творцы займалася хатняй гаспадаркай і выхаваннем дзяцей.

З дзіцячых гадоў хлопец жыў у рэлігійнай атмасферы. Яму падабаўся занятак бацькі, і ён з цікавасцю наведваў храм. Іван вельмі любіў прыроду, жывёл, адзіноту. Яго вабіла ўсё незвычайнае. У будучыні мастак павінен быў працягнуць сямейную традыцыю і стаць святаром.

У падлеткавым узросце Івана аддалі ў ліцэй каталіцкага ордэна піяраў у Полацку. Там ён вывучаў навукі і мовы: латынь, польскую, рускую, французскую і нямецкую. У 17 гадоў Хруцкі вырашыў вучыцца жывапісу і адправіўся ў Пецярбург, дзе спачатку браў урокі ў англійскага жывапісца, а затым паступіў у Акадэмію мастацтваў. Яго настаўнікамі сталі Карл Брулоў, Аляксандр Варнек, Фёдар Бруні.

Яшчэ падчас вучобы Іван паказаў сябе таленавітым нацюрмарыстам. І быў практычна адзіным мастаком таго часу, які працаваў у гэтым жанры.

Яго сюжэты адрозніваліся неверагоднай натуралістычнасцю і ўвесь час ускладняліся: у кампазіцыі з'яўляліся не толькі звыклыя для дадзенага кірунку садавіна і кветкі. У 1836 годзе Іван Хруцкі за сваю карціну «Кветкі і плады» атрымаў Вялікі сярэбраны медаль і званне вольнага мастака за прадстаўленыя краявіды. Разам з гэтым варта адзначыць, што ў сярэдзіне XIX стагоддзя такі жанр, як нацюрморт, лічыўся не вельмі прэстыжным — перавагу публіка аддавала вялікім палотнам з гістарычным ці рэлігійным сюжэтам. Але нацюрморты Хруцкага карысталіся вялізным поспехам, таму ён даволі часта паўтараў свае сюжэты.

У 1839 годзе мастак стаў акадэмікам жывапісу, у тым ліку за свае нацюрморты. Цікава, але пасля гэтага Хруцкі практычна перастаў пісаць свае эфектныя работы з пладамі і ягадамі. Даследчыкі яго творчасці адзначаюць, што некаторыя дэталі нацюрмортаў Хруцкага запазычаны ў фламандскіх і галандскіх аўтараў са збору Эрмітажа. Гэта можа быць і так, але адрозненне работ Івана Хруцкага ў іх напоўненасці, у іх няма таго спакойна размеранага жыцця як у еўрапейскіх мастакоў.

Загадка Івана Хруцкага

Разам з нацюрмортам менавіта ў Пецярбургу Іван Хруцкі палюбіў такі жанр як партрэт. У акадэмічнай справаздачы за 1839 год сказана, што жывапісец стварыў цэлых дзевяць партрэтаў Васіля Аршанскага! Але значна большая загадка - гэта серыя партрэтаў невядомай жанчыны пэндзля Хруцкага.

Варта адзначыць, што біяграфічнай інфармацыі пра мастака не так шмат — не захавалася ні яго асабістых лістоў, ні ўспамінаў пра яго калег-мастакоў, ні фатаграфій-дагератыпаў. Толькі афіцыйныя дакументы і мноства карцін, якія ўтойваюць у сабе загадкі. У прыватнасці, гісторыкі і мастацтвазнаўцы да гэтага часу цікавяцца: кім жа была тая незнаёмка, якую мастак маляваў на працягу трох гадоў. Яшчэ падчас жыцця ў Паўночнай сталіцы Хруцкі без перапынку пісаў яе. Па сюжэце жанчына ў белай сукенцы стаіць з кошыкам садавіны ў цэнтры экспазіцыі ў асяроддзі кветак. Гэта сапраўды не жонка мастака, у той час яны яшчэ не былі знаёмыя. На карціне відаць, што дама носіць заручальны пярсцёнак. Але хто яе муж, хто яна сама, якія адносіны яе звязвалі з маладым мастаком — так і засталося таямніцай.

Пейзажыст

Не толькі эстэтычнай, але і пазнавальнай каштоўнасцю валодаюць краявіды Хруцкага. Па іх можна даведацца аб прыгажосці наваколляў Захарнічаў, аб архітэктурных вартасцях каталіцкіх касцёлаў і праваслаўных сабораў Вільні і Коўна. Часта Хруцкі адлюстроўваў інтэр'еры свайго дома ў Захарнічах, майстэрню.

Вяртанне

У 1839 годзе, даведаўшыся пра смерць бацькі, Іван Хруцкі назаўжды з'ехаў з Пецярбурга на радзіму. У 1844 годзе ў Полацкім павеце ён набыў маёнтак, дзе па ўласным праекце пабудаваў дом і разбіў сад. Праз год ажаніўся на 23-гадовай палячцы па імені Ганна, якая нарадзіла яму шасцярых дзяцей. У гэтым доме ён з сям'ёй і пражыў астатак сваіх дзён.

Хруцкі да канца жыцця не пакідаў пэндзлі — пісаў партрэты для заможных людзей, ствараў іконы.

Яшчэ адна лінія творчасці мастака — выявы інтэр'ераў. Прычым часам мастак аб'ядноўваў іх з жанрам партрэта.

Але ёсць сярод работ жывапісца і выявы простых людзей. Яны адрозніваюцца натуралістычнасцю, нагадваючы больш стыль заходніх жывапісцаў, чым рускіх.

Памёр Іван Фаміч у студзені 1885 года і быў пахаваны ў сваім маёнтку, у радавым склепе.

Спадчына

У гісторыю мастацтва Іван Хруцкі увайшоў сваімі нацюрмортамі: «Нацюрморт з вазай» (1832), «Нацюрморт з птушачкай» (1832), «Плён і птушачка» (1833), «Садавіна» (1834), «Партрэт маладой жанчыны з кошыкам» 1835), «Кветкі і плады» (1838), «Нацюрморт са свечкай» (1830-я), «Старая, якая вяжа панчоху» (1838) і інш.

Да Другой сусветнай вайны ніводнай работы Івана Хруцкага ў Беларусі не знайшлося. Толькі пасля заканчэння вайны мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч культуры, дырэктар (1944—1977 гг.) Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Аладава пачала набываць палотны майстра ў прыватных калекцыях.

Такім чынам, на радзіму ў музей вярнулася больш за 25 карцін.

Імя Івана Фаміча Хруцкага носяць вуліцы ў Полацку і ў пасёлку Ула, дзіцячая мастацкая школа ў Наваполацку.

Закаханы ў жыццё. Цікавыя факты пра лёс Марка Шагала ( да 135-годдзя з дня нараджэння)

Exit mobile version