18.08.2019
18.08.2019

Сёння Яблычны Спас завітае да нас!

logo
Беларускі код
0 86
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адно з самых шануемых у народзе святаў – Яблычны (Другі) Спас – мы адзначаем сёння, 19 жніўня. Першы – Мядовы – памятаеце?! – адсвяткавалі 14-га.

Вернікі наведваюць храмы, каб асвяціць ураджай садавіны. І ў многіх на сталах будуць самыя розныя стравы з яблыкамі ды грушамі, якія звычайна дазваляецца есці ад Яблычнага Спаса.

Кім жа забараняецца, запытаецеся вы. Ды, зноў-такі, народнымі вераваннямі-традыцыямі. Бо здаўна лічыцца: у гэты дзень, калі праваслаўныя адзначаюць Праабражэнне Гасподняе, Бог альбо Божая Маці раздаюць на нябёсах яблыкі ўсім памерлым дзецям. А таму ці той, чыя маці ела згаданую садавіну да 19 жніўня, яблычка не дастанецца…

Але, вядома ж, як каму сябе паводзіць, кожны і вырашае сам… Толькі ў народзе нагадваюць: «Добра яблычка к Іспасу». І стараюцца пачаставаць асвечанымі ў храме пладамі блізкіх, знаёмых і нават незнаёмых, занесці на могілкі. У нашай сям’і такая традыцыя ішла яшчэ ад бабулі Ксеніі…

Яблыкі ў карзіне

На жаль, сёлета ў нас не яблычны год. Таму плады давядзецца набываць у краме альбо на базары. Затое можна сагрэцца ўспамінамі года мінулага. У тым ліку – і занатаванымі ў фотаздымках. Вось ужо дзе галіны ад яблыкаў ламіліся!

…Гэты здымак зроблены пасля таго, як ужо больш за палову сваіх пладоў дрэва скінула на зямлю! І ўсё роўна іх засталося мора. І вось летась напярэдадні Яблычнага Спасу мама нечакана сказала: «А давайце пачастуем заўтра яблыкамі суседзяў па пад’езду!»

Сказана – зроблена. Не перахопліваючы ініцыятыву, дазваляю маме ўсё зрабіць па-свойму! J Я толькі на падхваце. Знайсці падстаўку пад каробку, вынесці  на лесвічную пляцоўку… І атрымалася ў нас так:

Не-не! Яблыкі не на падлозе – пад каробкай высакаватая падстаўка. І веласіпедныя колы таксама далекавата.

Яблыкі стаяць. Мы раз-пораз выходзім у пад’езд. Усё на месцы. Ну як жа так? Ва ўсіх поўна? Ці саромеюцца? Шукаюць якісьці падвох? Нязвыкла, я згодная. І сама нават не ведаю, як бы павяла сябе  ў такой сітуацыі. Узяла б ці не? А мы ж тым часам наступную порцыю падрыхтавалі – падкласці на вольныя месцы…

Эх, а яблычкі сапраўды адборныя, сокам налітыя. І смачныя!

У рэшце рэшт, мама вырашае працэс ажывіць і, згледзеўшы чарговага суседа, выходзіць у пад’езд, каб пачаставаць з рук. Рэакцыя была самай рознай! Але заўсёды станоўчай. Усмешкі, разгубленасць, падзякі… Пачаставалі! І ў запас далі, атрымаўшы самі мора задавальнення.

Ведаеце, спадабалася! Трэба будзе яшчэ што-небудзь прыдумаць… Да якога свята ці нават без нагоды. Бо даваць сапраўды прыемней, чым браць. І гэта ведаю таксама даўно і дакладна! А калі камусьці ідэя падасца вартай пераймання, будзем рады!

шарлотка

Традыцыйнай у гэты дзень у нас бывае шарлотка, якую выпякаю ўжо, можна сказаць, з заплюшчанымі вачыма. А мама летась дужа палюбіла печаныя яблыкі. Дакладнага рэцэпту, на жаль, не прывяду. Усё заснаванае на інтуіцыі. А падрыхтоўка простая.

Яблычны пірог (шарлотка)

Рэцэпт! Яблыкі памыць, акуратна выразаць зверху паглыбленне, толькі не наскрозь!

Пакласці ў форму, наліўшы крыху вады (можна і без яе), альбо сухую засцяліць пергаментнай паперай.

Зверху ў адтуліну кожнага яблыка пакласці крыху мёду. І запякаць у духоўцы на сярэднім агні, перыядычна падглядаючы, каб плады не прыліплі і не перапякліся, бо распаўзуцца. І – смачна есці!

А нам, сябры, засталося яшчэ зірнуць, якія народныя прыкметы існавалі на гэты дзень, якую народную мудрасць занатавалі нашы продкі. І зноў найперш прагназуецца хуткае набліжэнне восені: «Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток; прыйшоў Ілля – сарваў два; прыйшоў Спас – нарваў у запас», «Другі Спас шубу прыпас». Сяляне завіхаліся на палетках, прыгаворваючы: «Спас – усім работам час».

Таму сёння і святкуйма, і працуйма! Тым больш, што дзень 19 жніўня сёлета, у адрозненне ад леташняга, не выхадны…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 86

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама