29 верасня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі пакажуць спектакль «Вітаўт» Вячаслава Кузняцова. Перад паказам для гасцей выступіць фальклорны калектыў HardWood і тэатр Soleil.
У 18.15 у фае тэатра загучаць бубны, скрыпкі і бузук. Удзельніцы тэатра Soleil навучаць гледачоў сярэднявечнаму танцу.
Спектакль «Вітаўт» заснаваны на п'есе Аляксея Дударава.
Юрый Траян, народны артыст Беларусі, харэограф-пастаноўшчык балета: «Заўсёды хочацца, каб твой спектакль закрануў струны душы чалавека, прымусіў яго перажываць і думаць ...».
Вячаслаў Кузняцоў, кампазітар: «Гістарычная эпоха заўсёды становіцца бліжэй і больш зразумелай, калі глядзець на яе праз прызму канкрэтнага чалавечага лёсу. Вядома, застаецца толькі здагадвацца, якой была музыка ў тыя часы, але мне як кампазітару было неверагодна цікава пусціцца ў своеасаблівае часовае падарожжа ў глыб стагоддзяў і адчуць сябе часткай гэтага драматычнага дзейства».
1 кастрычніка ў 19.00 у межах XII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета ў Нацыянальным мастацкім музеі ўпершыню пройдзе арт-праект «4 вымярэнні сучаснага мастацтва Беларусі». Гэта інтэрактыўная праграма з удзелам лепшых беларускіх кампазітараў, паэтаў, салістаў балета, акцёраў.
У выкананні вядучых майстроў сцэны сталічных тэатраў і тэлевядучых прагучаць вершы галоўнага рэдактара газеты «Медыцынскі веснік», шэф рэдактара Слушна, паэткі Таццяны Сівец, а таксама іншых вядомых творцаў: Ірыны Морых, Зінаіды Дудзюк, Валянціны Паліканінай, Юліі Алейчанка, Маргарыты Латышкевіч, Рагнеда Малахоўскага.
Фестываль упершыню сумяшчае музыку, жывапіс, паэзію і танец. Глядач стане часткай дзейства і атрымае эмоцыі 5D. Музыка Валерыя Воранава, Галіны Гарэлавай, Вольгі Падгайскай, Андрэя Цалко, Канстанціна Яськова адначасова загучыць з розных залаў і створыць такім чынам адзіны вобраз, адзіны твор мастацтва, што праламляецца з розных бакоў паступова, як глядач рухаецца ўнутры музыкі.
Мастацкі кіраўнік праекта – Расціслаў Крымер.
Аўтары ідэі – Расціслаў Крымер і Валерый Воранаў.
Рэжысёр – Іван Давыдзенка.
Акцёры: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік, Аляксандр Аўчыннікаў, Андрэй Бібікаў, Святлана Бароўская, Валянціна Гарцуева, Алена Дуброўская, Андрэй Новік, Вера Палякова.
Сёння ў Falcon Club у 14.00 пачнецца канферэнцыя «Грамадства для людзей усіх узростаў». Там абмяркуюць праблемы старэння і паляпшэння якасці жыцця людзей старэйшага пакалення.
У рамках мерапрыемства арганізуюць майстар-клас «Як правільна (не) старэць па-беларуску». Асноўная задача канферэнцыі – вызначыць самыя эфектыўныя спосабы прыцягнення ў працоўнае і грамадскае жыццё сталых людзей, а таксама зразумець, як стварыць грамадства, сяброўскае для ўсіх узростаў.
Адзін з напрамкаў сацыяльнай палітыкі – падтрымка людзей старэйшага пакалення. Сярод яе мэтаў – пляпшэнне сацыяльнай абароненасці, павелічэнне працягласці і якасці жыцця, выкарыстанне ведаў і вопыту ўзроставых грамадзян.
Зараз некамерцыйныя грамадскія аб'яднанні імкнуцца актыўна ўзаемадзейнічаць са старэйшым пакаленнем.
У мерапрыемстве ўдзельнічаюць парламентарыі, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама, прадстаўнікі фонду «Узаемаразуменне», Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў «Адукацыя праз усё жыццё», грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі Хэсэд-Рахамім, універсітэтаў трэцяга ўзросту Гродна, Віцебска, Мінска.
Запрасілі і людзей 70+, якія вядуць актыўны лад жыцця. Яны раскажуць, што рабіць, каб стаць доўгажыхарамі.
Будуць працаваць выставы «Сямейная гісторыя», «Твар вёскi», «Рука», «Творчасць сталых».
А 29 верасня пройдзе круглы стол «Рэсурсны патэнцыял старэйшага пакалення». Мерапрыемствы прымеркаваныя да Міжнароднага дня сталых людзей. Іх арганізуе Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае таварыства пры падтрымцы НАН Беларусі, Беларускага таварыства Чырвонага крыжа.
1 кастрычніка ў гатэлі «Вікторыя Алімп Атэль» урачыста адкрыецца Першы рэспубліканскі кангрэс «Мама Pro». Арганізатар мерапрыемства – інфармацыйная сацыяльна-дабрачынная ўстанова дапамогі дзецям і сем'ям «Бэйбі Сторы» пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА.
Кангрэс «Мама Pro» унікальны таму, што бацькі, у тым ліку будучыя, упершыню на адной пляцоўцы змогуць сустрэцца і пагаварыць з прадстаўнікамі ўсіх радзільных дамоў г. Мінска. Асноўная мэта кангрэса – абмен вопытам у сферы прафілактыкі заўчасных родаў, абмеркаванне пытанняў вядзення цяжарнасці і магчымасцей, якія ёсць у беларускіх радзільных дамах для родадапамогі, паляпшэнне камунікацыі ў сістэме «урач-пацыент», павышэнне ўзроўню рэпрадуктыўнай пісьменнасці, прасоўванне сямейных каштоўнасцей і шчаслівага мацярынства.
Алена Богдан, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы: «Цяжарнасць і мацярынства – самае прыгожае, што можа адбывацца з жанчынай. І нам, як прадстаўнікам сістэмы аховы здароўя, важна, каб у гэтыя ўразлівыя этапы свайго жыцця жанчына адчувала сябе спакойнай і абароненай, атрымлівала адказы на ўсе пытанні».
Падчас кангрэсу ўдзельнікі атрымаюць інфармацыю ад спецыялістаў і экспертаў: пра планаванне цяжарнасці, пра важныя моманты вядзення цяжарнасці, асаблівасці харчавання, абязбольванне родаў, пра грудное выкормліванне, увядзенне прыкорму, дзеянні бацькоў у экстраных сітуацыях і асаблівасці нованароджаных.
Ігар Юркевіч, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама: «Ахова здароўя жанчын і дзяцей мае важнае значэнне не толькі для сучаснага этапу развіцця грамадства, але і для будучыні краіны. Такія праекты вельмі актуальныя».
У якасці спікераў «Мама Pro» збярэ розных спецыялістаў – урачоў лабараторнай дыягностыкі, акушэраў-гінеколагаў, дыетолагаў, анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, спецыялістаў па грудным выкормліванні, педыятраў. У зоне майстар-класаў удзельнікі змогуць атрымаць неабходныя веды і ўменні па доглядзе за немаўлятам. Таксама будзе працаваць «Мама-маркет», дзе можна будзе азнаёміцца ??з таварамі і прадуктамі, неабходнымі будучым бацькам і нованароджаным.
Наталля Міранчук, дырэктар Інфармацыйнай сацыяльна-дабрачыннай ўстановы дапамогі дзецям і сем'ям «Бэйбі Сторы»: «Пытанні і складаныя сітуацыі лягчэй папярэдзіць, чым пасля разбіраць наступствы адсутнасці інфармацыі. Гэта і ёсць асноўная мэта нашага кангрэса. Ён дасць старт цэлай серыі мерапрыемстваў, якія пройдуць па ўсіх рэгіёнах краіны».
Дыяна Мардас, урач акушэр-гінеколаг 5-й гарадской клінічнай бальніцы, аспірант кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА: «Будучая мама, якая не баіцца нараджаць, якая разумее, што ў радзільным доме яе чакае згуртаваная каманда спецыялістаў – гэта залог паспяховых родаў. Мы хочам, каб гэтае мерапрыемства дало будучым бацькам тую самую ўпэўненасць, што дазволіць у адказны момант родаў спрацаваць «на выдатна».
Таксама 1 кастрычніка стартуе праекту «Мама-чытае». Кожны, хто возьме ўдзел у кангрэсе, можа прынесці кнігу на тэму мацярынства і дзяцінства. Усе кнігі перададуць у радзільныя дамы г. Мінска. Асабліва актуальная гэта мамам, якія разам з малымі ляжаць у аддзяленнях рэабілітацыі дзяцей, народжаных раней за тэрмін.
Удзел у кангрэсе – бясплатны.
Дадатковая інфармацыя і праграма кангрэса ёсць на сайце www.mamapro.by
Вялікі тэатр Беларусі – упершыню! – удзельнічае ў Міжнародным Брукнераўскім фестывалі ў Аўстрыі.
104 беларускія артысты Вялікага тэатра прымуць удзел у форуме, які штогод праходзіць у Лінцы ў гонар кампазітара Антона Брукнера. Пачынаючы з 1974 года, калі і прайшоў першы музычны фэст, яго арганізатары кожны раз спрабуюць зрабіць нешта асаблівае, што адрознівала б гэта мерапрыемства ад усіх астатніх.
Мастацкі кіраўнік фестывалю Ханс-Ёхім Фрай, з якім Вялікі тэатр Беларусі звязваюць працяглыя сяброўскія адносіны (вясной 2017-га як рэжысёр Фрай паставіў на нашай сцэне оперу В. А. Моцарта «Чароўная флейта»), не сумняецца ва ўнікальнасці свайго твора: «гэта адзін з чатырох найважнейшых музычных фестываляў Аўстрыі разам з музычным марафонам у Зальцбургу, Брегенцы і Вене. Брукнераўскі фестываль працягваецца чатыры тыдні, за гэты час у Лінцы праходзіць прыкладна 50 канцэртаў, у тым ліку оперныя і балетныя спектаклі ...»
1 і 2 кастрычніка ў канцэртнай зале «Брукнерхаус» выступяць салісты оперы, артысты хору (галоўны хормайстар – Ніна Ламановіч) і аркестра Вялікага тэатра Беларусі. За дырыжорскім пультам два вечары запар – уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Галанаў. Гледачы, якія трапяць на фестываль 1 кастрычніка, пачуюць «Серэнаду для струннага аркестра» П. Чайкоўскага, «Класічную сімфонію» С. Пракоф'ева, сцэны і арыі з опер «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П. Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага, «Алека» С. Рахманінава.
2 кастрычніка ў 1-м аддзяленні будзе прадстаўлена канцэртнае выкананне оперы «Іяланта» П.Чайкоўскага (Іяланта – Анастасія Масквіна, Вадамон – Эдуард Мартынюк, Роберт – Ілля Сільчукоў, Рэнэ – Андрэй Валенцій), у 2-м – кантата Г. Свірыдава «Курскія песні» для хору і сімфанічнага аркестра, а таксама сцэны з оперы А. Барадзіна «Князь Ігар»(фінал 1-ай дзеі і «Палавецкія скокі»).
Зычым нашым артыстам удачы!
Спайсы страшнейшыя за гераін? Ці праўда, што не бывае былых наркаманаў? Ці можна спыніць дзіця, якое хоча паспрабаваць забаронены плод?
Слушна пагутарыл з адным з заснавальнікаў рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс», псіхолагам Максімам Пылёвым. Калісьці ён сам прайшоў усе колы гераінавага пекла і падзяліўся з намі сваёй сумленнай гісторыяй...
Стары Новы год – час цудаў і жаданняў, што спраўдзіліся. Толькі не для Максіма Пылёва. Дакладней таго чалавека, якім быў Максім 13 гадоў таму.
13 студзеня – дзень, калі Макс упершыню паспрабаваў укалоцца гераінам.
— Пасля з тымі хлопцамі мы сталі ўжываць наркотыкі. Навошта? Хацелася ўвайсці ў кампанію. Ды і па тых часах гэта лічылася, як нам здавалася, прыкметай доступу да чагосьці элітнага. Адчувалі сябе крутымі пацанамі. Спачатку курылі траву. Яе можна было набыць у цыганоў. Адрас падказалі старэйшыя таварышы. А потым пайшлі экстазі, стаў нюхаць гераін. Ад яго ў мяне быў заўсёды бадзёры настрой. І нават падабалася «пад кайфам» рашаць алімпіядныя задачкі па геаметрыі. Мне тады здавалася, што кантралюю сітуацыю. Я бачыў хлопцаў «наперадзе», якія ўжо калоліся, хварэлі. Лічыў, што ніколі не стану такім. Ні за што ніякіх ін'екцый.
…У той самы злашчасны дзень Максім ужо вырашыў атрымаць чарговую дозу.
— Мала ўзялі, усё пусцілі ў раствор, — з парога сустрэлі яго «сябры». — Можаш укалоцца альбо тады нічога.
Наркаман, скіраваны на ўжыванне, губляе ўвесь свой страх. Гэта Максім адчуў на сабе. Калі аднойчы ўкалоўся, больш ён не мог злезці з іголкі ... Тады хлопец вучыўся ў старэйшых класах школы.
Роўна праз 3 гады, 13 студзеня, адбылася перадазіроўка, што ледзь не стала фатальнай. Максім укалоўся дома ў прыбіральні, пайшоў у свой пакой, там і ўпаў. Нядобрае адчула кошка, яна стала скрэбціся ў дзверы пакоя.
Мама вырашыла даведацца, чаму жывёлка так непакоіцца, і ўбачыла сына на падлозе ўжо сінім.
У рэанімацыі Максіма выратавалі. Але ўсведамленне блізкай смерці ніяк не ўзбударажыла тады хлопца. Як толькі выйшаў з бальнічных сцен, тут жа ўкалоў сабе новую дозу.
— Наркотык спачатку дорыць эйфарыю. А потым ён патрэбны проста для таго, каб прыйсці ў нармальны стан. Ломка падобная да ўзмоцненага ў шмат разоў грыпу. Выкручвае кожную клетачку цела. Жудасная дэпрэсія. У кагосьці рукі вельмі баляць, у некага спіна. У мяне пакутавалі ногі. Памятаю, як біў імі па жалезных спружынах ложка з усёй моцы, каб знешняя боль перапыніла тую, што ўнутры арганізма. Усё жыццё было звязана з тым, што трэба было дзесьці шукаць наркотык. І нават калі ў мяне быў вялікі запас, страх таго, што ён усё роўна скончыцца, вымушаў зноў выкручвацца, хлусіць, здабываць грошы.
Страціўшы надзею на тое, што гэта калі-небудзь скончыцца, бацькі далі Максіму асобную кватэру.
— Нам трэба яшчэ аднаго сына вырасціць. Ты маеш права распараджацца сваім жыццём сам, — сказалі яны.
У гэтай кватэры Макс не раз закрываўся на тыдні, каб пераламацца (вытрымаць ломку) і кінуць ужываць наркотыкі. Але кожная спроба заканчвалася тым, што гераін зноў цёк па венах.
Ідэя дапамагаць такім жа, як сам, узнікла ў Максіма Пылёва яшчэ ў тыя часы, калі ён лячыўся. Ідэя выспявала некалькі гадоў. Для чаго пайшоў завочна вучыцца псіхалогіі ў БДПУ імя. Максіма Танка.
Рэабілітацыйнаму цэнтру «Фенікс» ужо два гады. За гэты час лячэнне тут прайшлі больш за 60 чалавек, якія пакутвалі ад наркатычнай альбо алкагольнай залежнасцей. Самаму малодшаму з іх – 14 гадоў, самаму ўзроставаму – 65. Прыблізна 40% з рэабілітантаў – жанчыны.
— Жывуць хлопцы на поўным самазабеспячэнні. Перыядычна самі выбіраюць і прызначаюць на пэўны тэрмін (напрыклад, на 2 тыдні) повара дома, старэйшага па доме, адказнага за крэслы, за будзільнік і інш. Нядаўна завялі трусоў, даглядаюць іх. У такім рэжыме рэабілітанты займаюцца паўгода. Такі ж тэрмін мы даем ім на рэсацыялізацыю. Для гэтага здымаем кватэру ў Мінску. Некалькі дзён у тыдзень яны жывуць там, потым прыязджаюць памочнікамі на некалькі дзён у цэнтр.
Цалкам праграму праходзяць не ўсе, працэнтаў 30 удзельнікаў. Але з тых, хто здолеў дайсці да канца, практычна ўсе вяртаюцца да нармальнага жыцця.
Самы вялікі працэнт зрываў – у першыя два месяцы. У наркаманіі шмат непрадказальнасці. У залежных тунэльнае бачанне. Чалавек натхнёна распавядае пра планы на будучыню, і раптам чапляецца за нейкі ўспамін, з’яўляецца моцнае жаданне. Усё змяняецца ў момант. Бывае, рэабілітант пераконвае Максіма, што ўжо ўсё зразумеў і гатовы пераадолець залежнасць, а той бачыць, што гэта пачатак зрыву.
— Развіваецца такая вар'яцкая залежнасць, што чалавек літаральна гатовы пайсці на ўсё, каб атрымаць сваю дозу. У такіх выпадках сфарміраваць матывацыю да выздараўлення вельмі складана. А цэнтр у нас адкрыты, трымаць чалавека супраць яго волі мы не можам.
— Ці бывае, што залежные звяртаюцца па дапамогу самастойна?
— Часцей за ўсё нас знаходзяць блізкія людзі алкаголіка ці наркамана, змучаныя жыццём са сваім сваяком. Перад пачаткам лячэння мы гутарым з чалавекам, спрабуем знайсці рычажкі, якія маглі б уздзейнічаць: страх перад смерцю, амбіцыі, жаданне іншага жыцця, віна перад блізкімі і інш. Але для таго, каб нешта змяніць, усё ж трэба хаця б мінімальнае жаданне залежнага ад наркотыкаў чалавека.
— Ці праўда, што не бывае былых наркаманаў?
— Гэта так. Вярнуцца ў самы пачатак і стаць тым, кім быў да ўжывання, ужо немагчыма. Але рэальна заставацца на нейкім сваім этапе і не рухацца далей. Ёсць такое паняцце – сухі зрыў. Калі залежны не займаецца сваім жыццём, нічога не робіць. Проста не ўжывае. Пры моцным хваляванні альбо праблеме гэты зрыў можа зноў прывесці да наркотыкаў ці алкаголю. Залежная структура асобы ў чалавека застаецца.
Я, напрыклад, ужо дарослым чалавекам з сям'ёй, дзецьмі, адзін час захапіўся стаўкамі на спорт. Восень, холад, а я бягу ў краму за вуглом, каб адправіць у апарат па прыёме грошай запаветную купюру і хуценька зрабіць стаўкі.
Гэтая ж апантанасць можа перакінуцца на спорт, на працу. Тут таксама ёсць небяспека перайсці мяжу і залішне захапіцца, выгараць, руйнаваць сваё жыццё ўжо такім спосабам. Балазе ў мяне, як у псіхолага, ёсць магчымасць гэтыя моманты ў сябе адсочваць і, значыць, спрабаваць змяняць.
— Атрымліваецца, пазбавіцца залежнасці цалкам нельга? Можна толькі знайсці больш сацыяльна прымальныя варыянты?
— Па вялікім рахунку так. І пастаянна займацца рэвізіяй сваіх пачуццяў і гігіенай сваёй душы.
— Ці было штосьці, што магло б засцерагчы ад ужывання яшчэ тады, у самым пачатку, у школьныя гады?
— Калі пачаліся кампаніі, думаю, спыніць мяне было б вельмі складана. Бо залежны тып асобы фарміруецца ў раннім дзяцінстве. Да наркотыкаў я ўжо ў юным узросце забаўляўся алкаголем, уваходзіў у розныя тусоўкі: і рэпераў, і скінхэдаў, і металістаў.
На мой погляд, праблема ў адсутнасці аўтарытэтаў. Імі можа стаць для дзіцяці сям'я, бацькі, трэнер. Павінен быць дарослы, якому ён давярае і зможа падысці са сваімі хваляваннямі і праблемамі.
Прачытаўшы шматлікія гісторыі сваіх рэабілітантаў, паразмаўляўшы з імі і іх роднымі, прыйшоў да высновы: усе сем'і, якія сутыкнуліся з праблемай ўжывання наркотыкаў, алкагалізмам, былі дэструктыўныя. Магчыма, вонкава яны былі і поўныя, але часта залішне функцыянальныя, крытыкуючыя. Дзеці не знаходзілі там ухвалення, падтрымкі. Лічу, у першую чаргу важна якасная ўвага. Лепш 15 хвілін паўнавартасна пагаварыць са сваім дзіцёнкам, пагуляць з ім, сапраўды выслухаць, чым цэлы дзень вадзіць яго за сабой, адначасова седзячы ў Instagram.
Сваіх дарослых выхаванцаў мы вучым знаходзіць падтрымку ў сабе, бачыць радасць і напоўненасць жыцця без наркотыкаў.
Мы скіраваныя і на супрацоўніцтва з медыкамі. Часта яны прапануюць лячэнне толькі ў выглядзе таблетак, іншых лекаў. Думаю, самым эфектыўным было б сумеснае супрацоўніцтва. Важна не проста адкачаць такога чалавека, але і паказаць яму выхад, паставіць на ногі. Напэўна, ніхто не зразумее спецыфіку стану залежнага лепш за таго, хто сам быў на яго месцы. Пачатак пакладзены. Штотыдзень ездзім на сустрэчы з пацыентамі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Пасля шчырай размовы людзі часта падыходзяць і кажуць: «Я даверыўся табе толькі таму, што ты сам праз гэта прайшоў». Такія словы натхняюць і прымушаюць паверыць у сябе і ў важнасць той справы, якой мы цяпер займаемся. Збіраемся працягваць, заўсёды адкрытыя для новых ідэй і праектаў...
...Выжыць пасля гераінавага пекла можна. Ніхто не сказаў, што гэта будзе проста. Узнагародай стане зноў набытае, і нават больш свядомае жыццё. Яно не за аблокамі. А тут, на цвёрдай глебе пад тваімі нагамі. І толькі ты вырашаеш, куды пайсці.
У гарадах і вёсках Беларусі пройдзе адзіны ўрок па прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Ён адбудзецца 29 верасня – у Сусветны дзень сэрца.
Сусветны дзень сэрца – ініцыятыва, мэта якой – прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем развіцця хвароб сістэмы кровазвароту і іх прафілактыцы.
У гэтым годзе Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) сумесна з арганізацыямі аховы здароўя праводзіць рэспубліканскую кампанію па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў «Выбірай сэрцам!». Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь БТЧК выступае арганізатарам адзінага тэматычнага ўрока ў межах кампаніі.
Таццяна Светлович, менеджэр праекта БТЧК «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця»:
Хваробы сістэмы кровазвароту з'яўляюцца галоўнай прычынай інваліднасці насельніцтва ў Беларусі. Значны ўплыў на развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў аказваюць паводніцкія фактары: курэнне, злоўжыванне алкаголем, нездаровае харчаванне і недастатковая фізічная актыўнасць. Калі змяніць свае паводзіны ў бок здаровага ладу жыцця і ліквідаваць пералічаныя фактары – рызыкі развіцця інфарктаў і інсультаў, паводле дадзеных СААЗ, можна знізіць амаль на 75%. З дапамогай тэматычнага ўрока ў школах мы хочам развіць у падлеткаў больш адказнае стаўленне да свайго здароўя, а таксама данесці інфармацыю пра важнасць здаровага ладу жыцця праз дзяцей бацькам».
Праграма урока вырашае некалькі задач.
ДАВЕДАЧНА
Праект «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» БТЧК рэалізуе ў Беларусі з 2014 года пры фінансавай і экспертнай падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта – змяненне паводзін жыхароў мясцовых супольнасцяў у бок здаровага ладу жыцця з дапамогай стварэння і развіцця валанцёрскіх груп. На сёння створаны і паспяхова працуюць 14 ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама г. Горкі Магілёўскай вобласці. У склад ініцыятыўных груп ўваходзяць больш за 280 чалавек рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Гэта актыўныя людзі, захопленыя ЗОЖ і гатовыя дапамагчы іншым змяніць сваё стаўленне да здароўя. Ініцыятыўныя групы навучаюць насельніцтва асновам прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, ажыццяўляюць індывідуальнае суправаджэнне тых, хто імкнецца змяніць свой лад жыцця ў бок здаровага, праводзяць рэгулярныя заняткі і майстар-класы па розных відах фізічнай актыўнасці.
З 21 па 24 верасня юныя баскетбалісты і баскетбалісткі высвятлялі наймацнейшых у спрэчцы за медалі беларускага першынства. Юнакі правялі матчы ў Віцебску, дзяўчаты - у Смаргоні. Пераможцамі і ў тых, і ў іншых сталі зборныя каманды Гродзенскай вобласці.
Вынікі першынства ў Віцебску (юнакі)
Лепшыя гульцы:
Вынікі першынства ў Смаргоні (дзяўчаты)
Лепшыя гульцы:
Мы віншуем пераможцаў і жадаем ім далейшых прафесійных поспехаў!
У перыяд з 25 верасня па 1 кастрычніка ў Мінску пройдзе юбілейны пятнаццаты Тыдзень беларускай кухні.
Парадаваць смачнымі нацыянальнымі стравамі наведвальнікаў гатовы 80 рэстаранаў і кафэ, з якімі можна азнаёміцца тут.
Асаблівасць гэтай акцыі - як і заўсёды прыгатаваныя па адной рэцэптуры і прапаноўваемыя па адной цане стравы павялічаны да шасці. Меню складзена з найбольш запатрабаваных у мінчан падчас правядзення папярэдняга Тыдня беларускай кухні страў.
Гасцям прапануюць паспрабаваць курыны рулет з малосоленымі агуркамі, гарбузовы суп з грэнкамі і курыцай, печыста з падліўкай і печанай гароднінай, смажаніну па-вясковаму з блінамі, тварожныя хрушчы з мёдам і журавінавы морс. Кошт такой трапезы складзе 30,5 беларускіх рублёў.
Беларускі боршч без капусты. Асноўныя адрозненні ад традыцыйнага рэцэпта
У Парку высокіх тэхналогій адбылося першынства Беларусі па робататэхніцы і адбор у каманду на Сусветную алімпіяду робатаў, якая пройдзе 10-12 лістапада ў Сан-Хасэ (Коста-Рыка). Узрост удзельнікаў - ад 6 да 25 гадоў.
Нацыянальны адбор уключаў у сябе тры этапы для кожнай з трох катэгорый:
1. Regular:
2. Open Category - праца каманды над праектам з наступнай яго прэзентацыяй на англійскай мове.
3. Advanced Robotics Challenge - дэманстрацыя выкарыстання магчымасцей робатаў для гульні (у тэтрыс, футбол).
Пераможцамі ў нацыянальным першынстве сталі:
Хто стаў пераможцам у намінацыях Open Category і Advanced Robotics Challenge стане вядома праз тыдзень. А мы пажадаем усім поспеху і працавітасці на шляху да рэалізацыі вызначанай мэты.
У гарналыжным спартыўна-аздараўленчым комплексе «Лагойск» адбыўся чэмпіянат па пераносе жонак, арганізаваны Беларускай федэрацыяй гонак з перашкодамі. Пераможцамі стала пара з Мазыра Павел і Наталля Леановіч.
Удзел у чэмпіянаце прынялі 12 пар, якім трэба было пераадолець паласу перашкод даўжынёй 253 метра. І не проста пераадолець. Па ўмовах мужчына павінен пранесці дзяўчыну па трасе з воднай перашкодай, пяском і метровымі бар'ерамі так, каб яна не ўпала і не дакранулася да зямлі. У выпадку парушэння гэтай ўмовы пары налічваецца штрафны час.
Пераможцам для пераадолення дыстанцыі спатрэбілася ўсяго 1 хвіліна 42,75 секунды.
Другое месца занялі Дзмітрый Гідлеўскі і Вераніка Швакава, якія на 5 секунд пазней пераможцаў пераадолелі фінішную прамую. Трэцяе месца дасталася Вадзіму Шалкаўскому і Валерыі Клачко.
Усім прызёрам былі ўручаны ўзнагароды, а пераможцам - дадатковы прыз, вага якога была роўная вазе дзяўчыны пары-пераможцы.
Вызначыць ці «сустракалася» дзіця з узбуджальнікам туберкулёзу можна з дапамогай адмысловага тэсту – пробы Манту. Каму пробу Манту рабіць абавязкова? Ці можна адмовіцца ад яе? Што абазначае чырвоная пляма на месцы ўколу? А калі яе няма зусім?
Па адказы на гэтыя пытанні журніліст Слушна накіраваўся да Жанны Крывашэевай, галоўнага пазаштатнага дзіцячага фтызіятра Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Жанна Крывашэева:
Проба Манту – не прышчэпка, а дыягнастычны скурны тэст. Ён робіцца для таго, каб вызначыць дзіця, інфіцыраванае мікабактэрыямі туберкулёзу (МБП). Калі наяўнасць інфіцыравання пацверджаная, дзіцяці прызначаюць дадатковае абследаванне для выключэння туберкулёзу лёгкіх ці іншых органаў. Яшчэ адна важная мэта пастаноўкі пробы Манту – вырашыць пытанне, ці можна рабіць дзіцяці прышчэпку вакцынай БЦЖ-М, калі ў радзільным доме яе не зрабілі.
Дзіцяці ўводзяць пад скуру туберкулін. Ён утрымлівае асобныя фрагменты мікабактэрый туберкулёзу.
Жывых альбо забітых узбуджальнікаў туберкулёзу ў туберкуліне няма! Пасля пробы Манту нельга заразіцца ці захварэць на сухоты!
Станоўчай рэакцыя лічыцца, калі на месцы ўвядзення туберкуліну ўтварылася зацвярдзенне чырвонага колеру (папула) дыяметрам 5 мм і больш. Калі пасля пробы Манту папула не з’явілася, такая рэакцыя лічыцца адмоўнай.
Пра тое, што дзіця інфіцыраванае туберкулёзам могуць сведчыць:
Жанна Крывашэева:
Вельмі важна знайсці ярка выяўленыя рэакцыі на туберкулін у выглядзе папулы 17 мм і больш, язвы, запалення лімфавузлоў і інш. У 30% выпадкаў гэта кажа пра тое, што дзіця хутчэй за ўсё ўжо хворае на сухоты, і для пацвярджэння дыягназу мы прызначаем падрабязнае дадатковае абследаванне.
Адразу адзначым, вялікая чырвоная пляма на месцы ўколу не заўсёды абазначае, што дзіця інфіцыраванае туберкулёзам. Ды і інфіцыраванае – яшчэ не значыць хворае. Цалкам верагодна, што імунітэт дзіцяці будзе актыўна змагацца з узбуджальнікамі туберкулёзу, што трапілі ў арганізм. Вядома, што 95% дзяцей самастойна спраўляюцца з інфекцыяй. Аднак гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі малога прышчапілі вакцынай БЦЖ альбо БЦЖ-М. Такім чынам:
Летась дзіцяці рабілі спробу Манту, яна паказала адмоўны вынік. У гэтым годзе – проба станоўчая.
Жанна Крывашэева:
Гэта можа сведчыць пра тое, што дзіця было інфіцыравана нядаўна – ад некалькіх месяцаў да года. Разам з тым, першы год пасля «сустрэчы» з туберкулёзам самы небяспечны, бо на фарміраванне добрага імунітэту патрабуецца некалькі гадоў. Палова дзяцей ловяць хваробу менавіта на працягу першага года пасля інфіцыравання. Калі мы зафіксавалі ўпершыню станоўчую рэакцыю на туберкулін, дзіця трэба як мінімум абследаваць: зрабіць клінічныя аналізы, рэнтгенаўскі здымак і выключыць актыўныя сухоты. Далей такіх дзяцей мы назіраем з дыягназам «Віраж туберкулінавай рэакцыі». У асобных выпадках прызначаецца прафілактычнае лячэнне адным ці двума процітуберкулёзнымі прэпаратамі. Гэта дазваляе знізіць рызыку хваробы ў 7-8 разоў.
Станоўчая рэакцыя на туберкулінавую пробу можа фіксавацца ў дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў, што ў большасці выпадкаў лічыцца нормай. Гэта звязана з тым, што яны адносна нядаўна былі прышчэпленыя вакцынамі БЦЖ альбо БЦЖ-М. За такімі малымі, як правіла, назірае ўрач-педыятр, пры неабходнасці ім прызначаюць дадатковае абследаванне. Напрыклад, у тым выпадку, калі ў сям'і выяўлены хворы на сухоты сваяк.
Усе гады ў дзіцяці была невысокая станоўчая рэакцыя на пробу Манту. Папула ў дыяметры была не больш за 5-7 мм. І раптам яна стала 15 мм.
Жанна Крывашэева:
У такім выпадку магчымыя два варыянты развіцця падзей. Першы: у дзіцяці нядаўна, у прамежку паміж папярэдняй і цяперашняй пробамі Манту, быў кантакт з хворым на сухоты. Другі варыянт: дзіця інфіцыраванае даўно, хварэла на вятранку, адзёр, грып ці атрымала курс лячэння лекавымі прэпаратамі, што аслабілі імунітэт, і туберкулёзная інфекцыя, якая ніяк сябе не праяўляла, актывізавалася. Выйсце – далейшае абследаванне дзіцяці, сям'і і ў асобных выпадках – прафілактычнае лячэнне.
У дзіцяці выяўлена звышвысокая адчувальнасць да туберкуліну. На месцы ўвядзення ўтварыўся вялікі інфільтрат (пляцоўка) памерам 17 мм і больш, язва і інш. Тэмпература павышаная.
Жанна Крывашэева:
Гэта значыць, што дзіця атрымала вялікую колькасць МБП і/альбо сустрэлася з асабліва моцнай туберкулёзнай інфекцыяй і так шпарка на яе рэагуе ці ўжо хворае на сухоты.
Проба Манту робіцца:
Асаблівых супрацьпаказанняў да пастаноўкі пробы Манту няма. Разам з тым, рабіць яе не будуць, калі дзіця хварэе, у яго алергія ў перыяд абвастрэння, нядаўна была перанесеная цяжкая інфекцыя ці зроблена іншая прышчэпка. Пасля захворванняў рэкамендуецца пачакаць месяц і затым рабіць пробу Манту. Пасля лёгкіх вірусных інфекцый у асобных выпадках магчыма правядзенне тэсту адразу па выздараўленні.
Перад туберкулінавай пробай не патрабуецца асаблівай падрыхтоўкі. Абавязковае апытанне і агляд дзіцяці ўрачом для выключэння наяўнасці супрацьпаказанняў. Але! Дзецям, схільным да алергіі, пажадана на працягу пяці дзён да і два дні пасля пробы прымаць анцігістамінныя (супрацьалергічныя) прэпараты. Бацькам малых варта пачакаць з даданнем у рацыён новых прадуктаў.
Жанна Крывашэева:
Мы не робім планавыя пробы Манту, калі ў садку ці школе каранцін, напрыклад, з-за вятранкі альбо грыпу. Акрамя гэтага, не варта спяшацца з увядзеннем туберкуліну, калі ў сям'і хтосьці хворы на грып, ангіну, АРВІ ці іншыя інфекцыйныя захворванні. Для таго, каб карціна не была змазанай, пажадана мінімізаваць уздзеянне любых фактараў на месца ўвядзення туберкуліну – да кантролю выніку пробы не наведваць басейн ці лазню, не расчэсваць альбо не апрацоўваць чымсьці месца ўкола. Рукі мыць і прымаць душ можна.
Пасля пастаноўкі пробы Манту, дыяскінтэсту альбо правядзення любой прафілактычнай прышчэпкі дзіця павінна знаходзіцца пад наглядам медыцынскага персаналу на працягу не менш як 30 хвілін.
Калі ў дзіцяці пасля ўвядзення туберкуліну ўжо дома з'явіліся высыпанні на скуры па ўсёй руцэ ці целе, паднялася тэмпература 38-39 °С, ён стаў бледным, млявым, неабходна тэрмінова выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. Можна даць супрацьалергічны прэпарат.
Проба Манту ў нашай рэспубліцы ставіцца дзецям да 7 гадоў, з 8 да 17 - дыяскінтэст. Дарослым для выяўлення туберкулёзу лёгкіх на ранніх стадыях рэкамендавана рабіць флюараграфію. Для асобных катэгорый дарослага насельніцтва штогадовае рэнтген-флюараграфічнае даследаванне органаў грудной клеткі з'яўляецца абавязковым.
https://bel.24health.by/navoshta-treba-flyuaragrafiya
One fine body…