«Абаронімся разам: вакцыны дзейнічаюць!» – такім стаў дэвіз 14 Еўрапейскага тыдня імунізацыі. Ён пройдзе ў Беларусі і краінах Еўрапейскага рэгіёну з 24 па 30 красавіка 2019 года па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Кампанія гэтага года прысвечана «героям вакцынацыі» – медыцынскім работнікам, якія яе праводзяць, бацькам, якія прышчэпліваюць сваіх дзяцей. Усім, хто неабыякавы да праблемы імунізацыі, якая дапамагае выратаваць жыцці і прадухіліць распаўсюджванне небяспечных, а часам і смяротных інфекцый.
Планавая імунізацыя ўжо з першых дзён жыцця дае кожнаму дзіцяці шанц на здаровую будучыню. Так, напрыклад, у 2017 годзе было вакцынавана 116,2 млн.дзяцей – беспрэцэдэнтны паказчык за ўсю гісторыю. З 2010 года новыя вакцыны былі ўкаранёныя ў 113 краінах, а колькасць прышчэпленых дзяцей вырасла на 20 млн. З 2002 года Еўрапейскі рэгіён СААЗ сертыфікаваны як вольны ад поліяміеліту, а колькасць выпадкаў адзёру знізілася на 90%.
За мінулыя дзесяцігоддзі вакцынацыя даказала сваю эфектыўнасць. З яе дапамогай атрымалася дамагчыся значных вынікаў у плане папярэджання шматлікіх інфекцыйных хвароб ва ўсім свеце: ліквідаваная натуральная воспа, толькі ў трох краінах свету працягваюць фіксаваць выпадкі паралітычнага поліяміеліту, значна зменшылася колькасць выпадкаў краснухі, дыфтэрыі, слупняку, генералізаваных формаў туберкулёзу і вострага віруснага гепатыту В у дзяцей, іншых інфекцый, якія можна папярэдзіць з дапамогай прафілактычных прышчэпак.
Разам з тым, нягледзячы на гэткія значныя поспехі, за апошнія два гады ў свеце адбылося некалькі ўспышак адзёру, дыфтэрыі і некаторых іншых хвароб, якія можна прадухіліць з дапамогай вакцын. І адна з прычын гэтага – вялікая колькасць не ахопленых прышчэпкамі дзяцей, якія пражываюць у найбольш бедных, нядобранадзейных і закранутых канфліктамі раёнах, а таксама вялікая колькасць мігрантаў.
Беларусь актыўна прасоўваецца па шляху выкаранення інфекцыйных захворванняў і ўдзельнічае ў праграмах СААЗ па ліквідацыі поліяміэліту, элімінацыі адзёру, краснухі, прыроджанай краснухі.
У нашай краіне на працягу многіх гадоў падтрымліваюцца аптымальныя ахопы вакцынацыяй (больш за 97% сярод дзяцей). Гэта спрыяе папярэджанню масавага распаўсюджвання ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў у выпадку іх завозу на тэрыторыю рэспублікі. Эфектыўнасць гэткага шырокага ахопу прышчэпкамі беларускага насельніцтва была наглядна прадэманстраваная ў 2018 годзе. Наяўнасць множных выпадкаў завозу адзёру і невялікая колькасць тых, хто захварэў, – яскравае сведчанне таго, што дзякуючы вакцынацыі ў нашай краіне сфарміраваная дастаткова моцная імунная праслойка, якая не дазваляе актыўна цыркуляваць вірусу адзёру сярод насельніцтва.
У межах Еўрапейскага тыдня імунізацыі запланаваны шырокі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на працу з насельніцтвам, у тым ліку з тымі, хто па тых ці іншых прычынах адмаўляецца ад вакцынацыі. Спецыялісты раскажуць пра наяўныя магчымасці абароны ад інфекцыйных захворванняў з дапамогай прафілактычных прышчэпак, а таксама пра важнасць своечасовай імунізацыі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by