Адно з самых шануемых у народзе святаў – Яблычны (Другі) Спас – мы адзначаем сёння, 19 жніўня. Першы – Мядовы – памятаеце?! – адсвяткавалі 14-га.
Вернікі наведваюць храмы, каб асвяціць ураджай садавіны. І ў многіх на сталах будуць самыя розныя стравы з яблыкамі ды грушамі, якія звычайна дазваляецца есці ад Яблычнага Спаса.
Кім жа забараняецца, запытаецеся вы. Ды, зноў-такі, народнымі вераваннямі-традыцыямі. Бо здаўна лічыцца: у гэты дзень, калі праваслаўныя адзначаюць Праабражэнне Гасподняе, Бог альбо Божая Маці раздаюць на нябёсах яблыкі ўсім памерлым дзецям. А таму ці той, чыя маці ела згаданую садавіну да 19 жніўня, яблычка не дастанецца…
Але, вядома ж, як каму сябе паводзіць, кожны і вырашае сам… Толькі ў народзе нагадваюць: «Добра яблычка к Іспасу». І стараюцца пачаставаць асвечанымі ў храме пладамі блізкіх, знаёмых і нават незнаёмых, занесці на могілкі. У нашай сям’і такая традыцыя ішла яшчэ ад бабулі Ксеніі…
На жаль, сёлета ў нас не яблычны год. Таму плады давядзецца набываць у краме альбо на базары. Затое можна сагрэцца ўспамінамі года мінулага. У тым ліку – і занатаванымі ў фотаздымках. Вось ужо дзе галіны ад яблыкаў ламіліся!
…Гэты здымак зроблены пасля таго, як ужо больш за палову сваіх пладоў дрэва скінула на зямлю! І ўсё роўна іх засталося мора. І вось летась напярэдадні Яблычнага Спасу мама нечакана сказала: «А давайце пачастуем заўтра яблыкамі суседзяў па пад’езду!»
Сказана – зроблена. Не перахопліваючы ініцыятыву, дазваляю маме ўсё зрабіць па-свойму! J Я толькі на падхваце. Знайсці падстаўку пад каробку, вынесці на лесвічную пляцоўку… І атрымалася ў нас так:
Не-не! Яблыкі не на падлозе – пад каробкай высакаватая падстаўка. І веласіпедныя колы таксама далекавата.
Яблыкі стаяць. Мы раз-пораз выходзім у пад’езд. Усё на месцы. Ну як жа так? Ва ўсіх поўна? Ці саромеюцца? Шукаюць якісьці падвох? Нязвыкла, я згодная. І сама нават не ведаю, як бы павяла сябе ў такой сітуацыі. Узяла б ці не? А мы ж тым часам наступную порцыю падрыхтавалі – падкласці на вольныя месцы…
Эх, а яблычкі сапраўды адборныя, сокам налітыя. І смачныя!
У рэшце рэшт, мама вырашае працэс ажывіць і, згледзеўшы чарговага суседа, выходзіць у пад’езд, каб пачаставаць з рук. Рэакцыя была самай рознай! Але заўсёды станоўчай. Усмешкі, разгубленасць, падзякі… Пачаставалі! І ў запас далі, атрымаўшы самі мора задавальнення.
Ведаеце, спадабалася! Трэба будзе яшчэ што-небудзь прыдумаць… Да якога свята ці нават без нагоды. Бо даваць сапраўды прыемней, чым браць. І гэта ведаю таксама даўно і дакладна! А калі камусьці ідэя падасца вартай пераймання, будзем рады!
Традыцыйнай у гэты дзень у нас бывае шарлотка, якую выпякаю ўжо, можна сказаць, з заплюшчанымі вачыма. А мама летась дужа палюбіла печаныя яблыкі. Дакладнага рэцэпту, на жаль, не прывяду. Усё заснаванае на інтуіцыі. А падрыхтоўка простая.
Яблычны пірог (шарлотка)
Рэцэпт! Яблыкі памыць, акуратна выразаць зверху паглыбленне, толькі не наскрозь!
Пакласці ў форму, наліўшы крыху вады (можна і без яе), альбо сухую засцяліць пергаментнай паперай.
Зверху ў адтуліну кожнага яблыка пакласці крыху мёду. І запякаць у духоўцы на сярэднім агні, перыядычна падглядаючы, каб плады не прыліплі і не перапякліся, бо распаўзуцца. І – смачна есці!
А нам, сябры, засталося яшчэ зірнуць, якія народныя прыкметы існавалі на гэты дзень, якую народную мудрасць занатавалі нашы продкі. І зноў найперш прагназуецца хуткае набліжэнне восені: «Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток; прыйшоў Ілля – сарваў два; прыйшоў Спас – нарваў у запас», «Другі Спас шубу прыпас». Сяляне завіхаліся на палетках, прыгаворваючы: «Спас – усім работам час».
Таму сёння і святкуйма, і працуйма! Тым больш, што дзень 19 жніўня сёлета, у адрозненне ад леташняга, не выхадны…