11.05.2017
11.05.2017

«Пачакуны» губляюць час. Бясплоднасць сама не пройдзе

logo
Цяжарнасць i роды
0 109
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кожная чацвёртая сям'я ў Беларусі не мае дзяцей. Паводле звестак медыкаў, каля 16% шлюбных пар у нашай краіне сутыкнуліся з праблемай бясплоднасці.

Сухія лічбы статыстыкі хаваюць жывыя чалавечыя лёсы: боль, адчай, страту надзеі. Часта ўсё не так дрэнна, як здаецца. Медыцына не стаіць на месцы. Важна ў нейкі момант пазбавіцца ад забабонаў і ляноты. І проста даверыцца ўрачу.

У чым прычыны, як лечыцца жаночая бясплоднасць і ці можна праводзіць прафілактыку гэтага парушэння? Пра гэта Слушна спытал ў Алы Камлюк, загадчыцы аддзялення планавання сям'і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій РНПЦ «Маці і дзіця».

Ала Камлюк:

На прыём да ўрача звярнулася пара. Віталік і Наташа – маладая сучасная беларуская сям'я. Ажаніўшыся ў 25, з нашчадкамі вырашылі не спяшацца. Спачатку мэтай было павышэнне на працы, пабудова кватэры ... Як кажуць многія, «пажыць для сябе». У 30 задумаліся аб папаўненні. Два гады беспаспяховых спробаў настолькі абвострылі адносіны паміж мужам і жонкай, што сям'я была на мяжы разводу. І толькі гэтыя абставіны вымусілі пару даверыцца медыкам. У данай сітуацыі ўсё скончылася добра. У Наталлі выявілі паліп эндаметрыю. Пасля яго выдалення жанчына зацяжарыла праз 3 месяцы. Ці варта было цягнуць са зваротам да ўрача? Маса прамарнаваных нерваў і слёз.

Бясплоднасць – няздольнасць пары дзетароднага ўзросту зачаць дзіця пры ўмове рэгулярнага палавога жыцця (у сярэднім 2 разы на тыдзень) без засцярогі на працягу года і больш. Дакладная колькасць бясплодных пар у нашай рэспубліцы невядомая. Паводле перапісу 2009 года, кожная чацвёртая сям'я ў Беларусі на той перыяд не мела дзяцей.

Ала Камлюк:

Штогод у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця» звяртаюцца каля 40 тысяч пацыентаў, 10 тысячам з іх выстаўляецца дыягназ «бясплоднасць». Сёння тэндэнцыі такія, што бясплоднасць стала перамяшчацца ў бок мужчынскага фактару. Калі раней прычыны былі пераважна жаночыя, то цяпер яны амаль роўныя: у 40% выпадкаў "загваздка" крыецца ў жаночым арганізме, у 30% – у мужчынскім, астатнія 30% – спалучэнне прычын.

Фактары наступлення цяжарнасці:

  • наяўнасць палавога кантакту (у сярэднім нормай лічыцца перыядычнасць 2 разы на тыдзень, і абавязкова ў спрыяльны для зачацця перыяд падчас авуляцыі);
  • нармальны сперматагенез і добрая сперма ў мужчыны (без камячкоў і слізі, белага ці шэравата-белага колеру, не надта вязкая, з дастатковай колькасцю сперматазоідаў (не менш за 10-20 млн на 1 мілілітр спермы), вялікая частка з іх павінна быць рухомымі);
  • наяўнасць авуляцыі ў жанчыны;
  • здаровыя праходныя матачныя трубы;
  • адсутнасць утварэнняў у матцы.

Авуляцыя – выxад саспелай яйкаклeткі з яечнікa. У норме яна бывае ў сярэдзіне мeнcтpуaльнага цыклa (зa 14 дзён да пачатку мeнcтpуaцыі). Бываюць адхіленні ў сувязі з індывідуальнымі асаблівасцямі арганізма жанчыны.

 Што прыводзіць да жаночай бясплоднасці?

  • Эндакрынныя праблемы. Напрыклад, парушэнне авуляцыі (саспяванне яйкаклеткі, яе нараджэнне і апладненне). Уся дзетародная функцыя грунтуецца на гарманальнай стымуляцыі функцыі яечнікаў. Важна ўсё: як яны заклаліся ў перыяд унутрывантробнага развіцця дзяўчынкі), ці добрыя яйкаклеткі нараджаюцца. Не кожная авуляцыя абазначае, што абавязкова наступіць цяжарнасць. У прыродзе пастаянна працуе натуральны адбор. З 100 авуляцый цяжарнасць магчымая толькі ў 16%. З эндакрыннай паталогіяй звязана і ўзнікненне эндаметрыёзу.
  • Эндаметрыёз. Гэта хвароба, пры якой слізістая абалонка поласці маткі (эндаметрый) знаходзіцца ў розных месцах жаночага арганізма, часцей – на брушыне. Больш за палову выпадкаў бясплоднасці (а па некаторых даных да 75%) звязаны з гэтым захворваннем.
  • Запаленчыя працэсы. Раней кожная трэцяя жанчына ў краіне з бясплоднасцю была пасля аборту. Сёння карціна зусім іншая. Пасля нейкай невялікай інфекцыі, перанесенай у падлеткавым узросце, можна «атрымаць» праблемы з трубамі.
  • Псіхалагічныя блокі. Часам цяжарнасць не наступае на фоне поўнага здароўя з-за напружанасці, пастаяннага стрэсу, сваіх унутраных перакананняў.
  • Асаблівасці фізіялогіі. Бывае, падчас абследавання высвятляецца, што ў жанчыны адсутнічаюць матачныя трубы, яечнікі ці матка. У такім выпадку медыкі прапануюць звярнуцца да дапаможных метадаў рэпрадукцыі. А калі сядзець у такой сітуацыі дома і чакаць цуду?
  • Спалучэнне некалькіх фактараў.

3 месяцы – і прычына «на руках»

Сёння разабрацца з прычынамі бясплоднасці ўрачам не цяжка. За 3-4 месяцы вам выставяць дыягназ і прапануюць метады лячэння.

Больш не трэба мераць базальную тэмпературу. Падлічыць дзень авуляцыі, праверыць стан труб, яечнікаў, маткі можна пры дапамозе УГД органаў малога таза. У «абавязковай праграме» таксама аналізы на інфекцыі, бактэрыялагічныя пасевы на похвенную флору.

Можа спатрэбіцца праверка труб з дапамогай гістэрасальпінгаграфіі ці лапараскапіі.

Магчыма, паралельна прызначаць кансультацыі і ў іншых спецыялістаў: тэрапеўта, эндакрынолага і інш.

Пра якасць сперматагенезу ў мужчыны ўрачы даведаюцца пасля аналізу эякулята.

Метады лячэння бясплоднасці

  • Кансерватыўныя (медыкаментозныя). Жанчынам лечаць эндаметрыёз, стымулююць авуляцыю. Мужчынам лекамі паляпшаюць сперматагенез.
  • Хірургічныя – патрабуецца, калі трэба ліквідаваць непраходнасць матачных труб, выдаліць новаўтварэнне: з маткі – паліпы ці міёму, з яечніка – кісту і інш.
  • Метады дапаможнай рэпрадукцыі (ЭКА, інсемінацыя спермай мужа ці донара, сурагатнае мацярынства). Калі на працягу 2 гадоў лячэнне будзе беспаспяховым ці шанец натуральнай цяжарнасці ўрачы ацэняць, як мінімальны, пары прапануюць звярнуцца да менш традыцыйных спосабаў зачацця.

Шануйся замалада – не напаткае бяда

Што ж можна зрабіць, каб знізіць рызыку развіцця бясплоднасці?

  • Рэгулярна праходзіць агляды ў гінеколага. Культуру прафілактычнага наведвання ўрача добра б прывіваць дзяўчынкам з ранняга ўзросту. З 14 гадоў наведванне доктара павінна стаць штогадовым мерапрыемствам. Колькіх праблем можна было б пазбегнуць у будучыні! Дарослай жанчыне таксама рэкамендуюць паказвацца на прафілактычны агляд раз на год. Нават калі не хочацца, няма часу і нічога не турбуе.
  • Сцерагчыся выпадковых сувязей. Варта памятаць і ніколі не забываць выкарыстоўваць метады бар'ернай кантрацэпцыі (прэзерватыў, сперміцыдныя сродкі (гелі, спрэі, вагінальныя таблеткі і супазіторыі), цэрвікальны каўпачок, дыяфрагму).
  • Планаваць цяжарнасць. Вядома, прыемна, калі першакрасавіцкі жарт пераўтвараецца ў навагодні сюрпрыз, які агукае. Але ўсё ж лепш паставіцца да пытання з'яўлення дзіцяці ў сям'і адказна. Звярнуцца да ўрача: здаць аналізы на інфекцыі, пераканацца, што няма запаленняў ці ўтварэнняў, мужчыне здаць спермаграмму. Гэта не проста нудныя і непатрэбныя працэдуры: своечасова выяўленыя і пралечаныя «няспраўнасці» дапамогуць не толькі зацяжарыць, але і вынашваць малыша з найменшымі стрэсамі.
  • Весці максімальна здаровы лад жыцця. Старайцеся больш рухацца, часцей бываць на свежым паветры, сярод дрэў, за горадам, выбіраць экалагічныя і карысныя прадукты, шукаць пазітыў і пазбягаць хранічнага перанапружання. Экалогія ўплывае на зачацце. Паводле даных розных даследчыкаў, у вялікіх гарадах да 30% праблем з надыходам цяжарнасці і яе ўскладненнямі звязана з забруджаным навакольным асяроддзем, шкоднымі рэчывамі ў ежы і вадзе.

Ала Камлюк:

Некаторыя сёння так думаюць: пажэнімся, пераробім усе свае справы, а гадоў праз 5-6 будзем планаваць дзіця. А калі не атрымаецца адразу? Лічу, гэта не зусім правільна. Трэба памятаць, што дзетародны ўзрост абмежаваны. Асабліва ў жанчын. Па крытэрыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя найлепшы ўзрост для наступлення першай цяжарнасці ў жанчыны – да 27 гадоў. А аптымальны тэрмін для аднаўлення пасля родаў – 4 гады. А калі пара хацела б некалькіх дзяцей? Трэба планаваць гэты час. Пасля 42 гадоў частата наступлення цяжарнасці зніжаецца ў разы. А вось рызыка ўзнікнення ўскладненняў вельмі высокая.

Калі пасля года актыўнага палавога жыцця без засцярогі цяжарнасць не наступіла – трэба паказацца ўрачу.

Ня будзьце «пачакунамі», тыя, хто спадзяецца на тое, што праблемы са здароўем знікнуць без медыцынскай дапамогі. Часам тое, што мучыць і выклікае напружанне ў сям'і шмат гадоў, вырашаецца ўсяго за некалькі візітаў да ўрача. А часам прамаруджанне каштуе занадта дорага.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 109

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.