Калі на скуры раптам з'яўляюцца пузыркі і пачырваненне, частка беларусаў ідзе ў аптэку з просьбай даць «штосьці ад алергіі». Іншыя ж «нагугліваюць» сабе і дыягназ, і варыянты лячэння. Праблема толькі ў тым, што гэтыя самыя пузыркі, якія для абывацеля выглядаюць прыкладна аднолькава, насамрэч з'яўляюцца прыкметай зусім розных захворванняў, аб'яднаных у групу везікулёзных дэрматозаў.
Прычыны такіх высыпанняў розныя. Гэтак жа, як і лячэнне. А паставіць дыягназ па фота часам не зможа нават дасведчаны ўрач! Іншая распаўсюджаная праблема – напісана ў інтэрнэце быццам бы ўсё дакладна, але пра нюансы менавіта вашай сітуацыі ніхто там не раскажа. А іх можа быць вельмі шмат. І тычацца яны нават такога распаўсюджанага захворвання, як атапічны дэрматыт.
Што такое везікулёзныя дэрматозы і як яны выяўляюцца? Чаму інфармацыю, якую вы прачыталі ў інтэрнэце, трэба абавязкова звяраць з урачом? Як часта наведваць дэрматолага і чаму непажадана мяняць спецыяліста? Чаму выпісаныя ўрачом дарагія крэмы «не дапамагаюць»? Пра гэта журналісту Слушна распавялі дэрматолагі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар».
Пузыркі аднолькавыя. Прычыны – розныя
Да групы везікулёзных дэрматозаў можна аднесці многія скурныя захворванні запаленчага характару, якія выклікаюцца рознымі прычынамі, але пры гэтым суправаджаюцца высыпаннем пузыркоў на скуры. Найбольш тыповыя прадстаўнікі гэтай групы: экзэма, алергічны дэрматыт, потніца, дысгідроз, дысгідратычная экзэма, просты герпес, апяразваючы герпес (лішай). Вядома, аднолькавымі гэтыя пузыркі выглядаюць толькі для неспецыялістаў.
Захворванне | Прычыны (этыялогія) | Праявы (клініка) |
Экзэма | Эндагенныя (унутраныя): любое ўнутранае захворванне, змены паказчыкаў крыві, траўмы... Словам, усё, што можа прывесці да стрэсу і запуску аўтаімунных працэсаў. Экзагенныя (знешнія) фактары: бытавая хімія, расліны, кантакты з раздражняльнымі вадкасцямі, жывёламі, фарба для валасоў. Экзэма можа быць набытай. | Палімарфізм (розны характар) высыпанняў: пузыркі, пачырваненні, ацёк ды інш. Высыпанні сіметрычныя, часцей на адкрытых участках скуры, суправаджаюцца свербам. |
Алергічны дэрматыт | Кантакт скуры з хімікатамі, лекавымі сродкамі, бытавой хіміяй, раслінамі, касметыкай, прыём антыбіётыкаў. | Ацёк, гіперэмія, пузырковыя высыпанні, схільнасць да групоўкі, сверб, паленне |
Потніца | Узмоцненае выдзяленне поту і запаволенае яго выпарэнне (перагрэў, высокая тэмпература паветра або занадта цёплая, сінтэтычная вопратка). | Пузыркі 1-2 мм з празрыстай вадкасцю (спіна, шыя, канечнасці). |
Дысгідроз | Парушэнне потавыдзялення на фоне нервова-эндакрынных зменаў, стрэсу (часцей бывае ўвесну, улетку). | Пузыркі на далонях, падэшвах ступняў, часам на зваротнай паверхні кісцей. Могуць быць сверб, боль. Новыя пузыркі не з'яўляюцца. Доўжыцца да 10 дзён. |
Дысгідратычная экзэма | Кантакт з алергенамі (часта ў людзей, якія працуюць з металам, дрэвам, хімікатамі) + моцны стрэс. | Востры пачатак пасля нервовых узрушэнняў, кантакту з раздражняльнымі рэчывамі. Скура азызлая, гіперамаваная. Пузыркі пастаянна павялічваюцца, можа далучыцца другасная інфекцыя. Боль, сверб, паленне. |
Просты герпес | Вірус простага герпесу (I і II тып), пераахаладжэнне, ліхаманка, траўма, парушэнне працы СКТ, стрэс. | Скура чырвоная, азызлая. Пузыркі згрупаваныя, іх змесціва празрыстае. |
Апяразваючы герпес (лішай) | Зніжэнне імуннай абароны да віруснай інфекцыі. Узнікае на фоне віруса, ідэнтычнага вірусу вятранкі. | Група больш буйных пузыркоў на счырванелай скуры на адным баку грудзей, жывата, паясніцы, плячэй, патыліцы, галаве. Агульнае недамаганне. |
Атапічны дэрматыт. Важныя нюансы
Дайсці ўсё ж такі да дэрматолага рэкамендуюць і па іншай прычыне. Сайтаў з прафесійнай інфармацыяй цяпер шмат. Магчыма, вы зможаце выставіць сабе ці дзіцяці дакладны дыягназ і нават выкажаце здагадку пра лячэнне. Але падводныя камяні ўсё ж ёсць: дазіроўка, працягласць, а таксама невялікія нюансы, пра якія можа ведаць толькі спецыяліст.
Напрыклад, падыходы да лячэння такога распаўсюджанага сярод дзетак захворвання, як атапічны дэрматыт, за апошнія гады кардынальна змяніліся. Калі раней лічылася, што такога малыша трэба абавязкова саджаць на строгую дыету, пры гэтым не купацца ў перыяд абвастрэння, дык цяпер гэтыя абмежаванні знятыя. Дарэчы, падыходзіць гэтая інфармацыя і для дарослых. Сярод тых, хто пакутуе ад атапічнага дэрматыту, іх каля 1-2%.
Эмаліенты? Не, не чулі
Базавай тэрапіяй у лячэнні атапічнага дэрматыту лічаць прымяненне спецыяльных змякчальных сродкаў – эмаліентаў. Яны ўвільгатняюць скуру, аднаўляюць яе бар'ерную функцыю, значна падаўжаюць рэмісію захворвання, павышаюць эфектыўнасць супрацьзапаленчай тэрапіі, ліквідуюць сверб. Аднак урачы сутыкаюцца з тым, што мала хто з бацькоў ведае пра існаванне такіх касметычных сродкаў. Яшчэ меней – пра тое, як імі граматна карыстацца.
Пры наяўнасці хранічных скурных захворванняў дэрматолагі рэкамендуюць звяртацца па кансультацыю кожныя паўгода. І абавязкова – у перыяд абвастрэння. Бо толькі прафесіянал можа разабрацца ва ўсіх тонкасцях скурных высыпанняў. «Гуглу» такая задача не пад сілу!