Ці трэба выдаляць здаровыя зубы пад брэкеты? Як выпраўлены прыкус уплывае на форму твару? Ці дапамагаюць капы пры бруксізме?
На пытанні чытачоў адказаў Ігар Такарэвіч, загадчык кафедры артадантыі БДМУ, д.м.н., прафесар.
Як адбываецца выпраўленне прыкусу ў дарослага чалавека і як гэта можа паўплываць на рысы, форму твару?
Ігар Такарэвіч:
— Выпраўленне прыкусу – складаны працэс. Магчыма некалькі варыянтаў лячэння. Першы: змена становішча сківіцаў. Гэта істотна адбіваецца на эстэтыцы твару: форма, профіль робяцца больш правільнымі і гарманічнымі. Часта правільнае артадантычнае лячэнне кардынальна змяняе жыццё чалавека. Але справа не толькі ў прыгажосці, але і функцыянальнасці. Многія пасля 40 гадоў адчуваюць сур'ёзныя праблемы: зубы раптам пачынаюць хістацца, выпадаць, сцірацца. Гэта вынік няправільнага прыкусу. А вось пры правільным функцыянаванні зубасківічнай сістэмы чалавек эксплуатуе свае зубы на працягу ўсяго жыцця.
Другі варыянт: змяненне формы зубных радоў і становішча зубоў.
Лячэнне адбываецца праз ўздзеянне непасрэдна на зубы і сківіцы альбо з ужываннем апаратаў, якія змяняюць функцыі зубасківічнай сістэмы: становішча языка ў роце падчас прыёму ежы, дыхання і г.д.
Спыніла выбар на брэкетах. Артадонт запэўнівае: каб паставіць зуб-клычок «на месца», неабходна выдаліць пяцёркі з абодвух бакоў. Не хацелася б ісці на такія радыкальныя меры. Ці заўсёды ўстаноўка брэкетаў патрабуе выдаленне здаровых зубоў для аднаўлення рада? Ёсць альтэрнатыва?
Ігар Такарэвіч:
— У 30-40% выпадках выдаленне пастаянных зубоў для выпраўлення зубасківічных анамалій неабходнае. Але баяцца гэтага не варта. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць выправіць прыкус так, што навакольныя не заўважаць адсутнасць зубоў.
Метады, якія дазваляюць пазбегнуць выдалення здаровых зубоў, існуюць. Пытанне пра іх прымяненне вырашаецца індывідуальна.
Хачу звярнуць увагу бацькоў: адна з прычынаў зубасківічных анамалій ў дзяцей – датэрміновае выдаленне малочных зубоў. Часовыя зубы трэба берагчы! А калі гэта не ўдалося, непасрэдна адразу пасля выдалення неабходна ўстанавіць спецыяльныя канструкцыі, бо за месяц пасля выдалення малочнага зуба пацыент губляе больш за міліметр прасторы ў зубным радзе. А гэта істотна!
Для змены прыкусу дзіцяці ў 7 гадоў прызначылі пласцінку на верхнюю сківіцу. Насілі пастаянна 1,5 года – прыкус не выправіўся. Іншы ўрач адмяніў пласцінку, прызначыў капы на ноч і 2 гадзіны ўдзень. Носіць капы ўжо 1,5 года. Улічваючы, што за гэты час практычна ўсе зубы памяняліся, прыкус зрабіўся прыкметна лепшым. Што больш эфектыўна: пласцінка альбо капа? Як самастойна вызначыць, калі адмяняць капы? У якім узросце трэба паказваць дзіця артадонту: калі зубы яшчэ малочныя ці калі памяняліся?
Ігар Такарэвіч:
— Лагічна паказаць дзіця артадонту перад школай, ва ўзросце 5-6 гадоў. Часам у дзяцей бываюць вельмі роўныя зубы, але сківіцы адстаюць у развіцці. Можна звярнуцца і раней, калі бацькі бачаць відавочны дэфект, дыспрапорцыю ў твары дзіцяці, ці ён, да прыкладу, дрэнна жуе. Першы візіт не залежыць ад таго, малочныя зубы ў дзяцей ці пастаянныя.
І капа, і пласцінка – эфектыўныя апараты. Выбар залежыць ад канкрэтнай паталогіі. Самастойна вызначыць, калі здымаць капу, немагчыма. Нельга лячыцца без кантролю ўрача.
Мне 28 гадоў. З падлеткавага ўзросту няправільны прыкус і няроўныя зубы. Артадонт прапаноўваў ставіць брэкеты, але не было магчымасці. Цяпер у мяне паміж зубамі вялікая адлегласць, якая яшчэ павялічваецца, 2 пярэднія зубы задзіраюцца ўверх. У верхнім радзе выдаленая 4-ка, маюцца каронкі на 6-ках. Вельмі хочацца мець роўныя зубы. Ці можна ў такім выпадку ставіць брэкеты (пры наяўнасці каронак і адсутнасці аднаго зуба)? Планую імпланты на месцы выдаленага зуба (4-кі). Гэта лепей зрабіць да брэкетаў альбо пасля? Ці будзе неабходнасць пасля зняцця брэкетаў у дадатковым падтрыманні становішча зубоў?
Ігар Такарэвіч:
— Выпраўленне становішча зубоў – гэта таксама выпраўленне прыкусу. Калі ў вас назіраецца пагаршэнне працэсу, хутчэй за ўсё неабходнае артадантычнае лячэнне. Таму рэкамендую наведаць артадонта.
Спачатку неабходна выправіць прыкус і толькі потым вырашаць пытанне з імплантацыяй. Часам устаноўка імпланта магчымая на завяршальнай фазе артадантычнага лячэння. Выкарыстоўваць імпланты ў якасці апоры пратэза можна не раней, чым праз 4-6 месяцаў. Падтрыманне становішча зубоў пасля зняцця брэкетаў праводзіцца ў 99% выпадкаў. Працягласць прымянення такіх рэтэнцыйных апаратаў залежыць ад паталогіі, але звычайна гэта не менш за паўтара-два гады.
У 16-гадовай дачкі па выніках здымка 8-я зубы (мудрасці) растуць практычна перпендыкулярна 7-м зубам. Як доўга можна адкладаць пытанне пра іх выдаленне? Аперацыя цяжкая і балючая?
Ігар Такарэвіч:
— У 16 гадоў трэба ўжо прымаць рашэнне. Часам можна пачакаць да 17-ці, паколькі ў перыяд з 16 да 18 гадоў мае месца рэшткавы прырост касцявой тканкі да 2 міліметраў у вобласці вугла ніжняй сківіцы. Таму зуб мудрасці можа прарэзацца нармальна. Але ў той жа час ёсць рызыка, што пры адсутнасці месца ў зубным радзе зуб мудрасці выкліча сур'ёзныя парушэнні прыкусу, да прыкладу, скручанасць пярэдніх зубоў. Артадонт прымае рашэнне пра выдаленне альбо захаванне з улікам размяшчэння, велічыні, нахілу зародкаў зубоў, іх колькасці і віду прыкусу пацыента.
Выдаляць гэтыя зубы даводзіцца ў зародках. Гэта складаная, але добра асвоеная нашымі хірургамі-стаматолагамі аперацыя.
У цэлым 8-я зубы – гэта рудыменты, якія не патрэбныя чалавеку пры жаванні. Таму некаторыя людзі ўжо нараджаюцца без васьмёрак.
Ці заўсёды трэба выпраўляць дыястэму (шчыліну паміж пярэднімі разцамі)? Жыву з ёй ужо 45 гадоў. Перайшла ў спадчыну да сына, яму 17 гадоў.
Ігар Такарэвіч:
— Калі дыястэма не турбуе, нічога рабіць не трэба, бо гэта не функцыянальны, а чыста эстэтычны дэфект.
Прычынаў узнікнення дыястэмы шмат: дробныя зубы, нізка прымацаваная ўздэчка і інш. У залежнасці ад прычыны вырашаецца пытанне, што з гэтым рабіць.
Як можна паменшыць у дзіцяці шчыліну паміж пярэднімі зубамі?
Ігар Такарэвіч:
— Гэта залежыць ад прычыны ўзнікнення шчыліны. Але паколькі гаворка ідзе пра дзіця, хачу падкрэсліць, што раней за 10 гадоў займацца гэтым пытаннем не варта, бо яшчэ не прарэзаліся ўсе зубы. Яшчэ можа адбыцца самарэгуляцыя, і шчыліна зачыніцца сама па сабе.
Ці дапамагаюць пры бруксізме сіліконавыя капы? Калі так, ці дастаткова стандартнай альбо трэба рабіць індывідуальную капу?
Ігар Такарэвіч:
— Капы пры бруксізме эфектыўныя. Чалавек павінен вырашаць сам, якія ўжываць – стандартныя альбо індывідуальныя, зыходзячы з магчымасцяў і перавагаў.
Як палепшыць стан зношанага сківічнага сустава? Сустаў стукае пры жаванні, скулы баляць, калі прадзьме, даводзіцца піць абязбольвальныя.
Ігар Такарэвіч:
— Як правіла, такія праявы называюцца дысфункцыяй скронева-ніжнясківічнага сустава. На жаль, палепшыць, выправіць зношанасць гэтага сустава на сёння праблематычна, яго замена пакуль не робіцца. Можна толькі прыбраць болевы сіндром з дапамогай капаў альбо абязбольвальных.
Ці праўда, што няправільны прыкус звязаны з пазваночнікам і можа прывесці з часам да праблемаў са спіной?
Ігар Такарэвіч:
— Некаторыя артапеды-траўматолагі кажуць: «Галава – гэта першы мадыфікаваны пазванок». Я згодны і пісаў пра гэта ў сваёй кандыдацкай дысертацыі яшчэ 30 гадоў таму. Таму парушэнне паставы адназначна адлюстроўваецца на прыкусе. Магчымы і адваротны ўплыў: змена становішча галавы, якая непазбежна адбываецца ў пацыента з парушаным прыкусам, адаб'ецца на шыйным аддзеле пазваночніка і паставы ў цэлым.
Мне 45 гадоў. Каля 4 гадоў няма 4-х зубоў зверху (па два з левага і правага боку) і аднаго знізу. Пачаў прыкусваць левую шчаку. Як хутка адбываецца дэфармацыя сківіцы і твару пры адсутнасці такой колькасці зубоў?
Ігар Такарэвіч:
— Я б не рэкамендаваў адкладаць пратэзаванне дэфекту зубных радоў, бо другасныя дэфармацыі з'яўляюцца досыць хутка. Пратэзавацца пажадана адразу пасля поўнага гаення дзясны.
Фота – Віталь Гіль і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Што яшчэ карысна ведаць:
Брэкеты: сімвал клопату пра сябе і… спосаб выйсці замуж (+відэа)
Як захаваць свае зубы? Адказваюць стаматолагі
Чаму на зубах белыя плямкі і чорны налёт? Тлумачыць стаматолаг
Ці перадаецца COVID-19 палавым шляхам? Ці абавязкова засцерагацца падчас пандэміі, каб не зацяжарыць? Мы падрыхтавалі адказы і рэкамендацыі.
На дадзены момант няма доказаў, што COVID-19 можа перадавацца падчас сэксу: вірус ні разу не быў выяўлены ў выдзяленнях з палавых шляхоў. Аднак гэта не азначае, што заразіцца вірусам SARS-CoV-2 пры палавых кантактах нельга.
Вірус перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам. Таму, калі адзін з партнёраў хворы ці з'яўляецца бессімптомным носьбітам, вельмі высокая рызыка перадачы пры пацалунках, а таксама пры любым блізкім кантакце.
Калі ні ў аднаго з партнёраў няма сімптомаў захворвання, яны знаходзяцца на самаізаляцыі і не падвяргаліся рызыцы інфіцыравання (не кантактавалі з людзьмі з пацверджаным/верагодным COVID-19), хутчэй за ўсё, палавая блізкасць будзе бяспечнай. Важна памятаць, што існуе бессімптомнае носьбіцтва, і на інкубацыйнай стадыі вірус усё адно можа распаўсюджвацца. Таму 100%-й гарантыі бяспекі ў любым выпадку няма.
Калі адзін з партнёраў захварэў на COVID-19, дык падчас хваробы неабходная строгая ізаляцыя (пры магчымасці – жыць у розных пакоях і спаць асобна), поўная адмова ад інтымных кантактаў і, у першую чаргу, ад пацалункаў. Вельмі важна памятаць, што вірус можа выдзяляцца ажно да 14 дзён пасля выздараўлення, таму варта ўстрымлівацца ад блізкіх кантактаў увесь гэты час.
Калі партнёр уваходзіць у групу рызыкі, напрыклад, ён медработнік, варта ўзважыць усе «за» і «супраць» інтымнага жыцця ў гэты перыяд, бо рызыка інфіцыравання даволі высокая.
Таксама варта ўстрымлівацца ад палавога жыцця падчас пандэміі, калі ў аднаго з партнёраў ёсць рызыка больш цяжкага цячэння захворвання: хваробы органаў дыхання, сэрца, цукровы дыябет, анкалагічныя захворванні, зніжэнне імунітэту.
Да самых небяспечных формаў палавых кантактаў адносяць аральны і анальны сэкс. Вядома, што вірус SARS-CoV-2 можа выяўляцца ў фекаліях, хаця і рэдка. Рэкамендавана ўстрымлівацца ад такіх формаў палавога жыцця падчас пандэміі COVID-19 альбо абавязкова ўжываць бар'ерныя метады кантрацэпцыі (прэзерватывы).
Падчас пандэміі адзін з асноўных спосабаў стрымлівання распаўсюджвання інфекцыі – «сацыяльнае дыстанцыяванне»: рэкамендуецца максімальна абмежаваць усе кантакты, акрамя неабходных. Стасункі, асабліва блізкія, з малазнаёмым чалавекам, які можа патэнцыяльна быць інфіцыраваны вірусам SARS-CoV-2, падвяргае вас рызыцы захворвання.
На дадзены момант няма доказаў, што інфіцыраванне вірусам SARS-CoV-2 патрабуе перапынення цяжарнасці. Калі цяжарнасць доўгачаканая і планаваная, можна не адкладаць яе надыход, але перад гэтым варта пракансультавацца з урачом.
Таксама варта ацаніць рызыкі: калі вашая праца звязаная з вялікай колькасцю людзей і вы не можаце ізалявацца на час пандэміі, магчыма, больш бяспечным будзе адкласці цяжарнасць.
Калі вы ўжо карыстаецеся метадам кантрацэпцыі, дык мяняць яго не трэба. Усе метады могуць ужывацца і падчас пандэміі COVID-19.
Аптымальна ў першыя 24 гадзіны пасля неабароненага палавога акту прыняць сродкі экстранай посткаітальнай кантрацэпцыі, якія даступныя ў аптэках без рэцэпта (некаторыя лекавыя сродкі можна ўжываць і на працягу 72 гадзін, аднак максімальная эфектыўнасць – у першыя суткі). Такі варыянт будзе больш бяспечным, чым пасля праводзіць вакуум-аспірацыю альбо інструментальны аборт.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Традыцыйна дзівячыся хуткаплыннасці часу, мы заўтра праводзім ужо кастрычнік, а паслязаўтра сустракаем лістапад… Той, што «верасню ўнук, а кастрычніку – сын». «У лістападзе кладзі капусту ў кадзі», казалі нашыя продкі. І мы таксама традыцыйна і здаўна назапашваем гэтую карысную гародніну. Альбо заносім у падвал у свежым выглядзе, альбо… робім з яе выдатны прадукт – кіслую капусту. А вы якую больш любіце?!
… Колькі гадоў таму, калі надвор’е асабліва не брыкалася, а было досыць прадказальным і спрыяльным для агародніцтва, якую капусту мы вырошчвалі на сваім дачным участку! «Чэрвеньская», «Каменная галава», «Амагер», «Беларуская», «Слава»… Ранняя, сярэдняспелая і позняя… Белакачанная, квяцістая, брокалі, кальрабі… Мая мілая мамачка ўмела вырошчваць любую. І мы заўсёды былі з ураджаем. І – з кіслай капустай.
«Штосьці вы ўсё пячэце, дзяўчаты, пячэце… Лепей бы капусту квасілі», – заўважае герой Леаніда Кураўлёва ў фільме «Самая абаяльная і прывабная». І мае рацыю! Бо квашаная (кіслая) капуста – сапраўдная крыніца вітамінаў і мікраэлементаў. З яе дапамогай мы падтрымліваем свой імунітэт, што вельмі важна і ўвосень, і ўзімку, і ўвесну… У сезон прастудаў і падчас пандэміі каранавіруса…
У беларусаў здаўна існавала шмат прыкметаў і карысных парадаў, назіранняў на ўсе выпадкі жыцця. У тым ліку – і пра кіслую капусту. Так, напрыклад, самыя спрыяльныя дні тыдня для яе прыгатавання – «мужчынскія»: панядзелак (чамусьці лепшым лічыцца вечар гэтага дня), аўторак і чацвер (самы лепшы дзень).
Калі ставіць капусту ў маладзік, яна атрымаецца цвёрдай і хрумсткай. А калі ў апошнія фазы месяца – мяккай. А вам якая больш даспадобы?! 🙂
Даўней капусту прыбіралі альбо пасля першых маразоў, альбо чакалі, пакуль яны прыхопяць качаны прама на агародзе некалькі разоў. І менавіта такую затым шаткавалі і ставілі квасіцца. Але мы традыцыйна маразоў на дачы не чакалі.
А вось падчас працы ў рэдакцыі раённай газеты, калі накіроўвалі нас на дапамогу работнікам сельгаспрадпрыемстваў Чэрвеньшчыны прыбіраць гародніну, дык, памятаю, і моркву прама з-пад снегу даставалі, і капусту ў снезе зразалі! 🙂 Усяго было…
Памятаю, як даўней мае бацькі нарыхтоўвалі даволі шмат кіслай капусты з дапамогай драўлянай шынкоўкі. А затым ужо, асабліва ў апошнія гады, наша мамачка прапаноўвала нарыхтоўваць толькі па патрэбе. Літровы ці паўтаралітровы слоік прыгатавалі, з’елі… Затым наступны.
Менавіта для кіслай капусты даўней мы нарыхтоўвалі журавіны. І гэта таксама было самай любімай справай: падчас спажывання капусты раздаўліваць на зубах кіслыя ягадкі… Смаката! А яшчэ з журавінаў мамачка гатавала выдатны морс, і не толькі калі хтосьці хварэў. А калі з’явіўся халадзільнік з вялікай лядоўняй, як і іншыя ягады, журавіны там замарожвалі. І я любіла іх затым есці проста так…
Праўда, сёлета мы ў балота з татам так і не сабраліся… Затое ёсць успаміны пра мінулую вандроўку… 🙂 Якая ж прыгажосць тады была раніцай на балоце!
Але вяртаемся да кіслай капусты, якая, апроч усяго, нармалізуе састаў кішэчнай флоры. А значыць, вельмі карысная пры прыёме антыбіётыкаў. Да таго ж, яна і сама ўзмацняе выпрацоўку натуральных антыбіётыкаў у арганізме, дапамагае ўзнавіцца пасля прастудаў і ВРВІ. Плюс шмат вітаміну С, жалеза…
Кіслая капуста паляпшае засваенне цынку і магнію, а значыць, спрыяе захаванню псіхічнага здароўя чалавека, паляпшае настрой, дапамагае пераадолець стрэс.
Калі падчас прыгатавання ў капусту не дадаваць цукру, значыць, гэта карысны прадукт для хворых на цукровы дыябет. Але прызнаюся па сакрэце: для мяне кіслая капуста без цукру зусім нясмачная… Таму я заўсёды прасіла мамачку перад падачай на стол асабіста для мяне дадаваць у яе крыху цукру.
А вось каму не варта спажываць кіслую капусту, дык гэта людзям у перыяд абвастрэння хваробаў страўнікава-кішэчнага тракта. Панкрэатыт, язвавы каліт, язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі?! Капуста кіслая – міма…
Вядома ж, пра яе можна пісаць цэлыя оды! 🙂 Але любы жадаючы можа прачытаць зараз шмат чаго ў сеціве. Таму мы лепей яшчэ напішам оду лістападу! Месяцу, які бывае вельмі прыгожым, калі не ідуць дажджы, затое наведваюцца часцяком замаразкі.
Памятаю адзін такі год… Стаяла сухое надвор’е, ажно надакучыла штодня насіць на абутку пыл. Але лёгкае марознае паветра было вельмі прыемным і карысным для здароўя. І нават прыгажэнная шэрань з’яўлялася на яшчэ не апалым лісці, на пладах шыпшыны, на гронках каліны і рабіны…
Якім будзе лістапад сёлетні?! Пабачым. А пакуль прыгадаем яшчэ колькі народнай мудрасці:
«Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца», «Лістапад на рабой кабыле ездзіць: то снег, то слата», «Прыйшоў лістапад – кармі скацінку, брат», «Камары-таўкуны ў лістападзе – быць лёгкай зіме», «Першы снег з мяцеліцай у лістападзе – зіма яшчэ не ляжа».
Дык сустракайма паслязаўтра апошні восеньскі месяц – і назірайма за народнымі прыкметамі. І няхай спрыяльныя пранозы – спраўдзяцца! 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Вулічная медыцына – феномен, які ў той ці іншай форме існуе ў любым пункце свету, дзе ёсць урачы і медыцынскія работнікі. Па сутнасці, гэта валанцёрскі рух, накіраваны на аказанне нізкапарогавай медыцынскай дапамогі бяздомным людзям. У Беларусь (дакладней сказаць – у Мінск) вулічную медыцыну «прывяла», рэалізуе і спрабуе развіваць з групай аднадумцаў студэнтка 6-га курса БДМУ Карына Радчанка. Пра тое, навошта гэта трэба, пра асабістае і грамадскае, пра сучаснасць і будучае наша гутарка з Карынай.
Пра валанцёрскі рух медыцынскіх работнікаў у дапамогу бяздомным Карына даведалася з інтэрнэту некалькі гадоў таму. З таго часу пачала ўважліва сачыць за праектамі, якія рэалізоўвалі ўрачы і медсёстры з Санкт-Пецярбурга і Чалябінска. Каб праявіць ініцыятыву і зрабіць штосьці падобнае ў Мінску, спачатку нават думак не ўзнікала. Дзяўчына толькі перайшла на 4-ы курс, клінічных дысцыплінаў пакуль толкам не было, практыкі, адпаведна, таксама. Але чым больш Карына даведвалася, тым больш прачыналася цікавасць. І аднойчы яна напісала ў сасцсеткі пецярбургскім валанцёрам. Ёй адказалі... За перапіскай, якая рабілася больш актыўнай і глыбокай, надарылася сустрэча.
– І тады пытанне ўзнікла само па сабе: а чаму б і не? – прыгадвае Карына. – Літаральна праз тыдзень я пайшла туды, дзе бясплатна кармілі бяздомных. І прапанавала дапамогу. Гэта было 1-га лістапада 2018 года. Першыя некалькі разоў я выходзіла, хутчэй, на разведку, чым з рэальнай прапановай дапамогі. У маёй аптэчцы практычна нічога не было: пластыры, бінты, «зялёнка» не лічацца. Больш слухала людзей, вучылася размаўляць з імі, даведвалася, якія праблемы са здароўем іх турбуюць, ацэньвала свае магчымасці... Спачатку прыходзіла адзін раз у месяц, потым два, потым штотыдзень.
Прызнаецца, што сумяшчаць валанцёрства, вучобу і падпрацоўку, якую знайшла ў адной са сталічных бальніц, было няпроста. Але для вулічнай медыцыны вельмі важны давер паміж урачом і пацыентам, які можна выбудаваць толькі рэгулярнымі і пастаяннымі «візітамі». І Карына працягвала хадзіць.
Праз 8 месяцаў з'явіўся першы валанцёр.
Пра тое, чым займаецца, Карына спачатку распавядала толькі блізкім людзям з падобнымі інтарэсамі. Але нават там не заўсёды сустракала паразуменне: кажа, вакол бяздомнасці вельмі шмат стэрэатыпаў і страхаў.
– Але нікога не агітавала, не прымушала, не пераконвала, – прызнаецца дзяўчына. – Лічу, што асноўны матыватар – разуменне праблемы і асабістае жаданне ўдзельнічаць у яе рашэнні. Нельга прыйсці ў вулічную медыцыну «па размеркаванні». З дзяўчынай, якая вырашыла да мяне далучыцца, мы пазнаёміліся на іншым валанцёрскім праекце. У яе няма медадукацыі, таму яна выступала ў якасці асістэнта: вяла дакументацыю, дапамагала пры перавязках. А далей ужо запрацавала «сарафаннае радыё».
На пачатку гэтага года ў Карыны было каля 20 аднадумцаў: урачы, фельчары, медсёстры, фармацэўты і проста неабыякавыя людзі. Цяпер стабільна выходзяць да бяздомных не болей за 4 чалавекі... Дзяўчына ні на каго не ў крыўдзе. Кажа, разумее, што на фоне пандэміі кавіду і палітычных хваляванняў дапамога бяздомным далёка не ў прыярытэце. Але сама адступаць не збіраецца.
– Вулічная медыцына – гэта не палітычны і не рэлігійны рух, яна не дзеліць людзей па полу, узросту і ідэалагічнай прыхільнасці, – падкрэслівае Карына. – Да нас па дапамогу можа звярнуцца любы, хто па пэўных прычынах апынуўся на вуліцы. І далучыцца да руху можа таксама любы, хто лічыць, што для яго гэта важна і яму гэта трэба.
– Мы аказваем самую простую і, наколькі гэта магчыма, планавую дапамогу бяздомным людзям: апрацоўваем і перавязваем раны, выдаем найпростыя безрэцэптурныя лексродкі ў залежнасці ад стану, – тлумачыць сутнасць вулічнай медыцыны Карына. – Ніякіх інвазіўных умяшанняў, аперацый, уколаў, кропельніц. Пры гэтым людзям не патрэбны пашпарт, рэгістрацыя, якіясьці асаблівыя дакументы, каб атрымаць медыцынскую дапамогу. У гэтым і заключаецца яе нізкапарогавая даступнасць.
Праект вулічнай медыцыны, які Карына Радчанка стараецца прасоўваць у сацсетках, каб прыцягнуць увагу патэнцыяльных валанцёраў, не можа працаваць эфектыўна ў адрыве ад іншых сэрвісаў дапамогі. Хаця б таму, што часцяком яны больш важныя для бяздомных, чым здароўе, перакананая дзяўчына. Каб паесці альбо ўзяць з сабой ежы на некалькі дзён, бяздомны пойдзе ў іншы раён горада. Каб зрабіць перавязку – не.
Таму валанцёры вулічнай медыцыны імкнуцца знаходзіць падтрымку сярод іншых грамадскіх рухаў. Напрыклад, зараз медыкі «прымаюць» пацыентаў на пляцоўках валанцёрскай ініцыятывы «Ежа замест бомбаў». Актыўна супрацоўнічаюць з групамі ананімных алкаголікаў і наркаманаў і маюць магчымасць перанакіроўваць да іх людзей, калі яны прыходзяць з такім запытам.
– А яны часам прыходзяць, – кажа Карына. – Як і любы іншы чалавек, бяздомныя таксама могуць усведамляць, што алкагольная залежнасць для іх праблема, просяць дапамагчы менавіта ў яе рашэнні. Хворыя людзі павінны атрымліваць лячэнне па-за залежнасці ад таго, ёсць ім дзе жыць, ці не, праўда? Але парадокс у тым, што атрымаць планавую меддапамогу можна толькі пры наяўнасці пашпарта. Таму мы стараемся максімальна доўга і настолькі, наколькі ад нас гэта залежыць, падтрымліваць здароўе бяздомных, каб знізіць рызыку ўскладненняў ці вострых станаў. Гэта прасцей і нашмат танней, чым аказваць пацыенту экстранную дапамогу на дарагім рэанімацыйным ложку. І калі мы можам дапамагчы чалавеку без шпіталізацыі, без інвазіўных умяшанняў, дык чаму б гэтага не рабіць?
У арсенале валанцёраў самыя простыя безрэцэптурныя лексродкі, неабходныя для лячэння вострых рэспіраторных захворванняў, паталогій СКТ, грыбковых інфекцый, апрацоўкі ранаў і язваў, сардэчна-сасудзiстых парушэнняў і г.д.
З інструментаў – фанендаскоп, танометр, магчымасці фізікальнага агляду і старыя добрыя прыёмы прапедэўтыкі. Неабходны мінімум – альбо ўласнасць валанцёраў, альбо набытае на асабістыя сродкі і ахвяраванні. Жадаючыя дапамагчы матэрыяльна з'явіліся, калі актывісты вулічнай медыцыны завялі свае старонкі ў сацсетках. Дзякуючы ахвяраванням валанцёры забяспечаныя ў тым ліку і сродкамі індывідуальнай абароны.
У адной з мінскіх кавярняў устаноўлены кантэйнер, куды неабыякавыя жыхары горада могуць прыносіць перавязачныя матэрыялы. А нядаўна валанцёры наладзілі супрацоўніцтва з ЮНЭЙДС у Беларусі і Беларускай Асацыяцыяй клубаў ЮНЭСКА, і ў іх з'явілася магчымасць тэсціраваць бяздомных на ВІЧ бяскроўнымі экспрэс-тэстамі, а таксама бязвыплатна прапаноўваць ім сродкі бар'ернай кантрацэпцыі.
– Сярод нашых пацыентаў людзі такія ж розныя, якімі бываюць прычыны бяздомнасці. У Расіі, напрыклад, асноўная прычына – працоўная міграцыя, у нас – бытавыя канфлікты паміж сваякамі, сямейнікамі. І не заўсёды бяздомныя – гэта людзі, у якіх няма працы, сяброў, каштоўнасцяў у жыцці (хаця б на пачатковым этапе). Таму тое, чым мы займаемся, – гэта не гісторыя пра шкадаванне, – перакананая Карына Радчанка. – Гэта гісторыя пра тое, што людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, маюць асаблівую патрэбу ў любой дапамозе: сацыяльнай, прававой, медыцынскай... Крытычна важна аказаць яе ў першыя паўгода пасля таго, што здарылася, пакуль не адбылася псіхічная і асобасная дэфармацыя. Тады ў чалавека ёсць рэальны шанц вярнуць сябе. Але праблема ў тым, што ў нас няма адзінай сістэмы дапамогі бяздомным. Альбо ў яе такі высокі парог даступнасці, што чалавеку прасцей пакінуць усё, як ёсць. Калі гэта не так, задайце сабе пытанне: ці ведалі б вы, куды пайсці і дзе атрымаць дапамогу, калі б апынуліся на вуліцы?
...Менш чым праз год Карына Радчанка атрымае дыплом урача. Гэта будзе яе другая вышэйшая адукацыя – перад тым, як паступіць у медыцынскую вышэйшую навучальную ўстанову, яна скончыла інстытут тэалогіі БДУ. Але і дыплом багаслова, і будучая ўрачэбная спецыяльнасць не столькі адпавядаюць унутраным перакананням і патрэбам дзяўчыны, колькі служаць інструментам для іх рэалізацыі.
– Я проста раблю тое, што лічу патрэбным, – абсалютна шчырая Карына. – Калі хочаце, гэта вельмі моцная патрэба мяняць свет пад сябе. Мне складана жыць у свеце, дзе жывыя людзі з-за пэўных абставінаў аказваюцца нікому не патрэбнымі. Мне лягчэй паспрабаваць штосьці змяніць, чым мірыцца з тым, што ёсць. Калі хто-небудзь хоча паспрабаваць гэта рабіць разам са мной, я буду вельмі рада. Калі жадаючых не знойдзецца – буду працягваць адна.
Калі гэтая гісторыя не пакінула вас абыякавымі, калі вам блізкая філасофія вулічнай медыцыны альбо вы хацелі б дапамагчы валанцёрам (ці стаць адным з іх), тэлефон Карыны Радчанкі ёсць у рэдакцыі. Таксама выхад на старонкі валанцёрскай медыцынскай ініцыятывы ў сацыяльных сетках добра гугліцца па запыце «Вулічная медыцына ў Беларусі».
Фота – Таццяна Сталярова.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Ці можна папярэдзіць дэменцыю альбо прыпыніць яе развіццё? Ці існуюць спецыяльныя практыкаванні для прафілактыкі прыдуркаватасці?
Па адказ на гэтыя пытанні журналіст інфармацыйнага партала Слушна звярнулася да нашага пастаяннага эксперта – галоўнага пазаштатнага герантолага Міністэрства аховы здароўя, кіраўніка рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людмілы Жылевіч.
Пры развіцці дэменцыі зніжаюцца разумовыя здольнасці чалавека, паступова страчваюцца наяўныя веды і навыкі, губляецца здольнасць да навучання. Парушаюцца мысленне, арыенціроўка, разуменне, лік, здольнасць да навучання, мова і меркаванні.
Прычынаў, з-за якіх развіваецца дэменцыя, даволі шмат. Дэменцыю могуць справакаваць эндакрынныя і сасудзістыя паталогіі, дэпрэсія, некаторыя інфекцыі, чэрапна-мазгавыя траўмы, пухліны галаўнога мозгу, алкагалізм і наркаманія. Дадатковымі фактарамі рызыкі развіцця дэменцыі з'яўляюцца:
Пры самых ранніх праявах захворвання важна своечасова звярнуцца да тэрапеўта альбо ўрача агульнай практыкі. Пры неабходнасці ён накіруе хворага да спецыяліста (неўролага, псіхіятра альбо герыятра).
Для хворага на дэменцыю важна стварыць ціхую хатнюю звыклую для яго атмасферу. Прычым кола асобаў, з якімі ён мае стасункі, павінна быць пастаянным. Гэта ліквідуе пачуццё трывогі, нервовасці і ўзрушанасці. Не лішнім будзе скласці распарадак дня і строга яго прытрымлівацца.
Першыя сімптомы дэменцыі – не нагода адмаўляцца ад фізічных практыкаванняў. Гэта могуць быць пешыя прагулкі па любімых мясцінах, простая праца на прысядзібным участку, практыкаванні лячэбнай фізкультуры (не менш за 150 хвілін анаэробнай нагрузкі штотыдзень).
Жыццё павінна быць насычана разнастайнымі падзеямі і відамі інтэлектуальнай дзейнасці. Можна чытаць, разгадваць крыжаванкі і сканворды, гуляць у шахматы альбо шашкі, абмяркоўваць культурныя ці палітычныя падзеі.
У рацыёне хворага чалавека павінны прысутнічаць прадукты, якія зніжаюць узровень халестэрыну. Напрыклад, ячмень, бабовыя, чарніцы. Замест сметанковага масла лепей аддаваць перавагу расліннаму. У меню можна ўключыць кісламалочныя прадукты, посныя гатункі мяса і птушкі, нятлустую рыбу, морапрадукты, кіслую капусту. Для паляпшэння смаку страў дазволена выкарыстанне прыправаў (шалфей, карыца, куркума, шафран). А вось ужыванне солі лепей знізіць да мінімуму. Варта выпіваць сутачную норму чыстай вады (з разліку 30 мл на 1 кг вагі). Рыхтаваць лепей на пары, можна запякаць альбо варыць.
Важны момант – стварэнне камфортных умоў, каб чалавек, які пакутуе ад дэменцыі, як мага даўжэй заставаўся незалежным. Лепшая тэрапія – гэта праводзіць больш часу разам са сталымі сваякамі, акружыць іх любоўю, клопатам, дапамагчы адчуць сябе карыснымі і патрэбнымі, дадала спецыяліст.
Кагнітыўнай стымуляцыі мозгу могуць дапамагчы спецыяльныя практыкаванні. Іх можна выконваць самастойна альбо сумесна са сваімі блізкімі. Галоўная ўмова – рэгулярнасць.
Вось некалькі прыкладаў эфектыўных заняткаў.
Пакладзіце перад сабой лісток з пералікам слоў, якія напісаныя розным колерам. Пачынаць варта з першага слова. Але называць трэба той колер, якім напісаны тэкст. Пасля таго, як даберацеся да заканчэння, словы трэба паўтарыць у зваротным парадку. Па першым часе можа быць складана, бо за ўспрыманне тэксту і колеру адказваюць розныя паўшар'і галаўнога мозгу.
Карысць: дапамагае ўсталяваць новыя сувязі паміж паўшар'ямі мозгу, а таксама трэніраваць канцэнтрацыю і пераключаць увагу.
Пры выкананні гэтага практыкавання варта засяродзіцца на лічбе «19» у цэнтры квадрата. Затым поглядам неабходна знайсці «1», а потым – усе астатнія лічбы па нарастанні. Табліцу можна намаляваць самастойна, а лічбы размясціць у любым парадку. Падобны занятак павялічвае хуткасць успрымання і апрацоўкі інфармацыі, спрыяе развіццю перыферыйнага зроку.
У сталых людзей мысленне, памяць і маўленне напрамую залежаць ад руху рук. У гэтых адносінах для захавання яснасці розуму карысныя такія заняткі, як вязанне, вышыванне альбо іншыя віды дзейнасці, у якіх задзейнічана дробная маторыка.
Складзіце пальцы правай рукі так, каб яны паказвалі знак «мір», пальцамі левай рукі пакажыце «ок». Затым па чарзе змяніце фігуры пальцаў такім чынам, каб левая рука паказвала «мір», а правая – «ок». Паўтарыце некалькі разоў. Затым паспрабуйце выканаць гэтае практыкаванне адначасова правай і левай рукой. Такая гімнастыка трэніруе ўвагу і ўменне хутка пераключацца з адной задачы на другую.
Вазьміце два чыстыя лісты паперы і дзве ручкі. Задача ў тым, каб адначасова дзвюма рукамі намаляваць геаметрычныя фігуры. Замест фігураў можна напісаць літары ці словы з аднолькавым наборам літараў. Сінхроннае напісанне вучыць мозг адначасова спраўляцца з некалькімі задачамі, уцягваючы ў працу абодва паўшар'і.
Шмат з таго, у што верылі нашыя продкі, сёння падаецца хіба толькі забаўным. Ці нават дзіўным. Дзівосным… А то і дзівацтвам. Але чытаецца – з цікавасцю. Усё ж такі як мяняе час і тэхнічны прагрэс людскія ўяўленні! Тое, што даўней было невытлумачальным, зараз з лёгкасцю тлумачыцца. Хаця, бывае, і не ўсё. Бо, магчыма, усё ж такі і ў наш час жывуць… кікімары! Яны актыўна праяўляюць сябе сёння, у Яўхімаў дзень.
Беларусы ўяўлялі іх у выглядзе дзяўчынак (а ў некаторых мясцовасцях – бабулек). Звычайна ў хаце, у печы ці падпечку, жыла нават не адна кікімара. І дзесьці яны маглі сваволіць, дзесьці – шкодзіць, а дзесьці… Нават імкнуліся дапамагаць хатнім гаспадыням. Толькі што не атрымлівалася ў іх. А так – ад душы…
Мне таксама хочацца ўяўляць кікімар зусім не злымі. Проста лёс у іх такі… нешчаслівы. Сядзець у падпечку і нават не паказвацца на вочы людзям. Ды яшчэ і зайздросціць той пяшчоце, якую маці аддаюць сваім дзецям. Ім-то, кікімарам, ніхто добрага слова не скажа. А яно, як вядома, і кошцы прыемнае…
Чамусьці нашыя продкі лічылі, што на Яўхіма Восеньскага, 28 кастрычніка, нячыстая сіла (у тым ліку і кікімары) найбольш у хаце шкодзіць. То посуд паб’е, то ніткі для ткацтва ці вязання папераблытае, то проста гаспадыню напужае… Так, прыемнага мала. Таму і звярталіся да Яўхіма з просьбаю абараніць сябе, сваё сямейства і жытло.
А па сутнасці, кікімары – даволі няшчасныя істоты, бо ўвасаблялі ў сабе заўчасна загінулых (памерлых) дзяўчынак… Вось чаму іх так прыцягвае жаночая праца. Ды толькі не атрымлівацца роўна і якасна ткаць, прасці, вязаць…
Бывала, пра кікімар распавядалі з гумарам. Напрыклад, мне спадабалася вось такая гісторыя. У адной хаце кікімара пастаянна выстрыгала ў гаспадара ды сямейнікаў валасы, а ў свойскай жывёлы – поўсць. І ніякія метады змагання з ёй не дзейнічалі. Тады сям’я вырашыла перабрацца ў іншую хату.
І калі гаспадар, на развітанне аглядаючы памяшканне, голасна спытаўся: «А мы нічога не забыліся?!», у адказ яму пачуўся дзіцячы галасок: «Наконт вас – не ведаю, а я свае нажніцы ўзяла!» 🙂
Нам больш звыкла, кажучы пра кікімару, дадаваць «балотная». Але, аказваецца, яны розныя. Ёсць – балотныя, а ёсць – хатнія. І сёння – пра апошніх. Дарэчы, па ўяўленні некаторых беларусаў, Кікімара – гэта жонка Хатніка.
На Яўхіма традыйына назіраем за надвор’ем. Нашыя продкі заўважалі, што калі неба сёння блакітнага колеру, дык надвор’е будзе цёплым. Калі ж згледзіш камароў, значыць, зіма будзе мяккай.
Не ведаю, ці згледжу я камароў сёння, але некалькі дзён запар пры засынанні дакладна чула звон аднаго над вухам! Вось табе і маеш! Камар напрыканцы кастрычніка…
Калі на Яўхіма Восеньскага зоркі на небе цьмяныя, дык яшчэ два тыдні будзе цёпла. А калі вакол сонца, якое заходзіць, бачныя чырвоныя кругі, дык чакайма ўвесь тыдзень марознага надвор’я.
А ўвогуле, нашыя продкі заўважалі: з якога чысла ў кастрычніку зіма, з такога ў красавіку – вясна.
Ну, а мы, нягледзячы на ўсе даўнія прыкметы, традыцыйна ўжо мяркуем: ці будзе снег ды мароз гэтай зімой? Альбо прырода зноў закапрызіцца настолькі, што восень будзе трымацца не тры месяцы, а цэлых шэсць?! У чаканні…
Даўней жанчыны ў гэты час усё яшчэ працавалі з ільном, а мужчыны – з вуллямі. І Яўхімаў дзень не быў выключэннем. І ніякіх забаронаў на працу на яго не існавала, а зусім наадварот.
Так што калі запланавалі на сёння чыста жаночую працу альбо рукадзелле, дык лепей не адкладваць. Каб не «дапамаглі»… кікімары! 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Вікарная траўма – праблема, якую ў апошні час псіхолагам і псіхатэрапеўтам даводзіцца вырашаць усё часцей. Любы, хто блізка мае стасункі з чалавекам, што перажыў тыя ці іншыя траўмуючыя падзеі ў жыцці – смерць блізкага, вестку пра невылечы дыягназ, прыродныя катаклізмы з трагічнымі наступствамі, катаванні, гвалт і г.д., – сам апасродкавана пакутуе і не застрахаваны ад вікарнай (ускоснай) траўмы. У групе рызыкі – урачы і іншыя медыцынскія работнікі, ратавальнікі, юрысты, псіхолагі, якім у сілу прафесійных абавязкаў даводзіцца часцей сутыкацца з траўмуючымі перажываннямі. Але таксама высокая верагоднасць вікарнай траўмы ў людзей з моцным пачуццём эмпатыі, суперажывання, якія чужы боль і пакуты літаральна прапускаюць праз сябе.
Якія сімптомы выдаюць ускосную траўму? Як абараніць сваю псіхіку ад траўмуючага ўздзеяння чужых перажыванняў і пры гэтым не ператварыцца ў чэрствага і абыякавага чалавека? Паспрабуем разабрацца.
Часам вікарную траўму блытаюць з эмацыянальным выгараннем. Абодва станы сапраўды маюць некаторае падабенства. Пры гэтым чалавек можа адчуваць альбо адзін з іх, альбо абодва адразу.
Ёсць толькі адно адрозненне: эмацыянальнае выгаранне не абавязкова звязанае з траўматычным фактарам. Прасцей кажучы, выгарэць можна, калі ў калектыве склалася напружаная, варожая атмасфера. Калі даводзіцца з дня ў дзень на працягу доўгага часу выконваць аднастайную, стамляльную працу, якая вымотвае эмацыянальна. Эмацыянальнае выгаранне пагражае і тым, хто па розных прычынах працуе на знос, забываючыся на паўнавартасны адпачынак.
У розных людзей вікарная траўма выяўляецца па-рознаму. Некаторыя пакутуюць меней, іншыя – больш, адчуваючы шырокі спектр сімптомаў.
У любым выпадку сімптомы вікарнай траўмы можна ўмоўна падзяліць на пяць катэгорый:
Эмацыянальныя сімптомы. Могуць уключаць устойлівае пачуццё трывогі, турботы альбо смутку. Не выключаная праява неўласцівай чалавеку раздражняльнасці ці нават злосці. Ён робіцца безуважлівым, настрой часта і рэзка мяняецца, пачуццё гумару набывае адценне цынізму.
Паводніцкія сімптомы. Выяўляюцца імкненнем да ізаляцыі. Чалавек пачынае пазбягаць стасункаў і часцей шукае адзіноты. На гэтым фоне ён можа прыахвоціцца да алкаголю альбо іншых псіхаактыўных рэчываў, павялічыць іх ужыванне. Адначасова ў яго знікае апетыт і з'яўляецца бяссонніца. Людзі, якія адчуваюць паводніцкія сімптомы вікарнай траўмы, схільныя да рызыкоўных паводзінаў. А таксама могуць свядома нагружаць сябе фізічнай альбо разумовай працай і выконваць яе да знямогі.
Псіхалагічныя сімптомы, якія ўплываюць на фізічнае самаадчуванне, могуць выяўляцца, сярод іншага, галаўны болем, высыпаннямі на скуры, язвамі ці пякоткай.
Кагнітыўныя сімптомы. Наяўнасць вікарнай траўмы можа прыводзіць да цяжкасцяў з канцэнтрацыяй увагі, запамінаннем і прыняццем рашэнняў у паўсядзённым жыцці. Чалавек таксама можа заўважыць, што яму цяжка перастаць думаць пра траўму, якую перажыў блізкі альбо той, з кім яму давялося мець стасункі, выконваючы свае прафесійныя абавязкі. Гэтыя думкі набываюць дакучлівы характар і могуць турбаваць па-за залежнасці ад часу сутак і абставінаў, пры гэтым спробы пераключыць увагу часта аказваюцца марнымі.
Духоўныя сімптомы. Уключаюць адчуванне безнадзейнасці, страту жыццёвых арыенціраў, мэтаў і мараў. З'яўляецца пачуццё адарванасці ад іншых і свету ў цэлым. Чалавек востра адчувае страту сэнсу жыцця, можа адчуць сябе непатрэбным, адчуць, што не заслугоўвае любові і ўвагі навакольных.
Сімптомы вікарнай траўмы бываюць настолькі нясцерпнымі, што літаральна высмоктваюць з чалавека жыццёвыя сілы. Калі нічога з гэтым не рабіць, у надзеі, што стан часовы і пройдзе само па сабе, вікарная траўма можа стаць прычынай сур'ёзных псіхічных парушэнняў.
Для людзей, якія працуюць у сферы аказання дапамогі (медыцынскія работнікі, ратавальнікі, псіхолагі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, псіхолагі, валанцёры), важна прайсці адпаведнае псіхалагічнае навучанне, як правільна спраўляцца з эмоцыямі пры працы з тымі, хто перажыў траўму. Многія спецыялісты ў вобласці псіхічнага здароўя таксама рэкамендуюць мець стасункі з іншымі спецыялістамі, якія маюць досвед працы з вікарнай траўмай. Перыядычныя стасункі з псіхолагам людзей з групы высокай рызыкі дапаможа зняць назапашанае эмацыянальнае напружанне і тым самым знізіць рызыку вікарнай траўматызацыі. Але пры наяўнасці сімптомаў, якія пералічаныя вышэй, адной працы з псіхолагам можа быць мала.
Адзін са спосабаў паменшыць рызыку траўмуючага ўздзеяння чужых перажыванняў – пераканацца, што вы дастаткова часу адводзіце для сябе, для адпачынку і рэлаксацыі, любімага хобі. Вельмі важна ўмець працу пакідаць на працы, пераключаць увагу з негатыўных эмоцый на пазітыўныя. Вядзенне дзённіка, сямейны вольны час, спартыўныя трэніроўкі, хобі і іншыя адцягненыя заняткі дапамагаюць лепей спраўляцца з праблемамі, асабліва на пачатковым этапе.
Зварот да псіхатэрапеўта таксама можа быць формай самадапамогі, паколькі сеанс тэрапіі дае час засяродзіцца на ўласных думках і пачуццях, вызваліцца ад таго, што прыгнятае і трывожыць.
Для валанцёраў, якія аказваюць дапамогу ахвярам гвалту, дзецям-сіротам, інвалідам, бяздомным, падапечным хоспіса і г.д., карысна перыядычна ставіць на паўзу сваю дзейнасць. Гэта важна, каб не дапусціць эмацыянальнага і псіхічнага ператамлення, што рана ці позна прывядзе да вікарнай траўмы. Лепей вярнуцца да валанцёрства крыху пазней, але здаровым, чым аднойчы апынуцца ў сітуацыі, калі самому давядзецца прасіць аб дапамозе.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
З прафесійным святам усіх млынароў! А тых, хто носіць імя Марцін, – яшчэ і з імянінамі. Ну, вы ўжо здагадаліся, шаноўныя?! Так, сёння, 25 кастрычніка, у народным календары – Марцін, дзень млынара. А яшчэ – Дзень аўтамабіліста і дарожніка, які адзначаюць не толькі прафесіяналы, але і аматары. Так што тых, хто сябруе з «баранкай», – са святам! 🙂
Але і гэта яшчэ не ўсё! 25 кастрычніка – Андрон Астраном (Астролаг), Міжнародны дзень барацьбы жанчын за мір, Міжнародны дзень цешчы (зяці, увага! 🙂 ), Дзень маркетолага (і зноўку свята прафесійнае), Міжнародны дзень мастака… І шмат-шмат усялякай драбязы, пра якую і не чулі, а тым больш – не святкавалі. 🙂 І так усяго поўна!
Цікава, што ў беларусаў дзень млынара святкаваўся не адзін раз на год. Яшчэ да Марціна 23 жніўня ўслаўлялі Лаўрэна: «На Лаўрына сьпяшайся да млына». У той жа дзень, нагадаю, святкуецца і Сусветны дзень бісквіту.
А мы прыгадваем сёння даўнейшых млынароў, якія павінны былі быць дужымі (пацягай ты мяшкі з мукой!), спрытнымі і, безумоўна, мець прадпрымальніцкія здольнасці, каб развіваць сваю «вытворчасць».
Бо адна справа – у старажытныя часы круціць жорны – уручную, выкарыстоўваючы энергію ветру (ветракі) альбо вады (вадзяныя млыны). І зусім іншая – каб гэта рабілі розныя разумныя электрычныя прыстасаванні. А многія з іх нашыя далёкія продкі нават не маглі сабе ўявіць!
Да таго ж, праца была дастаткова… пыльнай ці што. Бо часцяком млынары напрыканцы дня былі ці не цалкам белымі ад мукі. І ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, займацца млынарскай справай было заўсёды даволі прыбыткова. Плюс не забываемся на пашану, якую аказвалі млынару. Бо ад яго ўмельства, спрыту, адладжанасці жорнаў і г.д. залежала якасць мукі, а значыць, хлеба. А даўней жа хлеб выпякалі самі…
Дзесьці на прасторах сеціва вычытала, што яшчэ і зараз у працоўнай кніжцы беларуса можна згледзець запіс «млынар». Толькі, вядома ж, зараз тая праца не патрабуе выключнай фізічнай сілы. А што на што там пераціраюць? Напрыклад, зерне – на камбікорм… Хто гэта робіць?! Млынар.
Эх, як жа я люблю ветракі! І назіраць за імі… Нава калі яны не працуюць ужо. Усё ж ёсць штосьці загадкавае ў гэтых старажытных драўляных пабудовах з крыламі… Прыгадваю нашу экскурсію на такі вятрак у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца непадалёк ад вёскі Строчыцы.
Перанесены ён сюды з Даматканавічаў Клецкага раёна, што на Міншчыне. Пабудаваны напрыканцы 19-га стагоддзя. Праўда, мясцовыя прыгадвалі, што і ў гэты населены пункт ён у свой час таксама пераехаў… Вось такі вятрак-вандроўнік…
Пераехаў, перавезлі… І мы плаўна пераходзім да Дня аўтамабіліста і дарожніка! З падзякай прыгадваем тых прафесіяналаў, хто нас возіць, хто сапраўды ратуе жыцці, кіруючы «хуткай дамамогай»… І хто забяспечвае (хаця і не паўсюдна) камфортны шлях, будуючы і рамантуючы дарогі ды дарожнае покрыва.
Быць добрым вадзіцелем – значыць, з увагай і павагай (!!!) ставіцца да пасажыраў. Не гырчаць у адказ на пытанне, нават калі яго задалі (самі пры тое не ведаючы) некалькі чалавек запар. Не весці машыну (мікрааўтобус) так, быццам там не людзі, а дровы: па ўсіх дзірках, ямінах ды купінах.
Не тармазіць штораз так рэзка, што, здаецца, зараз выйдзеш праз лабавое шкло… Словам, быць вадзіцелем-прафесіяналам – гэта добра авалодаць навыкамі ваджэння, адчуваць машыну як працяг сябе, не пазіцыянаваць сябе намеснікам Бога на Зямлі…
Ёсць, ёсць у нас такія профі! І калі ў панядзелак раніцай і ўвечары бачу за рулём маршрутак менавіта іх, дык дужа радуюся. Гэта значыць, што 2 тыдні камфортнай язды нам забяспечаныя.
А што датычыцца знаёмых кіроўцаў легкавікоў, дык тых, каму я б давярала на ўсе 100%, сапраўды адзінкі… Але таксама ёсць.
Проста трэба паважаць іншых на дарогах. Проста трэба не спяшацца… Не сігналіць злосна, калі хтосьці завазіўся… Не падразаць і тым больш – не «вучыць» на трасе. Не ляцець на злом галавы, перавышаючы хуткасць…
Усім добрым кіроўцам – роўнай дарогі, шматлікіх калідораў зялёнага святла, поўнага паразумення са сваім «жалезным канём», задавальнення ад працэсу ваджэння, а самае галоўнае – здароўя!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Стрэс можа быць прычынай самых розных паталогій. Прайдзіце наш тэст – і даведайцеся, якім нечаканым чынам стрэс можа праявіцца праз арганізм і як не даць яму вас разбурыць.
1. Даказана, што псіхаэмацыянальнае ўзрушэнне ў жанчын можа прывесці да ранняй менапаўзы, парушэнняў менструальнага цыклу. Але ці можа стрэс уплываць на рост дабраякаснай пухліны ў матцы?
А. Вядома ж, не. Інакш бы гінеколагі проста не справіліся б з патокам жанчынаў з пухлінамі.
Б. Можа. Гэта ўзаемазвязаныя працэсы.
В. Можа. Але толькі ў людзей з псіхічнымі захворваннямі.
Адказ: Б.
Кітайскія вучоныя ўстанавілі, што стрэс сапраўды можа паскорыць рост клетак міёмы маткі, што нярэдка робіцца прычынай выдалення органа. Іншыя навуковыя даследаванні кажуць пра тое, што хранічны псіхалагічны стрэс павышае рызыку развіцця міёмы маткі на 24%.
Рэкамендацыі гінеколага, як своечасова заўважыць «жаночыя» наступствы моцнага стрэсу і паменшыць іх уплыў, – тут.
2. Ці ўплываюць мышцы сківіцы на ўзровень стрэсавых гармонаў у крыві?
А. Не. Пры чым тут сківіца ўвогуле?
Б. Апасродкаваная псіхалагічная сувязь ёсць, нездарма існуе выраз «скрыгатаць зубамі».
В. Так. Падчас сціску сківіцы адбываецца стымуляцыя наднырачнікаў, і ў кроў выкідваецца вялікая колькасць стрэсавых гармонаў.
Адказ: В.
У стрэсе чалавек неўсвядомлена сціскае сківіцу. Гэтым рэфлексам нас узнагародзіла прырода: такім чынам стымулююцца аддзелы галаўнога мозгу, якія адказваюць за выжыванне, у кроў выкідваюцца адрэналін, картызол, норадрэналін. Калі ў такім стане чалавек знаходзіцца доўга, дык нават калі яму ўжо нічога не пагражае, галаўны мозг можа дасылаць сігналы пра небяспеку, сківіцы сціскаюцца, наднырачнікі выпрацоўваюць гармоны стрэсу... І так па замкнёным коле. Гэта падрывае арганізм.
Рэкамендацыі псіхатэрапеўта, як расслабіць мышцы сківіцы і супакоіцца, – тут.
3. З-за перажытага і своечасова не прапрацаванага моцнага стрэсу могуць узнікаць панічныя атакі: стан моцнай трывогі, ажно да страху смерці, страта арыентацыі ў прасторы. Што рабіць падчас прыступу?
А. Спрабаваць супакоіцца самастойна, бо ад панічных нападаў не паміраюць, і прыступ праходзіць праз некалькі хвілін.
Б. Тэрмінова выклікаць «хуткую».
В. Клікаць на дапамогу людзей.
Адказ: А.
Пры панічных атаках чалавека нібы аглушае, таму ён наўрад ці зможа паклікаць на дапамогу людзей. Медыцынская хуткая дапамога тут таксама не дапаможа. Так, у прыступе, акрамя пачуцця страху, у чалавека могуць з'явіцца тахікардыя, сказіцца зрок. Але гэта ніяк не звязана з праблемамі сэрца ці вачэй. Тут чалавек павінен умець сам спраўляцца.
Рэкамендацыі, як самастойна выйсці з прыступу, і погляд псіхатэрапеўта на глыбінныя прычыны панічных атак – тут.
4. Энурэз у дзяцей вельмі часта ўзнікае з-за псіхатраўмуючай сітуацыі. Так дзіця можа зрэагаваць на моцны спалох, канфлікты ў сям'і, жорсткае выхаванне, нараджэнне брата альбо сястры. Як рэагаваць бацькам у такой сітуацыі?
А. Сказаць: «Ты ж ужо вялікі, можаш сябе кантраляваць».
Б. Не сарамаціць, а супакоіць: бывае, пройдзе. І паспрабаваць зразумець, што магло справакаваць нетрыманне мачы ў дзіцяці.
В. Не звяртаць увагі.
Адказ: Б.
Псіхолагі сцвярджаюць, што ў такой сітуацыі ні ў якім разе не трэба сарамаціць дзіця, палохацца і абмяркоўваць гэта з навакольнымі ў прысутнасці дзяцей, крычаць, лаяць і караць іх. Трэба спакойна сказаць: «Бывае, трэба час, пройдзе». Але само па сабе гэта не сыдзе. Таму неабходна разабрацца ў прычынах, якія выклікалі гэты неўратычны сіндром.
Што гэта могуць быць за прычыны і што рабіць дарослым? Адказы дасведчанага псіхолага – тут.
5. Калі вакол трывожная абстаноўка, стужка навінаў мільгае сцэнамі гвалту, трэба рэсурсы для аднаўлення псіхікі. Што з ніжэйпералічанага НЕ варта рабіць, каб «скінуць стрэс».
А. Заняцца сілавымі трэніроўкамі – пад'ём цяжараў здыме груз з душы.
Б. Абмежаваць чытанне навінаў, замяніць іх на аналітычны разбор падзей альбо апасродкаваны аповед іншага чалавека.
В. Разняволіць цела: басейн, масаж.
Адказ: А.
Спецыялісты не рэкамендуюць скідаць напружанне ў спартзале сілавымі трэніроўкамі, бо ў арганізме ўжо шмат адрэналіну і картызолу ад перажытага стрэсу.
Парады крызіснага псіхолага пра спосабы прапрацоўкі псіхатраўмы – тут.
https://bel.24health.by/ci-mozhna-zabycca-na-cyazhkiya-emocyi-kab-zrabilasya-lyagchej-test/
Галоўным абаронцам арганізма ад вірусаў з'яўляецца імунітэт. Прыкладна на 50% яго сіла залежыць ад ладу жыцця, у тым ліку харчавання. Што рабіць, каб умацаваць імунітэт і супрацьстаяць хваробам?
Часнок і цыбуля ўтрымліваюць аліін, які пры разразанні ці расцісканні пераўтворыцца ў аліцын – прыродны антыбіётык, высока актыўны супраць бактэрый. Аднак яго ўзаемадзеянне з вірусамі вывучанае недастаткова.
Імбір з-за вялікага ўтрымання аскарбінавай кіслаты, вітамінаў групы В, А, цынку, кальцыю, ёду, прыродных антыбіётыкаў і антыгрыбковых элементаў умацоўвае арганізм і павышае супраціўляльнасць да захворванняў. Актыўнае рэчыва гінгерол змякчае запаленчыя працэсы і хранічны боль. Імбір дапамагае арганізму ачысціцца амаль ад усіх відаў таксінаў.
Дзеючае актыўнае рэчыва куркумы – куркумін – магутны імунны стымулятар і прыродны антыбіётык, які перашкаджае бактэрыяльным ускладненням пры вірусных інфекцыях. Куркуму можна дадаваць у мясныя і рыбныя стравы, макароны, кашу, амлет.
Карысць лімонаў звязаная з утрыманнем у іх аскарбінавай кіслаты ў асаблівай форме. Яна здольная аднаўляць жалеза, якое знаходзіцца ў акісленым стане. Адноўленае жалеза можа ўступаць у рэакцыі, у выніку якіх утвараюцца вольныя радыкалы. Яны дапамогуць справіцца з інфекцыяй, бо забіваюць вірусы і бактэрыі. Ужываюць лімоны з лупінай.
У перыяд вострай інтаксікацыі забаронены алкаголь. Супрацьпаказаныя вэнджаніна, вострыя прыправы, вострыя і смажаныя стравы, грубая клятчатка. Пагоршыць самаадчуванне могуць прадукты, якія выклікаюць закісанне ў кішэчніку (бабовыя, чорны хлеб, сырая капуста).
Фота эксперта – Аксана Жураўлёва.
Праехаўшыся раніцай сярод людзей без масак, вырашыла занатаваць уражанні ад вяртання дахаты ўвечары. Маршрут той жа, толькі ў адваротным парадку. Мінус аўтобус – ад офіса да метро «Каменная Горка» звычайна іду пешшу. Без маскі. Дыхаю свежым паветрам і размінаюся. Значыць, 21-га кастрычніка, серада, вечар. Захварэлых на каранвірус па афіцыйных звестках – 733 (!).
… Прайшоўшыся шпаркім крокам па шырокіх ходніках, дзе лёгка трымаць сацыяльную дыстанцыю, за некалькі дзясяткаў метраў дастаю з пакеціка маску і надзяваю. У ёй і ўваходжу ў даволі шчыльны натоўп, які курсіруе ад станцыі метро да прыпынку грамадскага транспарту і назад.
Вагон метро. Састаў стары. Штосьці мне апошнім часам не дужа часта новы трапляецца. Хаця раніцай серады ехала менавіта ў ім. Звыклыя аб’явы на беларускай і ангельскай мовах. А далей… Што гэта?!
Я лаўлю, праўда, толькі заканчэнне сказа (па-руску): «… надзеньце маскі і аднаразовыя пальчаткі». Цікава… Новая аб’ява?! Толькі чаму па-руску і гэтак ціха?!
Насупраць мяне ў паўпустым вагоне сядзіць дзяўчо гадоў 10-11. Зняўшы заплечнік, зручна ўладкоўваецца на сядзенні, пускае пузыры з жуйкі і «ўтыкае» ў мабільны.
Але тут таксама ўздымае галаву, ловіць заканчэнне сказа і… Я не веру ўласным вачам! Лезе ў заплечнік, дастае аднаразовую маску (далібог, не бачыла, з пакеціка ці не), надзявае. Праўда, нос застаецца адкрытым… І пры кожным лопанні пузыроў з жуйкі маска з’язджае ўсё ніжэй.
Аднак жа! Што мы кажам пра бескарыснасць аб’яў звычайна?! А вось жа яна, карысць у дзеянні! Дастукацца такім чынам да пакалення зумераў альбо альфа?! Ну, гэта ж круцяк! Альбо… Яшчэ адзін доказ, што сярод любога пакалення людзі трапляюцца вельмі розныя, а не падобныя адно да аднаго на ўсе 100%...
Наступны прыпынак. Традыйнае пра «дзверы зачыняюцца» і «наступную станцыю». Але цяпер я чую пачатак новай абвесткі па-руску: «Паважаныя пасажыры!» Далей – сваімі словамі, бо баюся, што працытую недакладна… 🙂 Напачатку – пра важнасць захавання, па магчымасці, сацыяльнай дыстанцыі паміж пасажырамі. А затым… Чух-чух-чух-чух… Уу-у-у-у-у… Цягнік набірае хуткасць, і нічога больш нельга пачуць. 🙁
Самае цікавае, што раніцай у нашым цягніку такіх аб’яў не было. А ўвечары – калі ласка, пры крананні з кожнай станцыі. Уранку чацвярга зноўку ніякіх дадатковых аб’яў не было.
Ну што тут сказаць?! Брава аўтарам-распрацоўшчыкам! Абсалютна шчыра! Цудоўная задумка! Вось толькі б яшчэ дапрацаваць выкананне. А менавіта:
Бо, напрыклад, раніцай серады, калі я ехала ў новым саставе, літаральна над галавой аб’яўлялі прыпынкі так гучна, што мімаволі хацелася заткнуць вушы. А тут такая важная і своечасовая інфармацыя губляецца ў шуме…
А што ж тая дзяўчынка, якая таксама пачула «хвост» аб’явы?! Ехала яна даволі доўга. І я раз-пораз кідала на яе позіркі. Пускаць пузыры з жуйкі яна так і не перастала. 🙂 Як і «ўтыкаць» у тэлефон. Затое праз пару-тройку станцый нарэшце падцягнула маску на нос і замацавала гнуткай палоскай так, як трэба.
… Выходжу на станцыі метро «Магілёўская» і кірую на прыпынак, дзе спыняецца мая маршрутка. У роздуме, ці зноўку абысці тую машыну, што стаіць, бо вадзіцель абсалютна вадзіць не ўмее, вытрасае з цябе па дарозе ўсе духі... 🙁 І далей чакаць мікрааўтобус нашага аўтапарка, які штосьці таксама асабліва не кіруе да прыпынку. Быццам і становіцца на адлегласці, але трэба, як вятрак, махаць рукамі. Альбо ўсё ж напарнік у таго вадзіцеля ёсць.
Здалёк заўважаю, што за рулём маршруткі, што ўжо стаіць, – кіроўца ў масцы. Той надзеў?! Але гэты быццам вышэйшы ростам. Падыходжу. Напарнік. Ура, паехалі! Значыць, у гэтай маршрутцы ў масцы я не адна. Яшчэ кіроўца. А ў астатніх пасажыраў, відавочна, дзевяць жыццяў. Зайздрошчу…
А ў метро, паводле назіранняў вечара і раніцы, быццам людзей у масках паболела. Крыху. І, зноў-такі, у адной з сацыяльных сетак ужо настойліва перапошчваюць грамадскія заклікі хадзіць у масках – дзеля сябе саміх ды іншых. А на сайтах навінаў усё часцей з’яўляюцца матэрыялы, у якіх на аснове замежных даследванняў быццам пацвярджаецца хаця не 100%-ая, але відавочная масачная карысць! А вы носіце маску?! 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Псіхічныя расстройствы ў дзяцей заўсёды выклікаюць мноства пытанняў.
Напрыклад, як зразумець, што «асаблівыя» паводзіны дзіцяці не варыянт нормы, а адхіленне? Ці можа рэгулярная адмова ад ежы ў падлетка казаць пра парушэнні псіхікі? Чаму дзіця наўмысна наносіць сабе пашкоджанні? Да каго звяртацца па дапамогу ў першую чаргу: да псіхолага, псіхатэрапеўта альбо псіхіятра? У чым розніца паміж псіхолагам і псіхіятрам? Якія сацыяльныя наступствы цягне дыспансерны ўлік ў псіхіятра? Калі ў дзіцяці ёсць псіхічнае расстройства, дык гэта абавязкова «ад бацькоў» і назаўсёды?
На самыя частыя пытанні, звязаныя з псіхічнымі расстройствамі ў дзяцей, адказала псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера г.Мінска Вольга Маковіч-Праферэнка.
Чым адрозніваюцца псіхіятр, псіхатэрапеўт, псіхолаг?
Псіхіятр – урач, які лечыць таблеткамі. Гэта спецыяліст, які скончыў менавіта медыцынскую вышэйшую навучальную ўстанову. Ён выкарыстоўвае ў сваёй практыцы медыцынскія лекавыя прэпараты.
Псіхатэрапеўт таксама ўрач з вышэйшай медыцынскай адукацыяй. Ён можа лячыць гутаркай, але пры неабходнасці прызначыць і лекавыя прэпараты.
Псіхолаг урачом не з'яўляецца. Як правіла, такіх спецыялістаў рыхтуюць у ВНУ педагагічнага профілю. «Лечыць» выключна гутаркай.
Пры звароце да псіхіятра дзіця аўтаматычна трапляе на ўлік?
У маёй практыцы нярэдкія выпадкі, калі бацькі прыходзяць з пэўнымі асцярогамі з нагоды псіхічных парушэнняў у дзіцяці. Але пасля праведзенай дыягностыкі аказваецца, што дзіця здаровае. Гэта значыць, не кожны зварот да псіхіятра альбо псіхатэрапеўта цягне за сабой завядзенне карткі, пастаноўку дыягназу і дыспансернае назіранне. Шмат выпадкаў, калі дзіця псіхічна здаровае, нягледзячы на дзіўныя, як лічаць навакольныя, паводзіны.
Калі дзіцяці выстаўлены псіхіятрычны дыягназ, гэта назаўсёды?
Псіхіятрычныя захворванні ў дзяцей вельмі розныя па сваёй структуры. Сапраўды, ёсць такія, якія маюць зацяжны хранічны характар (пажыццёвы, можна і так сказаць). З імі дзіця трапляе пад назіранне спачатку дзіцячага псіхіятра (на працягу ўсяго дзіцячага ўзросту), а потым ужо і дарослага. Але працэнт такіх захворванняў невялікі – прыкладна 3% у агульнай папуляцыі.
Пераважную большасць псіхічных расстройстваў у дзяцей і падлеткаў можна паспяхова карэктаваць. Асабліва, калі своечасова звярнуцца да спецыяліста па дапамогу. Як у выпадку любога захворвання, саматычнага альбо псіхічнага, чым раней вы трапілі на прыём, тым хутчэй атрымаеце дапамогу, тым большая верагоднасць таго, што расстройства будзе хутка і паспяхова скарэктаванае, не пяройдзе ў хранічную стадыю і не будзе мець ніякіх сацыяльных наступстваў у будучым.
Калі дзіця знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра, ці паведамляюць пра гэта ў школу?
Інфармацыя, якую збірае ўрач у працэсе назірання дзіцяці, з'яўляецца закрытай. У дзіцячую паліклініку па месцы жыхарства дзіцяці і ўстанову адукацыі (сад, школу) гэтая інфармацыя не паступае. Паведамляецца яна толькі ў аддзелы ўнутраных спраў (міліцыю, пракуратуру) па афіцыйным запыце.
Выключэнне складаюць выпадкі, калі ў поле зроку псіхіятра трапляюць дзеці з самапашкоджаннямі. Гэта класіфікуецца як парасуіцыд – спроба суіцыду. У такім выпадку мы можам перадаць гэтыя звесткі ў школу і ў дзіцячую паліклініку, каб забяспечыць дзіцяці павышаную ўвагу і прадухіліць паўтарэнне парасуіцыду. Але робіцца гэта толькі са згоды бацькоў. Калі бацькі супраць, звесткі застаюцца схаванымі. Пра тое, што здарылася, ведаюць толькі само дзіця, яго бацькі і ўрач, які лечыць.
Ці можа дзіця з псіхічным захворваннем наведваць агульнаадукацыйную школу? Што рабіць, калі з-за расстройства паводзінаў вучня настаўнік не ў стане арганізаваць навучальны працэс і забяспечыць бяспеку астатніх дзяцей?
Як правіла, дзеці з хранічнымі псіхічнымі захворваннямі (а мы ўжо казалі, што іх усяго 3% з агульнай папуляцыі) вучацца дома, калі асаблівасці цячэння хваробы ўяўляюць пэўную пагрозу для аднакласнікаў ці педагогаў. Але трэба разумець, што дзеці без якога б там ні было псіхічнага расстройства таксама могуць наносіць шкоду і сабе, і навакольным – у сілу характару, тэмпераменту ці з прычыны імгненных псіхатраўмуючых фактараў.
А вось расстройствы паводзінаў у дашкольнікаў і школьнікаў не рэдкасць. Яны бываюць як у рамках сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (пачынаючы з дзіцячага садка да падлеткавага ўзросту), так і парушэнні канкрэтна паводзінаў у дзяцей і падлеткаў. Але гэта не падстава ізаляваць іх ад грамадства і пераводзіць на хатняе навучанне.
Калі ў дзіцяці СДУГ, дык яно няўрымслівае, няўважлівае ўсюды і заўсёды: дома, у садзе, школе... Але часам бывае так, што дома дзіця спакойнае, а ў школе яго быццам падмяняюць: яно нікога не слухае, зрывае ўрокі, грубіяніць... СДУГ і іншыя расстройствы паводзінаў – гэта і ёсць падстава прыйсці да псіхатэрапеўта, разабрацца, чым выкліканыя гэтыя парушэнні, і атрымаць дапамогу ў іх карэкцыі.
Ці перадаюцца псіхічныя расстройствы ў спадчыну?
Тут да кожнай назалогіі трэба падыходзіць асобна. Што тычыцца шызафрэніі, біпалярнага афектыўнага расстройства, сапраўды, пэўную ролю адыгрывае генетыка, атрыманне ў спадчыну хваробы. А такія станы, як дэпрэсія, трывожнае расстройства, расстройствы паводзінаў і многія іншыя генетычнай спадчыны часцей за ўсё не маюць. У значнай ступені адыгрывае ролю характар і метад выхавання дзіцяці, атмасфера, у якой ён расце і жыве.
Ці можа бабуля адвесці ўнука на прыём да псіхіятра без ведама бацькоў?
З дзіцем на прыём да псіхіятра альбо псіхатэрапеўта прыходзяць законныя прадстаўнікі – мама ці тата. Можна разам, можна паасобку. Калі вы даручаеце гэтую справу бабулі, трэба аформіць на яе натарыяльна завераную даверанасць, што яна прадстаўляе інтарэсы вашага сына ці дачкі. Паколькі бабуля хаця і родны ды блізкі чалавек для вашай сям'і, яна не з'яўляецца законным прадстаўніком дзіцяці. Таму ў бабулі не атрымаецца асабіста, без вашага ведама і згоды, адвесці на прыём да псіхіятра ўнука, калі яна палічыла, што ў яго праблемы.
Падлетак адмаўляецца ад ежы. Як зразумець бацькам, што гэта прыкмета псіхічнага расстройства?
Расстройствы харчовых паводзінаў у падлеткаў (адмова ад ежы ці, наадварот, пераяданне) досыць шырока распаўсюджаныя ў нашай папуляцыі. Звязана гэта, у асноўным, з трэндам на худзізну, навязваннем сацсеткамі «худых» ідэалаў прыгажосці. Таму ўжо з 12-13 гадоў дзяўчынкі, у асноўным, пачынаюць абмяжоўваць сябе ў ежы.
Калі ваш падлетак з дня ў дзень адмаўляецца есці ў коле сям'і, чаго раней не было, – гэта падстава насцярожыцца. У буднія дні адсачыць гэта складана: бацькі, як правіла, працуюць з раніцы да вечара. Ежа на дзень пакідаецца ў халадзільніку ў разліку, што дзеці самі паядуць. Але падлеткі ідуць на ўсялякія хітрыкі. Напрыклад, каб не выклікаць падазрэнні ў бацькоў, падлетак можа проста выкінуць сваю порцыю, а сказаць, што з'еў. Таму асаблівая ўвага – на выхадныя дні і час сямейнай вячэры.
Пазбяганне сумеснага прыёму ежы, рэгулярныя, частыя адмовы ад ежы без аб'ектыўных прычынаў, паход у прыбіральню адразу пасля ежы – усё гэта можа паказваць на расстройствы харчовых паводзінаў. Звяртайце увагу таксама на знешні выгляд і самаадчуванне падлетка. Сімптомы расстройства харчовых паводзінаў характарызуюцца зніжэннем вагі, частымі перападамі настрою (часцей ён дрэнны), раздражняльнасцю, хуткай стамляльнасцю і г.д.
Самапашкоджанні ў падлеткаў. Навошта яны гэта робяць і як пазбегнуць падобных паводзінаў?
Падлеткі (ды і дзеці малодшага ўзросту) могуць наносіць самапашкоджанні для зняцця ўнутранага эмацыянальнага напружання. Часам імі рухае жаданне здзейсніць суіцыд, але банальна не хапае фізічнай сілы зрабіць глыбокі парэз. Чаму гэта павінна насцярожваць? Такі спосаб зняцця напружання не з'яўляецца фізіялагічным. Калі падлетак парушае цэласнасць скурнага покрыва (рэжа, драпае, кусае да крыві), прычыняе сабе боль, дык у цэлым у папуляцыі рызыка здзяйснення ў будучым суіцыду ў яго вышэйшая.
Самапашкоджанні, як правіла, бачныя. Самае папулярнае месца – тыльная частка перадплечча. Часам дзеці рэжуць сябе ў вобласці галёнкі, сцёгнаў.
Зараз у праграму дыспансерызацыі ўваходзіць візіт да псіхіятра: для хлопчыкаў – у 14 гадоў, для дзяўчынак – у 15. Падчас прыёму ўрач, у тым ліку, просіць іх паказаць перадплеччы. Але калі дзіця рэжа сябе ў вобласці сцёгнаў, урач гэтага не ўбачыць. Таму многае залежыць ад насцярожанасці бацькоў.
Якія прыкметы паказваюць на самапашкоджвальныя паводзіны ў падлетка? Ён ходзіць пастаянна захутаны, хавае рукі, нават у спякоту ў яго кашуля з доўгім рукавом, ён з любой нагоды пазбягае сітуацый, у якіх бацькі маглі б убачыць яго рукі ці ногі. Часам падлеткі дэманструюць самапашкоджанні, бы кажучы бацькам: паглядзіце, што я з сабой раблю, вы ў гэтым вінаватыя.
Такая дэманстрацыя – сама па сабе крык аб дапамозе, які ігнараваць нельга. Неабходная праца з псіхіятрам, псіхатэрапеўтам або псіхолагам (часам з некалькімі спецыялістамі адразу). Але гэта дапаможа вярнуць падлетку душэўную раўнавагу і, магчыма, выратаваць жыццё.
І хацелася б звярнуцца да бацькоў: надавайце ўвагу свайму дзіцяці. Хаця б 15 хвілін у дзень, але стабільна, рэгулярна і не адцягваючы тую ўвагу на іншыя рэчы. Тады яно само будзе адчуваць патрэбу не рэзаць рукі, а прыйсці да вас і падзяліцца набалелым. Гэта лепшая прафілактыка самапашкоджанняў.
One fine body…