І жартам, і ўсур’ёз… Як аказалася. Некаторыя спецыялісты сапраўды так назваюць камарыны ўкус – знак якасці! І чым больш я знаходзіла таму доказаў, тым цікавей рабілася. А пачалося ўсё з таго, што ў кагосьці з сяброў у Фэйсбуку пабачыла ў выхадныя вось такую таблічку:
Спачатку доўга смяялася!:) Ну трапны ж гумар! Цаляе ў дзясятку. Затым задумалася. А якая сувязь паміж камарамі і здароўем?!
Чаму нас кусаюць камары і як з гэтым змагацца...
Асабіста я для сябе ну нічога добрага не бачу, апрача «змены крыві». Бо заўсёды на месцы ўкусу ўзнікае та-а-а-кі пухір! І не расчэсваю ж яго, хаця і свярбіць. Адразу такая праява…
Таму перад паходам у лес з ног да галавы апырсківаюся рэпелентам… І – наперад! А тады так цікава назіраць, як камары падлятаюць, натуральна круцяць насамі – і быццам выбуховай хваляй іх адкідвае!:) Працуе неяк даўно ўдала абраная марка рэпеленту, які адначасова абараняе не толькі ад камароў (як сцвярджаюць вытворцы), але і ад мух, мошак, сляпнёў і асабліва – ад кляшчоў. Кошт, праўда, не малы, але абарона амаль стопрацэнтная. Праверана, і не раз!
А як жа надакучае нават адзін камар, якому пашчаслівіцца пасяліцца ў спальні! Гэтае яго «з-з-з-з», якое ён цягне на жаласлівай такой ноце, не толькі спаць не дае, але прымушае пляскаць у ладкі з марнай надзеяй… прыбіць «спевака»!:( А калі не атрымаецца… Чакай незапланаванага кровапускання і пухіроў.
Але, як сцвярджае тэрапеўт, рэабілітолаг, валеолаг, дыетолаг Барыс Скачко, калі вас часта кусаюць камары, гэта значыць, што вы атрымліваеце ад іх… своеасаблівы знак якасці! Бо камар (а дакладней – асобіна жаночага полу, камарыха, значыцца) кусае тых, у каго біялагічны ўзрост (як вядома, можа не супадаць з рэальным, пашпартным і г.д.) – малады. Бо выбіраюць камарыхі (яны яшчэ і выбіраюць – вы чулі?!) добрую, якасную кроў.
Хм… А я задумалася, гэта прачытаўшы. Не скажу, каб больш цярпіма стала «прымаць» тыя ўкусы і трываць наступствы ад іх у выглядзе пухіроў і свербу… Але прыемна, прыемна, калі цябе так ацэньваюць. Няхай сабе ўсяго толькі камарыхі…:)
А вось наступнае сцвярджэнне ад Барыса Скачко. Калі камары вас практычна не кусаюць (пры ўмове, што яны ёсць і з поспехам грызуць іншых), дык гэта можа паказваць на… атэрасклероз, стрэс альбо атлусценне печані. Тлумачэнне ад даследчыка: арганізм у такіх выпадках бярэ энергію не з угляводаў, а з тлушчу. А найлепшая энергія якраз-такі з першых.
І яшчэ, аказваецца, камарыхі ўлоўліваюць на адлегласці ўзровень малочнай кіслаты ў нашых арганізмах. На адлегласці… Нішто сабе здольнасць! Штосьці адразу прыгадала пра кляшчоў, якія гайдаюцца на травінках і цягнуць лапкі наперад, каб улавіць цяпло чалавека… Бр-р-р-р-р-р-р! Так і камарыхі здалёк сабе ахвяру выбіраюць?!
Дык што там з малочнай кіслатой, па назіраннях Барыса Скачко? А ўсё проста. Яе вялікая колькасць выпрацоўваецца пры дастатковай і павышанай фізічнай актыўнасці. А калі актыўнасць малая… Камарыхі вам нагадаюць: рухацца трэба больш!:) Вось сапраўды: і жартам, і ўсур’ёз.
Але далей нявесела, па назіраннях спецыяліста, атрымліваецца. Узровень малочнай кіслаты можа ўзнімацца і ў выпадку, калі ў вас развіваецца злаяякасная пухліна. І своеасаблівы тэст, кажа даследчык, калі вы нічога не змянялі ў ладзе жыцця, не павялічвалі фізічную актыўнасць, а камары, якія доўгі час вас ігнаравалі, ізноў грызуць. Таму лепей звярнуцца ў паліклініку і прайсці поўнае абследаванне. Хаця штосьці я сабе не магу ўявіць такога: «Доктар, мне трэба абследавацца, бо мяне зноў пачалі грызці камары!» І здагадайцеся з трох разоў, да якога спецыяліста вас накіруюць?!
Але ўявіла я тут раптам, наколькі далёка можа зрабіць крок наперад наша навука! Паставіць на службу нават камароў (камарых)! Каб тыя ў спецыяльным памяшканні кусалі вас альбо не чапалі. А спецыялісты б рабілі свае назіранні і пэўныя вывады. Такая першасная камарыная дыягностыка… Жарт?! Ну-у-у-у… Па шчырасці, таксама напалову. Чаго толькі ў жыцці не бывае. Даўнавата мы, здаецца, не сустракаліся ні з чым такім фантастычным, што б увасобілася ў жыццё і зрабілася цалкам рэальным і звыклым.
Тым больш, што даследчыкі сцвярджаюць: для ўкусаў камары (ну добра, добра, камарыхі!:)) выбіраюць хворыя ўчасткі цела. Таксама па банальнай прычыне: проста тыя выдзяляюць больш цеплавой энергіі. Як грызці, дык грызці з камфортам! І быццам усё ж такі могуць куслівыя насякомыя ліквідоўваць дробныя капілярныя тромбы.
А яшчэ, пакуль вас кусаюць камарыхі, яны ўводзяць пад скуру спецыяльнае рэчыва, якое разрэджвае кроў. Чым не маленькая доза аспірыну?!:) І не трэба прымаць лекі спецыяльна…
І вось што тут праўда, а што толькі здагадкі – думаю, з цягам часу даследчыкі ўсё ж разбяруцца. І, магчыма, нас усё ж такі чакае прарыў у гэтай галіне.
А ў мяне да вас, сябры, чарговае пытанне! Ці гатовыя вы да «камарадыягностыкі» і «камаратэрапіі»?!:)
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by