Надвячоркам знаёмства тое адбылося. Чорнай, як вугельчык, масці каток Барсік упершыню выйшаў на самастойнае паляванне.
А тое усё з мамкай ды з мамкай: ні кроку без яе. Яму, канечне ж, падабалася: ніхто не пакрыўдзіць, па-першае, а па-другое, ежу таксама няма патрэбы здабываць — малачко мамчына сма-а-чнае. А як паспрабаваў надоечы маладзенькіх мышак, якімі мамка частавала свайго гарэзу, не паверыце - спадабалася. Еў ён мышку, а мамка пазірала і цешылася сынком, а пасля і пытаецца:
– Барсік, а ці не пара табе ужо і самастойным быць, да волі прывыкаць? – мурлы-ы–мурлыы.
– Я гатовы! – мяў-ў—мяў-ў,- пацягнуўся, выпрастаў шыю і лапкамі сабе па траўцы як грабане-грабане, быццам сілу маці паказвае. Глядзі, мамка, які я насамрэч вялікі і смелы!
Барсік храбрыўся, хаця ведаў пра суперніка амаль усё. Пра тое, што верабейкі дружныя і бойкія, кемлівыя і з задзірыстым норавам.
А паглядзіце як вось той верабейка перамяшчаецца, не пераступае з нагі на нагу, а прыгае адначасова на двух нагах. Увесь дзень прыг-скок, прыг-скок па сцежках, прама ля ног чалавека.
– Я б так не змог, – казаў каток. – Калі толькі ля ног свайго гаспадара. І тое не заўсёды яму падабаўся б мой занятак. – Гэтыя малыя птушачкі-назолы ўсеядныя. Ласуюцца зусім іншым, чым я – насякомымі шкоднікамі, насеннем раслін, парэшткамі са стала чалавека (калі мяне апярэдзіць!) і, зразумела, розным зернем ды курынаю мешанкаю, якую штодня для сваіх чубатак рыхтуе гаспадыня.
Верабей па натуры аптыміст – заўсёды бодры, радуецца паветру, святлу. Аб гэтым і яго жыццесцвярджальная песенька: «жыў», «жыў».
Барсік у сваю чаргу выхваляўся сваім рознакаляровым кажушком, што нельга параўнаць з шэрым някідкім апярэннем.
Затое наконт ахайнасці супернік можа нават паспрачацца з кім заўгодна. Пасачыце за Верабейкам і ўбачыце, як старанна, нават з нейкай філіграннай дакладнасцю наводзіць ён сваю знешнасць, прыхарошваючыся – то перасыпае пёркі пяском, збаўляючыся ад насякомых-паразітаў, то купаецца ў вадзе, то дзюбкаю чысціцца вычышчае сябе.
Калі бацькі паведамілі Барсіку, што сусед Верабейка дужа вёрткі і ў палёце можа развіць хуткасць за пяцьдзясят кіламетраў, той сцішыўся. І не ў цяпле жыве як Барсік…
Начуе Верабейка на гарышчах, у выцяжных трубах, дуплах дрэў, пад стрэхамі хат, шпакоўні можа займаць. Дзе пападзецца, там і яго начны прыстанак.
І пра тое, што сям’я верабейкаў за лета выводзіць больш за дзесяць малых, ён ўжо ведаў. Аднаго разу, калі з-пад шыферыны, дзе зладжана гняздзечка, вывалілася голенькае і яшчэ сляпенькае малое, Барсік знаёміўся, забаўляўся з ім, пакуль не залашчыў…
Не паспела маці ўхваліць яго смеласць як Барсік ўміг скочыў на ганак, затым – на лаву пад акенцам, паказваючы сваю зухаватасць.
Раптам, дзе толькі браўся, над самай спінай яго віхрам праляцеў верабейка. Ды як зачырыкае – чык-чырык, чык-чырык, ажно конікаў разбудзіў, што сцішыліся перад адпачынкам.
– Хто гэта такі чорненькі і незнаёмы? – чык-чырык, чык-чырык.
– Ты што мяне не ведаеш? Я – Барсік і на падворку самы галоўны, – мяў-мяў.
Штосьці ўпершыню я цябе бачу,– схітрыў верабейка. Яшчэ чаго нейкі тут –Чык-чырык, Чык-чырык.
Ты мяне не ведаеш? Я –Барсік! І на падворку самы галоўны, – мяў-ў-мяў-ў-ў.
—Галоўны той, хто ў паветры, казаў Чык-чырык. А ты — задавака ты, а не галоўны. Я цябе не баюся, бо як распрамлю свае імклівыя крылы ды на ўсёй хуткасці зтараню на цябе дзюбкаю толькі поўсць паляціць, – Чык-чырык!
— Ну-у, поўсць паляціць! Глядзі, каб не так! Хутчэй з цябе пер’е паляціць, калі кіпцюрыкі хоць з адной лапкі выпушчу.
Ды як затупае, як закрычыць: мяў-ў-мяў-ў! Пасля як падскочыць у паветры, быццам на батуце ды з новай сілай закрычыць-залямантуе: мяў-ў-мяў-ў!
Затым, быццам самы страшны тыгр ці леапард, як выгне спіну дугою, як уздымецца поўсць яго, ды грэбне-грэбне пярэднімі лапкамі зямельку, ажно пясок як не за сто метраў ляціць.
Усё жывое сцішылася, насцярожылася. Спалохаўся і верабейка, але выгляду не падаў, а толькі яшчэ больш раззлаваўся:
— Чык-чырык! Я ўсядно падпільную як ты будзеш забаўляцца і ўдзяўбу цябе ў спіну. Сказаў гэтак пагрозліва і знік.
Не прайшло і паўдня як Барсік убачыў ля курынага карытца ладную чародку вераб’ёў, а сярод ўсіх асаблівым зухам ў шэранькай камізэльцы пахаджваў Чык-чырык.
Дзяўбуць сабе курыны ячмень і весела шчабечуць, пераскокваючы з месца на месца, быццам пасміхаюцца з гаспадара падворка. Барсік уміг хацеў накінуцца і расправіцца з тым героем, пакараць за непаслухмянасць, але стрымаў сябе. А як толькі Верабейка адвярнуўся, Барсік скок – і цап таго, спаймаў завадатара.
– Ах ты, нягоднік! – закрычаў каток – і як сцісне вострымі ды дужымі лапкамі, і раструшчыў крылцы.
– Павадзіўся, бач ты яго і сяброў панаводзіў, што галоднымі куркі застануцца і яечак для бабуліных унукаў не будуць несці. А ці сорамна, злодзей, у чужое лезці? Ці ж не хапае зярнятак на пожні ці ля току, альбо ўзбоч дарог? Канеше ж, гатовенькае ды чужое смачнейшае. Ці не так? І хто галоўны на падворку ты, відаць, так і не зразумеў?
– Ты! Канечне ж, ты! Толькі навошта крылца мне зламаў?
– Крылца зажыве, а гэта каб лепш запомнілася наша сустрэча.
– Ніколі не прылячу на твой падворак, - нямым голасам прамовіў Чык-чырык.
– Не хочацца верць, але ты павінен ведаць, што я адшукаў тваё гняздо ў дупле старой грушы. Так што далей ад мяне трымайся, - не мог дараваць яму крыўды Барсік.
Ды як затупае, ды грэбне-грэбне пярэднімі лапкамі.
— Не губі мяне, каток, — просіцца верабейка, — адпусці, дзеці ў мяне малыя.
— Добра, дарую табе жыццё. Але паабяцай, што больш ніколі не будзеш ласы на чужое – гэта раз. І па-другое, заўжды пры сустрэчы ты абавязаны вітаць мяне сваім чык-чырык тройчы.
На гэтым і пагадзіліся
З тае пары як убачыць верабейка катка абавязкова тройчы вітаецца сваім – чык-чырык. Нават узімку, калі пасля сцюжы выблісне сонейка і паклікае чародкі вераб’ёў да людскога жытла, а каток абыходзіць свае ўладанні.
Вось толькі асноўнага абяцанку так і не стрымаў Чык-чырык – як спажываў чужое, так і спраўляецца на чужым. І катка ён так ні разочку не пакрыўдзіў, бо і Барсік больш праворным стаў.
https://bel.24health.by/yak-snyazhynki-snegavichka-stvaryli-kazka/
На захадзе Віцебскай вобласці, каля самай мяжы, з даўніх часоў месціцца невялікая вёсачка пад назвай Відзы-Лаўчынскія. Вядомай яна стала дзякуючы адной шляхецкай сядзібе, якая належала некалі знакамітаму роду Ваўжэцкіх, а яшчэ водалячэбніцы, абсталяванай тут у XIX стагоддзі.
Сёння ад тых часоў захаваўся толькі сядзібны дом з парай гаспадарчых пабудоў ды парк з легендарным каменем, які з гадамі ператварыўся ў амаль непраходны лес. А ад былой водалячэбніцы не засталося і следу.
У паўднёва-заходняй частцы Браслаўскага раёна знаходзіцца гарадок Відзы, а за 3 км на захад ад яго вёска Відзы-Лаўчынскія з насельніцтвам больш за 200 жыхароў. Паводле гістарычных дакументаў, паселішча вядомае з XVI стагоддзя пад назвай Ловішча. Назва паходзіць ад таго, што гэта месца належала літоўскаму лоўчаму Нарушэвічу. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў тут ужо існаваў маёнтак, які належаў Тамашу Ваўжэцкаму, паплечніку Тадэвуша Касцюшкі. Тамаш нарадзіўся ў сям'і Тадэвуша Ваўжэцкага і Барбары Тызенгаўз у Мэйштах у 1753 годзе. Вучыўся ў відзаўскай езуіцкай школе. Калі пабраўся шлюбам з Юзэфай Пац, жыў у жончыным маёнтку каля Коўна. Абіраўся дэпутатам на Сойм Рэчы Паспалітай ад шляхты Браслаўскага павета. У 1792 годзе ўдзельнічаў у руска-польскай вайне. Як генерал па Браслаўскаму павету браў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, дзе за свае грошы абмундзіраваў і ўзброіў паўстанцаў колькасцю 300 чалавек.
Калі Касцюшка трапіў у палон (1794 год), Тамаш вырашыў узначаліць паўстанне, аднак яно пацярпела паразу. Ваўжэцкага ў ліку многіх паўстанцаў зняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбурзе, дзе ён адбыў два гады, пакуль на расійскі пасад не заступіў новы імператар Павел I. Будучы нязгодным з ліквідацыяй Рэчы Паспалітай, ён распарадзіўся адпусціць вязняў. Здабыўшы свабоду, Тамаш Ваўжэцкі паспяшаўся на сваю радзіму ў мястэчка Відзы, дзе на ўсходняй ускраіне вёскі Відзы-Лаўчынскія, на паўночным беразе возера Дворнае пабудаваў дом і сядзібу. Землі гэтыя ім былі набыты яшчэ раней у Нарушэвічаў, якія валодалі імі з XVI стагоддзя. Сваім сялянам Ваўжэцкі дараваў вольную задоўга да 1861 года. Тыя выплачвалі яму толькі невялікі падатак за зямлю.
У маёнтку Ваўжэцкага неаднаразова гасцяваў паэт Адам Міцкевіч (1798 – 1855). У Відзах пражываў ягоны дзядзька. За сваё жыццё Тамаш Ваўжэцкі здолеў зрабіць паспяховую кар'еру, даслужыўся да міністра юстыцыі Каралеўства Польскага, якое ўваходзіла тады ў склад Расійскай імперыі. Пахаваны ў Відзах.
Потым маёнткам валодалі Мінейкі. У сярэдзіне XIX стагоддзя дачка маршалка браслаўскага Міхала Ваўжэцкага і Канстанцыі з Лапацінскіх – Эмілія выйшла замуж за Тамаша Мінейку, маршалка шляхты губерні Віленскай. Апошні, хто валодаў Відзамі-Лаўчынскімі, а гэта 1939 год, – унук Тамаша і Эміліі Уладзіслаў Мінейка. Двухпавярховы палац з галерэямі, парк, бровар і гаспадарчыя пабудовы захаваліся да нашых дзён. Пэўны час у сядзібным доме месціўся дзіцячы садок, потым – школа.
Сёння, на жаль, сядзіба няўхільна разбураецца.
Каля Відзаў-Лаўчынскіх ёсць чатыры возеры: Дворнае, Чорнае, Белае і Смердзіс. Апошняе завецца так ад таго, што каля яго бруяць серавадародныя крыніцы, і возера што ўлетку, што ўзімку дужа смярдзіць. Менавіта на аснове гэтых крыніц у 1860 годзе Мінейкі арганізавалі тут лячэбны курорт з санаторыем, названым у гонар знакамітай рэзідэнцыі Лазенкі. Абсталяванне і методыка лячэння ў ім былі на ўзор найлепшых заходнееўрапейскіх курортаў. Тут былі ўсталяваныя 60 ванн і працаваў медыцынскі персанал. Вада ў ванны падавалася па трубах. Для лячэння выкарыстоўвалі мясцовую ваду і сапрапелі. Лячылі радыкуліт, рэўматызм, экзэмы, язвы, дэрматыт, нервы, страўнік, суставы, органы дыхання ды інш. Ехалі сюды лячыцца нават з аддаленых месцаў Расіі і Заходняй Еўропы.
Пасля перамогі Расіі ў Каўказскай вайне заможныя пацыенты пераарыентаваліся на паўднёвыя курорты, а беларуская лякарня прыйшла ў заняпад. Да таго ж у канцы XIX стагоддзя тут адбыўся пажар. Засталіся толькі паўразбураны падмурак і абгарэлы зруб калодзежа, у якім вада была белага колеру і з моцным пахам серы. Паблізу калодзежа знаходзілася вялізная яма з сярністай вадой. Непадалёк з-пад каранёў дрэў выбівалася крыніца празрыстай вады з серным пахам. Хаця санаторый перастаў функцыянаваць, аднак яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя сюды ўлетку ехалі хворыя, наймалі кватэры ў суседніх вёсках і нават вазілі ваду для ваннаў. У час Першай Сусветнай вайны тут месціўся нямецкі вайсковы шпіталь.
Сёння ад санаторыя засталіся толькі самі крыніцы, якія працягваюць «тхнуць», а мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ў лесе яшчэ можна знайсці рэшткі ваннаў. У наш час месца вакол крыніц добраўпарадкавана, сцежкі выкладзены дошкамі, зроблены лавачкі. Крынічная вада не замярзае ўзімку. У вёсцы працуе аграсядзіба. А возера Смердзіс цяпер ужо пачалі называць Лазенкі, як і крыніцы, якія яго сілкуюць. Мясцовыя жыхары называюць гэтае месца прыроднай лякарняй. Пасля акунання, гавораць, нават радыкуліт адпускае.
У 2011 годзе крыніцы Лазенкі абвешчаны гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.
Сярністыя воды лічацца самымі карыснымі сярод 12 тыпаў мінеральных вод Беларусі. Навукоўцы ўпэўненыя, сёння паблізу гэтых крыніц можна стварыць шматпрофільны санаторый, якому не будзе роўных па наборы лячэбных бальнеятэрапеўтычных сродкаў ва ўсёй Беларусі і нават у Еўропе. На глыбіні каля 220 метраў тут выявілі мінеральныя воды, багатыя натрыем, каліем, магніем, сульфатамі – узровень мінералізацыі 7,4 грама на літр адпавядае ўсім нормам. Карыснае пітво пры хваробах кішэчніка, печані, падстраўнікавай залозы. Глыбей, на ўзроўні 370 метраў пад зямлёй, выявілі бромныя расолы з высокай мінералізацыяй: канцэнтрацыя солі амаль у два разы вышэйшая, чым у моры, – 50,87 грама на літр. Бромныя ванны прызначаюць для заспакаення нерваў і ўмацавання костак. Добрыя яны і для гіпертонікаў. Яшчэ адзін сюрпрыз-адкрыццё падарыў навукоўцам глей возера Лазенкі. Ягонымі сапрапелямі таксама можна лячыцца. У 100 грамах донных адкладаў утрымліваецца 60-80 міліграмаў серавадароду. Працэдуры на аснове мясцовых сапрапеляў могуць прызначаць аслабленым хворым, асобам паважанага ўзросту і дзецям. Вядомым аналагам гэтым адкладам можа лічыць сульфідны сапрапель курорта Марцыянскія Воды ў Карэліі.
А яшчэ мясцовыя жыхары распавядаюць пра легендарны камень, які здаўна ляжыць у парку каля маёнтка. Паданне пра яго сцвярджае, што тутэйшы пан вельмі любіў коней і асабліва кабылу Еву. Прагулкі ў брычцы, запрэжанай Евай, ён здзяйсняў кожны дзень. За кабылай прызвычаілася бегаць сабачка Заза. Яна, як распавядае паданне, страціла некалі сваіх шчанюкоў і прыбілася да панскай стайні. На той час там уначы памерла кабыла, што нарадзіла жарабя. Маленькае жарабя было вельмі слабым і не магло падняцца на ногі. Заза кінулася да жарабя і пачала таго вылізваць, як свайго шчанюка.
У хуткім часе кволае жарабя ператварылася ў прыгожую кабылу Еву. А Заза заўсёды знаходзілася каля яе і ахоўвала дарослую кабылу як сваё дзіця. Так яны працягвалі трымацца разам. Але нечакана здарылася бяда – Ева зламала нагу. Пан доўга лячыў яе, але безвынікова. Каб Ева не пакутавала, ён загадаў застрэліць яе і пахаваць у самым прыгожым куточку парка, каля галоўнай дарожкі, у зацені грэцкіх арэхаў. Заза не адыходзіла ад магілы сваёй сяброўкі некалькі дзён, нікога не падпускала да яе і не брала ні ад каго ежы. Так і сканала, ахоўваючы спакой няшчаснай кабылы. Пахавалі сабачку побач. Пазней на тым месцы з’явіўся невялікі камень з выбітымі надпісамі Ewa і Zaza.
Нібыта жывыя размаўляюць. Чароўныя ўласцівасці крыніц у Крынічках
28 студзеня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння савецкага і беларускага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука. З яго імем звязана цэлая эпоха ў беларускім кіно, а самы гучны поспех мела карціна "У жніўні 44-га…".
У беларускае кінамастацтва Міхась Пташук прыйшоў зусім маладым, але ўжо з першых работ заваяваў рэпутацыю сур'ёзнага і цікавага рэжысёра. Яго фільмы адзначаны ўзнагародамі міжнародных кінафестываляў у Беларусі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Расіі, Польшчы, Чэхіі, Швецыі, Югаславіі.
Мэтр савецкага кінематографа Віктар Тураў называў яго адным з найлепшых беларускіх рэжысёраў, гонарам айчыннага кіно. Ім створана больш за 30 фільмаў. Хто ведае, колькі яшчэ таленавітых карцін падарыў бы свету рэжысёр, калі б не сышоў з жыцця так раптоўна і трагічна. Нарадзіўся Міхаіл Мікалаевіч Пташук 28 студзеня 1943 года ў зямлянцы, у якой маці хавалася ад гітлераўцаў, на ўскраіне вёскі Федзюкі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Дзіцячыя ўспаміны і апавяданні аднавяскоўцаў аб тым горкім, гераічным часе вызначылі галоўны напрамак у творчасці Пташука. Хто мог падумаць, што Міша Пташук, руды хлопец з глухой беларускай вёсачкі, стане вядомым рэжысёрам? Нават калі паступіў — ды не куды-небудзь, а ў тэатральную вучэльню імя Шчукіна пры тэатры Яўгена Вахтангава ў Маскве – гэтай вестцы не вельмі паверылі. Ад Пташука доўга не было ліста. І тады старшыня сельсавета сам даслаў ліст дырэктару вучылішча. А праз два тыдні маці Мішы прыйшоў адказ з Масквы: «Добры сын у вас, Марыя Сямёнаўна!».
Скончыўшы Маскоўскае тэатральнае вучылішча імя Барыса Шчукіна, Міхаіл Пташук паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР у майстэрні Георгія Данелія.
Майстэрня Георгія Данелія стала для рэжысёра-пачаткоўца добрай прафесійнай школай. Дыпломнай работай Пташука стаў фільм "Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту", зняты ў 1973 годзе на Адэскай кінастудыі. У карціне дэбютаваў тады яшчэ студэнт Аляксандр Абдулаў, «шэфствавалі» над здымачнай групай Станіслаў Гаварухін і Кіра Муратава. Кінастужка мела шумны поспех: яна прынесла рэжысёру-дэбютанту з Беларусі два Гран-пры міжнародных кінафестываляў і ўсесаюзную славу.
Пасля трыўмфу Міхаіла Пташука запрасілі ў Дзяржкіно і прапанавалі перабрацца ў Мінск. У 1974 годзе пачалося шматгадовае творчае супрацоўніцтва рэжысёра з Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». Пазней, у лістападзе 1989 года, Міхаіл Пташук арганізуе Беларускую незалежную студыю пры Саюзе кінематаграфістаў рэспублікі і стане яе мастацкім кіраўніком.
Зняўшы некалькі карцін на «Беларусьфільме», Пташук пачынае працаваць «для душы». На працягу сваёй творчай біяграфіі ён ствараў фільмы розных жанраў і маштабаў — ад рамантычных твораў і прыгодніцкіх тэлесерыялаў прыйшоў да глыбока псіхалагічных стужак.
Рэжысёрскаму мастацтву Міхася Мікалаевіча ўласцівыя імкненне да распрацоўкі псіхалогіі характараў, філасофская глыбіня і аналітычнасць. Міхаіл Пташук быў надзелены ўсімі задаткамі геніяльнага драматычнага рэжысёра. Яму ўдалося адлюстраваць на экране мноства яскравых сюжэтаў і характараў з беларускай літаратуры XX стагоддзя.
У сваім дзённіку Міхаіл Пташук пісаў: «Усё, што я зняў, мае дачыненне да гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. І Уладзімір Караткевіч, і Іван Шамякін, і Васіль Быкаў — гэта ўжо гісторыя. У кожным фільме, знятым па творах гэтых пісьменнікаў, ёсць часціца мяне самога, маёй маці, суседзяў —людзей, сярод якіх я вырас. Калі ўважліва паглядзець мае фільмы, то можна пераканацца, што ў кожным з іх адна і тая ж хата па планіроўцы. Чытаючы аповесць “Знак бяды”, я бачыў свой дом, у якім вырас і з якога так рана сышоў “у людзі”. Мне не трэба было нічога прыдумляць. Усе героі рухаліся па маёй федзюкоўскай хаце. Мне было лёгка з імі, я ведаў кожны іх крок, таму мізансцэны нараджаліся самі, лёгка прымаліся акцёрамі».
Асабліва пранікнёна ў творчасці майстра гучыць тэма Вялікай Айчыннай вайны. Гераічнай барацьбе беларускага народа з фашысцкімі захопнікамі прысвечаны кінастужкі і тэлевізійныя фільмы «Вазьму твой боль» паводле твора Івана Шамякіна, «Знак бяды» паводле аповесці Васіля Быкава.
Праблемы фармавання і выяўленні чалавечага характару ў складаных жыццёвых абставінах знайшлі адлюстраванне ў фільмах «Наш бронецягнік», «Кааператыў Палітбюро, ці Будзе доўгім развітанне» і іншых работах кінарэжысёра. Сярод фільмаў рэжысёра — «Чорны замак Альшанскі» паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча, камедыя «Гульня ўяўлення», у якой спалучаюцца лірызм і добразычлівы гумар, фільм-спектакль «Макбет» Мінскага тэатра «Вольная сцэна».
У красавіку 2002 года таленавіты рэжысёр загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Напярэдадні трагедыі Міхаіл Пташук прыляцеў з Галівуду ў Маскву на ўручэнне кінематаграфічнай прэміі «Ніка». Яго карціна «У жніўні 44-го...» патрапіла ва ўсе асноўныя намінацыі, але ўрачыстай цырымоніі не наканавана было стаць момантам славы для Пташука. Менавіта са сцэны ў Маскве была ўпершыню агучаная страшная навіна: машына, у якой знаходзіўся беларускі рэжысёр, вылецела на сустрэчную паласу.
У памяць пра Міхаіла Пташука ў 2003 годзе на будынку Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у Мінску была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 2004 годзе ў серыі «Жыццё выдатных людзей Беларусі» ўбачыла свет кніга пра кінарэжысёра. У 2015 годзе імем Міхаіла Пташука была названа вуліца ў сталічным мікрараёне Лошыца. У Ляхавічах на вуліцы імя Пташука быў абсталяваны стылізаваны прыпыначны пункт, каб чакаючыя маглі прыгадаць фільмаграфію таленавітага рэжысёра.
Дрэчы, у Мінску 28 студзеня ў галерэі Музея гісторыі беларускага кіно пачала працаваць фотавыстаўка, прымеркаваная да 80-годдзя выдатнага кінарэжысёра. На ёй прадстаўлены серыі фотаздымкаў, якія захавалі працэс вытворчасці фільмаў, эскізы мастацкіх рашэнняў, тэхнічныя фотаматэрыялы, афішы.
Сацыяльна-псіхалагічная драма паводле рамана Івана Шамякіна аб непрымірымым канфлікце страціўшага ў гады вайны ўсю сям'ю вясковага шафёра і вінаватага ў гэтым былога паліцэйскага, які вярнуўся ў родныя мясціны пасля 25 гадоў лагераў. Фільм вабіць незвычайнасцю і вастрынёй праблематыкі, драмай галоўнага героя, перададзенай аўтарамі цвёрда, без сантыментаў. Асабліва ўражваюць адзначаныя бездакорным пачуццём меры і разуменнем дзіцячай псіхалогіі эпізоды дзіцячых успамінаў героя, у якіх, безумоўна, знайшоў адлюстраванне і ўласны лёс рэжысёра.
Гісторыя сыходзіць каранямі ў глыбокую старажытнасць 18 стагоддзя. У тыя далёкія смутныя часы князь Альшанскі крадзе казну і каштоўнасці паўстанцаў, але таямнічым чынам знікае, пакінуўшы манускрыпт, у якім пазначана месцазнаходжанне скарбаў.
У наш час апошні нашчадак князёў Альшанскіх шукае гэты манускрыпт, які выпадкова патрапіў у рукі аднаго аматара даўніны. З букіністам пачынаюць адбывацца дзіўныя выпадковасці і, баючыся за захаванасць дакумента, чалавек вырашае аддаць яго на захоўванне свайму сябру. Таямніца манускрыпта будзе адкрыта, але якім коштам...
Сацыяльная трагедыя па матывах аповесці Васіля Быкава (1982) аб лёсе насельнікаў невялікага хутара, пераўтворанай аўтарамі ў сімвал пакут беларускага народа на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. У яркіх, псіхалагічна выпуклых вобразах сваіх персанажаў акцёры па-майстэрску ўвасобілі рысы нацыянальнага характару.
Наш браняпоезд. «Беларусьфільм», 1988 г.
Не страціла актуальнасці сацыяльна-псіхалагічная драма аб краху светапогляду «сталінскага сокала», былога начальніка лагернай аховы ў перыяд «хрушчоўскай адлігі». Выпадковая сустрэча са сведкам санкцыянаванага ім расстрэлу безабаронных зняволеных у дзень смерці «правадыра ўсіх народаў», адчужэнне абуранага гэтым учынкам сына прымушаюць «героя вайны» шукаць апраўдання страшным падзеям мінулага: ён жа толькі выконваў загад, г.зн. дзейнічаў правільна, супраць «ворагаў народа». Але чым больш актыўна ён спрабуе атрымаць падтрымку ў «рулявых» сталінскай, тым большай эрозіі падвяргаецца яго сляпая вера.
Герой Уладзіміра Гасцюхіна надрыўна прабіваецца да ўласнай душы, да таго мудрага і добрага, што закладзена ў ім. Можна сказаць, што перад намі фільм аб вызваленні чалавека — ад грузу догмаў, ідэалагічных стэрэатыпаў, ад хлусні, ад тупой упэўненасці ў правасці ўласных думак і ўчынкаў, нават калі яны супярэчаць жыццёвай логіцы, шматвяковым паняццям пра дабро і зло.
Сацыяльная трагікамедыя пра лёс удзельнікаў культурна-гістарычнага кааператыва — акцёраў-двайнікоў вядомых палітычных дзеячаў. Фільм-разважанне аб зменлівасці растання грамадства з ілюзіямі, памылкамі і міфамі эпохі, якая сканчваецца.
У жніўні 44-га ... «Беларусьфільм», 2000 г.
Шпіёнскі трылер па матывах рамана У. Багамолава «Момант ісціны» (1974) аб спецаперацыі савецкай контрразведкі ў прыфрантавой паласе. Адзін з самых знакамітых (першым чынам сваёй падкрэсленай дакументальнасцю) літаратурных твораў аб вайне стаў асновай маштабнай кінапастаноўкі з прыметамі «вялікага (галівудскага) стылю», захапляльным дэтэктыўным сюжэтам і яркімі акцёрскімі работамі.
Як фарміравалася беларускае кіно? Топ-10 фільмаў, якія вы не зможаце забыць
Наша краіна ў культурным свеце славіцца мастацкімі дынастыямі. Колькі на нашай зямлі нарадзілася таленавітых творцаў, якія змаглі перадаць сваім дзецям, унукам прафесійныя веды, а галоўнае захапленне творчасцю. Дынастыя Вашчанка, безумоўна, цікавы і яскравы прыклад сям’і, у якой мастацтва з’яўляецца не проста прафесіяй, але і галоўнай місіяй ў жыцці.
У студзені ў Палацы мастацтваў адкрылі выставачны праект «Дынастыя», на якім прадстаўлены работы трох цікавых мастакоў — Гаўрылы, Канстанціна і Ангеліны Вашчанка. Экспазіцыя дае магчымасць прасачыць, як на працягу трох пакаленняў майстроў выяўленчага мастацтва мяняюцца мастацкая мова, пластыка, пачуццёвая арганіка, матэрыял і іншыя выразныя сродкі. Нязменныя толькі —духоўнасць і дабрыня.
Заснавальнік творчай дынастыі — Гаўрыла Харытановіч Вашчанка. Сёлета беларусы адзначаюць 95-годдзе з дня нараджэння мастака. Мінула ўжо амаль дзевяць гадоў, як творца пайшоў з жыцця. Але ён пакінуў такую неверагодную мастацкую спадчыну, якой можа ганарыцца не толькі сям’я, але ж і ўся краіна.
Гаўрыла Харытановіч вядомы як мастак-манументаліст з маштабнымі мысленнем і велічнымі палотнамі. Але манументальнасць можа быць і ў малым фармаце, які дазваляе гледачу засяродзіцца на галоўным сэнсе твора, разгледзець тэхніку жывапісу, убачыць нюансы каларыстыкі, не адыходзячы на вялікую адлегласць ад карціны і не адцягваючыся на іншыя работы альбо інтэр'ер.
Творы майстра вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, разважаннем аб праблемах часу і мінулым роднай зямлі. Асабліва дарагім і блізкім было для мастака ўсё, што звязана з Палессем — месцам, дзе нарадзіўся і прайшло дзяцінства. Палессе — гэта разуменне радзімы творцы.
Мабыць, таму і пісаў мастак людзей з мазолістымі рукамі, глыбокія блакітныя азёры, коней, што пасуцца на лугах, буслоў, якія заўсёды падабаліся мастаку прыгожымі сілуэтамі.
— Безумоўна, гэты праект прысвечаны стваральніку манументальнай школы ў Беларусі, чалавеку вялікай душы — Гаўрылу Вашчанку, — падкрэсліла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Гэту выстаўку назвалі «Дынастыя», таму што майстар у сваёй сям’і змог вырасціць сапраўдных творцаў, якія любяць і развіваюць мастацкі кірунак. Праходзячы скрозь выстаўку, вы можаце ўбачыць, што кожны з гэтых трох мастакоў сапраўды асоба. Аднойчы падчас сустрэчы з Гаўрылай Харытонавічам у яго майстэрні ён мне сказаў такую рэч: «Можна хадзіць на эцюды, можна ездзіць на пленэры, але карціна нараджаецца толькі з галавы».
Творчая спадчына Гаўрыла Вашчанкі адрозніваецца неверагоднай разнастайнасцю. Ён працаваў у галіне станковага і манументальнага жывапісу, акварэлі, у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа і нацюрморта. У сваіх творах мастак звяртаўся да тэм глыбокага грамадзянскага зместу, патрыятызму, любові да радзімы. Шэраг карцін ён прысвяціў падзеям мінулага і гістарычным асобам.
Значнымі работамі мастака ў галіне манументальнага мастацтва з'яўляюцца роспісы ў Палацы культуры Светлагорска, Доме настаўніка, вітражы ў касцёле святых Сімяона і Алены, кінатэатры «Масква» у Мінску.
Глыбока перадаюць адчуванне самабытнасці беларускай зямлі краявіды мастака. Яго называюць стваральнікам бурштынавага пейзажу, які адрозніваецца цёплым каларытам, празрыстасцю, перавагай залацістых тонаў.
— Прыйшоўшы на выстаўку, мы зноў вяртаемся ў сад гэтага геніяльнага беларускага мастака, геніяльнага па сваім маштабе мыслення, па сваёй адчувальнасці, тонкасці, — адзначыў на адкрыцці праекта вучань Гаўрылы Харытонавіча, народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. — Безумоўна, Гаўрыла Вашчанка мастак сваёй зямлі і свайго часу. Гэта дзіўна: колькі гадоў яго ўжо няма з намі, але маштаб асобы творцы ўзрастае з кожным годам. Якраз гэты факт і адлюстроўвае выстаўка «Дынастыя». Гаўрыла Харытонавіч даваў магчымасць развівацца не толькі сабе, але і іншым мастакам. Гэта адлюстравана на прыкладзе яго ўласнай сям'і.
Канстанцін Вашчанка атрымаў прызнанне як мастак, фатограф і дызайнер. Тры дзесяцігоддзі ён паспяхова працуе ў галіне станковай, кніжнай і камп’ютарнай графікі. Прафесійна займаецца фатаграфіяй, кніжнымі выданнямі, плакатамі, календарамі, распрацоўвае наватарскія арт-аб’екты для адкрытай і камернай прасторы. Многія яго ініцыятывы атрымалі шырокую вядомасць як у Беларусі, так і за мяжой. Адна з іх – пяцігадовая праца над дызайнам шматтомнай факсімільнай рэпрадукцыі «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», якая была адзначана на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
Апошняе дзесяцігоддзе было плённым для Канстанціна Вашчанкі ў галіне жывапісу. Цікавасць аўтара да жывапісу ўзнікла не без уплыву яго бацькі. Верагодна, што менавіта ад бацькі Канстанціну перадалася любоў да роднай зямлі, якая знайшла адлюстраванне ў яго жыцці і творчасці.
У Канстанціна цікавы творчы стыль. Перш за ўсё гэта адлюстравана ў адценнях, якія мастак выкарыстоўвае для сваіх работ. Экспрэсіўныя і дынамічныя творы вельмі захопліваюць увагу, сваей каларыстыкай яны абуджаюць фантазію гледача.
Ангеліна Вашчанка яшчэ вучыцца на кафедры графікі Акадэміі мастацтваў, але ўжо прымае ўдзел у выстааўках, ілюструе кнігі. Работы Ангеліны — працяг фантастычнага свету дзіцячых кніг і ўражанняў ад мастацкага свету карцін Гаўрыіла Вашчанкі, які быў вакол яе з нараджэння.
Наведаўшы выстаўку, глядач у першую чаргу зверне ўвагу на экспрэсію выяў, унутраную напругу ў работах, якія, бяспрэчна, запатрабуюць філасофскіх разважанняў.
Графіка на палатне. Выстаўку памяці Валерыя Шкарубы адкрылі ў Мінску
Беларускі жывапісец Валерый Шкаруба — яркі прыклад мастака, якому заўсёды была цікавая яго радзіма. У сваіх пейзажах творца шматгранна адлюстроўваў прыгажосць і ўнікальнасць беларускай прыроды, знаходзіў па ўсёй краіне месцы, якія натхнялі і ўзрушалі яго ўнутраны мастацкі свет.
Два гады таму Валерый Шкаруба пайшоў з жыцця. Але ж мастакі не паміраюць, іх галасы і думкі гучаць і жывуць у іх творах. 27 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылі рэтраспектыўную выстаўку «Валерый Шкаруба. In Memoriam», прысвечаную памяці і 65-годдзю з дня нараджэння творцы.
Экспазіцыя выстаўкі разгарнулась у вякілай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея ў галоўным корпусе. У яе склад увайшлі 55 твораў са збору Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, а таксама сям'і Валерыя Шкарубы.
Кожны твор мастака — своеасаблівы гімн прыродзе Беларусі. Яго персанальныя выстаўкі, геаграфія якіх надзвычай шырокая, з поспехам прайшлі не толькі ў Беларусі, але і ў прэстыжных музеях і галерэях Расіі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Кітая, Японіі.
Валерый Фёдаравіч нарадзіўся ў 1957 годзе ў Барысаве Мінскай вобласці. У дзяцінстве будучы жывапісец пакутаваў ад прыроджаных дэфектаў гаворкі і моцнага заікання, што не дазваляла яму паўнавартасна мець зносіны са сваімі аднагодкамі. Маленькі Валера вымушаны быў большую частку вольнага часу праводзіць у адзіноце, а што робіць разумнае, не па гадах развітае дзіця, калі застаецца адно? Вывучае навакольны свет, людзей і прыроду і, вядома ж, малюе іх. З часам жывапіс для Валерыя Шкарубы з простага хобі ператварыўся ў асноўную прафесію, і нават — сэнс жыцця.
Валерый Шкаруба выпрацаваў свой уласны стыль у жывапісе, яго яшчэ называюць графікай на палатне, фотарэалізмам. Ствараецца ўражанне трохмернасці выявы. Шмат хто ў яго творах бачыць блізкія сэрцу куткі малой радзімы, думаючы, што менавіта там ён пісаў свае палотны.
У выяўленчым мастацтве нават з'явілася паняцце «шкарубаўскі пейзаж».
Аднойчы ўбачыўшы карціны мастака, пачынаеш шукаць падобныя сюжэты ў рэальнасці.
Творца называў сябе сумным мастаком. У яго палітры спакойныя і стрыманыя тоны. Ён заўсёды імкнуўся да таго, каб карціна была шматпланавай. Работы Валерыя Шкарубы як быццам пакрыты смугой. Здаюцца загадкавымі і таямнічымі. І справа зусім не ў фарбах і тэхніцы. Галоўны сакрэт — асаблівы стан прыроды, які так любіў і імкнуўся перадаць майстар.
— Тата мне заўсёды казаў: «Оля, забудзься, што існуе слова — сойдзе. Калі за нешта бярэшся, рабі гэта з поўнай аддачай». Тата ўмеў шчыра і па-сапраўднаму радавацца чужому поспеху і чужому шчасцю, — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі дачка мастака Вольга Шкаруба. — Да таго, што ён рабіў, да людзей, якія былі з ім побач, ставіўся з вялікай цеплынёй і любоўю. Яго адкрытае сэрца адначасова рабіла яго моцным і ўразлівым.
Валерый Шкаруба вельмі любіў адлюстроўваць у сваіх работах снег. Казаў, што менавіта снег прыдае беларускаму пейзажу магію і загадкавацсць. Таксама яшчэ адзін сімвал пейзажаў творцы — дарога, якая не сканчваецца, таму што дарога — гэта жыццё, шлях, рух.
Краявіды Валерыя Шкарубы не прывязаны да пэўных геаграфічных пунктаў. Але многія людзі ў гэтых работах пазнаюць прасёлкавую дарогу, якая вяла менавіта да іх дома.
І мастацтвазнаўцаў, і людзей, далёкіх ад мастацтва, літаральна зачароўвае яго вытанчанае майстэрства, якое стварае настрой светлага суму і адухоўленасці, стрыманая гама колераў. Здаецца, што бачыш, як калыхаецца трава пад подыхам ветру і бяжыць рабізна па вадзе. Перад такімі карцінамі хочацца затрымацца даўжэй, разважаючы пра вечнае і ўзвышанае.
Валерыя Шкаруба, безумоўна, можна назваць чалавекам не толькі таленавітым, але і ўнікальным. Яго работы экспанаваліся ў штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку, на выстаўках беларускіх мастакоў у Еўрапарламенце, на выстаўцы ў Палацы Нацый у Жэневе, на 51-й Венецыянскай міжнароднай біенале мастацтва ў 2005 годзе. Акрамя таго, мастак браў удзел у выстаўцы беларускага жывапісу ў Цэнтры П'ера Кардэна ў Парыжы, у японскім горадзе Сендаі, у палацы Хофбург у Вене.
Культура сяброўства. У Нацыянальным мастацкім адкрылась беларуска-кітайская выстаўка
Бурак — распаўсюджаны паўсюдна карняплод, які шырока ўжываецца ў кулінарыі. Гэта сапраўдная прыродная скарбніца карысных рэчываў.
У яго складзе ў вялікай колькасці прысутнічаюць бетаін, фалійная кіслата, вітаміны групы B, бэта-каратын, вітамін С. А таксама мікраэлементы — жалеза, калій, магній, фосфар, натрый, цынк, бор і нават ёд. Таму буракі карысна ёсць усім без выключэння, асабліва тым людзям, якія прытрымліваюцца дыеты па ЖКТ, пакутуюць хранічнымі захворваннямі, цяжарным і, вядома ж, дзецям.
У буракоў ядомыя ўсе часткі — ад кораня да лісця. Апошнія асабліва шанаваліся ў грэкаў, рымлян і егіпцян за свае лекавыя ўласцівасці. Карані буракоў ядуць варанымі, смажанымі ці сырымі, асобна ці ў спалучэнні з любой гароднінай і мясам. Яго таксама выкарыстоўваюць у якасці натуральнага фарбавальніка і для падрыхтоўкі сокаў.
Бурак — адзін з лідэраў па ўтрыманні ёду, што важна для людзей з яго дэфіцытам. Ён змяшчае лімонную, шчаўевую, яблычную, вінную і арганічныя кіслоты, а таксама багаты клятчаткай, у тым ліку і пекцінам, што ўплывае на мікрабіёту кішачніка.
Бурак змяшчае дыетычныя нітраты, якія ў арганізме ператвараюцца ў аксід азоту. Ён расслабляе і пашырае крывяносныя сасуды, змяншае ціск і рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. Адно даследаванне паказала, што ўжыванне 250 мл бурачнага соку штодня на працягу чатырох тыдняў з’яўляецца дастатковым для зніжэння артэрыяльнага ціску ў пацыентаў з гіпертаніяй. Спецыялісты таксама звязваюць ужыванне буракоў са зніжэннем рызыкі інфаркту міякарда.
Клятчатка і вялікая колькасць вады ў бураках дапамагаюць працы страўнікава-кішачнага тракту і прадухіляюць розныя засмучэнні, у тым ліку запоры. Дзякуючы харчовым валокнам і невялікай колькасці калорый бурак можна ўводзіць у збалансаваныя дыеты для зніжэння вагі. Ёсць даследаванні, што клятчатка не толькі спрыяе лягчэйшаму пераварванню ежы, але і памяншае выпрацоўку гармонаў, якія выклікаюць пачуццё голаду.
Ужыванне бурачнага соку павялічвае вынослівасць і паляпшае спартыўныя вынікі. Навукоўцы мяркуюць, што ключавую ролю ў гэтым адыгрываюць нітраты. Напрыклад, адзін з эксперыментаў паказаў, што мужчыны, якія рэгулярна выпівалі бурачны сок, змаглі палепшыць свае паказчыкі на велатрэнажоры, у параўнанні з другой групай.
Бурак — багатая крыніца антыаксідантных злучэнняў, якія абараняюць клеткі ад вольных радыкалаў. Галоўную ролю ў гэтым працэсе гуляе бетаін у яго складзе. Даказана, што ён прадухіляе або аслабляе пашкоджанне печані, захоўвае цэласнасць кішачніка і функцыю тлушчавай тканіны.
Палепшыць працу мозгу, павялічваючы прыток крыві, дапамагаюць нітраты ў бураках. Даследаванне сярод групы людзей з дыябетам 2-га тыпу паказала, што рэакцыя падчас тэсту кагнітыўных функцый у тых, хто спажываў 250 мл бурачнага соку штодня на працягу двух тыдняў, была на 4% хутчэй, у параўнанні з кантрольнай групай.
Вядома, як і ў любога іншага прадукта, у вараных буракоў маюцца свае супрацьпаказанні да ўжывання. Шкода варанага бурака складаецца ў наступным.
Пры вострай стадыі гастрыту, а таксама пры падвышанай кіслотнасці страўніка, вараны бурак неабходна ўжываць з вялікай асцярожнасцю, бо гародніна з'яўляецца кіслай, што негатыўна адбіваецца на запалёнай слізістай. Карняплод супрацьстаіць засваенню кальцыя, таму не варта ўжываць гародніну людзям, якія пакутуюць дэфіцытам гэтага мінеральнага рэчыва. У харчаванні дыябетыкаў вараны бурак забаронены, бо гародніна ў сваім складзе ўтрымоўвае вялікую колькасць цукру, што недапушчальна ў сілкаванні хворых цукровым дыябетам.
Супрацьпаказаннем да ўжывання варанага бурака з'яўляецца наяўнасць мачакаменнай хваробы.
Вараны бурак мае слабільны эфект, не рэкамендуецца яго ўжываць пры дыярэі або хранічным паносе. Важна памятаць, што карысць і шкода варанага бурака абумоўлены індывідуальнымі асаблівасцямі кожнага арганізма.
Бурак выкарыстоўваюць у кулінарыі ўжо не адно стагоддзе. Яго дадаюць у гарачыя і халодныя супы, салаты, выпечку, марынуюць або ядуць сырой як перакус. Аптымальная порцыя буракоў складае каля 50-70 г у сырым выглядзе або 100-150 г — запечанай або варанай.
Для пачатку бурак варта старанна прамыць ад зямлі пад праточнай вадой. Гародніну кладуць у ледзяную ваду ў рондаль так, каб яны цалкам былі пакрыты вадой.
Вараць буракі ў сярэднім ад 40 хвілін да гадзіны, у залежнасці ад памеру клубняў. Праверыць гатоўнасць можна, праткнуўшы бурак відэльцам або нажом. Буракі павінны быць мяккімі.
Зліўшы гарачую ваду, буракі астуджаюць. Для гэтага можна патрымаць клубні ў халоднай вадзе або, загарнуўшы ў фальгу, пакласці на 10 хвілін у маразілку. З астуджанай гародніны затым будзе прасцей зняць лупіну.
Бурак таксама можна:
https://bel.24health.by/plyusy-minusy-yakuyu-garodninu-mozhna-esci-kozhny-dzen/
Беларусь і Кітай у студзені адзначаюць святочную дату — 30-год з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Беларуска-кітайскае сяброўства і супрацоўніцтва за гэты перыяд вытрымалі выпрабаванне зменлівай міжнароднай абстаноўкай і даказалі вернасць шляху ўзаемадзеяння.
З нагоды свята ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылась выстаўка «Беларусь – Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства» (з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь).
Фарміраванне калекцыі кітайскай творчасці Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь пачалося з 1960 года, і сёння яна налічвае больш за 1500 твораў кітайскай мастацкай культуры.
«Нам цікава разам». Тамара і Уладзімір Васюк пра каханне ў жыцці
На выстаўцы прадстаўлены розныя віды і тэхнікі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая XVII – пачатку XXI ст.: фарфоравыя вырабы, кераміка, перагародчатая эмаль, мастацкі метал, разьбяныя і размаляваныя лакі, разьба па камені, косці, дрэве, ткацтва; мастацтва народнай карцінкі, гохуа (нацыянальны жывапіс на рысавай паперы).
У склад выстаўкі «Беларусь — Кітай. Супрацоўніцтва і сяброўства» уключаны прадметы, якія рэдка экспануюцца, перададзеныя музею ў дар вядомымі кітайскімі мастакамі або набытыя ў калекцыянераў у розныя гады.
З калекцыі ў тысячу экземпляраў на спазнанне кітайскай культуры выстаўлена сем дзясяткаў. Чытаць код кітайскай культуры можна праз іерогліфы і парцалянавыя сервізы. А замест прывычных нам абразоў статуэткі — сімвалы здароўя і дабрабыту.
Праект прадстаўлены ў новым корпусе Нацыянальнага мастацкага музея (вул. Карла Маркса 10. ). Выставачная прастора дзякуючы насычанаму святлу і ўдала падабранай каляровай гаме залы гарманічна спалучаецца з выставачнымі аб’ектамі, прадстаўляючы іх для гледача максімальна вытанчана і разгорнута.
На працягу 30 гадоў кітайска-беларускі патэнцыял пастаянна паглыбляецца, сяброўства паміж двума народамі становіцца ўсё больш моцным, а супрацоўніцтва дзвюх краін у розных галінах узрастае. Кітай і Беларусь падтрымліваюць цеснае ўзаемадзеянне ў міжнародных пытаннях, аказваюць цвёрдую падтрымку адзін аднаму па пытаннях, якія закранаюць карэнныя інтарэсы і важныя заклапочанасці абодвух бакоў, аказваюць адзін аднаму дапамогу і падтрымку і сумесна працуюць над стварэннем кітайска-беларускай супольнасці культурнага лёсу. зацвердзіўшы тым самым узор для міжнародных адносін новага тыпу.
Узровень аб’ектаў. Выстаўку лаўрэатаў V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва адкрылі ў Мінску
На першым дрэве, ля рысы, дзе пачынаецца лес, сядзела птушка. Учапіўшыся лапкамі за невялікую галінку, істота задрала дзюбку да сонца. Расчапіла яе, каб наесціся промнямі сонца, але вырашыла заспяваць.
Песня птушыная. Апошняя. Не было ёй пары, не было другой такой. Спяващ, не ведаючы, што на кліч ніхто не прыляціць. Ён назаўсёды адзінокі. Да ўласнага скону.
За птушкай, што вось-вось вымерла, назіралі дзве пары вачэй. І ўсе чатыры вока належалі шаману. Той стаяў у чорным адзенні і хацеў есці. Рука цягнулася да ружжа, каб стрэліць у істоту.
Той дастаў зброю, але скінуў яе там жа, ля ўвахода ў лес. Што за шаман, калі ходзіць з ружжом? Там жа пакінуў і ўсё адзенне. Узяў з сабой углыб гушчару толькі пачак цыгарэт. Нічога чалавечага яму не патрэбна. У пашпарце замест словаў лічбы.
Азірнуўся на развітанне. Там вялікае поле. З канямі на выпасе, што трасуць галовамі, блакітнымі істотамі, што міргаюць сярод травы і бусламі, што чырвоным дзюбамі б'юць у шкло раніцай.
Занадта доўга пустэльнік спрабаваў быць сярод людзей. Але атрымаў толькі веды і боль. Калі няма болю, пакут, шаман сам руйнуе ўсё навокал сябе. Ён хацеў збегчы ад тумана, а патрапіў у бараносіцу.
Кожны крок босых ног па лясных дарогах руйнаваў успаміны. Шаман зацята ішоў наперад, шаман настойліва замінаў твары людзей, шаман упарта адразаў ўсе шляхі да вяртання.
Увесь лес, куды ён зайшоў, каб стаць з чалавека істотай, атачыў мужчына азёрамі. Каб нікому не прыйшло ў галаву паўтарыць гэты шлях.
Забыўся на твар бацькоў, сясцёр і братоў, жанчын, што кахаў, сяброў, сябрынь, сябрукоў і сабак. Запомніў адно. Не бывае непрыгожых твараў, адзіная брыдота на чалавеку — грымаса злосці. Малыя вочы, напружаны нос, зубы.
Шаман зусім не любіў паказваць зубы. Пустэльнік любіў глядзець на свет шырока расплюшчанымі вачыма, чорнымі зрэнкамі захопліваць кожны рух святла. Ён быў яшчэ чалавекам, але за ім цягнуўся доўгі хвост — дзвяць, вішнёвы, сустрэча. Ён памятаў гэтыя тры словы.
Мінулае жыццё пакінула падарункі. У жывёлы хвост з футра, а ў чалавека — з кармы. Як драпежнік шаман праносіў свой даўжэзны хвост праз усё, дзе быў, ды руйнаваў усё, што мог.
У бярозавым гаі, дзе звычайна ззяе сонца, стаяў туман. Ісці праз яго небяспечна, абыйсці немагчыма, пустэльнік сеў чакаць. Туман знікне, а істота, што яго стварыла, стала бачнай.
Дастаў цыгарэту і запаліў. Дым з яго рта далучаўся да тумана, але вылучаўся колерам. Прыроду не падмануць. Чым долей мужчына чакаў, тым больш яму падавалася, што туман падбіраецца да яго, а не знікае.
Ён выцягнуў нагу, густа аброслую валасамі, наперад і пачаў сачыць. Праз тры дні граніца тумана сутыкнулася з яго нагой. Пачаўшы яшчэ тыдзень, туман дасягнуў калена.
Вырашыўшы далей не чакаць, шаман падняўся на ногі і пайшоў абходзіць. Там ён і сустрэў таго, хто спрабаваў схавацца ў тумане.
Шэры ваяр, падобны да валуна, што ляжыць ля дарогі, накіраваў на пустэльніка свой меч. Той адлюстроўваў сонца, якое ўсміхалася, бачачы сябе на метале.
Ворагі стаялі адзін насупраць іншага. Ваяр кінуўся першы, але зброя сагнулася аб цела шамана. Апошні забраў меч сабе ў рукі і абматаў вакол далоні,нібыта не каваная прылада смерці гэта, а шэрая тканіна, як і сам ваяр.
Зразумеў шэры чалавек, хто перад ім і адступіў. Стала бачна, што мячом яго не адалець. Не чалавек, а сіла перад ім. Асілак.
— Як кажуць, калі ідзеш у туман, а ён ідзе аб цябе? — падаў голас вораг пустэльніка,каб адцягнуць увагу. — тая адлегласць, што заўсёды застаецца паміж целам і туманам?
— Не ведаю, бо ў мяне з туманам не так, — шаман раззлавана адкінуў сапсаваны меч у бок. — Туман ахінае мяне, любіць, прымае, цалуе ў шчокі. А ты яму не падабаешся, во ён цябе на адлегласці і пакідае.
— Куды мне ісці? — ваяр быў абеззброены, таму і хацеў памірыцца.
— Ідзі на поле, там свой меч у плуг пераплаў, ды нарэшце зрабі баразну на зямлі, а не жаночай душы.
Ваяр схіліў калена перад шаманам. Падняўся і пайшоў на чыстае поле. Закінуў на плячо меч, той упіўся ў жывую скуру, пацекла кроў, што тонкай сцежачкай паказала, як блукаў ваяр.
Шаман забыўся на яго і пайшоў у туман. Каб пабыць унутры яго, каб адчуць яго сілу. Ён не любіў дождж, яго раздражнялі навальніцы, ён не хаваўся ад бараносіцы, трывала стаяў пад імжой.
Супраць тумана ў яго не было сіл. Той спакушаў і чакаў пустэльніка белымі плячыма, дзявочым святлом душы. Скрозь смугу толькі яскравае сонейка праб'ецца, ды і тое стане глухім да таго, што адчувае шаман.
https://bel.24health.by/dzyauchynka-yakaya-zela-sonca-kazka/
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі — адзін з найцікавейшых напрамкаў нацыянальнай культуры, развіццё якога апошнія гады ўражвае маштабам і незабыўнымі работамі аўтараў.
Сведчанне гэтаму апошняя выстаўка лаўрэатаў V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва БСМ «ДЭКАРТ-22» у Палацы мастацтваў. У экспазіцыі можна ўбачыць сучасны тэкстыль, кераміку, шкло, батык, метал.
Выстаўка размешчана на першым паверсе палаца. Месца для твораў выбрана ідэальна. Дзякуючы вялікім панарамным вокнам, святло раўнамерна размяркоўваеца па ўсёй прасторы і блікі ад керамікі, шкла і металу маляўніча гуляюць з адчуваннямі і фантазіяй гледача, цалкам пераносяць яго розум у эстэтыку кантрастаў і незвыччайных мастацкіх формаў.
Для Беларускага саюза мастакоў стала ўжо традыцыйным раз на тры гады праводзіць буйны мастацкі праект, прысвечаны сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. У выстаўцы «V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва “ДЭКАРТ-22”», што адбылася ў лістападзе 2022 года, удзельнічалі не толькі сябры секцый дэкаратыўнага мастацтва і тэкстылю БСМ, але і творчая моладзь, студэнты, мастакі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Былі прадстаўлены формы як класічнага, традыцыйнага мастацтва, так і новыя эксперыментальныя інтэрпрэтацыі.
Сярод лаўрэатаў трыенале ужо вядомыя мастакі, мэтры дэкратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі – Валерый Калтыгін, Наталля Яўглеўская, Вольга Сазыкіна, Генадзь Фалей. Найбольш яскрава заявіла аб сабе сярэдняе пакаленне мастакоў – Вольга Рэднікіна, Вольга Сямашка, Ганна Амбросава, Жанна Марозава, Хрысціна Высоцкая, Алена Чэпелева, Ірына Пекусава і іншыя. Гран-пры Трыенале атрымала мастак, майстар кавальскай справы Марыя Тарлецкая.
Такую выстаўку можна назваць абсалютна ўніверсальнай экспазіцыяй. Яна, бясспрэчна, будзе вельмі цікавай як для прафесійнай супольнасці мастакоў і мастацтвазнаўцаў, так і для абсалютна выпадковых гледачоў. Сінстэз пластыкі і прыгажосці нясе ў сабе прыемную эстэтычную напоўненасць і цэласнасць праекта.
Керамічная скульптура або скульптурная кераміка на выстаўцы як памежная сучасная з’ява. Работы ўдзельнікаў праекта можна аднесці да малой пластыкі. У адрозненне ад манументальных скульптурных работ, яны камерныя, бліжэйшыя да гледача: іх можна дэталёва разгледзець зблізку, вывучыць пластычныя і тэхналагічныя знаходкі аўтараў, адчуць, як яны арганізоўваюць вакол сябе прастору, усталяваць прамы кантакт.
Выстава ларэатаў V Трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў дэманструе новыя падыходы да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое паступова выходзіць на іншы ўзровень – узровень аб’ектаў.
Асноўныя пошукі сучасныя мастакі-керамісты вядуць у накірунках паміж манахромнага мінімалізму і бруталізму і экспрэсіўнага эмацыянальнага маляўнічага і фантазійнага стылю. Але пры гэтым керамічныя аб’екты, як і раней, прапануюць гледачу цяпло, чалавечнасць, тактыльнасць і глыбіню эмацыянальнага ўспрыняцця. Кераміка, супраціўляецца аднастайнасці. Кераміка – заўжды індывідуальнае апавяданне.
Мастацкі тэкстыль заўсёды быў уважлівы да формаў, якія ўзаемадзейнічаюць з чалавекам непасрэдна і блізка, дазваляючы адчуць пульс жыцця праз пагружэнне ў дэталі, фактуру і матэрыял. Сучасны тэкстыль дазваляе мастаку праявіць сябе праз новыя формы і тэхналогіі. Эксперыменты з матэрыялам, выкарыстанне нетрадыцыйных і нехарактэрных для класічнага тэкстылю матэрыялаў і элементаў дазваляе знайсці нечаканыя творчыя выяўленні і трансфармацыі тэм.
Спектр мастацкіх рашэнняў надзвычай разнастайны: гэта і класічнае гладкае габеленавае ткацтва, вышыўка, мастацкі лямец і тэкстыльная мазаіка, розныя спалучэнні тэхнік і прыёмаў. Можна ўбачыць, што сучасная тэкстыльная пластыка ўсё больш напаўняецца аб’ёмам, часта ўбіраючы ў сябе рысы скульптурнага твора.
Шкло дэманструе разнастайнасць сучаснага мастацтва і дызайну: тут ёсць як традыцыйныя, так і наватарскія работы. Усе яны паказваюць выдатнае валоданне мастакамі тэхналогіямі, але пры гэтым далікатнасць падачы і аздаблення. Прадстаўлены работы з сімпозіума па мастацкім шкле, які прайшоў сёлета па ініцыятыве Беларускага саюза мастакоў на шклозаводзе «Нёман». Такая творчая калабарацыя сяброў саюза і супрацоўнікаў завода, прымусіла ўсіх удзельнікаў праекта выйсці з зоны камфорту і дапамагла ўбачыць шляхі абнаўлення індустрыі шкляной вытворчасці ў накірунку стварэння мастацкага аб’екта.
Для першага праекта БСМ у 2023 годзе выстаўка атрымалась надзвычай моцнай. Абсалютна цэльная і скончаная экспазіцыя прадстаўляе сабой не шэраг асобных твораў мастацтва, а сапраўдную кампазіцыйную гісторыю. Безумоўна, такі праект можна назваць унікальным і стыльным. Яго мастацкая выразнасць адуваецца з самых першых крокаў па выставачнай прасторы.
Усе мы з дзяцінства памятаем шакаладную каўбасу. Гэты вельмі смачны і просты ласунак гатуецца без выпечкі, а для многіх ён дагэтуль з'яўляецца першым кулінарным эксперыментам.
Прапануем акунуцца ва ўспаміны і прыгатаваць гэты апетытны дэсерт.
Інгрэдыенты для шакаладнай каўбасы
Проста і густоўна. Як прыгатаваць штрудзель са слівамі і арэхамі?
Спосаб прыгатавання
Печыва (200 г) здрабніць, але не ў пацяруху, а каб былі невялікія кавалачкі.
Здрабніць арэхі. Дадаць здробненыя арэхі (у аўтара лясны арэх, можна выкарыстоўваць фундук, грэцкі арэх і г.д.) і какава (2 ст.л.) у печыва. Змяшаць лыжкай.
Дадаць малако (50 мл). Змяшаць лыжкай.
Дадаць згушчанае малако 200 г (паўбанкі). Змяшаць лыжкай.
Загадзя заліць кіпенем разынкі, перамяшаць, пакінуць на пару хвілін і зліць ваду. Дадаць разынкі ў сумесь. Змяшаць лыжкай.
Дадаць сметанковае масла (80 г). Добра змяшаць лыжкай. Сумесь не павінна быць вельмі вадкай ці вельмі густой.
Дастаць чысты пакет і падвярнуць яго, каб пераліць туды сумесь.
Згарнуць, сфарміраваўшы форму каўбасы. Пакласці ў маразільную камеру на гадзіну-паўтары.
Дастаем з камеры, пасля з пакета, выкладваем на форму, разразаем на кавалачкі і можна спрабаваць на густ.
Смачна есці!
https://bel.24health.by/xutka-byudzhetna-yak-zrabic-shakaladnuyu-pastu-u-xatnix-umovax/
На вуліцы Сямашка ў Мінску у ліпені 2021 года адкрылі свае дзверы спецыялізаваныя працоўныя майстэрні для людзей з інваліднасцю. Установа атрымала назву «ЗдольныЯ».
Майстэрні былі арганізаваны ў межах беларуска-нямецкага праекта «Мінск як інклюзіўны горад у кантэксце Позвы-2030. Інклюзіўная палітыка працы і занятасці». Партнёрамі праекта з нямецкага боку стаў федэральны горад Бонн, з беларускага — камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Мінгарвыканама, Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Мінская гарадская арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
У межах праекта «ЗдольныЯ» былі абарудаваны 4 майстэрні: кравецкая, пякарня, ганчарная і майстэрня дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Мэтай праекта з’яўляецца прасоўванне інклюзіі і пашырэнне занятасці людзей з асаблівасцямі, якія вельмі адчуваюць патрэбу ў сацыяльнай ахове. Праз абмежаваныя магчымасці яны не могуць паўнавартасна канкураваць на рынку працы, аднак з дапамогай майстэрні могуць атрымаць сацыяльную адаптацыю і інтэграцыю ў грамадастве.
Па апошнім дадзеным толькі ў Мінску пражывае больш за 3 тысячы чалавек ад 18 да 31 года з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.
Майстэрні «ЗдольныЯ» могуць рэалізаваць ахвоту і жаданні, а таксама дапамагчы адчуць сябе патрэбнымі.
Спецыялізаваныя майстэрні адчынілі свае дзверы больш за год таму. Аб працы ў цэнтры распавялі дзве супрацоўніцы «Здольных» Анастасія і Вікторыя. Абедзве дзяўчыны патрапілі ў цэнтр адразу пасля вучобы.
— Якое ў вас было першае ўражанне ад майстэрняў і як вы вырашылі працягнуць працу тут?
Вікторыя
— Мая спецыяльнасць была ў каледжы новая, да канца не было зразумела, куды варта ісці на працу. Майстэрні сталі вырашэннем, якое мне спадабалася. Я амаль адразу ўбачыла патэнцыял, неглядзячы на тое, якія энэргаёмкія рабяты ў нашым цэнтры.
Анастасія
— Для мяне вельмі важным фактарам стала творчая свабода. Як для выкладчыкаў, так і для наведвальнікаў. Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, і ў майстэрнях адчуваю магчымасць рэалізаваць свае ідэі разам з людзьмі, якія сюды прыходзяць. Тут няма ні груп, ні класаў. Мы працуем з 9 да 17 гадзін, у любую гадзіну чалавек можа прыйсці сюды і правесці час, як яму цікава.
— Што для вас галоўнае ў камунікацыі з людзьмі з асаблівасцямі?
Вікторыя
— Самае галоўнае для мяне — трыванне. Не адразу, але я навучылася слухаць і перазапытвацца, калі я нешта не зразумела. Гэта аднімае ў мяне лічаныя секунды, але для чалавека гэты час вельмі істотны. Без стрэсаўстойлівасці і эмацыйнай стабільнасці тут нікуды. Але пра гэта скажуць і настаўнікі ў школах. Мне дапамагае вярнуць рэсурс на працы сама праца — калектыў, атмасфера, самааднасць людзей сваёй справе. Таму і вяртацца сюды заўсёды хочацца.
З рабятамі я заўважыла адну цікавую асаблівасць. Іх настрой шмат у чым залежыць ад майго. То бок, як ты з імі павітаешся, так і яны з табой. Гэта так натуральна і зразумела. Яны рэдка штосьці недамаўляюць, наадварот — надзвычайна адкрытыя. Гэта людзі, якія жывуць эмоцыямі.
Анастасія
— Для мяне галоўнае, каб людзі побач са мной былі ў добрым настроі. Мы, безумоўна, называемся майстэрнямі, але на першым месцы ў нас стаіць не стварыць нейкі прадмет. Самае галоўнае, каб рабяты былі з людзьмі і каб ім было добра, спакойна, нетрывожна. Таму ў час перапынку машынкі швейныя стаяць, а мы гуляем у настольныя гульні. Бо так зараз хочацца. Людзі да нас прыходзяць класныя, цікавыя, ніколі не ведаеш, што цябе чакае з імі на наступны дзень.
Хоць, па шчырасці, я пры першых сустрэчах гублялася. У мяне не было досведу працы з такімі людзьмі, але я ўсе зразумела і многаму навучылася. Гэта было пытаннем часу. Людзі з кліентаў ці вучняў пераўтвараюцца ў сяброў.
— Якія людзі звычайна наведваюць майстэрні?
Вікторыя
— У цэнты працоўнай дзейнасцю займаюцца людзі з аўтызмам, шызафрэніяй, ДЦП, разумовай адсталасцю, людзі з сіндромамі Даўна і Прадэра-Вілі. Амаль усе яны маюць спакойны характар, сапраўдную цікавасць адзін да аднога, адкрытасць. Я часам нават адзначаю пра сябе, што людзі, якіх мы лічым паўнавартаснымі, не ўмеюць так адчуваць, як сябры нашых майстэрнь.
Анастасія
— Калі чалавек упісваецца ў калектыў, то ён тут застанецца. Не істотна, з якой хваробай ён прыйшоў, якое ў яго мінулае і хто яго бацькі. Рабяты існуюць у сваёй супольнасці, са сваімі рытуаламі. Так, як ім камфортна. Калі прыходзіць хтосьці, хто хоча зруйнаваць парадак, напрыклад, ранішняга чаяпіцця, то такі чалавек надоўга не затрымаецца. Усе людзі тут як загадковыя праграмы, якія можна бясконца справабаць разгадаць. Не атрымаецца, усё роўна.
— Якія людзі працуюць разам з наведвальнікамі майстэрняў?
Вікторыя
— Акрамя выкладчыкаў, якія ёсць у штаце, да нас часта прыязджаюць валанцёры самых розных прафесійных напрамкаў. Ад стылістаў да рэжысёраў. Таксама шмат практыкантаў з адпаведных універсітэтаў. Часцей за ўсё бываюць псіхолагі і мастакі. У цэнтры не бывае сумна. Мы жывём ад свята да свята ў такім бясконцым карагодзе гісторый.
— Як рэагуюць людзі на вашае месца працы?
Вікторыя
— Маё атачанне — гэта людзі, якія разам са мной вучыліся ў каледжы на спецыяльнасці «Сацыяльная праца», таму мы існуём у адном свеце. Нікога нічым не здзівіш.
Анастасія
— Калі я распавяла пра сваю працу маці, яна адразу разгубілася. Сказала, што, напэўна, не атрымаецца, Таму што палічыла, што працаваць прыйдзецца з дзецьмі. На яе думку, такім можа займацца толькі чалавек з адпаведнай адукацыяй. Цяпер жа сям'я і сябры рэагуюць станоўча і цікавяцца падзеямі ў майстэрнях.
— Як праходзіць звычайны дзень у «Здольных»?
Вікторыя
— Кожны дзень у майстэрнях мы пачынаем з кубачка гарбаты і абмеркавання планаў на новы дзень. Ставім пэўныя задачы калектыву і рабятам. І цягам дня робім невялічкія перапынкі на гульні і развагі.
Анастасія
— Я адказваю за швейную майстэрню. Было дзіўна, калі я ўбачыла, што за дзень тут часцей бываюць мужчыны, чым дзяўчаты. Яны цалкам пазбаўлены ад усялякіх забабонаў, якія ўласцівы звычайным людзям. А ў ганчарнай можна ўбачыць шмат дзяўчат.
— Чаму вас навучылі людзі з асаблівасцямі развіцця?
Вікторыя
—Абсалютнай талерантнасці. Навык успрымаць розных людзей любым чынам, без дадумвання і фантазій. Слухаеш да апошняга, не перабіваючы і не падганяючы. Яны надзвычай мяккія і пяшчотныя, немагчыма гэта не пераняць.
Анастасія
— Яны мяне ўвесь час вучаць. Нядаўна ў мяне быў адпачынак, але я ўсё роўна пару разоў на тыдзень прыязджала ў майстэрні. Гэта зусім іншая камунікацыя, новы варыянт сяброўства. А тое, якія часам няпростыя гісторыі ў рабят, і як бодра і жыва яны трымаюцца, мяне ўражвае дагэтуль.
https://bel.24health.by/medycynskaya-reabilitacyya-invalidau/
Першыя дваццаць гадоў XX стагоддзя сталі часам, калі ў беларускім культурным грамадстве абазначыліся асноўныя напрамкі сучаснай літаратурнай і тэатральнай класікі. У тыя гады ў Вільні былі надрукаваны першыя творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, з аншлагам праходзілі прадстаўленні трупы Буйніцкага.
У 1917-м дваццацігадовая Канстанцыя Буйло напісала верш, названы адным словам: «Люблю» («Люблю наш край, старонку гэту...»). Яго простыя і праніклівыя радкі дагэтуль знаходзяць шлях да сэрца кожнага, хто нарадзіўся на Беларусі. Словы, пакладзеныя на музыку кампазітарам М. Равенскім, сталі ўвогуле народнай песняй.
Канстанцыя Антонаўна Буйло (сапраўднае прозвішча Калечыц) пакінула адметны след у беларускай літаратуры. Яна нарадзілася ў Вільні ў 1893 годзе (па некаторых звестках на Ашмяншчыне) у сялянскай сям’і.
Бацька Канстанцыі працаваў старшым конюхам у стайнях князя Гагарына, а пасля пераезду ў 1895 годзе ў мястэчка Вішнева Ашмянскага павета (цяпер Валожынскi раён) стаў арандатарам, лясным аб’ездчыкам. Антон Аляксандравiч быў пiсьменны, iмкнуўся даць адукацыю ўсiм сваiм дзецям. Хоць і жыла сям’я вельмi бедна, часта пераязджала.
Грамаце дзяўчынка навучылася дома, заахвоцiлася пiсаць вершы. Канстанцыя Буйло скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні ў 1914 годзе. Настаўнічала на Лагойшчыне, загадвала беларускай кнігарняй у Полацку.
У гады Першай сусветнай вайны Канстанцыя Буйло працавала справаводам у канцылярыі Усерасійскага земскага саюза (займаўся забеспячэннем войска). Там пазнаёмілася са студэнтам сельскагаспадарчай акадэміі Віталем Калечыцам, за якога ў 1916 годзе выйшла замуж. У хуткім часе яны пераехалі ў Валакаламскі павет (Падмаскоўе). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Канстанцыя Буйло працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым бухгалтарам у саўгасе «Данілкава».
У 1923 годзе яе мужа запрасілі ў Маскву. Там была адкрыта Усерасійская сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстаўка, на якой Віталь Калечыц загадваў павільёнам Сярэдняй Расіі. Некаторы час паэтка заставалася хатняй гаспадыняй, потым уладкавалася мантажніцай у цэх лабараторнага абсталявання завода «Аграном», пазней працавала загадчыцай склада.
Топ-5 кніг на беларускай мове вартыя для прачытання ў снежнае надвор'е
Яе сувязь з Беларуссю абмяжоўвалася перапіскай і сустрэчамі з Янкам Купалам і яго жонкай, калі яны прыязджалі ў Маскву.
У 1920-ыя гады асабiстае жыццё складвалася вельмi шчаслiва, у яе быў любiмы муж, яна гадавала сына. У 1933 годзе яе мужа рэпрэсiравалi i яна стала жонкай «ворага народа». Вiталiй Калечыц быў на пасяленнi, а ў 1938 годзе арыштаваны зноў, згiнуў назаўсёды.
Канстанцыя Антонаўна заставалася ў Маскве. Некалькі гадоў працавала начальнікам аддзела збыту Палітэхлабарсаюза, у 1940 годзе стала начальнікам аператыўнага аддзела, затым выконвала абавязкі намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам.
Новы перыяд творчасцi пачаўся ў Канстанцыi Буйло ў Вялiкую Айчынную вайну. Паэтэса зноў апынулася сярод беларускiх пiсьменнiкаў, якiх вайна закiнула ў Маскву. Яна сустракалася з Кузьмой Чорным, Піменам Панчанкам, Максімам Лужаніным, Міхасём Лыньковым і іншымі, асаблівыя адносіны былі з Уладзіславай Луцэвіч. У першыя пасляваенныя гады Канстанцыя Анатольеўна часта прыязджала ў Мінск на з’езды і пленумы пісьменнікаў, розныя літаратурныя ўрачыстасці. У 1944 годзе была прынята ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Асноўныя тэмы яе творчасцi — лёс народа i асобных людзей, працоўны ўздым, узаемаадносiны памiж людзьмi.
Хоць жыццё трымала паэтэсу далёка ад Беларусi, пiсала яна толькi на беларускай мове.
Пісаць вершы Канстанцыя Буйло пачала вельмі рана. Яе паэтычны талент развіваўся пад уплывам творчасці Янкі Купалы, што асабліва прыкметна ў першых вершах «Хвоя», «Салавейка», «Скора зіма», «Хаўтурны звон». Яны былі апублікаваны ў 1909 г. пад імем брата паэтэсы.
Наступныя творы – «Лес», «Вясной», «Мне сніўся сон», «Дзяўчына», «У бяссонную ноч», «Курган» – надрукаваны ў 1910 годзе і падпісаны ўжо ўласным імем. У 1914 годзе у Вільні быў выдадзены першы паэтычны зборнік Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» (факсімільнае выданне ў 1989 г.), які адрэдагаваў Янка Купала. У кнігу ўвайшло больш за 40 вершаў і 2 драмы «Кветка папараці» і «Сягонняшнія і даўнейшыя». У 1920 г. у часопісе «Рунь» быў апублікаваны абразок «Крывавы год». П’есы Канстанцыі Буйло шырока ставілі драматычныя аматарскія гурткі і паўпрафесійныя калектывы.
Далей былі напісаны ўзнёслыя і глыбока патрыятычныя вершы «У маёй майстэрні», «Шмат дзён прайшло», «Над Донам», «Памяці сябра» і інш. Яны прасякнуты каханнем, пяшчотай, душэўнымі пакутамі. Дарэчы, у 1948 годзе Канстанцыя Буйло зноў выйшла замуж – за Барыса Ермакова.
У пасляваенны час паэтка плённа працавала і яе творы шырока друкаваліся ў беларускіх выданнях. У 1950 г. выйшаў другі зборнік паэзіі «Світанне», рэдактарам якога быў Пятрусь Глебка. Потым з’явіліся кнігі «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973) і іншыя, зборнікі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984).
Паэзія Канстанцыі Буйло вызначаецца глыбокім лірызмам, цеснай сувяззю з народнай творчасцю. У вершах яна быццам расказвала пра сябе, свае бязмежнае пачуццё любові.
За сваю лiтаратурную дзейнасць Канстанцыя Буйло ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР і медалямі. У 1968 годзе атрымала ганаровае званне – заслужаны дзеяч культуры БССР.
Памерла 4 чэрвеня 1986 года. Пасля смерці Канстанцыя Буйло была пахавана спачатку ў Маскве, але ў 1989 годзе ўрна з прахам беларускай паэтэсы перавезена ў вёску Вішнева Валожынскага раёна, дзе на магіле пастаўлены помнік.
У гонар Канстанцыі Буйло ўстаноўлена мемарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе, якой прысвоена яе імя. У Мiнску iмя паэтэсы дадзена адной з вулiц.
Сёлета ў студзені адзначаюць 130-годдзе з дня нараджэння паэткі.
https://bel.24health.by/kalyadnyya-apavyadanni-u-belarusau-shto-pisali-na-svyatochnuyu-tematyku-yakub-kolas-zmitrok-byadulya/
One fine body…