У цэнтральнай частцы святлоадчувальнага слою сятчаткі размешчаная макула. Яна адыгрывае асноўную ролю ў забеспячэнні зроку. Дзякуючы ёй чалавек здольны бачыць прадметы, якія знаходзяцца паблізу, і адрозніваць іх колер. Складаюць макулу вельмі крохкія клеткі, якія валодаюць святлоадчувальнасцю. Розныя працэсы, якія адбываюцца ў арганізме ці ўздзейнічаюць звонку, здольныя іх пашкодзіць. У выніку клеткі ўжо не могуць у поўнай меры выконваць свае функцыі, і зрок зніжаецца. Гэты стан атрымаў назву «макуладыстрафія сятчаткі». Калі яна развіваецца ў сталым узросце, дык гаворка ідзе пра сенільную (узроставую) макуладыстрафію.
Чаму развіваецца ўзроставая макуладыстрафія? Хто ў групе рызыкі? Якія сімптомы захворвання? Па адказы на гэтыя ды іншыя пытанні журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі звярнулася да Святланы Ільіной – к.м.н., дацэнта кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Узроставая макулярная дэгенерацыя – адна з вядучых прычынаў незваротнай страты зроку і слепаты сярод насельніцтва развітых краінаў свету ва ўзросце 50 гадоў і старэйшых. Паводле інфармацыі СААЗ, доля насельніцтва старэйшай узроставай групы ў эканамічна развітых краінах да 2050 года павялічыцца да 33% (цяпер гэты паказчык роўны 20%). Акрамя таго, спецыялісты кажуць пра тое, што ў апошнія гады з'явілася выразная тэндэнцыя «амаладжэння» захворвання.
Як распавяла Святлана Ільіна, прычынай зніжэння зроку з'яўляецца дэгенерацыя макулы, якая з'яўляецца самай важнай зонай сятчаткі вока. Менавіта яна адказная за рэзкасць і вастрыню цэнтральнага зроку, якія неабходныя чалавеку, напрыклад, для чытання альбо пісьма. Перыферычны зрок пры гэтым практычна не пагаршаецца.
У сятчатцы адбываецца інтэнсіўны абмен рэчываў. У выніку ў ёй утвараюцца вольныя радыкалы і іншыя актыўныя формы кіслароду, якія здольныя выклікаць развіццё дэгенератыўных працэсаў. У сятчатцы, асабліва ў макуле і парамакулярнай вобласці, пад уздзеяннем кіслароду і святла фарміруюцца нерасшчапляльныя палімерныя структуры – так званыя друзы. З-за адкладанняў друзаў прылеглыя слаі сятчаткі атрафуюцца, а ў пігментным эпітэліі сятчаткі адбываецца ўтварэнне паталагічных сасудаў. З цягам часу адбываюцца працэсы рубцавання, якія суправаджаюцца стратай значнай колькасці фотарэцэптараў сятчаткі.
Ад формы ўзроставай макуладыстрафіі залежыць ступень цяжкасці захворвання і страты цэнтральнага зроку. Выдзяляюць два варыянты цячэння хваробы – сухая (неэксудатыўная, атрафічная) і вільготная (эксудатыўная, неаваскулярная).
У большасці выпадкаў (прыкладна 85%) узроставай макуладыстрафіі дыягнастуецца менавіта сухая форма. Пры гэтай форме захворвання адбываецца паступовая страта цэнтральнага зроку, што прыводзіць да абмежавання магчымасці адрозніваць дробныя дэталі. Разам з тым, сухая форма ўзроставай макуладыстрафіі з цягам часу можа павольна прагрэсаваць да позняй стадыі геаграфічнай атрафіі – паступовай дэградацыі клетак сятчаткі.
10-15% выпадкаў прыпадае на вільготную форму ўзроставай макуладыстрафіі. Для яе характэрнае хуткае развіццё і значнае пагаршэнне цэнтральнага зроку.
Нягледзячы на шматлікія даследаванні, да гэтага часу няма дакладнага вызначэння, якія прычыны выклікаюць захворванне. Па сутнасці, узроставая макуладыстрафія – гэта шматфактарнае захворванне.
Усяго вучонымі разглядаецца чатыры асноватворныя тэорыі механізму развіцця хваробы ўзроставай макуладыстрафіі:
Пальма першынства сярод фактараў рызыкі належыць узросту. Сярод людзей сярэдняга ўзросту хвароба дыягнастуецца толькі ў 2%, ва ўзросце ад 65 да 75 гадоў – ужо ў 20% выпадкаў, у групе ад 75 да 84 гадоў прыкметы ўзроставай макуладыстрафіі знаходзяць у кожнага трэцяга.
Сярод правакацыйных фактараў эксперт назвала наступныя:
Пры ўзроставай макулярнай дэгенерацыі, як правіла, адбываецца павольная, бязбольная, але незваротная страта зроку. Толькі ў рэдкіх выпадках гэты працэс можа працякаць рэзка.
Раннімі прыкметамі страты зроку ў выніку ўзроставай макуладыстрафіі з'яўляюцца:
Калі вы заўважылі пагаршэнне зроку, выпадзенне літар ці скрыўленне радкоў пры чытанні, з'яўленне плямы перад вокам, аслабленне кантрасту малюнка – гэта сур'ёзныя прыкметы, пры з'яўленні якіх неабходная тэрміновая кансультацыя афтальмолага.
Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
BY/OPHT/09.2020/pdf/75521
І на гэты раз размова не пра высокія матэрыі, а пра цалкам канкрэтныя… імёны. Бо сёння, 30 верасня, – Дзень памяці святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові… І маці іх Сафіі. Віншуем усіх, хто святкуе!
Іншыя ж назвы гэтага дня – «сусветныя бабіны імяніны», «бабіна свята» і нават… «бабіна выць»!
Чаму?! Ды таму, што з самай раніцы жанчынам раілі… добра паплакаць. І тым самым – пазбавіць сябе і сваё сямейства ад далейшых бедаў, суму, непрыемнасцяў. Нават калі нагоды плакацца быццам бы і няма… А ўжо калі ёсць… Такі вось своеасаблівы абярэг.
Плюс існавала меркаванне, што калі ў гэты дзень жанчына наплачацца «ўдосталь», дык цэлы год у яе без слёз пройдзе.
Якое з традыцыйных сардэчных пажаданняў сустракаецца даволі часта?! «Каб поруч з вамі заўсёды крочылі Надзея, Вера і Любоў». Шчыра і ўзнёсла, праўда?! І вельмі-вельмі неабходна нам усім такое апякунства, суправаджэнне па жыцці. Без яго сапраўды – нікуды…
Але, нягледзячы на такое душэўнае свята, дзень 30-га верасня ў народным календары лічыцца… небяспечным і нешчаслівым. Ці то з-за пакутніцкай смерці святых, ці то з-за традыцыі плакаць. Але як ёсць, так ёсць.
І ўсё ж ніхто не замінае, адплакаўшы, адсвяткаваць уласныя імяніны. Бо калісьці надзвычай папулярнымі былі гэтыя імёны – Надзея, Вера, Любоў, Сафія. І вельмі цікава было б зараз падлічыць хаця б прыкладна: а колькі жанчын сёння – імянінніцы?! А ў вашым асяроддзі ёсць такія?! Не забудзьцеся іх павіншаваць! 🙂
Па народных прыкметах нашых продкаў у гэты дзень звычайна халодна і дажджліва. Зрэшты, нічога дзіўнага: апошні дзень верасня. Першая хваля бабінага лета (калі пашанцуе) прайшла ўжо, а другую па-ранейшаму чакаем у кастрычніку (вельмі хочацца!). А тым часам начныя ды ранішнія замарзкі звычайна ў гэты час робяцца не такімі ўжо і рэдкімі…
Між іншым, калі 30 верасня ідзе дождж, дык чакаецца ранняя вясна. А калі ў гэты дзень жураўлі паляцяць у цёплыя краіны (хаця веча-то іх жураўлінае вунь калі было!), дык на Пакроў чакалі ўжо не замаразкаў, а марозу!
І таксама па даўнейшай традыцыі хто сватаўся на Веру, Надзею і Любоў, той вяселле традыцыйна гуляў на Пакроў! А каму ўжо не пашанцавала… Памятаеце?! «Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, бы карова».
Але да Пакрову яшчэ ёсць час, каб згаварыцца, пасватацца ды падрыхтавацца да вяселля! 🙂 Калі браць па ўвагу спрадвечныя традыцыі беларусаў…
А вось на Веру, Надзею і Любоў браць шлюб заўсёды лічылася дрэннай прыкметай. Як і ладзіць шумныя гулянкі, спажываць шмат спіртнога, прыбірацца ў хаце, сварыцца… Майце на ўвазе, калі думаеце святкаваць імяніны!
Затое наведваць храм і маліцца, звяртацца да святых, прасіць у іх здароўя сваім блізкім, дабрабыту сям’і лічыцца добрай традыцыяй сярод вернікаў у гэты дзень.
А заўтра мы ўжо сустракаем іншае свята. У чымсьці неадназначнае, але пры правільным падыходзе дык цалкам, прабачце за таўталогію, святочнае свята. Дзень пажылых, альбо Дзень сталых.
І калі 1-га кастрычніка проста аказваць знакі ўвагі людзям ва ўзросце – запрашаць у калектывы, дзе працавалі, уручаць кветкі, падарункі, грашовую дапамогу, наладжваць салодкія сталы, канцэрты… Дык чаму б і не?!
Як кажуць, усе рана ці позна будуць пенсіянерамі, выйдуць на заслужаны адпачынак. І як ставіліся ў маладым узросце да сталых, такое стаўленне і да сябе кожны атрымае.
Шкада, што зараз многія маладыя начальнікі гэтага не разумеюць. Яны думаюць, што заўсёды будуць маладымі. Альбо што яны такія асаблівыя, што іх і пасля будуць ушаноўваць… падначаленыя. Але часцяком назіраем мы ўсё той жа закон ці эфект бумеранга…
Таму лепей усё ж паважліва ставіцца да тых, хто зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. І не толькі адзін раз на год, у свята сталых, а пастаянна. І я ведаю такія калектывы на Чэрвеньшчыне, якія сапраўды можна паставіць у прыклад. Але пералічваць не буду. А то раптам каго не назаву – пойдуць крыўды. 🙂 Дык няхай гэта будзе нагодай для роздуму… Для ўсіх.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Пякотка, камяк у горле, белы налёт на языку – гэтыя сімптомы могуць гаварыць пра гастраэзафагеяльную рэфлюксную хваробу (ГЭРХ). Калі яе не лячыць, можна зарабіць язву і непраходнасць стрававода. Як пазбегнуць захворвання? Чаму лепей адмовіцца ад мясных булёнаў і вячэры на канапе?
Разбіраемся з дацэнтам кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н. Аленай Адаменка.
ГЭРХ – гэта закід агрэсіўнага змесціва страўніка ў стрававод. Паміж гэтымі органамі знаходзіцца «клапан» – ніжні страваводны сфінктар.
Чаму ж сфінктар расслабляецца і губляе ахоўную функцыю?
Цяпер многія ядуць у становішчы напаўлежачы перад тэлевізарам ці з тэлефонам. Ці можа гэта выклікаць закіды? І што рабіць з кампрэсійнай бялізнай і паяснічнымі бандажамі, якія прызначаюць людзям ад розных захворванняў?
Ці прымальныя народныя парады аб прымяненні траў, капуснага і бульбянога соку для памяншэння кіслотнасці і «заспакаення» страўніка?
Дадаткова можна выкарыстоўваць настоі рамонку, насення лёну. А вось капусны і бульбяны сок, наадварот, павышаюць утварэнне кіслаты, і пры гэтай паталогіі іх не варта ўжываць у ежу.
Калі ігнараваць захворванне і не звяртацца да ўрача, ГЭРХ можа прывесці да сур'ёзных ускладненняў.
Пры ГЭРХ трэба прытрымлівацца пэўнай дыеты.
Лячэбнае харчаванне павінна выконваць дзве функцыі: паменшыць кіслотнасць і прадухіліць закіды страўнікавага змесціва ў стрававод.
Таму асноўныя рэкамендацыі гастраэнтэролагаў такія: ежа павінна быць прыгатаваная на пары, у звараным і тушаным выглядзе, дробна парэзаная або механічна перапрацаваная, не быць халоднай і гарачай, бо халодная ежа доўга затрымліваецца ў страўніку, а гарачая можа траўмаваць слізістую стрававода.
Аптымальная тэмпература страў – 40-50 градусаў. Акрамя таго, давядзецца адмовіцца ад традыцыйных мясных супоў.
Боршч, капуста – не рэкамендуюцца!
Рэкамендуецца |
Не рэкамендуецца |
Падсушаны пшанічны хлеб, нясдобныя булачкі і печыва. | Аржаны і свежы хлеб, бліны, пірагі, здоба. |
Нятлустыя гатункі мяса: ялавічына, цяляціна, трус, курыца, індычка, язык, печань, доктарская каўбаса, нятлустая вяндліна. | Тлустыя жылістыя гатункі мяса і птушкі, кансервы. |
Нятлустыя віды рыбы. | Тлустыя віды рыбы, вэнджаная, салёная рыба. |
Яйкі ўсмятку, укрутую, паравы амлет. | Смажаныя амлет, яечня. |
Малако неразведзенае ў гарбату і кашы, свежая някіслая смятана, тварог у запяканку, нявостры сыр, масла сметанковае несалёнае, сланечнікавы і аліўкавы алей. | Вострыя сыры, малочныя прадукты з высокай кіслотнасцю, сала. |
Манная, рысавая, грачаная, геркулесавая кашы, звараныя на малацэ ці вадзе, адварныя макароны. | Пшанічная, пярловая, ячная крупы, бабовыя. |
Адварныя буракі, бульба, морква, квяцістая капуста, зялёны гарошак, кабачкі, гарбуз. | Белакачанная капуста, баклажаны, цыбуля, часнок, кансервы з агародніны, грыбы. |
Пюрэ, кісялі, жэле з салодкай саспелай садавіны, печаныя яблыкі. | Сырыя кіслыя няспелыя садавіна і ягады. |
Нямоцныя чай, какава з малаком, салодкія сокі, адвар шыпшыны. | Квас, піва, мацаванае віно, моцны алкаголь, кава, газаваныя напоі, кіслыя сокі. |
Узбітыя вяршкі, зефір, мёд, джэмы, варэнне з салодкіх ягад і садавіны. | Шакалад, халва, арэхі, суцэльныя сухафрукты. |
Сэкс – адзін з ключавых складнікаў узаемаадносінаў мужчыны і жанчыны, крыніца задавальнення і залог працягу жыцця на зямлі. Але ёсць у яго і цёмны бок. Інтымная блізкасць, асабліва неабароненая і з частай зменай партнёраў, нярэдка робіцца прычынай інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ).
Не кожную з гэтых інфекцый можна выявіць адразу. Не ўсе з іх з'яўляюцца безумоўна патагеннымі. Але часам аддаленыя наступствы інфіцыравання могуць у корані перавярнуць жыццё чалавека. Пра прычыны, сімптомы, групы рызыкі і прафілактыку ІППШ – у нашым матэрыяле.
ІППШ – гэта інфекцыі, якія перадаюцца пераважна палавым шляхам. Зараз вядома больш за 30 розных вірусных і бактэрыяльных (мікробных) ІППШ. Характэрна, што ледзь ці не штогод іх колькасць павялічваецца.
Сярод ІППШ, якія найбольш часта сустракаюцца зараз, – усе венерычныя захворванні, а таксама хламідыёз, мікаплазмоз, кандыдоз, папілома-вірусная інфекцыя (востраканцовыя кандыломы), генітальны герпес, гепатыт В, ВІЧ/СНІД і інш.
Па дадзеных СААЗ:
Глыбіня праблемы больш відавочная, калі ўлічыць, што ІППШ аказваюць вельмі негатыўны ўплыў на сэксуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе чалавека. Асаблівасць ІППШ заключаецца ў тым, што пры адсутнасці своечасовай дыягностыкі і адэкватнага лячэння многія з іх прымаюць хранічны характар цячэння альбо пераходзяць у схаваную форму. Могуць выклікаць незваротную страту здароўя, напрыклад, прывесці да звыклай невыношвальнасці, бясплоддзя, эрэктыльнай дысфункцыі. Акрамя таго, некаторыя ІППШ маюць уласцівасць падчас цяжарнасці інфіцыраванай жанчыны перадавацца плоду ўнутрычэраўна альбо інфіцыраваць немаўля падчас родаў.
Інкубацыйны перыяд большасці ІППШ (хламідыі, урэаплазмы, мікаплазмы і г.д.) складае 21 дзень (ад моманту заражэння да моманту праявы клінічных прыкметаў).
Як правіла, да сімптомаў ІППШ, якія найбольш часта сустракаюцца, адносяцца:
У некаторых выпадках інфекцыя можа працякаць са схаванай альбо сцёртай сімптаматыкай, не выклікаючы моцных турботаў, а значыць, і насцярожанасці ў носьбіта. З цягам часу рызыка хранізацыі інфекцыйнага працэсу павялічваецца. Пры гэтым заражаны чалавек застаецца крыніцай небяспекі інфіцыравання для іншых.
Тэарэтычна ад інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, не застрахаваны ніводны чалавек, які мае вопыт палавых адносінаў. Нават адзіны палавы кантакт (прычым любы: вагінальны, анальны, аральны) з заражаным партнёрам можа прывесці да інфіцыравання. Пол, узрост, этнічная і рэлігійная прыналежнасць, узровень матэрыяльнага дастатку і іншыя «знешнія опцыі» для рызыкі заражэння значэння не маюць. Калі чалавек вядзе палавое жыццё – значыць, ён апрыёры ў групе рызыкі.
Тым не менш, больш за іншых рызыкуюць... жанчыны і падлеткі.
Анатамічныя асаблівасці будовы палавых органаў жанчыны першапачаткова павышаюць рызыку інфіцыравання. Акрамя таго, сімптаматыка ІППШ у жанчын часцяком менш выяўленая, чым у мужчын, і яе лягчэй «не заўважыць» самастойна.
А вось рызыка інфіцыравання ІППШ сярод падлеткаў абумоўленая перш за ўсё:
Па сутнасці, прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, зводзіцца да двух базісных правілаў: да захавання асабістай гігіены і захавання гігіены інтымнага жыцця.
Каб абараніць сябе ад рызыкі інфіцыравання альбо звесці такую верагоднасць да мінімуму, неабходна:
Сярод усіх вядомых вітамінаў Д займае асобнае месца. Ён удзельнічае ў многіх жыццёва важных працэсах у чалавечым арганізме: рэгулюе засваенне кальцыю і фтору, можа дапамагчы пазбегнуць некаторых спадчынных захворванняў, у тым ліку анкалагічных, хваробаў сэрца, эндакрынных паталогій, адказвае за фігуру і знешнюю прыгажосць (стан скуры, валасоў і пазногцяў). І гэта толькі малы пералік вялікіх магчымасцяў няпростага вітаміну.
Без уплыву вітаміну Д не абыходзіцца функцыянаванне больш за 30 органаў і сістэмаў арганізма. Напрыклад, ён актыўна ўздзейнічае на работу падстраўнікавай залозы, метабалічныя працэсы, рэпрадуктыўную і эндакрынную, а таксама імунную сістэмы.
Як вызначыць, ці ў норме вітамін Д? А ці можна назапасіць яго? Ці існуюць сімптомы недахопу або празмернасці вітаміну Д? Знайсці адказы на гэтыя пытанні «Слушна» дапамагла наш пастаянны эксперт – прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.
Існуюць дзве формы вітаміну Д: Д2 (эргакальцыферол) і Д3 (холекальцыферол). Першы вітамін у невялікай колькасці мы атрымліваем з прадуктамі харчавання, а другі – асноўная крыніца вітаміну Д – утвараецца толькі пад уздзеяннем сонечнага выпраменьвання (7-дэгідрахалестэролу – правітаміну Д).
Пасля ўздзеяння на скуру сонечнага выпраменьвання холекальцыферол трапляе ў печань, у якой сінтэзуецца самая стабільная форма вітаміну – кальцыдыёл, які, зрэшты, яшчэ біялагічна не актыўны. Наступны этап – «дастаўка» кальцыдыёлу ў ныркі, дзе ён ператвараецца ў кальцытрыёл – метабалічна актыўную форму.
Упершыню пра вітамін Д загаварылі ў першым дзесяцігоддзі 20 стагоддзя. Яго адкрыццё было звязанае з вывучэннем такога захворвання, як рахіт. Менавіта дэфіцыт гэтага важнага вітаміну прыводзіў да таго, што костка няправільна фармавалася і дэфармавалася. Зрэшты, і сёння вітаміну Д адводзяць адну з галоўных роляў у прафілактыцы і лячэнні астэапарозу – захворвання, пры якім зніжаецца ўтрыманне кальцыю ў костках і іх трываласць.
Недахоп «сонечнага вітаміну», і гэта навукова даказаны факт, можа стаць прычынай развіцця сіндрому полікістозных яечнікаў, а таксама невыношвання цяжарнасці, дадала эксперт.
Зараз даказана роля вітаміну Д у рэалізацыі важных біялагічных функцый у арганізме чалавека, у тым ліку на ўзроўні генетыкі. Напрыклад, кальцытрыёл здольны рэгуляваць актыўнасць звыш 200 генаў.
У Беларусі праведзена даследаванне сярод жанчын, старэйшых за 50 гадоў. Дэфіцыт вітаміну Д быў выяўлены ў 75% рэспандэнтаў. І гэтая праблема, падкрэсліла Ала Шапялькевіч, для Беларусі вельмі актуальная, асабліва ўлічваючы наша геаграфічнае размяшчэнне і павелічэнне колькасці людзей, старэйшых за 50 гадоў.
Вызначыць паказчыкі ўтрымання вітаміну Д можна з дапамогай аналізу крыві з вены. Пакуль лабараторна не вызначаны яго ўзровень, нельга казаць пра адхіленне ад нормы вітаміну Д і, тым больш, прызначаць лячэнне!
Значэнні ўзроўню вітаміну Д могуць вагацца ў залежнасці ад сезону года. У зімовыя і восеньскія месяцы (з кастрычніка па сакавік), калі сонечных дзён мала, дэфіцыт больш выяўлены.
Здаць аналіз крыві на вызначэнне ўзроўню вітаміну Д (кальцыдыёл – найбольш стабільная яго форма) можна ў розных дзяржаўных і прыватных лабараторыях. Зараз гэты аналіз зрабіўся даступным, і яго вынік дапаможа доктару вызначыцца з неабходнасцю прызначэння лячэння або прафілактыкі.
У групу рызыкі недахопу вітаміну Д уваходзяць жанчыны, старэйшыя за 50 гадоў, якія маюць захворванні касцяной тканкі, пажылыя людзі ва ўзросце, старэйшыя за 60 гадоў, а таксама людзі з атлусценнем, цяжарныя і жанчыны, якія кормяць.
Верагоднасць развіцця дэфіцыту вітаміну Д высокая ў наступных групах рызыкі:
Па-першае, сонечнае святло. Прычым трох-пяці хвілін уздзеяння сонечнага выпраменьвання на скуру недастаткова. Для таго, каб запусціўся працэс сінтэзу вітаміну Д, трэба прабыць на сонцы на працягу 20-30 хвілін. Пасля гэтага ўзровень у крыві вітаміну Д3 павялічваецца таксама, як пасля прыёму лекавага сродку, які змяшчае 10 тыс.МЕ (міжнародных адзінак) вітаміну Д3. Разам з тым, з узростам яго здольнасць сінтэзавацца ў скуры зніжаецца (пасля 65 гадоў больш чым у 4 разы).
Па-другое, ежа. На жаль, з ежай мы можам атрымаць толькі 5-7% вітаміну Д, дакладней, адну з яго формаў – Д2. Зрэшты, не будзе лішнім, калі ў нашым рацыёне будуць прысутнічаць прадукты, якія яго ўтрымліваюць: марскія (тлустыя гатункі рыб), ялавічына і свініна, ялавічная печань, розныя алеі, яйкі, арэхі і семачкі, злакавыя расліны.
Па-трэцяе, з дапамогай медыкаментозных лекавых прэпаратаў.
У Беларусі зарэгістраваныя тры лекавыя сродкі, вытворныя холікальцыферолу. Два з іх – у капежнай форме, адно – таблетаванае.
Любыя лекі для папаўнення дэфіцыту вітаміну Д варта прымаць толькі пасля лабараторных даследаванняў (якія пацвярджаюць наяўнасць зніжаных значэнняў кальцыдыёлу) і кансультацыі з урачом, які вызначыць аптымальную дозу і форму прэпарата. Пасля прыёму лекавага сродку на працягу 8-12 тыдняў неабходна здаць кантрольны аналіз крыві.
Прызначэнне прэпаратаў вітаміну Д у людзей без яго дэфіцыту можа прыводзіць да сур'ёзнага паражэння нырак!
І яшчэ адзін сакрэт! Вітамін Д – так званае ліпафільнае рэчыва, якое назапашваецца ў тлушчавай тканцы і затым на працягу доўгага часу выдаткоўваецца. Таму пасля летняга адпачынку на моры ў нас з'яўляецца запас гэтага вітаміну на наступныя 3-4 месяцы.
https://bel.24health.by/ci-prymac-vitamin-d-merkavanne-eksperta/
І гэта, мабыць, адно з самых яркіх веданняў яшчэ з маленства, ад мамы. Што 27 верасня – Узвіжанне, дзень, калі змеі збіраюцца ў лясах-балотах усе разам, каб накіравацца тады на зімоўку. Таму ў лес-балота на Узвіжанне – ні нагой!
Можна палічыць гэта забабонамі альбо чарговай народнай прыдумкай. Але ёсць шматлікія сведчанні тых, хто ў гэты дзень сапраўды бачыў у лесе клубок змей! Так што асабіста я гэтага правіла прытрымліваюся.
Вось і сёлета… Не паглядзеўшы на дату, што прыпадае на нядзелю, зараней плануем у балота, па журавіны. А тады… Адбой вадзіцелю! Таксама зараней. Узвіжанне… Гэта па-народнаму. А ў праваслаўных вернікаў – Узвіжанне Крыжа Гасподняга. Двунадзясятае свята. Малітвы і пост.
«К Здзвіжанню ўсё павінна быць здзвінута», – казалі нашыя продкі, маючы на ўвазе, што ўсе збожжавыя павінны быць звезеныя з палёў.
Лічылася, што ад гэтай даты лета канчаткова ўжо сыходзіць, саступаючы месца законнай гаспадыні – восені: «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы». Але мы, не паспеўшы развітацца з першай хваляй бабінага лета, ужо маем спадзеў на яго другую хвалю. Няхай сабе і ў кастрычніку…
А яшчэ нашыя продкі прыкмячалі: «Узвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла», «Узвіжанне – апошні воз з поля рушыў, а птушкі ў вырай пацягнуліся». Вы ўжо бачылі сёлета птушыныя кліны?! Я дык – не адзін і не аднойчы. Нават стоячы ў Мінску на аўтобусным прыпынку…
Ёсць таксама і іншыя назвы гэтага свята. Адна з іх – Узвядзенне. І адпаведна – шмат народнай мудрасці: «Узвядзенне цеплыню зрушвае, а холад насоўвае», «Узвядзенне восень зіме насустрач рухае», «На Ўзвядзенне зазімкі – мужыку не бяда», «І дрэнная баба на Узвядзенне – капусніца», «У добрага мужыка на Ўзвядзенне і пірог з капустай».
Цікава, што ўзгадваецца пра бабу – дрэнную, а пра мужыка – добрага... 🙂 Заўважылі?! А хто ж той пірог з капустай будзе пячы?! Няўжо ж сам мужык?! 🙂 Не-е-е-е... Усё тая ж баба...
Паводле народных прыкметаў, паўночны вецер у гэты дзень – да наступнага цёплага лета. Калі некалькі дзён запар да Узвіжання дзьме вецер заходні – да пагаршэння надвор’я. А калі жураўлі ляцяць павольна і высока, курлыкаючы, дык восень будзе цёплай.
Дарэчы, 27 верасня лічыцца неспрыяльным днём для розных важных спраў і пачынанняў. Даўней нашыя продкі нават вяселляў у гэты дзень не гулялі. Бо быццам на Узвіжанне змагаецца добрае і дрэннае... І ў начальства нічога не прасілі.
Добра, што сёння нядзеля – магчымасці такой няма. У сэнсе – асабіста штосьці прасіць. І наўрад ці каму прыйдзе ў галаву скарыстаць для гэтай мэты сацсеткі альбо месэнджары. Толькі калі раптам ужо дужа штосьці патрэбнае. Звязанае са здароўем, напрыклад.
Таксама нельга сварыцца, жадаць камусьці зла, нават у думках. Усё бумерангам вернецца…
А! Яшчэ сёння нічога не пазычаюць і не аддаюць! Майце на ўвазе. Забабоны забабонамі, але штосьці ж можа і спраўдзіцца. Недарэмна ж гэтаму папярэднічаюць шматгадовыя назіранні... Таму штосьці і нам трэба ўзяць на ўзбраенне. Падтрымліваючы традыцыі продкаў...
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Неўралагічныя і псіхічныя парушэнні, падзенне зроку, скрыўленне паставы ў дзяцей – прызнаныя выдаткі нашай школьнай сістэмы.
А ці можна захаваць здароўе пры сямейнай адукацыі, калі дзіця вучыцца па індывідуальным плане дома? Гэтае пытанне мы абмеркавалі з псіхолагам і кансультантам па сямейнай адукацыі Веранікай Міхалка, якая займаецца дадзенай тэмай каля 10 гадоў і практыкуе гэты падыход ва ўласнай сям'і.
Здароўе не абмяжоўваецца фізіялогіяй. Яно ўключае ў сябе таксама псіхічнае, сацыяльнае і духоўнае самаадчуванне. Таму пытанне трэба разглядаць комплексна. На аснове свайго вопыту эксперт вывела перавагі сямейнай адукацыі па кожным складніку.
– Найбольш відавочныя плюсы сямейнай адукацыі для фізічнага здароўя ў тым, што дзіця можа прытрымлівацца свайго ўласнага рэжыму дня, харчавацца якаснай хатняй ежай, рухацца падчас заняткаў і мець шмат вольнага часу для іншых захапленняў, – кажа эксперт. – Псіхічнае здароўе не пакутуе дзякуючы таму, што можна рэгуляваць узровень вучэбнай нагрузкі ў адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі дзіцяці.
Дзецям таксама не трэба падладжвацца пад агульны тэмп выканання заданняў. Імкнуцца паспець за класам – сур'ёзная псіхічная нагрузка, у выніку чаго зніжаецца эфектыўнасць навучання: гонка вымотвае і зніжае задавальненне ад сваіх дасягненняў. Дома дзіця можа асвойваць матэрыял у камфортным тэмпе.
Важны складнік псіхічнага здароўя – упэўненасць у сабе. Сямейнае асяроддзе можа яе забяспечыць, у адрозненні ад школы, дзе дзецям трэба марнаваць шмат сіл на выбудоўванне адносінаў з вялікай колькасцю няблізкіх яму людзей, спаборнічаць з аднакласнікамі, даказваць сваю слушнасць настаўнікам.
Сацыяльнае здароўе – найбольш цікавы, але рэдка аналізуемы аспект. Псіхолаг упэўненая, што жыццёвыя ўстаноўкі і мэты аказваюць істотны ўплыў на фарміраванне здароўя. І менавіта тут трэба будзе самая галоўная праца для бацькоў, якія выбралі шлях сямейнай адукацыі для сваіх дзяцей. Праца па пераасэнсаванні ўласнага жыцця і стэрэатыпаў, закладзеных нашым мінулым школьным вопытам.
– Існуе міф, што сацыяльна здаровае дзіця павінна праводзіць паўдня ў школе ў дзіцячым калектыве, – прыводзіць прыклад Вераніка Міхалка. – Такая сацыялізацыя была калісьці важнай умовай у выразна структураваным савецкім грамадстве з адзіным адукацыйным сцэнаром. Але ў сучасным свеце школьны калектыў не дае патрэбных жыццёвых навыкаў. Сёння працадаўцам патрэбныя іншыя якасці і здольнасці. А калі казаць пра ненаёмную працу, а прадпрымальніцтва, дык школа наогул прапануе прынцыпова іншую светапоглядную пазіцыю.
Свет імкліва змяняецца, мы не ведаем, якія спецыяльнасці, ВНУ і метады навучання будуць запатрабаваныя праз 5-10 гадоў. Але вось сямейны інстытут дакладна застанецца. У жыцці любога чалавека зыходнай кропкай з'яўляецца сям'я, і яна ж будзе важнай падставай ва ўжо самастойным жыцці. У такім разе сёння неабходныя навыкі пабудовы блізкіх адносінаў у малым сямейным «калектыве».
Сямейныя сувязі першапачаткова глыбокія, валодаюць логікай і гісторыяй. Адносіны ж у вялікім калектыве носяць неабавязковы характар, можна змяняць сяброў, сябраваць разам супраць кагосьці, там ёсць іерархія, канкурэнцыя. Гэта неглыбокія, няўстойлівыя і часцяком нелагічныя, заснаваныя на вымушаных стасунках выпадкова сабраных разам людзей адносіны. Многія потым пераносяць гэты вопыт у аснову сям'і і атрымліваюць у выніку падабенства такога калектыву – без глыбокай блізкасці.
Калі мы хочам, каб нашы хлопчыкі і дзяўчынкі ўмелі будаваць блізкія адносіны, дык лагічна, што вялікую частку часу яны павінны праводзіць менавіта ў сям'і, а не ў чужых калектывах.
Вераніка Міхалка часта сутыкаецца з грамадскай асцярогай, што гэта прывядзе да звужэння свядомасці ці ізаляцыі дзіцяці. Але гэта не так, упэўненая эксперт.
– Калі я пачала займацца гэтай тэмай, дык у першую чаргу змяніла тэрміналогію: замест «хатняе навучанне» наўмысна пачала выкарыстоўваць паняцце «сямейная адукацыя». Сямейная адукацыя не зводзіцца да «школы дома». Гэта больш шырокі працэс фарміравання чалавека.
Калі дзеці вучацца дома, у іх застаецца значна больш часу на навакольнае жыццё (гурткі, стасункі з сябрамі, прагулкі, свае справы), больш свабоды ў дзеяннях, яны больш устойлівыя да аднабокага ўплыву.
Тыя, хто мае досвед параўнання, адзначаюць, што абмяжоўвае якраз-такі школа ў сілу сваёй дакладнай арганізацыі і фармалізацыі навучальнага працэсу.
Калі перайсці да духоўнага здароўя, дык яно ў значнай меры залежыць ад цэласнасці і гарманічнасці карціны свету чалавека. Але светапоглядныя ўстаноўкі сям'і і самога дзіцяці могуць уступаць у супярэчнасць са светапоглядам школьнай сістэмы. Неабходнасць адаптавацца да гэтых супярэчнасцяў забірае шмат сіл і энергіі ў дзіцяці, патрабуе кампрамісу. А ёсць дзеці, якія не прымаюць кампрамісу, і тады гэта ператвараецца ў барацьбу са школай за свае перакананні.
Дзіця давярае сваім бацькам. Калі яны аддалі яго/яе ў пэўнае асяроддзе, дык бунтаваць супраць яго азначае бунтаваць супраць бацькоў. Гэта хваравіты стан. І мне складана зразумець тых бацькоў, якія ганарацца супрацівам сістэме. Атрымліваецца, вы самі аддалі дзяцей у гэтае асяроддзе і кажаце, што трэба з ім змагацца. Гэта неўратычная сітуацыя. На мой погляд, лепей вызначацца з гэтым на ўваходзе.
Вельмі важны аспект духоўнага здароўя, пра які мала хто ведае, заключаецца ва ўсведамленні сябе гаспадаром жыцця.
– Чалавек добра і ўпэўнена адчувае, калі ўсведамляе сябе прычынай з'яў і падзей. І наадварот, вельмі цяжка адчуваць, што жыццё табе не падпарадкаванае, ім хтосьці кіруе, ты не можаш умяшацца ў ход падзей. Школьнае навучанне ставіць у такія ўмовы і дзяцей, і бацькоў.
Аб'ём і выбар матэрыялу, які вывучаецца, расклад прадметаў, састаў класаў, светапоглядныя ўстаноўкі настаўнікаў – на гэта мы не можам уплываць. У адрозненні ад сямейнай адукацыі, дзе вы самі ўстанаўліваеце правілы гульні. Мне здаецца, адчуванне сябе гаспадаром, гаспадыняй свайго жыцця закладзенае ў кожным з нас. І дастаткова не выстаўляць дадатковых абмежаванняў дзецям, каб захаваць у іх гэтае здаровае пачуццё. Пры сямейнай адукацыі гэта больш рэальна, – лічыць псіхолаг.
Сямейная адукацыя – гэта філасофія. Усім бацькам, у тым ліку і тым, хто задумваецца пра альтэрнатыву ці ўжо выбраў гэты шлях, эксперт прапануе задаць сабе шэраг пытанняў. Напрыклад:
Акрамя гэтых глыбінных пытанняў, трэба ацаніць знешнія ўмовы. Магчыма, гэты аналіз прывядзе да школы, што не будзе выклікаць ніякіх супярэчнасцяў і дыскамфорту, а значыць, і праблемаў са здароўем у дзяцей. Усё залежыць ад мэтаў, ладу жыцця і магчымасцяў сям'і.
Фота з сямейнага архіва Веранікі Міхалка і вольных інтэрнэт-крыніц.
«Калісьці быў вельмі папулярным рыбін тлушч. Сёння пра яго чуем зрэдку. Што змянілася ў ацэнцы яго карыснасці?» Такое пытанне даслала на сайт наша чытачка з г.Высокае Камянецкага раёна Марыя Раманюк.
Насамрэч рыбін тлушч ніколі не губляў папулярнасці. Праўда, у часы СССР яна была хутчэй са знакам «мінус». У дзіцячых садках і школах дзецям штодня ў абавязковым парадку «прапісвалі» па лыжцы падобнай да алею, малапрыемнай на смак і пах вадкасці. Пачуццё агіды да яе часам было настолькі моцным, што не апраўдвалася нават безумоўнай карысцю харчовай дабаўкі.
Сёння рыбін тлушч даступны і ў традыцыйнай вадкай форме, і ў капсулах. Прымаць яго ці не – пытанне асабістага выбару. Але, як правіла, сапраўднымі знатакамі карысных уласцівасцяў рыбінага тлушчу былі і застаюцца людзі, якія ўважлівыя да свайго ладу жыцця, харчавання і здароўя ў цэлым.
Дык чым жа карысны рыбін тлушч? Ці ёсць розніца, у якой форме яго прымаць? Ці можа ён прынесці здароўю не карысць, а шкоду? На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць дыетолага, кандыдата медыцынскіх навук Надзею Рабаву.
Рыбін тлушч – каштоўны прадукт, які атрымліваюць з тлустых гатункаў рыбаў, што жывуць пераважна ў халоднай вадзе сусветнага акіяна (селядзец, скумбрыя, траска і інш.).
Акрамя непасрэдна тлушчу, прадукт змяшчае ў тым ліку «добры» халестэрын, насычаныя, монаненасычаныя тлушчы, амега-3 і -6 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, вітаміны А і D.
Акрамя таго, рыбін тлушч валодае высокай энергетычнай каштоўнасцю. Каларыйнасць 100 грамаў прадукту складае 902 ккал.
Перш за ўсё, рыбін тлушч служыць багатай крыніцай амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў: эйказапентаенавай (ЭПК) і доказагексаенавай (ДГК). Яны адносяцца да эсэнцыяльных, г.зн. незаменных, і ў арганізме не сінтэзуюцца. Аптымальны спосаб забяспечыць іх паступленне – уключаць у рацыён харчовыя прадукты, багатыя на амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты.
Даказана, што ў амега-3 тлустых кіслотаў ёсць шэраг перавагаў для здароўя чалавека:
Карысць рыбінаму тлушчу забяспечвае таксама высокае ўтрыманне вітамінаў А і D.
У цэлым рыбін тлушч:
Пры недахопе або адсутнасці ў рацыёне прадуктаў, якія змяшчаюць амега-3 і -6 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, тлушчараспушчальныя вітаміны, ужыванне рыбінага тлушчу ў якасці харчовай дабаўкі застаецца актуальным і апраўданым. Прычым гэта справядліва ў дачыненні да дзяцей і дарослых, вяскоўцаў і гараджан, мужчын і жанчын.
Калі прымаць рыбін тлушч па рэкамендацыі ўрача і строга прытрымліваючыся прызначанай дазіроўкі (або хаця б той, якая прадстаўленая ў інструкцыі да харчовага дадатку), шкоды не будзе.
З асцярогай яго варта прымаць пры арганічных паражэннях сэрца, сардэчнай недастатковасці II-III стадыі, язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, атэрасклерозе, гіпатэрыёзе, а таксама людзям сталага веку.
Акрамя таго, існуюць і супрацьпаказанні да прыёму рыбінага тлушчу. Да іх адносяцца:
Нягледзячы на тое, што рыбін тлушч валодае шэрагам перавагаў для здароўя і служыць каштоўнай крыніцай незаменных тлустых кіслотаў, параіцца з урачом пра мэтазгоднасць яго прыёму, дозу і працягласць курсу будзе самым правільным рашэннем.
Як часта мы можам пачуць у аптэцы: «Дайце штосьці ад галавы!», «Чым ціск збіць?», «А можна пры псарыязе рукі крэмам змазваць?»… І даюць, распытваюцца і падказваюць. І нам яно, тое, што параілі, дапамагае. Бо фармацэўты (правізары) ведаюць пра лекі ўсё. І сёння ў іх прафесійнае свята – Сусветны дзень фармацэўта. Віншуем шчыра!
А вы ведаеце, што ўпершыню ўзгадкі пра аптэку як месца захоўвання лекавых сродкаў з’явіліся ажно ў той старажытны перыяд, які вызначаецца як 400 гадоў да н.э.?! І ўзгадваў пра аптэкі Гіпакрат.
А вось у Еўропе першыя аптэкі з’явіліся значна пазней – у 1100-ым годзе. Вядома ж, пры манастырах. І за лекавыя сродкі, якія там вырабляліся-ствараліся, не трэба было плаціць. Першыя ж гарадскія аптэкі адчыніліся праз стагоддзе – у Венецыі.
А слова «правізар» вядомае яшчэ з 15 стагоддзя і з латыні перакладаецца – «які прадбачыць, прадчувае, прадугадвае». Вось якая адказная місія! Што ж датычыцца Беларусі, дык, па меркаванні даследчыкаў, першая аптэка з’явілася ў 1561 годзе… Не, не ў Мінску (старажытным Менску), а ў Пінску! У Менску-Мінску – толькі ў 1659-ым… Амаль праз сто гадоў.
А ўвогуле, гісторыя развіцця аптэк на Беларусі даволі доўгая. І справа, вядома ж, не столькі ў памяшканнях, а ў людзях і ў тым, чым яны займаліся і займаюцца там. Бо, як вядома, не месца ўпрыгожвае чалавека…
Па маім асабістым меркаванні, фармацэўт і правізар павінны мець не толькі веды, уменні, здольнасці, але і схільнасць, і покліч сэрца, калі хочаце… Так-так! Як урач, як настаўнік, выхавальнік… Інакш гэта будзе толькі адбыванне працоўнага дня – і невялікая карысць для наведвальнікаў.
А сітуацыі ж бываюць розныя. Хтосьці не хоча ісці да ўрача, хтосьці па розных прычынах – не можа. А баліць, а пазбавіцца ад болю хочацца хутка і на працяглы час. Няхай сабе і з дапамогай лекаў. А для мяне больш звыкла – з дапамогай зёлак. Хаця звычайна неабходныя і так пад рукой, бо ў нашай сям’і іх нарыхтоўвалі здаўна…
Дык вось пра чалавека… Да гэтага часу прыгадваю адну з маміных вучаніц, якая колькі гадоў таму працавала ў нашай аптэцы. Няхай сабе і без спецыяльнай адукацыі (здаецца), затое сапраўды па поклічу сэрца.
Оля Тоўсцік. Яна звычайна сядзела на касе. У яе змену да правізара можна было нават не падыходзіць. Бо Оля адразу ж па запыце на памяць (!!!) выдавала, ёсць такія лекі ці няма, колькі каштуюць, прабівала чэк і прыносіла неабходнае сама.
Я не памятаю тады вялікіх чэргаў! А цяпер можна стаяць паўгадзіны, пакуль адзін чалавек (!) перад табой, які прыдзірліва, падрабязна і грунтоўна распытваецца ў аднаго правізара пра неабходнае яму. А той што? Той шукае ў камп’ютары…
Праўда, параіць можа, калі просяць. Альбо прапануе аналаг, заменнік, калі патрэбнага няма. Але хуткасць, душа, увага і любоў да людзей… Такое бачыла толькі ў Олі.
А пасля яна знікла з нашай адзінай на той час аптэкі. Выпадкова даведаліся пра «чыстку радоў». Звальнялі тых, хто не меў спецыяльнай адукацыі. І мне так шкада, што Оля не пайшла вучыцца!
Зараз у нашым горадзе некалькі аптэк, у тым ліку і прыватных. Я абрала сабе адну, дзе таксама прыемнае абслугоўванне. Табе ўсё і пакажуць, і падкажуць. Не ўсе, праўда, хто стаіць па той бок акенца (яны мяняюцца), задавальняюць сваімі адносінамі да наведвальнікаў. Але большасць. Плюс практычна ніколі не бывае чэргаў.
Ну, а што наш народ, асобныя яго прадстаўнікі, і да гэтага часу нічога не чулі пра сацыяльную дыстанцыю… Дык гэта наша агульная бяда, а не віна супрацоўнікаў аптэк… Разметка ёсць. Папярэджанне пра неабходнасць насіць маскі, карыстацца антысептыкам і захоўваць дыстанцыю вісіць.
Ну не ўмеюць некаторыя чытаць… Дыхаюць у патыліцу, зазіраюць з-за пляча і ледзьве не падпіхваюць цябе ў спіну. Даводзіцца альбо локцем назад (жарт!), альбо словамі… Бывае, усё роўна не разумеюць…
Але ж зноў да аптэк, фармацэўтаў, правізараў і іх прафесійнага свята. Сёння дзень, калі можна і трэба казаць «дзякуй»… За працу, за адносіны, за душэўнае стаўленне, за неабыякавасць… Бо ёсць нагода!
Ведаю, што мая аднакласніца Святлана Ждановіч (Волат) загадвае адной з аптэк г.Мінска. Даўно. Яшчэ на мінулай працы я пабывала ў яе там у гасцях. Цяпер проста няма часу на стасункі. Ды і каранавірус па-ранейшаму не спіць… Зрэдку стасуемся ў сацыяльных сетках.
І вось нядаўна на маё пытанне, як справы, ці была ў адпачынку, Света адказала літаральна наступнае: «Не, адпачынку не было. Усё лета працавала. У нас новыя супрацоўнікі, моладзь. Даводзіцца інтэнсіўна навучаць. Пакуль стаю побач з імі ўжо другі тыдзень. Крыху складана, але і аб'ём вялікі. І людзі больш ідуць да нас па лячэнне. А каб лячыць, трэба ведаць. Вось і спрабую навучыць іх якасна ставіцца да наведвальнікаў...»
Таму Света і Оля – першыя, каго я хачу асабіста павіншаваць з Сусветным днём фармацэўта! Дзякуй вам, дзяўчаты, за вашую неабыякавасць!
І – са святам усіх, хто мае да яго непасрэднае дачыненне! Здароўя, шчасця, кахання, дабрабыту, ладу і згоды ў сем’ях. І няхай не толькі адзін раз на год, а штодня гучаць у ваш адрас цёплыя і шчырыя словы падзякі!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Пакуль хвалі каранавіруснай інфекцыі змяняюць адна адну, адцягваючы на сябе ўсю заклапочанасць і ўвагу сусветнай аховы здароўя, у цені застаюцца не менш вострыя праблемы. Хаця б таму, што яны не губляюць актуальнасць гадамі, не вырашаюцца вынаходніцтвам прафілактычнай вакцыны і ўсеагульнай імунізацыяй. Гаворка, у прыватнасці, пра заўчасную смяротнасць мужчын – глабальную праблему, у якую ўцягнутая і Беларусь.
Заўчаснай прынята лічыць смяротнасць да наступлення ўзросту, разлічанага ў якасці сярэдняга паказчыка працягласці жыцця. Для краінаў еўрапейскага рэгіёну гэта ўзрост 70 гадоў (у Беларусі, дарэчы, сярэдняя працягласць жыцця мужчын амаль на год карацейшая). Прыкладна 86% смерцяў мужчын у працаздольным узросце (г.зн. заўчасна) выкліканыя неінфекцыйнымі захворваннямі і вонкавымі прычынамі (траўмамі, суіцыдамі, атручваннямі і г.д.). Па сутнасці, тым ці іншым чынам большасць з іх можна было прадухіліць.
Пра тое, што дапаможа захаваць і падоўжыць жыццё мужчынам і якую ролю ў гэтым адыгрывае гендэрнае раўнапраўе, падзяліўся Алан Уайт.
Візітоўка: Алан Уайт (Alan White) – міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі. Спецыялізуецца на праблематыцы мужчынскага здароўя. З'яўляецца аўтарам і сааўтарам шэрагу кніг па пытаннях фізічнага і псіхічнага здароўя мужчын. Сааўтар дакладу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пра здароўе і дабрабыт мужчын у 53 дзяржавах-сябрах Еўрапейскага рэгіёну (2018 г.). У кастрычніку 2019 года ўпершыню наведаў Беларусь, дзе ўзяў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Чалавек. Здароўе. Навакольнае асяроддзе», узначаліўшы Форум мужчынскага здароўя.
У размове пра мужчынскае здароўе, лічыць эксперт, важна не звужаць праблематыку да эрэктыльнай дысфункцыі альбо раку прастаты. Бо здароўе шмат у чым і перш за ўсё вызначаюць абставіны і ўмовы, у якіх мужчына пражывае сваё жыццё. Трэба разумець, што заўчасная смерць – гэта не біялагічны фактар. Мужчыны не запраграмаваныя паміраць раней за жанчын!
Пры гэтым нават ва ўлонні маці, адразу пасля нараджэння і ў першы год жыцця хлопчыкі гінуць у сярэднім на 10% часцей за дзяўчынак. Да такой высновы прыйшлі вучоныя з Вялікабрытаніі (Універсітэт Эксэтэра), правёўшы аналіз 30 мільёнаў родаў у розных краінах свету. На думку даследчыкаў, хлопчыкі больш успрымальныя да ўплыву негатыўных фактараў падчас цяжарнасці маці (інфекцыі, шкодныя звычкі, стрэсавыя станы жанчыны і г.д.).
Ёсць толькі адна белая паласа, калі мужчынская заўчасная смяротнасць не перавышае жаночую – у перыяд з аднаго да шасці гадоў. Ва ўсе астатнія перыяды жыцця хлопчыкі і мужчыны сыходзяць з жыцця часцей за прадстаўніц супрацьлеглага полу.
Для даведкі: краіны СНД у еўрапейскім рэгіёне лідзіруюць у статыстыцы заўчаснай мужчынскай смяротнасці з-за прычын, звязаных з міжасобасным гвалтам, ДТЗ і самагубствамі. Часцей за ўсё ў ДТЗ гінуць мужчыны ад 30 да 49 гадоў, тое ж самае тычыцца самагубстваў. Беларусь з'яўляецца адным з лідараў у спісе па колькасці самагубстваў на 100 тысяч насельніцтва (4-е месца). У статыстыцы смяротнасці, звязанай з міжасобасным гвалтам, наша краіна замыкае сумную пяцёрку лідараў.
Узровень адукацыі, матэрыяльны дастатак, прафесійная запатрабаванасць, кар'ерны рост, забяспечанасць жыллём – гэта тыя фактары, якія шмат у чым вызначаюць стан здароўя і дабрабыту мужчын, упэўнены Алан Уайт. І з гэтым цяжка спрачацца. Бо да гэтага часу на постсавецкай прасторы меркай, якая вызначае сапраўднага мужчыну, з'яўляецца неабходнасць «пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына». Прочырк хаця б па адным крытэры немінуча адбіваецца на самаацэнцы, псіхалагічным дабрабыце і, як следства, фізічным здароўі.
Затое гендэрная роўнасць здольная нівеліраваць гэтыя негатыўныя наступствы. Так лічаць эксперты СААЗ і многія даследчыкі ў галіне мужчынскага здароўя.
Ёсць дадзеныя, што, адчуваючы сябе неабходнымі і запатрабаванымі перш за ўсё ў коле сям'і і блізкіх, мужчыны ўдвая радзей пакутуюць ад дэпрэсій і, як следства, меней схільныя да суіцыдальных думак. Пры гэтым у іх на 40% зніжаецца верагоднасць смерці ў выніку гвалтоўных дзеянняў.
Таксама з-за большай схільнасці да абароненага сэксу і меншай схільнасці да рызыкоўных паводзінаў меней і рызыка інфекцый, уключаючы інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, ВІЧ/СНІД, гепатыт.
На думку Алана Уайта, усё пералічанае – важкая прычына, каб заахвочваць актыўную ролю мужчын у дасягненні гендэрнай роўнасці, прымаць меры па ліквідацыі гендэрнага дысбалансу ў сферы адпачынку па догляду дзяцей і сваякоў, заахвочваць сумесную адказнасць мужчыны і жанчыны за рэпрадуктыўнае здароўе.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
Сэрца чалавека можна параўнаць з помпай, якая забяспечвае пастаянны і бесперабойны рух крыві па сасудах. Калі сэрца здаровае, кроў з левага жалудачка накіроўваецца да органаў, дастаўляючы ім кісларод і пажыўныя рэчывы. Затым яна, але ўжо з нізкім утрыманнем кіслароду, вяртаецца ў правую частку сэрца і транспартуецца ў лёгкія. Тут кроў зноў насычаецца кіслародам і паступае ў левы жалудачак.
Калі галоўная функцыя сэрца аслабленая, гэта можа сведчыць пра тое, што развілася сардэчная недастатковасць. Яна бывае вострай і хранічнай, можа закранаць толькі адзін з жалудачкаў альбо абодва. Пры прагрэсаванні працэсу захворванне можа прывесці да смерці чалавека.
Пра прычыны і сімптомы хранічнай сардэчнай недастатковасці журналісту Слушна распавёў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром.
Па словах Андрэя Прыстрома, пра прычыны развіцця сардэчнай недастатковасці можна гаварыць практычна бясконца. Да гэтага прыводзяць як сардэчна-сасудзістыя захворванні, так і хваробы іншых органаў і сістэмаў чалавека. Напрыклад, захворванні нырак, дысфункцыя шчытападобнай залозы (гіпатэрыёз і гіпертэрыёз), цукровы дыябет, атлусценне, паталогіі бронхалёгачнай сістэмы і інш.
Сардэчная недастатковасць вельмі рэдка сустракаецца ў маладых. Часцей за ўсё яна прагрэсуе ў сталым і старэчым узростах. Шмат у чым гэта звязана з тым, што з узростам у чалавека назапашваецца пэўны «багаж» розных захворванняў, у тым ліку адбываюцца дэгенератыўныя змены міякарда. Пачынаючы з 60 гадоў, крывая захваральнасці ідзе ўверх, а ва ўзросце 70-75 гадоў прыкладна 10% людзей па розных прычынах «выходзяць» на хранічную сардэчную недастатковасць. Прычым фактараў, якія справакавалі развіццё гэтага стану, можа быць не адзін-два, а значна больш.
Прывесці да развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці можа і арытмія. Сэрца павінна расслабіцца, увабраць у сябе неабходны аб'ём крыві, затым выкінуць яго. Але паколькі сэрца пры арытміі скарачаецца часта, дык зрабіць гэта належным чынам яно папросту не паспявае. У выніку – меншы аб'ём крыві за хвіліну, чым павінна быць у норме.
Яшчэ адна прычына хранічнай сардэчнай недастатковасці – ішэмічная хвароба сэрца. Пры гэтым захворванні адбываецца звужэнне каранарных артэрый (яны забяспечваюць сэрца кіслародам і пажыўнымі рэчывамі). Часцей за ўсё прасвет сасудаў звужаецца ў выніку атэрасклерозу. Калі сітуацыя пагаршаецца, памяншаецца цыркуляцыя крыві, а значыць і сілкаванне сэрца. Усё гэта можа прывесці да інфаркту міякарда. Пасля інфаркту ўтвараецца рубец, і частка міякарда не скарачаецца, а астатняя частка ўжо не ў стане ў поўным аб'ёме выштурхоўваць кроў.
Адрозніваюць вострую сардэчную недастатковасць і хранічную. Вострая развіваецца хутка, характарызуецца цяжкай сімптаматыкай. Яе можа справакаваць сардэчны прыступ, у выніку якога пашкоджваецца якая-небудзь вобласць сэрца. Як правіла, яна стартуе цяжка, але доўжыцца непрацяглы перыяд часу, паляпшэнне стану надыходзіць хутка. Зрэшты, усё ж часцей сустракаецца хранічная сардэчная недастатковасць, якая можа развівацца месяцамі ці нават гадамі, і для яе характэрнае паступовае нарастанне сімптаматыкі.
Калі зніжаецца здольнасць перапампоўваць кроў у левай камеры сэрца, гаворка ідзе пра леважалудачкавую сардэчную недастатковасць.
Існуе два яе віды:
Сісталічная недастатковасць. У гэтым выпадку леваму жалудачку сэрца не хапае сілы, каб укідваць дастатковы аб'ём крыві ў кроваток.
Дыясталічная недастатковасць. Левая камера не ў стане цалкам расслабіцца, і яе напаўненне крывёю не адбываецца належным чынам.
Праважалудачкавая сардэчная недастатковасць. У дадзеным выпадку парушэнні фіксуюцца ў рабоце правага жалудачка сэрца, які «адказвае» за вяртанне крыві ў лёгкія.
У выпадку паражэння і правага, і левага жалудачкаў сэрца размова ідзе пра бівентрыкулярную сардэчную недастатковасць.
Асноўныя сімптомы, якія могуць сведчыць пра развіццё сардэчнай недастатковасці, – задышка і хуткая стамляльнасць. Складанасць заключаецца ў тым, што гэтыя ж сімптомы могуць быць прыкметамі іншых захворванняў. У любым выпадку, адзначае Андрэй Прыстром, калі яны з'явіліся, варта прыслухацца да свайго арганізму і паспрабаваць прааналізаваць прычыны, з-за якіх яны маглі ўзнікнуць.
Напрыклад, чалавек доўга не займаўся фізічнымі практыкаваннямі. Аднавіўшы актыўныя рухі, ён таксама можа адчуць задышку і хутка стаміцца. Але пры аднаўленні фізічнай формы гэта праходзіць.
Дарэчы, на раннім этапе развіцця сардэчнай недастатковасці прасочваецца выразная ўзаемасувязь захворвання і фізічнай актыўнасці. У самым пачатку ў стане спакою задышкі няма, яна будзе з'яўляцца толькі пры вялікіх нагрузках. Гэта абумоўлена тым, што пры актыўным руху неабходны большы аб'ём крыві, забяспечыць які сэрца ўжо не ў стане. Калі захворванне прагрэсуе, паступова зніжаецца нагрузка, але задышка ўсё роўна нарастае. У рэшце рэшт, чалавек адчувае цяжкасці пры дыханні нават у стане спакою.
Задышка можа таксама сведчыць пра тое, што хвароба прагрэсуе, фарміруюцца застойныя з'явы ў лёгкіх (на рэнтгене лёгкіх будуць бачныя спецыфічныя змены).
Яшчэ адным яркім сімптомам хранічнай сардэчнай недастатковасці з'яўляюцца ацёкі ніжніх канечнасцяў. Як правіла, яны фарміруюцца паступова і найбольш ярка выражаныя да заканчэння дня. Пасля начнога адпачынку ацёкі могуць знікаць альбо памяншацца.
У некаторых выпадках пра хваробу сведчыць выгляд ярэмных венаў, якія размешчаныя на шыі. У такіх людзей яны набрынялыя і добра бачныя. Гэта сведчыць пра павышэнне вянознага ціску з-за парушэнняў у рабоце сэрца.
Пра тое, што хвароба прагрэсуе, можа казаць поза чалавека ў становішчы седзячы: ногі расстаўленыя, тулава трохі нахіленае наперад, а рукі ўпіраюцца ў калені. У такой позе чалавеку крыху лягчэй дыхаць.
З'яўляецца боль у правым падрабрынні з-за павялічанай у памерах печані, што таксама можа быць праявай сардэчнай недастатковасці.
Своеасаблівым сігналам захворвання можа быць павелічэнне частаты сардэчных скарачэнняў. Нармальным лічыцца пульс ад 60 да 90 удараў у хвіліну. Калі ЧСС вышэй, гэта ўжо можа быць тахікардыя. А збой рытму сэрца, асабліва, калі ён не дыягнаставаны своечасова і чалавек не атрымліваў адэкватнага лячэння, у выніку можа справакаваць развіццё хранічнай сардэчнай недастатковасці.
Пры цяжкіх запушчаных формах хранічнай сардэчнай недастатковасці магчымыя змяненне колеру скурнага покрыва (ссіненне), з'яўленне велізарных ацёкаў на нагах, а таксама ўтварэнне трафічных парушэнняў на ніжніх канечнасцях, ажно да фарміравання трафічных язваў.
Пра метады дыягностыкі і фактары рызыкі, якія могуць справакаваць развіццё хранічнай сардэчнай недастатковасці, чытайце ў нашым наступным матэрыяле.
Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
BY/CARD/09.2020/pdf/ 74845
Ушанаваўшы гэтых святых 12 ліпеня, улетку, мы яшчэ раз прыгадваем іх сёння, 23 верасня, калі ў народзе адзначаюцца Пётр і Павел восеньскія, альбо Рабіннікі. А яшчэ (неафіцыйна) сёння – імяніны ў рабіны! Святкуйма!
А гронкі рабіны тым часам з кожным днём усё больш і больш наліваюцца сокам, робяцца важкімі і прыкметнымі… Даўней нашыя продкі ў сезон збіралі іх гэтак жа заўзята, як грыбы ды дзікарослыя ягады. Бо пасля першых замаразкаў (а сёлета адзін з іх ужо таксама напаткаў нас – у ноч на 21 верасня, Раство Маці Божай) рабіна ўжо робіцца больш салодкай, чым гаркавай. А значыць, яе можна спажываць, не «прапускаючы» праз лядоўню.
Цікава, што нашыя продкі абцярэблівалі звычайна не ўсе гронкі. Лічылася, што частку рабінавага ўраджаю трэба абавязкова пакінуць птушкам на зіму.
З гэтага часу пачыналі ўжо гатаваць і рабінавы квас. Нягледзячы на выкарыстанне дрожджаў, рэцэпты нескладаныя. Вось адзін з іх.
Інгрэдыенты:
Прыгатаванне:
Ну што, паспрабуем?! Сама ні разу не рабіла, але прыгатаваць хочацца. Дужа ж смачна напісана…
Ну, пра тое, што рабіна – дрэва жаночае, памятаем, так? Але, па меркаванні спецыялістаў, яна спрыяе толькі дарослым жанчынам – ад 40 гадоў. І таксама не забываемся, што апрача станоўчай энергетыкі (па словах спецыялістаў, вельмі моцнай!) рабіна назапашвае і адмоўную, негатыўную.
Нашыя продкі лічылі, што ў ёй… жыве нячыстая сіла. Таму ўсе праклёны адсылалі на рабіну. Вось і не раілі выкарыстоўваць гэтае дрэва на дровы. Маўляў, той, хто яе ссячэ, возьме на сябе ўвесь негатыў… Майце на ўвазе! Але, тым не менш, рабіну ля хаты нашыя продкі садзілі актыўна.
А гронкі рабіны ахвотна падвешвалі пад столлю з мэтай ахоўнай, абарончай. Асабліва 23 верасня, на Пятра і Паўла восеньскіх. А яшчэ гронкі рабіны даўней былі абавязковым упрыгажэннем падчас вясковых вяселляў.
І вось нарэшце тлумачэнне, чаму мы так заўзята ў дзяцінстве рабілі сабе каралі ды бранзалеты з ягадак рабіны! Аказваецца, рабінавыя каралі – вельмі моцны абярэг ад сурокаў! А яшчэ яны дапамагаюць духоўна развівацца.
Праўда, нашыя продкі, цалкам дарослыя дзяўчаты і жанчыны, абыходзіліся з рабінавымі каралямі трохі па-іншаму. Калі мы, малыя, даволі часта (выпадкова!) рвалі ніткі, на якія нанізваліся рабінавыя ягадкі, альбо выкідалі ўпрыгажэнне, як толькі яно пачынала зморшчвацца, дык нашыя продкі па жаночай лініі насілі свае абярэгі… цэлы год! Пасля рабілі новыя, чарговыя, а старыя спальвалі.
І калі зараз, у дарослым жыцці, многія з нас пасаромеюцца насіць рабінавыя каралі, зрабіць практычна нябачны абярэг можа кожны. Спецыялісты раяць узяць невялікую галінку рабіны, зняць кару, лісце і ягады. І – захоўваць яе ў зручным месцы. Альбо ў сумачцы насіць, альбо на стале трымаць. Галоўнае – каб гэтага своеасаблівага талісмана-абярэгу не краналі чужыя рукі, толькі вашы.
І хочаце – верце, хочаце – не, але простая рабінавая галінка можа паспрыяць прасоўванню па кар’ернай лесвіцы, абараніць ад канкурэнтаў, прывесці ў дом спадарыню Удачу, а таксама ўмацаваць сілы. Як фізічныя, так і духоўныя. Толькі, вядома ж, трэба ў гэта верыць…
Ёсць і іншы рэцэпт выраблення абярэгу з рабіны. З яе драўніны трэба выразаць пласцінку акруглай формы. Існуе меркаванне, што жанчыны, якія яе маюць, адчуваюць сябе больш абаяльнымі, прыгожымі і жаданымі. І яшчэ абярэг-амулет навучыць кантраляваць свае пачуцці.
Па іншым жа меркаванні, любая галінка рабіны ў любым выглядзе так ці інакш будзе спрыяць чалавеку, які яе носіць з сабой.
Так што ў чарговы раз сёння ўшаноўваем рабіну, просім у яе спрыяння і… назапашваем ягады! Для абярэгаў, квасу і не толькі…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
One fine body…