Мы з дзяцінства памятаем прымаўку: «Сняданак з'ясі сам, а вячэру аддай ворагу».
Але ў жыцці робім наадварот. І нас не палохае глыбіня сэнсу — аддай ворагу. Ворагаў звычайна знішчаюць. А калі вячэра ў нас багатая, тады як жа мы да сябе ставімся? Задумаліся?
А цяпер крыху фізіялогіі
Група даследчыкаў з American Heart Association прадставілі на 43-й штогадовай канферэнцыі, прысвечанай прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў, даныя, што пацвердзілі: штодзённы сняданак дазваляе кантраляваць апетыт і зніжае рызыку пераядання на працягу дня. Такім чынам, збалансаваная першая дзённая трапеза дазваляе на 35% знізіць рызыку атлусцення, а таксама верагоднасць развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу, хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Якім прадуктам на працягу дня мы будзем аддаваць перавагу, аб'ём і колькасць прыёмаў ежы залежаць ад нашага сняданку. Важны не толькі сам факт наяўнасці ранішняй ежы, але і час да прыёму пасля абуджэння, яе якасны і колькасны склад.
Мы ведаем, што арганізм складаецца з сістэм, сістэмы з органаў, органы з тканак, тканкі з клетак. Арганізм складаецца з трыльёнаў клетак. Кожнай клетцы і арганізму ў цэлым патрэбна энергія і пластычны (будаўнічы) матэрыял. Гэтую ролю выконвае ежа.
Для добрага самаадчування неабходна, каб фізічнае і фізіялагічнае абуджэнне арганізма, у тым ліку стрававальнай сістэмы, супадалі. Таму снедаць рэкамендуецца на працягу гадзіны пасля абуджэння.
З'едзенае ўчора было страчана падчас бадзёрасці і сну. Энергію мы актыўна трацілі ўдзень і трохі ўвечары. А пажыўныя рэчывы, як пластычны матэрыял, арганізм выдаткаваў на аднаўленне падчас начнога сну. Раніцай нам неабходна папоўніць страты вільгаці, запасы энергіі і пажыўных рэчываў.
Частка людзей не снедаюць. Гэта прыводзіць да зніжэння запасаў энергіі ў выглядзе глюкозы і глікагену.
Праз 2-3 гадзіны падае ўзровень цукру, мы адчуваем заняпад сіл і хочацца выпіць кавы ці гарбаты, каб падняць працаздольнасць. Кава-паўза звычайна суправаджаецца печывам, цукеркай, бутэрбродам, г.зн. вугляводамі. Такі перакус запусціць рэакцыю падстраўнікавай залозы і выкід інсуліну. Частка вугляводаў дае нам энергію, а частка, стымулюемых інсулінам, ператвараецца ў тлушч. Ўзровень цукру зноў падае, зніжаецца працаздольнасць.
Зноў кава- ці чайная паўза, і зноў вугляводны перакус. І ўвечары пасля вячэры мы шукаем нешта салодзенькае. Знаёма?
Прапускаючы сняданак, мы спрабуем зэканоміць калорыі. Але гэта прыводзіць да вугляводных перакусаў і бескантрольнага апетыту ўвечары. Фізіялогію не падманеш. Часты вынік — прыбаўленне вагі і пагаршэнне самаадчування.
Ёсць некалькі прычын, чаму людзі не снедаюць:
- эканомія калорый дзеля зніжэння вагі;
- хочацца больш паспаць, таму не паспяваю;
- сняданак не важны, можна ахвяраваць;
- не хачу, бо з-за багатай вячэры раніцай няма апетыту.
Многія снедаюць, але аддаюць перавагу бутэрбродам, сухім сняданкам, кашам хуткага прыгатавання, садавіне, выпечцы з кавай ці гарбатай.
Калі мы з'елі вугляводную ежу, падстраўнікавая залоза вылучае інсулін і імкнецца ліквідаваць вугляводную атаку. Гэта прыводзіць да падзення ўзроўню глюкозы ў крыві і праз гадзіну-дзве мы адчуваем недахоп энергіі, рассейваецца ўвага, падае працаздольнасць і хочацца падзарадзіцца. Рука цягнецца да вугляводаў.
Хутка падняць ўзровень глюкозы могуць толькі яны. Зноў кава, садавіна, цукеркі і г.д. Запускаецца чарговая інсулінавая рэакцыя і харчовыя паводзіны паўтараюцца. А ўвечары з’ядаем больш, чым патрабуецца.
Сіла волі дапаможа на кароткі час, але фізіялогію не падманеш. Раней ці пазней мы зрываемся і за год незаўважна набіраем 5-7 кг. Ранішняя высокавугляводная ежа — гэта сучасная пастка.
Раніцай арганізму трэба аднавіць страту вільгаці і энергіі, дастатковую колькасць пажыўных рэчываў і захаваць спакойную рэакцыю падстраўнікавай залозы на ежу, каб не выклікаць рэзкіх скачкоў цукру.
Крытэрыі здаровага сняданку:
- шклянка вады пасля сну,
- 20-25% ад сутачнай каларыйнасці,
- збалансаваны склад па вітамінах і мікраэлементах,
- бялкі, павольныя вугляводы і клятчатка, што не выклікае рэзкіх ваганняў ўзроўню глюкозы ў крыві.
Усім хочацца быць здаровымі, актыўнымі, стройнымі. Прымаем за аксіёму, што наяўнасць і якасць сняданку ўплывае на самаадчуванне і на фігуру. Мы самі арганізуем сваё харчаванне. Таму выбар за намі!
Аладкі на сняданак. Топ-4 простых рэцэпта ад кулінарнага блогера