25.02.2020
25.02.2020

«Змагалася з алергіяй... ёдам». Чаму скурныя хваробы небяспечна лячыць у «гугле»

logo
Здароўе дарослых
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі на скуры раптам з'яўляюцца пузыркі і пачырваненне, частка беларусаў ідзе ў аптэку з просьбай даць «штосьці ад алергіі». Іншыя ж «нагугліваюць» сабе і дыягназ, і варыянты лячэння. Праблема толькі ў тым, што гэтыя самыя пузыркі, якія для абывацеля выглядаюць прыкладна аднолькава, насамрэч з'яўляюцца прыкметай зусім розных захворванняў, аб'яднаных у групу везікулёзных дэрматозаў.

Прычыны такіх высыпанняў розныя. Гэтак жа, як і лячэнне. А паставіць дыягназ па фота часам не зможа нават дасведчаны ўрач! Іншая распаўсюджаная праблема – напісана ў інтэрнэце быццам бы ўсё дакладна, але пра нюансы менавіта вашай сітуацыі ніхто там не раскажа. А іх можа быць вельмі шмат. І тычацца яны нават такога распаўсюджанага захворвання, як атапічны дэрматыт.

Дерматоз. Дерматит. Высыпания на руках.

Што такое везікулёзныя дэрматозы і як яны выяўляюцца? Чаму інфармацыю, якую вы прачыталі ў інтэрнэце, трэба абавязкова звяраць з урачом? Як часта наведваць дэрматолага і чаму непажадана мяняць спецыяліста? Чаму выпісаныя ўрачом дарагія крэмы «не дапамагаюць»? Пра гэта журналісту Слушна распавялі дэрматолагі медыцынскага цэнтра «Любімы доктар».

Пузыркі аднолькавыя. Прычыны – розныя

Да групы везікулёзных дэрматозаў можна аднесці многія скурныя захворванні запаленчага характару, якія выклікаюцца рознымі прычынамі, але пры гэтым суправаджаюцца высыпаннем пузыркоў на скуры. Найбольш тыповыя прадстаўнікі гэтай групы: экзэма, алергічны дэрматыт, потніца, дысгідроз, дысгідратычная экзэма, просты герпес, апяразваючы герпес (лішай). Вядома, аднолькавымі гэтыя пузыркі выглядаюць толькі для неспецыялістаў.

Везикулезный дерматоз. Высыпания.

 
Інэса Скрыганава
Дэрматолаг медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Нядаўна па дапамогу звярнулася жанчына: «Доктар, у мяне лішай, і ён распаўсюджваецца!» Пры аглядзе высветлілася, што пузырковыя высыпанні сапраўды назіраліся ўжо практычна па ўсёй паверхні цела. Пры гэтым яны былі шчодра змазаныя ёдам. Аднак ніякага лішая ў пацыенткі не было. Высыпанні справакаваў алергічны дэрматыт, а ёд пагоршыў сітуацыю, паколькі раздражняў скуру. Ставіць сабе дыягназы ў выпадку везікулёзных дэрматозаў (ды і ў любым выпадку!) – справа небяспечная. Многія хваробы зараз маюць атыповае або сцёртае цячэнне. І нават калі ўрача просяць ацаніць стан скуры па фота, гэта цягне за сабой памылку. Лепей паглядзець асабіста.
Захворванне Прычыны (этыялогія) Праявы (клініка)
Экзэма Эндагенныя (унутраныя): любое ўнутранае захворванне, змены паказчыкаў крыві, траўмы... Словам, усё, што можа прывесці да стрэсу і запуску аўтаімунных працэсаў. Экзагенныя (знешнія) фактары: бытавая хімія, расліны, кантакты з раздражняльнымі вадкасцямі, жывёламі, фарба для валасоў. Экзэма можа быць набытай. Палімарфізм (розны характар) высыпанняў: пузыркі, пачырваненні, ацёк ды інш. Высыпанні сіметрычныя, часцей на адкрытых участках скуры, суправаджаюцца свербам.
Алергічны дэрматыт Кантакт скуры з хімікатамі, лекавымі сродкамі, бытавой хіміяй, раслінамі, касметыкай, прыём антыбіётыкаў. Ацёк, гіперэмія, пузырковыя высыпанні, схільнасць да групоўкі, сверб, паленне
Потніца Узмоцненае выдзяленне поту і запаволенае яго выпарэнне (перагрэў, высокая тэмпература паветра або занадта цёплая, сінтэтычная вопратка). Пузыркі 1-2 мм з празрыстай вадкасцю (спіна, шыя, канечнасці).
Дысгідроз Парушэнне потавыдзялення на фоне нервова-эндакрынных зменаў, стрэсу (часцей бывае ўвесну, улетку). Пузыркі на далонях, падэшвах ступняў, часам на зваротнай паверхні кісцей. Могуць быць сверб, боль. Новыя пузыркі не з'яўляюцца. Доўжыцца да 10 дзён.
Дысгідратычная экзэма Кантакт з алергенамі (часта ў людзей, якія працуюць з металам, дрэвам, хімікатамі) + моцны стрэс. Востры пачатак пасля нервовых узрушэнняў, кантакту з раздражняльнымі рэчывамі. Скура азызлая, гіперамаваная. Пузыркі пастаянна павялічваюцца, можа далучыцца другасная інфекцыя. Боль, сверб, паленне.
Просты герпес Вірус простага герпесу (I і II тып), пераахаладжэнне, ліхаманка, траўма, парушэнне працы СКТ, стрэс. Скура чырвоная, азызлая. Пузыркі згрупаваныя, іх змесціва празрыстае.
Апяразваючы герпес (лішай) Зніжэнне імуннай абароны да віруснай інфекцыі. Узнікае на фоне віруса, ідэнтычнага вірусу вятранкі. Група больш буйных пузыркоў на счырванелай скуры на адным баку грудзей, жывата, паясніцы, плячэй, патыліцы, галаве. Агульнае недамаганне.

 
Інэса Скрыганава
Дэрматолаг медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Прычыны ўзнікнення захворванняў розныя. Таму і адрозніваецца падыход у лячэнні. У выпадку экзэмы, алергічнага дэрматыту, дысгідратычнай экзэмы мы выкарыстоўваем антыгістамінныя прэпараты, дэсэнсібілізуючую тэрапію, якая зніжае алергічную настройку арганізма, сарбенты, якія выводзяць алергены, седатыўную тэрапію, каб знізіць узбуджальнасць нервовай сістэмы, вонкавыя картыкоіды і г.д. Пры дысгідрозе або потніцы выкарыстоўваем прэпараты, якія зніжаюць выпрацоўку поту, ужываем седатыўную тэрапію, прызначаем вітаміны, правяраем неабходнасць лячэння з боку эндакрыннай сістэмы. Калі гаворым пра герпес (просты ці апяразваючы), дык тут тэрапія супрацьвірусная і ўнутр, і звонку, часцяком патрабуецца і прызначэнне антыбіётыкаў. Часта прыходзіць пацыент і кажа: «Вы ў мяне ўжо пяты-шосты ўрач. Хаджу-хаджу, а ніхто дапамагчы мне не можа, нават увагі на мяне доктар не звяртае». Вядома, бываюць складаныя выпадкі з невыразным цячэннем. А часам спрацоўвае і чалавечы фактар: урач стаміўся, дрэнна сябе адчувае і г.д. Мая парада: звярніцеся некалькі разоў да аднаго і таго ж спецыяліста. Нават калі вам здаецца, што ад вас «адмахнуліся», вы памыляецеся. У другі-трэці раз урач агледзіць вас яшчэ больш уважліва. Задумаецца, чаму ж не спрацавала тактыка лячэння. Зваротная сувязь вельмі важная! І якраз яна можа дапамагчы хутчэй вырашыць праблему. Бо пра складаных пацыентаў мы думаем пастаянна. Нават калі ў транспарце едзем, прадумваем, якая магла б спрацаваць схема лячэння. А калі чалавек пайшоў і больш не з'явіўся, кожны наступны доктар бачыць клінічную карціну ўпершыню. А яна магла за тыдзень-два ўжо змяніцца.

Везикулярный дерматоз. Лечение.

Атапічны дэрматыт. Важныя нюансы

Дайсці ўсё ж такі да дэрматолага рэкамендуюць і па іншай прычыне. Сайтаў з прафесійнай інфармацыяй цяпер шмат. Магчыма, вы зможаце выставіць сабе ці дзіцяці дакладны дыягназ і нават выкажаце здагадку пра лячэнне. Але падводныя камяні ўсё ж ёсць: дазіроўка, працягласць, а таксама невялікія нюансы, пра якія можа ведаць толькі спецыяліст.

Напрыклад, падыходы да лячэння такога распаўсюджанага сярод дзетак захворвання, як атапічны дэрматыт, за апошнія гады кардынальна змяніліся. Калі раней лічылася, што такога малыша трэба абавязкова саджаць на строгую дыету, пры гэтым не купацца ў перыяд абвастрэння, дык цяпер гэтыя абмежаванні знятыя. Дарэчы, падыходзіць гэтая інфармацыя і для дарослых. Сярод тых, хто пакутуе ад атапічнага дэрматыту, іх каля 1-2%.

Атопический дерматит у детей.

 
Ала Раманіва
Дэрматолаг медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Скура – асобны орган. Яна мае сваю імунную сістэму. У дзетак з атапіяй яна працуе асабліва, па-іншаму. Раней існавала меркаванне пра тое, што мыць такога малога трэба як мага меней, каб пазбегнуць яшчэ большай сухасці. Зараз дэрматолагі ўпэўненыя ў тым, што скура пацыентаў з атапічным дэрматытам павінна быць у чысціні. Мэта ачышчэння – ліквідаваць эндагенныя (скарыначкі, лускавінкі, пот, бактэрыі) і экзагенныя (рэшткі лексродкаў, сродкаў догляду скуры) забруджванні. Што тычыцца дыеты, дык даказана, што харчовая алергія выклікае атапічны дэрматыт толькі ў 30% выпадкаў. Таму дастаткова зрабіць алергапробы і выключыць тыя прадукты харчавання, якія шкодныя для канкрэтнага дзіцяці. Усё астатняе можна есці, а гэта вельмі добрая навіна для арганізма, які расце.

Эмаліенты? Не, не чулі

Базавай тэрапіяй у лячэнні атапічнага дэрматыту лічаць прымяненне спецыяльных змякчальных сродкаў – эмаліентаў. Яны ўвільгатняюць скуру, аднаўляюць яе бар'ерную функцыю, значна падаўжаюць рэмісію захворвання, павышаюць эфектыўнасць супрацьзапаленчай тэрапіі, ліквідуюць сверб. Аднак урачы сутыкаюцца з тым, што мала хто з бацькоў ведае пра існаванне такіх касметычных сродкаў. Яшчэ меней – пра тое, як імі граматна карыстацца.

Дерматит у детей. Лечение кремом.

 
Ала Раманіва
Дэрматолаг медыцынскага цэнтра «Любімы доктар»
Эмаліенты – лекавыя сродкі. Яны прадстаўленыя ў розных формах: ласьён, крэм, малачко, бальзам. Найбольш моцнай увільгатняльнай здольнасцю валодае бальзам. Прадаюцца эмаліенты толькі ў аптэцы. Карыстацца імі трэба доўга і пастаянна. Нягледзячы на тое, што цана часта «кусаецца», гэтыя лексродкі часцей за ўсё бываюць у вялікіх ёмістасцях. Заўсёды кажу пра тое, што лепей ужо не купіць чарговы новы касцюмчык, але паклапаціцца пра скуру малыша з атапічным дэрматытам. На форумах мамы часам пішуць пра тое, што купляюць гэтыя «дарагія крэмы», а яны не працуюць. Важна разумець, што гэта не лячэбны сродак, а доглядавы. Лячэнне ў любым выпадку будзе ісці: глакакартыкастэроідныя мазі, сістэмная тэрапія. Эмаліенты толькі замацоўваюць вынік. І ў іх ужыванні ёсць нюансы. Напрыклад, іх нельга наносіць на запаленую скуру. Будзе шчыпаць, паліць, увогуле – поўнае расчараванне, крыўда на доктара, які выпісаў дарагі крэм. Спачатку трэба здымаць запаленне, а потым прымяняць эмаліенты. Таму адразу пасля курсу лячэння наносім бальзам. Ён больш шчыльны, тлусты, насычаны, лепей аднаўляе водна-ліпідны баланс. Калі скура прыходзіць у нармальны стан, пераходзім на больш лёгкія формы: ласьёны, крэмы. Яны больш лёгкай тэкстуры. Наносіць любыя сродкі на такую скуру трэба, не ўціраючы. Частая праблема – спалучэнне ўвільгатняльных і лекавых сродкаў. Калі ўвільгатняльны сродак у выглядзе крэму, эмульсіі ці малачка (г.зн. лёгкая тэкстура), дык яго наносяць першым, а лексродкі – праз 15 хвілін. Калі ўвільгатняльны сродак у выглядзе тлустага крэму, бальзаму, тады спачатку наносіць лекавы сродак, а зверху (праз 15 хвілін) бальзам. Па колькасці расходу для дарослага чалавека з атапічным дэрматытам тыднёвая норма спажывання эмаліенту – ад 250 да 500 г. Мажуць не толькі сухія (атапічныя) ўчасткі, але і ўсё цела. Для дзяцей расход складзе каля 250 г у тыдзень. Наносіць эмаліенты трэба і да, і падчас купання (прычым столькі разоў, колькі трэба для ўвільгатнення). А падчас водных працэдураў (яны павінны доўжыцца не больш за 5 хвілін) у ванначку дадаюць масла (за 2-3 хвіліны да заканчэння купання). Такія «хітрыкі» мы, урачы, даведаемся з вопыту і спецыялізаванай літаратуры. Проста ў інтэрнэце самому адшукаць гэтую інфармацыю складана. Асабліва, калі не вельмі ўяўляеш, што шукаеш.

Дерматит у детей. Лечение при купании.

Пры наяўнасці хранічных скурных захворванняў дэрматолагі рэкамендуюць звяртацца па кансультацыю кожныя паўгода. І абавязкова – у перыяд абвастрэння. Бо толькі прафесіянал можа разабрацца ва ўсіх тонкасцях скурных высыпанняў. «Гуглу» такая задача не пад сілу!

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама