Гіпакрат казаў: «Урач лечыць – прырода вылечвае». Гэтае сцвярджэнне актуальна і па сёння. Як бы далёка ні ступіла медыцына, яна нязменна бярэ сабе ў саюзнікі матухну-прыроду. Так, адным з галоўных натуральных лекаў была і застаецца вада. Яна валодае ўнікальнымі фізічнымі ўласцівасцямі, якія не толькі дапамагаюць у самыя кароткія тэрміны аднавіцца пасля хваробы, але часам нават пазбегнуць захворвання.
Вонкавае ўжыванне прэснай вады ў выглядзе ваннаў, душаў, абліванняў, абціранняў, ухутванняў у лячэбных і прафілактычных мэтах называюць гідратэрапіяй. Пра гаючую сілу вады «Слушна» распавяла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Дыяна Пратасевіч.
Самымі папулярнымі відамі лячэбных водных працэдур з'яўляюцца ванна і душ.
Лячэбныя ванны
Нішто так не супакойвае і не настройвае на добры лад, як расслабляльная цёплая ванна. З дадаваннем розных лекавых рэчываў яна не толькі дорыць супакаенне і добры настрой, але і дабратворна ўплывае на арганізм.
Ванны на мінеральнай і тэрмальнай вадзе аказваюць заспакаяльнае і агульнаўмацавальнае дзеянне. Яны паказаны людзям з захворваннямі апорна-рухальнага апарата і пазваночніка.
Жамчужная ванна (атрымала сваю назву з-за прымянення сціснутых бурбалак паветра) паказаная пацыентам з захворваннямі нервовай сістэмы, а таксама пры болях і неўрозах. Яна аказвае заспакаяльнае, расслабляльнае дзеянне, паляпшае кровазабеспячэнне органаў і тканак, зніжае артэрыяльны ціск, памяншае нагрузку на сэрца.
Эфект віхравых ваннаў (вядомых таксама як джакузі) дасягаецца за кошт руху вады асаблівай тэмпературы, якая аказвае расслабляльнае і масажнае ўздзеянне, паляпшае кровазварот, мікрацыркуляцыю.
Механічнае ўздзеянне ўзмацняецца пры выкарыстанні гідрамасажных ваннаў, якія аснашчаны не толькі паветранымі, воднымі струменямі і патокамі, але і рознымі вірамі, гейзерамі, магнітнымі палямі, якія пульсуюць. Дзеянне магутных струменяў стымулюе і надае тонус тканінам і мышцам, выклікае пашырэнне крывяносных сасудаў скуры. Гэта спрыяе актывізацыі працэсаў кровазвароту, абмену рэчываў. Дзякуючы гідрамасажным ваннам можна лёгка развітацца з лішнімі кілаграмамі.
Лячэбны душ
Прынцып дзеяння лячэбнага душа заключаецца ў тым, што вада, стукаючыся аб цела, выклікае кароткачасовую перыядычную дэфармацыю розных участкаў скуры, раздражняючы тым самым механа- і тэрмарэцэптары.
Па інтэнсіўнасці механічнага ўздзеяння струменю вылучаюць душы:
- пылавы;
- дажджавы;
- ігольчасты;
- цыркулярны;
- веерны;
- душ Вішы;
- струменевыя віды душа;
- падводны душ-масаж.
Купанне па правілах
Варта адзначыць, што дамагчыся рэальнай і адчувальнай карысці для здароўя ад гідратэрапіі можна толькі пры захоўванні асноўных прынцыпаў правядзення лячэбных і прафілактычных працэдур.
Што мае значэнне?
- Курс працэдур
Калі праводзіць сеансы гідратэрапіі «наскокамі», эфекту чакаць не варта. Больш за тое, адна прапушчаная працэдура можа абясцэніць усе раней праведзеныя.
У залежнасці ад рэкамендацый урача курс водалячэння можа складаць ад 10 да 20 працэдур.
- Вызначаны час
Паколькі гідрапрацэдуры валодаюць як танізавальным, так і расслабляльным дзеяннем, важна правільна падбіраць час іх правядзення.
Расслабляльныя лепш праводзіць незадоўга да сну, ён будзе больш глыбокім і моцным, а танізавальныя – з раніцы.
Перапынак паміж апошнім прыёмам ежы і сеансам гідратэрапіі павінен быць не менш за гадзіну.
Ад працэдур лепш устрымацца пасля моцных эмацыйных і фізічных нагрузак.
- Працягласць
Хвіліны таксама маюць значэнне. Пры пэўнай працягласці сеанса ствараецца як станоўчае, так і адмоўнае ўздзеянне на арганізм.
Працягласць сеансу гідратэрапіі павінен вызначыць кваліфікаваны ўрач-фізіятэрапеўт.
- Спакой і добры настрой
Гэта трэба для таго, каб арганізм засяродзіў свае сілы на рэакцыі ў адказ на ўздзеянне вады. Нішто не павінна замінаць, адцягваць увагу або дастаўляць дыскамфорт. Важна разумець, што любая працэдура – гэта стрэс для арганізма. Таму спакой і добры настрой падчас і пасля сеансу дазволіць дасягнуць найбольшага лячэбнага эфекту.
Супрацьпаказанні да гідратэрапіі
Паколькі вада аказвае магутнае ўздзеянне на органы і сістэмы чалавека, пры некаторых станах гідратэрапія можа быць супрацьпаказаная. Да абсалютных супрацьпаказанняў адносяцца:
- вострыя запаленчыя захворванні або абвастрэнне хранічных захворванняў унутраных органаў;
- рэцыдывавальны тромбафлебіт;
- мокнучыя дэрматыты;
- анкалогія;
- інфекцыйныя захворванні.
Акрамя таго, урач-фізіятэрапеўт у кожным канкрэтным выпадку можа карэктаваць або зусім не рэкамендаваць курс водалячэння.
Кансультацыя кваліфікаванага спецыяліста таксама неабходная перад правядзеннем сеансаў гідратэрапіі ў хатніх умовах. У адваротным выпадку замест лячэбнага можна атрымаць адваротны эфект. Напрыклад, ванны са шкіпінарам выдатна дапамагаюць пры артрозе, але пры гэтым небяспечныя апёкамі, калі няправільна іх рыхтаваць і праводзіць.
Больш падрабязна пра разнавіднасці гідратэрапіі, а таксама пра тое, якія сеансы водалячэння можна праводзіць у хатніх умовах і як гэта правільна рабіць, мы пагаворым у наступных матэрыялах.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by