02.06.2021
02.06.2021

Чаму ўсё шкоднае такое… смачнае?! :) Сёння – Дзень здаровага харчавання

logo
Думкі ўслых
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Так, з панядзелка абавязкова буду абмяжоўваць сябе ў ежы! А ў выхадныя яшчэ шашлычок… і вось гэты торцік…», «Ой, і так усё дрэнна-дрэнна… А калі яшчэ і не паесці як след...», «А чаму ўсё шкоднае такое… смачнае?!» І такія думкі турбуюць ледзь не штодня, асабліва сёння, 2 чэрвеня, у Дзень здаровага харчавання і адмовы ад празмернасці ў ежы! 🙂

Здаровае харчаванне. Выбіраем правільныя прадукты.

Ну праўда ж, нам гэта знаёмае?! 🙂 І такое… часта ўжывальнае… І калі мы спахопліваемся, што добра было б ужо есці паменей, а то і зусім заклеіць рот… Дык часцяком не таму, што хочам паздаравець, ці не так? Мы хочам прыгожую фігуру, ці ўлезці нарэшце ў свой памер вопраткі, ці каб каханы на руках насіў часцей, а не стагнаў, як цяжка… 🙂

І толькі калі падключаюцца вялікія праблемы са здароўем у выглядзе сардэчна-сасудзістых захворванняў, цукровага дыябету, задышкі ды іншага, тады неабходнасць паздаравець з дапамогай правільнага харчавання выходзіць наперад.

Але тут ужо мы хапаемся за розныя дыеты – знойдзеныя ў сеціве, якія параіла сяброўка, ці рэкламуюць знакамітасці. А ў выніку… Магчыма, напачатку штосьці і зменіцца. Але як толькі з дыеты «злазім»… Прывітанне, кілаграмы! А вы адкуль зноўку да мяне?!

Здаровае харчаванне. Чаму дыеты не працуюць.

Бо не толькі ж у харчаванні справа. І ў адсутнасці фізічнай актыўнасці таксама. І я зараз не кажу нават пра трэнажорную залу. Самая звычайная актыўнасць у выглядзе ранішняй гімнастыкі альбо штодзённай гадзіннай прагулкі па ваколіцах… Дзе яна? Няма. А ёсць толькі праца-праца-праца… Сіднем на камп’ютарным крэсле… Цэлымі днямі… Ой… 🙁

І нават калі бярэшся за харчаванне, стараешся абмяжоўваць сябе ў салодкім, тлустым і г.д. Без фізічнай актыўнасці кілаграмы нікуды не падзенуцца. І наадварот. Займіся тымі ж прагулкамі, але пры гэтым з тым жа харчаваннем. Не-а… Нічога не атрымаецца. Праверана!

І ў сувязі з гэтым я зноўку прыгадваю выданне аўтарства беларуска-расійскіх герантолагаў Андрэя Ільніцкага і Кірыла Прашчаева «Працяг будзе. Кніга пра ўзрост», у якой, апроч іншага, у вельмі даходлівай форме распавядаецца пра гэтую сувязь – харчавання і фізічнай актыўнасці.

Здаровае харчаванне. Плюс фізічная актыўнасць.

А таксама прыгадваюцца ўласныя інтэрв’ю з Кірылам Прашчаевым, змешчаныя на нашым партале тут, тут і тут. І хаця яны пераважна тычацца сталага і старэчага ўзросту… Але парады там сапраўды ўніверсальныя, якія падыходзяць для ўсіх.

І калі пачытаць удумліва і ўважліва… І штосьці ўзяць сабе за аснову... Напрыклад, есці ў неабходнай колькасці рыбу альбо гародніну з садавіной… Справа сапраўды пойдзе. Толькі, як трапна напісала літаральна днямі мая сяброўка, прачытаўшы на нашым партале матэрыял журналіста Валянціны Мохар пра шкоднасць для здароўя розных дыетаў, а тады маю параду перачытаць інтэрв’ю з Кірылам Прашчаевым: «Галоўнае – выкарыстоўваць веды, а гэта складаней за ўсё».

Пагаджуся на ўсе 100%! Бо большасць карысных намераў так і застаюцца менавіта намерамі, калі няма стымулу, каб увасобіць іх у жыццё. Ці папросту лянуешся штосьці мяняць… Альбо… ёсць вялікая праблема з набыццём таго ці іншага.

Здаровае харчаванне. Выбіраем садавіну і гародніну.

Вось пра сябе раскажу. Што тычыцца абмежавання солі і цукру, пра якія чытаем у кнізе Андрэя Ільніцкага і Кірыла Прашчаева, а таксама ў інтэрв’ю… Пасыл – соль і цукар сучасны чалавек атрымлівае з іншых прадуктаў, набытых у краме ці на рынку, а таму не трэба штучна падсалоджваць-падсольваць яшчэ больш.

Што тычыцца цукру, як пісала ўжо, дык я яго даўно ўжо абмежавала. Зусім без цукру, праўда, гарбату-каву піць не магу. Але і доза невялічкая зараз: палову чайнай лыжачкі нават на вялікі кубак. Інфармацыя з «Кнігі пра ўзрост»: «СААЗ раіць ужываць не больш за 12 чайных лыжак цукру ў дзень».

І таблічка там жа цікавая, пра ўтрыманне цукру. Напрыклад, у 330 мл халоднай гарбаты ў бутэльцы яго – 7 ч.л., у такой жа колькасці напою, прыгатаванага з сухіх сумесяў, – 9,5 ч.л, у фруктовым соку – ужо 10 ч.л. Як кажуць, выпіў 330 мл чагосьці з гэтага ці падобнага – і дзень вольны! 🙂 Больш цукру не спажываць.

Здаровае харчаванне. Колькасць цукру ў куплёных напоях.

Але такога я даўно не п’ю. Таму максімум, што атрымліваецца ў мяне, 5 разоў па 0,5 ч.л. – 2,5 ч.л. А СААЗ дазваляе 12. 🙂 А што ў вас, шаноўныя сябры?!

Соль таксама цалкам прыбраць яшчэ не магу, бо нясмачна. Як і зусім замяняць яе прыправамі. Але крокі ў гэтым накірунку таксама раблю. Падсольваю стравы меней. А штосьці накшталт запечаных у сваім соку курыных сцёгнаў альбо карпа порцыямі, дык больш сапраўды не падсольваю, толькі прыправы з соллю. І нармалёва. Справа прывычкі, сапраўды. Але кантраляваць сябе ўсё яшчэ трэба. 🙂 За 2,5 месяца яшчэ не зусім прывыкла.

Рыба… Якой трэба спажываць шмат… Рыбу я люблю, розную. І мне карп не пахне цінай, а мойва – яшчэ нечым. 🙂 Бяда ў тым, што свежага карпа не заўсёды прывозяць, а свежамарожная рыба ў крамах нашага гарадка, асабліва сеткавых… Даўно згубіла пачатак «свежа-». І нават на першы погляд бачна, што размарожвалі-замарожвалі яе не раз… Эх! А так хочацца стэйк з ласося прыгатаваць!

Здаровае харчаванне. Стэйк з ласося.

Гародніна… Якая павінна пераважаць над садавіной (пра колькасць спецыяльна не паўтараю, усё ёсць у інтэрв’ю!). З гэтым больш-менш парадак, за выключэннем свежых агуркоў і памідораў. Першыя часцяком у продажы НЕ свежыя. Другія – няспелыя плюс маюць выразна бачныя дзірачкі ад праколаў… І што туды закачваюць, каб яны лепей выспявалі?! 🙁

А вось са свежай садавіной, а дакладней – з фруктамі… Бяда зноў у нашым гандлі. Аднымі яблыкамі харчавацца не будзеш. Ды і тыя маюць прыкметы «кансервавання», хаця я люблю менавіта такія – польскія, цвёрдыя. Усе астатнія фрукты – яшчэ паспрабуй выбраць. Ды і не выбіраеш сам у крамах, а што табе ў пакет змесцяць, тое дахаты і прынясеш. А там – сюрпрайз… Непрыемны… 🙁

І вось чым хочаш, тым і харчуйся. Яшчэ колькі гадоў таму шмат чаго вырошчвалася на лецішчы, і праблемаў мы не мелі. А зараз… Зараз другі год нас затаплівае да воднай гладзі над усім участкам на месяцы. 🙁

Што яшчэ цягам апошніх 2,5 месяца ўвяла ў харчаванне пасля размовы пра рэзіліенс-харчаванне? Пра- і прэбіётыкі – у выглядзе ёгуртаў, кефіру «Агурок з кропам», айрану… Падабаецца, і страўнік адчувальна ўдзячны… А чыстую ваду на працягу дня п’ю ўжо даўно. Прывыкла…

Здаровае харчаванне. Прабіётыкі.

Дык чым мы сёння будзем адзначаць Дзень здаровага харчавання, а галоўнае – адмовы ад празмернасці ў ежы, сябры?! Толькі ж не багата накрытым сталом! 🙂 Крэатыву ўсім, а галоўнае – настойлівасці ў дасягненні мэты! І, прабачце, чароўнага пендзеля – таму, хто мае ў ім патрэбу! 🙂 Адсылаю!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".